Спецыяльную прэмію за значны ўклад у захаванне традыцый харэаграфічнага мастацтва і актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца «Крыжачок» БДУ. Падчас урачыстай цырымоніі Прэзідэнт Беларусі ўручыў узнагароду мастацкаму кіраўніку Ігару Музалеўскаму і балетмайстру ансамбля Ірыне Какорынай.
Нагадаем, што два гады таму «Крыжачок» святкаваў 75-гадовы юбілей. На працягу доўгай гісторыі існавання аматарскага калектыву не спыняецца штодзённая творчая праца, ашчадна захоўваюцца традыцыйныя для беларусаў танцы, музыка і вобразы.
– Спецыяльная прэмія – заканамерны віток развіцця ансамбля, – распавядае Ігар МУЗАЛЕЎСКІ. – Захаваннем і распаўсюджваннем народнага танца «Крыжачок» займаецца няспынна з 1945 года, штогод атрымлівае ўзнагароды ў Беларусі і за мяжой. З 2011 года ансамбль удастоены ганаровага звання «Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі».
Мала які аматарскі харэаграфічны калектыў Беларусі можа пахваліцца такім вялікім складам, больш за 40 чалавек, працавітасцю танцораў, палітрай нумароў і сваім уласным аркестрам, які складаецца з флейты, кларнета, цымбал, баяна, дудкі, баса, кантрабаса і скрыпкі.
Сапраўды, значную частку рэпертуару займаюць менавіта беларускія танцы: «Крыжачок», «Лявоніха», «Пчолка», «Купалінка», «Валет», «Закаблукі», «Кругавая» і інш. Акрамя таго артысты выконваюць арыгінальныя сучасныя пастаноўкі танцаў. Кожны нумар мае свае асаблівасці. Напрыклад, «Валет» танцуюць у аўтэнтычных народных касцюмах, якія важаць некалькі кілаграмаў.
Для калектыву не важныя прафесія і ўзрост танцораў. Зараз у «Крыжачку» ёсць зусім юныя выканаўцы, якія яшчэ навучаюцца ў школе. Склад збіраецца разнастайны, і ўжо даўно кола ўдзельнікаў выходзіць за межы БДУ. Большасць з тых, хто прыходзіць у калектыў, застаюцца з ім. Мала хто сыходзіць з ансамбля, скончыўшы вучобу ва ўніверсітэце, бо за аматарскімі танцамі і рэпетыцыямі хаваецца сапраўднае жыццё.
Найважнейшай сваёй задачай Ігар Музалеўскі лічыць захаванне таго, што ансамбль напрацаваў гадамі. Каб не разгубіць майстэрства, душу і, калі прыйдзе час, перадаць яго ў рукі наступнага пакалення ў самым росквіце. Нягледзячы на тое, што матывацыя працаваць ва ўсіх розная, агульная любоў да мастацтва, сумесная праца дапамагае «Крыжачку» паспяхова распаўсюджваць беларускі народны танец.
Ганна КАЗАКОВА