Студэнтка Інстытута тэалогіі БДУ Анастасія КРАЎЧАНКА стала суперфіналісткай папулярнага ТБ-праекта «Х-фактар Беларусь». Што дапамагло ёй перамагчы больш за 4 тысячы прэтэндэнтаў і праявіць сябе перад аўтарытэтнымі настаўнікамі, маладая зорачка распавяла ў нашым інтэрв’ю.
– Распавядзі, як праходзіў кастынг у праект «Х-фактар»? Колькі было этапаў?
– Ён праходзіў у некалькі этапаў, пачыналася ўсё з папярэдніх кастынгаў, якія стартавалі яшчэ ў 2019 годзе, але з-за пандэміі яны спыніліся і аднавіліся толькі ў сакавіку 2021 года. У канцы красавіка праходзіў адбор з 4000 чалавек, з якіх абралі 300 з допускам да здымкі на кастынг перад настаўнікамі. І толькі 100 узялі ў трэніровачны лагер. На першым этапе выбылі 52 чалавекі, і вось цяпер прайшлі некалькі прамых эфіраў, нас засталося толькі 3. Дагэтуль не магу канчаткова ўсвядоміць, што з 4 тысяч чалавек я ўвайшла ў лік суперфіналістаў, штосьці неверагоднае…
– Тваім настаўнікам цяпер з’яўляецца Сяргей Саседаў – зоркі сышліся ці, ідучы на праект, ты хацела ў каманду да кагосьці іншага?
– Я хацела папрацаваць з усімі настаўнікамі, таму што ў кожнага ёсць чаму павучыцца. Зразумела, Вольга Бузава прыцягвала сваім уменнем пераадольваць цяжкасці і дамагацца вышынь, мне здаецца, многія хацелі б з ёй папрацаваць. У трэніровачным лагеры я патрапіла ў каманду Сярогі, і ўсе этапы лагера я праходзіла менавіта з ім. У яго такі суровы вобраз, але, калі я спявала, ён не змог стрымліваць усмешку. І нават зараз увесь час дае мне станоўчыя каментары. Руслан Аляхно падпісаўся ў «інстаграме» і піша добрыя словы пра маю творчасць. Надзвычай прыемна.
– Ці не спалохалася ты, апынуўшыся ў камандзе чалавека, які сказаў табе «не»? Бо менавіта Саседаў стаў адзіным чалавекам, хто не падтрымаў цябе на кастынгу.
– Спалохалася. Вельмі баялася патрапіць да яго ў каманду. У трэніровачным лагеры я разумела, што будзе размеркаванне па камандах, хацела да любога з настаўнікаў, але не да яго. Глыбока ў душы стаілася крыўда. Але ведаеце, гэта супер, калі ты разумееш, што атрымліваецца пераканаць чалавека. Напачатку шляху ён сказаў мне «не», а цяпер захапляецца маімі выступленнямі. Што можа быць лепшым?
– Як праходзіць падрыхтоўка да прамых эфіраў? Ці ёсць каманда нейкіх супергерояў, якія робяць з удзельніка сапраўдную «зорку», ставяць нумар, падбіраюць вобраз?
– Працуюць з намі шчыльна. Каманда прафесіяналаў існуе. Выдатныя Раман Каралёў і Раман Харчанка прыехалі з Украіны, каб ствараць шэдэўр ужо ў нашай краіне: усе яркія пастаноўкі, раскадроўкі – гэта іх фенаменальная праца. Што да танцаў, усё, як падказвае сэрца, дзесьці падняць шлейку, дзесьці руку. Ёсць нейкія накіды, у які момант трэба падысці ў правы кут, у які – на сярэдзіну сцэны. Візажысты, стылісты ўвесь час працуюць з намі перад выступленнямі. З прычоскамі мне мучыцца не трэба, задачу спрашчаюць мае яркія парыкі.
– Як атрымліваецца сумяшчаць вучобу ва ўніверcітэце і ўдзел у праекце?
– Шчыра кажучы, амаль нерэальна. У суботу ўвечар эфір і ўвесь наступны тыдзень сыходзіць на падрыхтоўку да нумара. Велізарная нагрузка, вось з мінулага эфіру я прыехала ў 4 раніцы дахаты, у 5 заснула, а ў 10 раніцы мне ўжо трэба было быць на рэпетыцыі. Па будных днях вакал, потым эфіры на радыё, піяр-інтэрв’ю, пастаноўка нумара.
Каля месяца я старанна навед-вала заняткі, потым пачаўся «Х-фактар», і ўсё стала хаатычным. Хоць хутка сесія, і я вельмі спадзяюся на лаяльнасць выкладчыкаў. Даводзіцца ахвяраваць сваім часам, усе сілы засяроджаны на праекце. Разлічваю, што майго запалу хопіць і на сесію.
Анастасія Краўчанка пра сябе:
Мінчанка, вывучае тэалогію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У дзяцінстве паспела паспрабаваць усяго патроху: і танцы, і інструментальную музыку, і акрабатыку – выбрала ў выніку эстрадны вакал, якому маладая салістка прысвячае ўвесь вольны час. Прызнаецца, што занадта часта лунае ў паднябессі, блытае час і даты і выглядае значна маладзейшай за свае гады. На папярэднія кастынгі праекта прыязджала, расхваляваўшыся, двойчы ў розныя гарады.
– Як адрэагавалі сябры і блізкія на твой удзел у «Х-фактары»?
– Сям’я і сваякі мяне ўвесь час ва ўсім падтрымліваюць. Што да сяброў, знаёмых і людзей, якія мне не так блізкія, яны да канца не верылі, што ў нашай краіне можа быць такое выдатнае, магутнае шоу. Аж да прамых эфіраў у іх быў сумнеў, што ў нас сапраўды на такім узроўні створаць «Х-фактар». Цяпер, вядома, усе сочаць, хвалююцца і падтрымліваюць.
Пасля з’яўлення на «Х-фактары» на мяне ўвесь час падпісваюцца новыя людзі, складана за ўсімі прасачыць, але зусім нядаўна я заўважала сярод іх сваю былую аднакласніцу, якая калісьці прыніжала мяне з-за маёй паўнаты. Цяпер я на яе не крыўдую.
– Ты даўно займаешся вакалам? Наведвала ў дзяцінстве музычную школу ці іншыя гурткі, звязаныя са спевам?
– З 4 гадоў са мной займалася мама. У 5 гадоў ужо пачала наведваць вакальную студыю. У школе займалася. Увесь час была загружаная, атрымлівалася сумяшчаць некалькі дадатковых дзіця-чых навучальных устаноў. Скончыла музычную школу па класе эстраднага вакалу, дадатковы інструмент быў фартэпіяна.
– У цябе ёсць кумір – ідэал спевака ці спявачкі, да якога ты імкнешся?
– Не, проста ёсць людзі, за якімі назіраю, у кожнага ёсць штосьці сваё, у чым яны пераўзыходзяць іншых. Хтосьці мае незвычайны тэмбр, хтосьці добра трымаецца на публіцы, хтосьці піша прыгожыя песні, таму як такога куміра ў мяне няма. Падабаецца троху ад кожнага.
– Бачыла, ты выкладваеш фатаграфіі з Вольгай Бузавай, вы размаўляеце на праекце?
– Яна проста выдатны, добры чалавек. Заўсёды ўжо пасля эфі-раў прыходзіць да нас у сваім паўсядзённым вобразе, без касцюма, размаўляе. Шчыра, не на публіку, без камер можа падысці да мяне і выказаць свае ўражанні ад нумара, вакалу. Хоць я і не ў камандзе Бузавай, з’яўляюся канкурэнтам для яе падапечных, яна ўсё роўна без нейкага прадузятага стаўлення падтрымлівае фаварытаў. Напісала мне ў асабістыя паведамленні матывацыйныя словы і пракаментавала фатаграфію. Гэта вельмі бадзёрыць.
– Якія планы на 2022 год у музычнай кар’еры?
– Вось скончыцца «Х-фактар», 25 снежня суперфінал (у ім перамог Андрэй Панісаў – заўв. Рэд.). Студзень адпачываю, і ў лютым гастрольны тур фіналістаў праекта па гарадах Беларусі. Планую выпусціць штосьці сваё, падбіраю дэмаверсіі з прадзюсарам.
Лізавета МІКУЛІЧ