Прафесар кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі, доктар фізікаматэматычных навук Яўген Сямёнавіч Варапай пазнаёміўся з БДУ ў 1961 годзе, стаўшы студэнтам фізічнага факультэта. З той пары ён не расставаўся ні з фізікай, ні з альмаматар. Сабралі самыя яркія ўспаміны і дасягненні аднаго з самых дасведчаных выкладчыкаў, што цяпер працуюць у БДУ.
Я. С. Варапай – аўтар звыш 700 навуковых прац, уключаючы 4 манаграфіі, 4 прэпрынты і 52 аўтарскія пасведчанні і патэнты, сярод іх адзін патэнт Францыі. Узнагароды: медаль «За працоўную адзнаку» (1986 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1994 г.), «Выдатнiк адукацыi» (2014 г.), «Заслужаны работнік БДУ» (2012 г.), «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі» (2021 г.)
Бурны рост фізфака: як усё пачыналася
– Школу я скончыў з залатым медалём, паступіць на фізфак было складана, конкурс быў вельмі высокі. Мае аднавяскоўцы галоўным чынам заканчвалі сямігодку, таму што школадзесяцігодка была за 20 кіламетраў. Мы з аднакласнікам былі першыя з вёскі, хто туды пайшоў. Паступленне было складаным. Сачыненне па беларускай мове напісаў на пяцёрку, вусна нядрэнна здаў фізіку, а вось з матэматыкай было складаней, але ўсё ж паступіў.
На першым курсе адчуваў, што мой узровень пасля сельскай школы быў ніжэйшы, чым у аднагрупнікаў. Тады на фізфак паступала інтэлектуальная эліта. Але я адразу ж узяўся за вучобу і першую сесію здаў на пяцёркі. І потым імкнуўся вучыцца старанна.
У 1960–70ых гадах фізічны факультэт перажываў бурны рост. 1960я гады сталі апагеем развіцця савецкай і сусветнай навукі і тэхнікі: палёт Гагарына, Нобелеўская прэмія па фізіцы 1964 года, прысуджаная савецкім навукоўцам А. Прохараву і М. Басаву, стварэнне лазера на крышталі рубіну і шматлікае іншае. Гэта быў перыяд абсалютна ўсвядомленага энтузіязму людзей, якія маюць дачыненне да навукі.
Асноўнай задачай універсітэцкай сістэмы навучання ў 40–50я гады лічылася падрыхтоўка настаўнікаў для школ і тэхнікумаў. Выпускнікамфізікам прысвойвалася кваліфікацыя «выкладчык фізікі». У 60я гады ў БДУ сталі рыхтаваць фізікаў, неабходных для прамысловасці і навуковых устаноў.
Велізарнае значэнне для развіцця не толькі фізічнага факультэта, але і ўсёй фізічнай навукі ў нашай краіне мела запрашэнне ў Беларусь буйных навукоўцаўфізікаў Антона Нікіфаравіча Сеўчанкі і Барыса Іванавіча Сцяпанава, якія працавалі ў Дзяржаўным аптычным інстытуце СанктПецярбурга. Менавіта яны пачалі забяспечваць новыя кафедры фізічнай оптыкі і спектральнага аналізу неабходным абсталяваннем.
Вынікам намаганняў кіраўнікоў і калектываў кафедраў фізічнай оптыкі і спектральнага аналізу стала прызнанне навуковай грамадскасцю новай, беларускай школы спектраскапіі. На базе БДУ сталі рэгулярна праводзіцца ўсесаюзныя нарады, міжнародныя канферэнцыі і сімпозіумы з абавязковымі экскурсіямі па лабараторыях. Даволі часта лабараторыі фізічнага факультэта наведвалі кіраўнікі БССР. Напрыклад, лабараторыю нелінейнай оптыкі падчас візіту аглядаў П. М. Машэраў.
Іспыт, які вызначыў пуцёўку ў жыццё
– У 1961 годзе паступіў на фізічны факультэт БДУ, а ў 1963 быў залічаны на толькі што створанае аддзяленне радыёфізікі. Спецыялізаваўся на аптычных квантавых генератарах на кафедры спектральнага аналізу, вывучыўшы адначасова і курсы радыёфізічнага профілю. Некаторыя семінары ў нас праводзіў сам рэктар Антон Нікіфаравіч Сеўчанка. Ён быў вельмі ўважлівым да студэнтаў і іх запытаў. Аднойчы мы паскардзіліся рэктару на спецыфіку прыёму іспыту прафесарам І. Р. Некрашэвічам. Іспыт у яго часам зацягваўся да паўночы. Пасля нашай скаргі прафесар змяніў методыку прыёму іспыту. Таксама мы звярталіся да Антона Нікіфаравіча яшчэ з адной просьбай: патрабаванні некаторых выкладчыкаў замежнай мовы здаваліся завышанымі і мы вымушаны былі выдаткоўваць на мовы больш часу, чым на фізіку. Загадчыкі адпаведных кафедраў атрымалі заўвагу, што тут ім не інстытут замежных моў, а нам стала лягчэй вучыцца.
Самі ж заняткі Антона Нікіфаравіча былі для кожнага са студэнтаў па сутнасці іспытам, якія вызначалі пуцёўку ў жыццё. Справа ў тым, што менавіта па выніках і ўражанні ад даклада на семінары Антон Нікіфаравіч вызначаў своеасаблівае папярэдняе размеркаванне для далейшай працы выпускніка. Мне быў даручаны даклад па дыфракцыі святла і дыфракцыйных спектрометрах. Я паспрабаваў закрануць і пытанні тэорыі, і метадычныя, і практычныя аспекты. Думаецца, што выглядаў я нядрэнна, таму Антон Нікіфаравіч накіраваў мяне на сваю лабараторыю ў ІФ АН.
На афіцыйным размеркаванні я быў рэкамендаваны для паступлення ў аспірантуру БДУ. Але ўжо на 4–5 курсах пачаў займацца навуковай працай у вучня А. Н. Сеўчанкі – Аляксандра Міхайлавіча Саржэўскага. Па яго прапанове ў 1966 годзе я паступіў у аспірантуру ІФ АН. Дарэчы, пры гэтым прыйшлося вытрымаць няпросты ўступны іспыт, які прымаў дырэктар інстытута акадэмік Б. І. Сцяпанаў. Яго патрабавальнасць да навуковых кадраў добра вядомая. Тым не менш іспыт я вытрымаў даволі паспяхова і пачаў навуковую працу ў лабараторыі люмінесцэнцыі.
Сваю дысертацыю я прысвяціў даследаванню палярызацыі двухфатоннаўзрушальнай люмінесцэнцыі складаных малекул, гэта значыць даследаванню характарыстык нелінейна ўзрушальнай люмінесцэнцыі. Запомнілася, што даводзілася спрачацца з Антонам Нікіфаравічам, які меў своеасаблівыя погляды на асобныя раздзелы оптыкі. Ён з вялікімі сумневамі ацэньваў магчымасць узнікнення нелінейных эфектаў у складаных малекулах тыпу фарбавальнікаў. Вядома, для таго часу гэта выглядала некалькі незвычайна, бо актыўна развіваліся лазеры на растворах арганічных фарбавальнікаў і вельмі грунтоўна даследаваліся нелінейныя працэсы ў складаных арганічных малекулах.
Мне, як і многім іншым, было зразумела, што Антон Нікіфаравіч у гэтым плане памыляецца. Каб пераканаць яго, я нават паставіў эксперымент па двухквантавай узрушанасці люмінесцэнцыі крышталя ўранілу. Дослед выглядаў даволі эфектна. Пры асвятленні чырвоным святлом рубінавага лазера з мадуляванай дыхтоўнасцю крышталь па ўсім напрамку праменя ярка свяціўся зялёным святлом. Думаю, што пэўныя сумневы я ўсё ж пасеяў у галаве Антона Нікіфаравіча. Ён мне сказаў: «Ва ўсе гэтыя нелінейнасці я не вельмі веру, але дысертацыя твая мне падабаецца».
У 1977 годзе я быў пераведзены ў НДІ ПФП на пасаду старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі нелінейнай спектраскапіі, пасля і да цяперашняга часу – лабараторыі спектраскапіі. Тым часам я ўжо быў дацэнтам кафедры агульнай фізікі і намеснікам загадчыка кафедры. Але змена працоўнага месца разглядалася мной як павышэнне: пасада старшага навуковага супрацоўніка ў той час лічылася больш прэстыжнай. Да таго ж неафіцыйна, па сутнасці, мне прапанавалі кіраваць лабараторыяй. Недахопу ў кадрах у той час не было, і інстытут развіваўся вельмі хутка.
-Ужо да майго прыходу ў яго штаце было каля 700 супрацоўнікаў. Колькасць, безумоўна, не магла быць вызначальнай. Хоць інстытут і ствараўся за кошт вылучэння з кафедраў факультэта і пераводу асобных структур, але, вядома, кафедры пры гэтым не былі схільныя аддаваць найлепшае абсталяванне.
У цэлым 70–80я гады былі выключна спрыяльным часам для фундаментальнай навукі, у тым ліку для развіцця навукі ў НДІ ПФП. Для кіраўнікоў лабараторый гэта быў бестурботны час. Кіраўніцтва вырашала ўсе пытанні фінансавання. Тэматыка фундаментальных даследаванняў фармулявалася на ўзроўні лабараторый раз у пяцігодку. Што ж тычыцца дамоўных прац, то яны, вядома, з’яўляліся клопатам падраздзяленняў, хоць гэты клопат зводзіўся хутчэй да выбару ці адбору прац з вельмі многіх прапаноў. Ільвіная доля навуковых распрацовак была накіравана на патрэбы ваеннай абароны. Гэты вектар захоўваўся да пачатку 90х.
Пра навуковыя распрацоўкі і поспехі выпускнікоў
– Пазней мы сталі займацца прыборамі для патрэб медыцыны, пачалі ствараць абсталяванне для ўласных навуковых мэт. Напрыклад, мне давялося напісаць сумесна з навукоўцамі Расіі працу па спектраскапіі бензтыазольнага фарбавальніка тыяфлавіну Т. Яна стала падмуркам новага напрамку ў навуцы, звязанага з вывучэннем амілоідных фібрыл, узнікненне якіх спалучана з цяжкімі нейрадэгенератыўнымі захворваннямі, такімі як хвароба Альцгеймера і хвароба Паркінсона. Па звестках Scopus, гэта праца мае больш за 240 цытаванняў у прэстыжных міжнародных часопісах.
Мне таксама ўдалося распрацаваць і запатэнтаваць шэраг элементаў і вузлоў для апаратуры аналітычнага прызначэння. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваліся пры распрацоўцы канструктарскай дакументацыі і стварэнні вопытных узораў імпульснага спектрафлуарыметра для даследавання кінетыкі другасных свячэнняў у нанасекундным дыяпазоне. Таксама быў засвоены серыйны выпуск прыбора на УП «Аптрон» для беларускіх навучальных устаноў.
Апошняе дзесяцігоддзе мы з калегамі займаліся распрацоўкай сенсібілізатара новага пакалення, лазернага відэамікраспектраметрычнага комплексу (ВМСК) для аналізу характарыстык прасторава складаных аб’ектаў, люмінесцэнтнай пазнакі каштоўных папер са схаванымі ступенямі абароны і прыбораў для яе экспрэсідэнтыфікацыі, фотаактывацыйнага антыбактэрыяльнага прэпарата, лазернага атамнаэмісійнага шматканальнага спектрометра і кампактных пікасекундных дыёдных лазераў. Усе гэтыя распрацоўкі займалі прызавыя месцы на конкурсе найлепшых інавацыйных праектаў і найлепшых навуковатэхнічных распрацовак года ў СанктПецярбургу.
Ганаруся сваімі вучнямі. Пад маім кіраўніцтвам былі падрыхтаваны два дактары навук і 11 кандыдатаў навук.
У цэлым жа фізічны факультэт стаў родапачынальнікам новых структур, падраздзяленняў, устаноў. Многія нашы выпускнікі – вельмі таленавітыя людзі. Яны ўзначальваюць акадэмічныя інстытуты (Інстытут фізікі НАН Беларусі імя Б. І. Сцяпанава, Інстытут цепла і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі, Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі і інш.), а таксама шэраг фірмаў («Лоціс ТІІ», «ЛЭМТ», «Адані», Wargaming і інш.). Многія з выпускнікоў факультэта сталі навукоўцамі з сусветным імем, дзяржаўнымі дзеячамі (міністрамі, рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі). Некаторыя з іх былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сталі лаўрэатамі дзяржаўных прэмій Беларусі, заслужанымі дзеячамі навукі і тэхнікі.