Каманда ФПМІ ў складзе Ягора Дубовіка, Фёдара Карабейнікава і Аляксандра Кернажыцкага абышла больш за 100 каманд з розных краін і стала сярэбраным медалістам на чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў (ICPC). Пра складнікі поспеху і чаму найлепшых вынікаў нашы студэнты дамагаюцца ў высакосныя гады, мы даведаліся з першых вуснаў.
ICPC – «алімпійскія гульні» свету праграмавання. Сёлета фінальны этап праходзіў у Маскве на базе Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (МФТІ). Спаборніцтвы доўжыліся 6 дзён, урачыстае адкрыццё фіналу прайшло ў канцэртнай зале «Зараддзе», а асноўныя этапы праходзілі ў цэнтральнай выставачнай зале «Манеж».
Кожны год у адборачных турах чэмпіянату спаборнічае больш за 60 000 студэнтаў з 115 краін. У фінал трапляе каля 1 %.
Сутнасць спаборніцтва ў тым, што ўдзельнікі за пяць гадзін павінны вырашыць як мага больш з 15 заданняў. Перамагае каманда, якая хутчэй за астатніх вырашыць найбольшую колькасць задач.
Нашы студэнты вырашылі 11 з 15 прапанаваных заданняў. У іх аснове ляжалі рэальныя праблемы, такія як аптымізацыя раскладаў метрапалітэна, мадэляванне кіравання паветраным рухам, аптымізацыя размяшчэння агароджаў, адсочванне рухаў робатаў, складанне гоначных трас, мадэляванне збору багажу ў аэрапорце, ацэнка запасаў нафты і газу і іншыя.
Апрача спаборніцтва адбылася адкрытая дзелавая праграма, у рамках якой выступілі прадстаўнікі расійскіх і замежных ІТ-кампаній, адбыліся бізнес-дыскусіі і паблік-токі з удзелам найбуйнейшых працадаўцаў. Была арганізавана і культурная праграма.
Ад лекцый да выпрабавальнага тура
«Больш за ўсё часу мы праводзілі ў „Манежы“. Там былі розныя мерапрыемствы: дзень лекцый ад спонсараў, дзень выпрабавальнага тура, у які было асобнае спаборніцтва ад Huawei. Трэба было вырашыць аптымізацыйную задачу», – распавёў Аляксандр Кернажыцкі. На гэтым спаборніцтве ад спонсара ён выйграў планшэт.
Фактычна чэмпіянат павінен быў праходзіць у 2020 годзе, але ў сувязі з каранавірусам быў адкладзены на 1–6 кастрычніка 2021. Гэта дало нашым студэнтам амаль паўтара лішніх года на падрыхтоўку. За гэты час Ягор Дубовік і Фёдар Карабейнікаў выпусціліся з універсітэта, а Аляксандр Кернажыцкі перайшоў на 4 курс. Па правілах, у змаганні ўдзельнічаюць універсітэцкія каманды з трох студэнтаў, якія прайшлі не больш за 8 семестраў навучання па тэхнічных спецыяльнасцях.
Новы фармат: без падзелу роляў
Вірус паўплываў не толькі на даты, але і на фармат спаборніцтва. Калі раней каманда з трох чалавек вырашала задачы за
адным камп’ютарам, то ў гэты раз упор быў на індывідуальную працу. У кожнага было сваё працоўнае месца, і месцы былі аддзелены перагародкамі. На погляд удзельнікаў, яны заміналі камунікацыі паміж камандай. Але, на шчасце, можна было без перашкод размаўляць праз перагародкі ці спецыяльную аўдыяпраграму.
Падобная змена фармату негатыўна адбілася на тых камандах, дзе ролі падзелены і праграмныя коды пішуць не ўсе ўдзельнікі. Навучэнцы з ФПМІ былі да гэтага гатовыя. Апошнія месяцы перад чэмпіянатам яны трэніраваліся менавіта ў новым фармаце. Ды і ўсе трое даволі добра праграмуюць і нават спецыялізуюцца на розных задачах. «Ягор на матэматычных, Фёдар галоўным чынам на структурах даных, я на геаметрыі і задачах на рэалізацыю», – удакладняе Аляксандр.
Студэнт падзяліўся і сакрэтам поспеху. Набіраючы форму перад фіналам чэмпіянату, яны раз у тыдзень праводзілі пяцігадзінныя трэніроўкі. «Мы збіраліся разам, камандамі, і вырашалі нейкае спаборніцтва, падобнае да фіналу. Хоць насамрэч нават не трэба іншых каманд, можна самім знайсці ў інтэрнэце якую-небудзь трэніроўку і прарашаць. А потым паглядзець, якое ў цябе было б месца сярод іншых». Аляксандр прызнаецца, што больш часу забірала вучоба, чым падрыхтоўка да чэмпіянату.
У аснове падрыхтоўкі – наша сістэма
Пра тое, як у цэлым фарміруюць і падрыхтоўваюць каманды на факультэце, распавёў трэнер зборнай і загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ Уладзімір Котаў.
«Першае, што ёсць у нас у аснове, – гэта аўтаматызаваная сістэма, распрацаваная нашымі алімпіяднікамі, студэнтамі і супрацоўнікамі кафедры, у якой даюцца задачы. Курс праграмавання прадстаўлены на спецыяльнай платформе, якую можна выкарыстоўваць у любы час, днём і ўначы – усё аўтаматычна тэсціруецца, здаецца і ацэньваецца». Ёсць і іншыя, замежныя, платформы, дзе можна трэніравацца. Але дзякуючы падобнай сінхранізацыі ў навучанні сабраць спрацаваную каманду не складана.
Акрамя таго, вельмі шмат супрацоўнікаў ФПМІ задзейнічана ў падрыхтоўцы каманд, арганізацыі і забеспячэнні розных спаборніцтваў і трэніровачных збораў, якія папярэднічаюць фіналу (Мандрык П. А., Пазюра К. В., Толсцікаў А. А., Вільчэўскі К. Ю., Собаль С. А. і іншыя).
Большасць удзельнікаў каманд прыходзяць яшчэ са школьных алімпіяд па інфарматыцы і матэматыцы. З-за таго, што ФПМІ прасунуты ў прафесійным навучанні школьнікаў, большасць алімпіяднікаў паступае на факультэт. «Раней гэта было амаль 80 % ад агульнага ліку», – удакладняе Уладзімір Міхайлавіч.
На дадзены момант з факультэта на разнастайных алімпіядах выступае каля 20 камандаў, якія складаюцца са студэнтаў і магістрантаў. Але правілы ICPC такія, што на фінал магла патрапіць толькі адна, самая лепшая, каманда ад універсітэта.
Падняць парог стрэсаўстойлівасці
«Бывае вельмі моцная падрыхтоўка, але ў кожнага чалавека ёсць свой умоўны парог. Ёсць людзі, якія да раённага ці абласнога ўзроўню вырашаюць вельмі добра. А потым настае момант, калі адказнасць такая, што яны могуць проста праваліцца. І пры падрыхтоўцы каманды вельмі важна падняць гэты парог стрэсаўстойлівасці».
На погляд трэнера, усе гэтыя трэніроўкі накіраваны не на тое, каб больш ведаць, а на тое, каб парог устойлівасці быў вышэйшы. І не проста так. Бо градус напружання на такіх спаборніцтвах надзвычай высокі. Першыя 4 гадзіны конкурсу вынікі рашэння задач адкрытыя, і кожная каманда можа бачыць як свае, так і чужыя вынікі. А ў апошнюю гадзіну вынікі замарожваюцца, і ўдзельнікі перастаюць іх бачыць. Інтрыга трымаецца да самага абвяшчэння вынікаў чэмпіянату.
Нашы студэнты нарасхват
Перспектывы пасля перамогі ў такіх сур’ёзных спаборніцтвах вялікія. «Пасля алімпіяды Ганконгскі ўніверсітэт тэхналогій запрасіў пяць нашых студэнтаў адразу ў аспірантуру на стыпендыю ад 2500 $. Часта агітуюць, запрашаюць у розныя стартапы», – падзяліўся Уладзімір Міхайлавіч. Да прыкладу, Ягор Дубовік пасля спаборніцтва паехаў трэніраваць каманду ўніверсітэта Барселоны.
Як распавёў выкладчык, гэта нармальная практыка, што выпускнікі і нават супрацоўнікі БДУ ходзяць трэніраваць каманды іншых універсітэтаў, тым самым ізноў трапляючы на спаборніцтвы.
Гэтае серабро – ужо пяты медаль у скарбонцы БДУ. Уладзімір Міхайлавіч жартуе, што зарабляць медалі галоўным чынам у высакосныя гады – ужо традыцыя. Раней каманды нашага ўніверсітэта забралі «золата» ў 2004 годзе, бронзавы медаль у 2008
і два «серабры» ў 2012 і 2013 гадах.
Адзначым, што чарговая каманда БДУ таксама выступіць у фінале, які пройдзе ў Бангладэш у лістападзе 2022 года. А яшчэ адна каманда, у склад якой перайшоў Аляксандр Кернажыцкі, ужо прайшла ў паўфінал ICPC сезона 2023 года.
Ганна КАЗАКОВА
Поўны спіс прызёраў:
Залатыя медалі:
•Ніжагародскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія).
•Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (Расія).
•Сеульскі ўніверсітэт (Паўднёвая Карэя).
•Універсітэт ІДМО (Санкт-Пецярбург).
Сярэбраныя медалі:
•Бухарэсцкі ўніверсітэт (Румынія).
•Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія).
•Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (Беларусь).
•Уроцлаўскі ўніверсітэт (Польшча).
Бронзавыя медалі:
•Нацыянальны ўніверсітэт «Вышэйшая школа эканомікі» (Расія).
•Ілінойскі ўніверсітэт (ЗША).
• Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт радыёэлектронікі (Украіна)
•Масачусецкі тэхналагічны інстытут (ЗША)