У БДУ завяршылася прыёмная кампанія 2021 года. Асноўныя трэнды цяперашняга лета і якасць новага набору студэнтаў пракаментаваў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін КАЗАДАЕЎ.
– Канстанцін Уладзіміравіч, сёлета ўступная кампанія ў беларускіх ВНУ характарызавалася недахопам абітурыентаў на некаторыя спецыяльнасці. Ці атрымалася БДУ дасягнуць планаваных паказчыкаў?
– Галоўная задача – а гэта набор на дзённую бюджэтную форму навучання – цалкам выканана. Усяго залічана паводле плана 2199 студэнтаў, прычым узровень падрыхтоўкі вельмі добры. Сярод іх ёсць студэнтка з абсалютным
рэкордам у 400 балаў, яшчэ 4 чалавекі маюць звыш 396. Больш за 300 балаў набралі 75 % абітурыентаў. Традыцыйна шмат медалістаў
і выпускнікоў гімназій і ліцэяў. Прахадныя балы ў цэлым засталіся на ўзроўні мінулага года, а па гуманітарных факультэтах нават крыху выраслі.
Некаторая напружанасць у нас склалася пры наборы абітурыентаў фізіка-матэматычнага профілю, што асабліва адбілася на завочнай форме навучання. Гэта тэндэнцыя праглядаецца па ўсёй сістэме вышэйшай адукацыі краіны сярод ВНУ першай хвалі і шмат у чым звязана з абвостранай канкурэнцыяй з расійскімі ВНУ.
Сёлета Рассупрацоўніцтва ў тры разы павялічыла квоту на бясплатную адукацыю для беларусаў з 230 да 700 (у 2019-м квоты атрымалі
73 беларусы – заўв. Рэд.), а з улікам унутраных месцаў для беларусаў у асобных ВНУ ўвогуле да 900 месцаў. Усяго ж сёлета матэматыку здавала каля 32 тысяч абітурыентаў, з якіх каля 5 тысяч атрымалі даволі высокія балы. І з гэтых моцных дзяцей 700–800 мінулі нас – гэта адчувальныя лічбы. Нашых патэнцыйных студэнтаў з радасцю прынялі вядучыя расійскія ВНУ – МФТІ, МІСіС, МІФІ, МДТУ імя Баўмана і інш. Усе яны праводзяць уласныя міністэрскія алімпіяды, і па іх выніках залічаюць да сябе студэнтаў ужо з красавіка.
Значна ўплывае на дынаміку набору не вельмі спрыяльная дэмаграфічная сітуацыя, гэта прывяло да таго, што рэспубліканскае ЦТ па матэматыцы сёлета здавалі 32 200 абітурыентаў, а летась 34 800, па фізіцы 18 200 абітурыентаў, калі ў мінулым годзе 20 000.
І яшчэ адным фактарам, які паўплываў на ўступную кампанію сёлета, стала зрушэнне часу заключнага інфармавання абітурыентаў пра ход залічэння. У ранейшыя гады апошнія даныя абвяшчаліся ў 15:00, і да 18:00 абітурыенты разам з бацькамі мелі магчымасць усвядомлена прымаць рашэнне пра мэтазгоднасць пераводу дакументаў на іншую спецыяльнасць
ці ў іншую ВНУ. У гэтым жа годзе інфармаванне скончылася ў 17:00, і за апошнюю гадзіну многія не паспелі зарыентавацца і зрабіць адэкватны выбар. Сітуацыю пры падачы дакументаў на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю ў той момант яшчэ больш
заблытала адна з вядучых сталічных ВНУ, у якой абвясцілі агульны конкурс на ўсе спецыяльнасці, і сітуацыя з прахаднымі баламі там заставалася няяснай да самага канца.
Гэта пацвярджае факт, што дзеці, якія да нас прыйшлі затым па дадатковым наборы, мелі ў сертыфікатах на 50–60 балаў вышэй, чым тыя, каго прымалі ў апошнія моманты асноўнага набору. Яны проста не паспелі перакінуць
дакументы.
– Заўсёды карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў спецыяльнасці факультэта міжнародных адносін і ФПМІ. Якімі яшчэ тэндэнцыямі адзначылася сёлетняя прыёмная кампанія?
– Так, лідарам сярод сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцяў сталі «лінгвакраіназнаўства» (384), «міжнароднае права» (378) і «міжнародныя адносіны» (374). Акрамя ФМА, высокія конкурсы былі на факультэце сацыякультурных камунікацый і на юрыдычным факультэце. Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў задавалі тон «прыкладная інфарматыка» (362) і «інфарматыка» (350) на ФПМІ, «хімія лекавых злучэнняў» (352) на хімфаку і «біяхімія» (333) на біялагічным факультэце.
Таксама варта адзначыць вялікую цікавасць абітурыентаў да
адкрытых у 2021 годзе новых спецыяльнасцяў «рэгіёназнаўства» на гістарычным факультэце і «эканамічная бяспека» на эканамфаку. Конкурс на іх быў вышэйшы, чым па традыцыйных спецыяльнасцях дадзеных факультэтаў. Таксама добры набор правёў Сумесны інстытут БДУ і Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта (СІБД), у тым ліку і на фізічны профіль.
– У дадзены момант ажыццяўляецца прыём замежных грамадзян. Якая сітуацыя з імі?
– У цэлым мы ідзём у трэндзе мінулага года. Практычна ўсе слухачы, якія заканчвалі даўніверсітэцкую падрыхтоўку ў Інстытуце дадатковай адукацыі, выявілі жаданне працягваць навучанне на асноўных факультэтах. Сітуацыя складваецца спрыяльна, нават
пачынаем «завышаць планку» ў адборы. 4000–4500 замежных студэнтаў, якія ў нас навучаюцца, – аптымальная колькасць, з якой
нам камфортна працаваць. Апрача традыцыйных напрамкаў – Кітай, Туркменістан, Расія – пасля візіту рэктара ва Узбекістан наладжваецца супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам, які хутка развіваецца. Дзякуючы адкрыццю новага прадстаўніцтва БДУ, расце таксама колькасць студэнтаў з Турцыі.
– Як у БДУ вядзецца праца па прыцягненні абітурыентаў?
– Прафарыентацыйная праца стартавала мінулай восенню і праходзіла на фоне кавідных абмежаванняў. Двойчы ў год факультэты арганізуюць дні адчыненых дзвярэй, якія апошні час праходзяць у анлайн-фармаце. У рамках праекта «Студэнт на тыдзень» больш
за 100 старшакласнікаў наведалі заняткі розных курсаў і спецыяльнасцяў на 18 факультэтах БДУ, а група студэнтаў з БРСМ пабывала
ў шэрагу школ Вілейкі і Вілейскага раёна. Дыстанцыйна працавалі школы юных. БДУ прымае актыў-ны ўдзел у выставе «Адукацыя і кар’ера», а таксама ў гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах па моладзевай тэматыцы.
Дарэчы, шмат хто адзначае, што сёлета фактар 100-годдзя БДУ таксама сыграў значную ролю ў папулярызацыі нашай ВНУ. Тэматычныя навіны, якія трансляваліся ў інфармацыйным полі, падагрэлі цікавасць абітурыентаў практычна да ўсіх спецыяльнасцяў.
– Ці будзе змяняцца стратэгія на наступную прыёмную кампанію?
– У якасці захадаў, якія мы будзем прымаць па выніках бягучага набору, па-першае, перагледзім структуру спецыяльнасцяў па фізіка-матэматычным профілі за кошт скарачэння бюджэтных месцаў з улікам рэалій. Па-другое, мы плануем істотна ўзмацняць прафарыентацыйную працу ў школьным сектары дзякуючы рэалізацыі «школы юных», якая будзе пастаўлена на якасна іншы ўзровень. Плануецца стварэнне лічбавага партала, аналагічнага таму, што існуе на асноўных факультэтах. Ён будзе накіраваны на працу са школьнікамі ад 5-га класа па адпаведных напрамках асноўных факультэтаў і па прадметах з павышанай складанасцю. За кошт гэтага мы плануем выйсці на канкрэтныя мэтавыя групы і на кожнага абітурыента, які валодае дастатковымі кампетэнцыямі для засваення дадзеных праграм. Такім чынам, мы будзем рыхтаваць для сябе абітурыента не за год да паступлення, а за некалькі гадоў, адсочваючы яго поспехі і прапануючы яму працягнуць адукацыю ва ўніверсітэце.
Школа будзе арганізавана ў адпаведнасці з сеткавым прынцыпам, а каардынацыяй зоймецца ІДА. Кожны факультэт будзе курыраваць свой набор сэрвісаў – яны могуць быць бясплатнымі ці платнымі. Гэта дазволіць нам даведацца свой кантынгент загадзя, таму што многія школьнікі вырашаюць, куды ім паступаць, толькі падчас падачы дакументаў, а нам трэба спрыяць, каб яны вызначыліся са сваім выбарам ужо ў 9–10 класе. Па-трэцяе, плануецца ўпор на міждысцыплінарныя спецыяльнасці, па прыкладзе «рэгіёназнаўства» і «эканамічнай бяспекі», якія дазволяць задзейнічаць перадавы выкладчыцкі патэнцыял базавых факультэтаў і прадставіць сумесныя адукацыйныя праекты, запатрабаваныя на рынку паслуг.
З нецярпеннем чакаем заканчэння рамонту галоўнага корпуса БДУ і ўнутранага дворыка, якія стануць выбітнасцю сталіцы і дадатковым матыватарам для паступлення ў нашу ВНУ самых лепшых абітурыентаў.
Гутарыў
Сяргей ШАФ
АЛОВІЧ