«Памяць жыве ў пакаленнях»: удзельнікі праектнай каманды распавядаюць пра ідэю і глабальныя мэты

22 Feb, 2022.

У штогадовым конкурсе «Найлепшы моладзевы праект БДУ» ўдзельнічае праект гістарычнага факультэта «Памяць жыве ў пакаленнях». На 2022 год запланаваны выставы, лекцыі, канферэнцыі і наведванне месцаў гістарычнай памяці. Кіраўнікі і ўдзельнікі праектнай каманды распавялі «Універсітэту» пра сваю ідэю і глабальныя мэты.

У Год гістарычнай памяці студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ штомесяц будуць праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы: лекцыі і семінары, якія накіраваны на азнаямленне шырокай аўдыторыі з подзвігам народа. Акрамя гэтага, пройдуць дыялогавыя сустрэчы на пляцоўках мемарыяльных комплексаў, прысвечаныя жыццю ахвяр і герояў Вялікай Айчынна войны, цыкл выстаў, навуковая канферэнцыя і выданне друкаванага зборніка матэрыялаў па яе выніках. Для студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў адміністрацыі БДУ будуць арганізаваны паездкі  ў мемарыяльныя комплексы «Хатынь – Дальва», «Чырвоны Бераг», «Азарычы», «Ола» і іншыя.

Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр КАХАНОЎСКІ лічыць, што даследаванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – гэта не толькі даніна павагі мінуламу, але і важны напрамак патрыятычнага выхавання сучаснай моладзі:

– Праект «Памяць жыве ў пакаленнях» распачаты ў 2021 годзе – у Год народнага адзінства. З ініцыятывай выступілі студэнты, выкладчыкі і кіраўніцтва гістарычнага факультэта. У кожнай сям’і студэнта і супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ёсць удзельнікі і сведкі падзей Вялікай Айчыннай вайны. Кожны трэці жыхар Беларусі загінуў падчас яе трагічных падзей. Грамадская цікавасць да нашага гістарычнага мінулага з кожным годам расце. Гэта знайшло адлюстраванне ў апошнім праекце змен Канстытуцыі Беларусі. Таму захаванне памяці і прыцягненне ўвагі беларускіх грамадзян да тэмы Вялікай Айчыннай вайны – абавязак кожнага з нас. Гістарычны факультэт лічыць сваім доўгам выступіць ініцыятарам гэтага праекта.

 

Па словах дэкана, арганізатары праекта ўжо правялі экскурсіі па месцах памяці і мемарыяльных комплексах, арганізавалі тэматычныя круглыя сталы, дзе абмяркоўваліся самыя актуальныя тэмы. Старт праекту быў дадзены экскурсіяй «Трасцянец – беларускі Аўшвіц», якая пачалася ва ўнутраным дворыку БДУ.

– Менавіта адтуль у 1941 годзе студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта сышлі на фронт. Іх подзвіг не забыты. У сэрцах і памяці заўсёды застануцца студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта, якія абаранялі Радзіму, аднавілі дзейнасць універсітэта на станцыі Сходня пад Масквой. Без іх не было б сучаснага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які адзначыў сваё стагоддзе. Сёння мы актыўна працуем над рэалізацыяй праекта ў 2022 годзе, – адзначыў Аляксандр Генадзьевіч і запрасіў усіх студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ да ўдзелу.

 

«Прыемна разумець і атрымліваць рэальную падтрымку роднага ўніверсітэта»

 Намеснік дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта Аліна ВЕРАМЕЙЧЫК распавяла, што першапачаткова праект выклікаў жывую цікавасць ва ўсіх факультэтаў БДУ. З часам у праектнай каманды ўзнікала ўсё больш ідэй, а задумка паступова трансфармавалася.

– Наша супольнасць актыўна пашыраецца. Сярод удзельнікаў праекта з’яўляецца ўсё больш студэнтаў і выкладчыкаў, якія жадаюць падзяліцца сапраўднымі гісторыямі з жыцця сваіх сваякоў, якія прайшлі праз выпрабаванні ваенных гадоў і захавалі нашу краіну. Мы ўдзячныя ўсім, хто адгукнуўся. Хуткім часам плануецца стварэнне старонкі пра праект у інтэрнэце, на якой будзем дзяліцца актуальнымі матэрыяламі, абменьвацца досведам і ідэямі, – распавяла Аліна Яўгенаўна.

Таксама яна патлумачыла: на праект звярнулі ўвагу школы і гімназіі Беларусі. Гэта, на яе погляд, сведчанне цікавасці ў новага пакалення да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

– Некаторыя мерапрыемствы разгорнуцца на пляцоўках краязнаўчых і абласных музеяў у розных рэгіёнах Беларусі. Адзін з важных напрамкаў дзейнасці праекта – публікацыя электроннага зборніка, у які ўвойдуць матэрыялы канферэнцый і дыялогавых пляцовак, – падзялілася планамі намеснік дэкана. — Праект рэалізуецца пры актыўнай падтрымцы кіраўніцтва ўніверсітэта. Ніводная наша просьба не засталася без увагі. Хочацца выказаць асаблівую падзяку прарэктару па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Івану Іванавічу Янушэвічу. Прыемна разумець і атрымліваць рэальную падтрымку роднага ўніверсітэта. Дзякуючы прэс-службе БДУ на праект звярнулі ўвагу вядучыя дзяржаўныя СМІ. Пра праект даведаліся ў нашай краіне і за яе межамі.

Навуковым кансультантам праекта выступае дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ Кузьма КАЗАК:

– Хацелася б, каб праект праходзіў не ў рамках актыўнай групы гістарычнага факультэта, а ўніверсітэта ў цэлым. Адной з асноўных задач праекта студэнты ставяць выяўленне месцаў памяці, якія знаходзяцца ва ўніверсітэце, горадзе ці месцах, звязаных з гісторыяй БДУ. Плануем прыцягваць да супрацоўніцтва не толькі школы, гімназіі, універсітэты, а яшчэ і архівы, музеі, бібліятэкі, навуковыя цэнтры Сабраны арыгінальны матэрыял са сведчаннямі пра трагедыю і гераічнасць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны плануем прадставіць у новай серыі кніг «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: памяць жыве ў пакаленнях.

 

Трохі пра асабістае: слова студэнтам

Студэнтка 3 курса Аляксандра МЯДЗВЕДЗЕВА:

– Праца над праектам дапамагла мне пераасэнсаваць свае каштоўнасці. Захаванне памяці – гэта адзін са значных аспектаў нашага жыцця. Кожны чалавек павінен для сябе вырашыць, што значыць для яго памяць, і ўсвядоміць значнасць яе захавання. Больш за 80 гадоў прайшло пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра яе жывая ў сэрца кожнага, мы павінны гаварыць пра гэтыя падзеі больш. Мы павінны захоўваць памяць пра вайну, хоць бы для таго, каб не паўтарыць ізноў трагічныя падзеі тых дзён.

Студэнт 1 курса Іван КВАШКО:

– Удзел у праектнай камандзе дазволіў мне развіваць важны напрамак дзейнасці ўніверсітэта ў адукацыйнай і выхаваўчай сферы, прапаноўваць ідэі, рашэнні, перадаваць досвед працы на месцах памяці, прыцягваць прадстаўнікоў навуковых супольнасцяў. Адной з мэт праекта з’яўляецца падрыхтоўка лідараў з ліку студэнтаў – арганізатараў і захавальнікаў памяці трагедыі і гераічнасці беларускага народа. Сродак да дасягнення сапраўды важнай мэты захавання памяці пра вайну, якая, на вялікі жаль, многімі успрымаецца як адна з незлічоных войнаў. Толькі гісторыя здольная аднавіць тое, што часта заціраецца часам. Мы не маем права не выкарыстаць магчымасць захаваць апошнія «жывыя» сведчанні пра тую вайну, пра той страшны час.

 

 

Марыя ШНА

print

Вам таксама можа спадабацца: