Кандыдат гістарычных навук дацэнт Ірына Навумаўна Колабава пайшла па шляху роднага брата – найбуйнейшага беларускага нумізмата XX стагоддзя Валянціна Навумавіча Рабцэвіча. Паступіла на гістфак БДУ, стала выкладаць нумізматыку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а пазней і на родным факультэце, стала аўтарам больш як 90 навуковых артыкулаў, якія ў асноўным звязаны з тэмай манетных скарбаў і гісторыі фальшываманецтва на тэрыторыі Беларусі. Ірына Навумаўна падзялілася ўспамінамі пра брата, яго захапленні, стаўленне да навукі, студэнтаў і калег.
Валянцін Навумавіч Рабцэвіч пасля заканчэння БДУ вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР і аспірантуры аддзела нумізматыкі Дзяржаўнага Эрмітажа. На працягу 45 гадоў выбітны навуковец выкладаў на гістарычным факультэце альма-матар і быў удастоены звання лаўрэата прэміі імя У. І. Пічэты.
«Валянцін спяваў оперныя арыі, любіў Маякоўскага і расказваў пра гісторыю так, што хацелася слухаць»
– Мы раслі ў звычайнай, нават, мусіць, класічнай савецкай сям’і: тата – вайсковец, мама – медык. З братам у нас дастаткова вялікая розніца ва ўзросце. Калі я нарадзілася, ён ужо з’ехаў вучыцца ў Мінск. Таму цесныя кантакты нам удалося наладзіць з ім, калі я ўжо была ў старэйшых класах. Усёй сям’ёй мы ездзілі кожны год у госці да сваякоў у Мікалаеўскую вобласць ва Украіну. Многія цёплыя ўспаміны звязаны менавіта з гэтымі перыядамі.
У школе я хацела паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт і займацца вывучэннем замежнай мовы. Але брат здолеў мяне мякка пераканаць і паўплываць на мой выбар прафесіі. Ён расказваў пра гісторыю так, што хацелася слухаць. Заўсёды мог здзівіць нейкімі незвычайнымі фактамі. Гэта дапамагло мне паглядзець на гісторыю па-іншаму і палюбіць гэты прадмет, за што я і ўдзячная Валянціну.
У школьныя гады мы з бацькамі жылі ў Гомелі. Оперы там не было, але першыя ў сваім жыцці арыі я пачула менавіта ў выкананні брата. Валянцін добра спяваў, любіў вершы, асабліва Маякоўскага. У цэлым ён быў вельмі эрудзіраваным чалавекам: вядома, дакладныя навукі даваліся яму не так лёгка, як гуманітарныя дысцыпліны, але кругагляд у яго быў шырокі.
Нумізматыку ў Валянціна Навумавіча здавалі па шмат разоў і палохалі гэтым прадметам першакурснікаў»
У 10–11 класе я рабіла ўпор на вывучэнне гісторыі, літаратуры, каб паступіць на гістфак. Брат дапамагаў з матэрыяламі і ўсяляк стараўся ўмацаваць мае веды.
У 1970 годзе паступіць на гістфак БДУ было складана: конкурс быў 5,6 чалавека на месца. Шмат было матываваных абітурыентаў, якія гарэлі ідэяй быць гісторыкамі. Выдатніцай я не была: свае цвёрдыя 4-кі і 5-кі зарабляла сумленнай працай. Аднолькавае з братам прозвішча і яго аўтарытэт ніяк не дапамагалі мне ў вучобе. Хаця аднойчы я ўсё ж скарысталася сваім становішчам і папрасіла ў Валянціна, каб уся мая група здала ў яго нумізматыку. Ён сваё слова стрымаў.
А выкладчыкам ён быў строгім. Свой прадмет вельмі любіў, мог доўга і захоплена расказваць на лекцыях пра скарбы, раскопкі. Да студэнтаў на заліках ён быў вельмі патрабавальны: некаторыя хадзілі да яго на пераздачы па шмат разоў. Залікам па нумізматыцы студэнты старэйшых курсаў палохалі першакурснікаў.
Хаця ў цэлым Валянцін Навумавіч чалавекам быў дабрадушным і мог зразумець сітуацыю. Часта выходзіў з аўдыторыі, чытаў газету, увесь час задаваў навадныя пытанні. Але не заўсёды гэта дапамагала. Памятаю гісторыю адной яго студэнткі, якая не магла з першага разу здаць залік. Тады дзяўчына падрабіла яго подпіс у залікоўцы і спрабавала даказаць, што брат забыўся ўнесці залік у ведамасць. Стаяла пытанне аб адлічэнні гэтай дзяўчыны. Валянцін заступіўся за яе, бо ведаў некаторыя цяжкасці яе сямейнага становішча.
Калегі на гістарычным факультэце таксама заўсёды казалі, што ён быў вельмі спагадлівым чалавекам, з якім было цікава працаваць і размаўляць. Ён валодаў неверагоднай харызмай і прыцягваў навакольных. На канферэнцыях яго заўсёды атачалі людзі. Ён стараўся нікога не абысці ўвагай: абмяркоўваў актуальныя тэмы, спрачаўся, тлумачыў, адказваў на пытанні.
«На раскопках у палях у Валянціна адкрывалася другое дыханне»
Спецыялістаў па нумізматыцы ў той час у Беларусі практычна не было. Заснавалі беларускую нумізматыку яшчэ ў 1920-я гг. Павел Харламповіч і Мікалай Шчакаціхін. Яны першымі сталі пісаць працы па беларускай нумізматыцы і разглядалі яе як самастойную навуку, якая не з’яўляецца часткай расійскай ці польскай гісторыі. У пасляваенны перыяд вывучаць грашовае абарачэнне на беларускіх землях працягнуў Валянцін Навумавіч.
Сваім правадніком у свет навукі і настаўнікам ён лічыў найбуйнейшага савецкага нумізмата Івана Георгіевіча Спаскага. Брат вёў перапіску з ім, часта размаўляў у Ленінградзе. Іван Георгіевіч лічыў майго брата сваёй радасцю і гонарам.
Валянцін Навумавіч быў першаадкрывальнікам гісторыі грашовага абарачэння на беларускіх землях. Ён займаўся вывучэннем тапаграфіі манетных скарбаў Беларусі і пісаў дысертацыю на гэтую тэму. Для гэтага вывучаў фонды архіваў і музеяў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы.
У цэнтры прафесійных інтарэсаў В. Н. Рабцэвіча ў 1980–90-х гг. знаходзілася праблематыка грашовых эмісій Расіі мяжы XVII–XVIII стст., прызначаных для абарачэння на землях Рэчы Паспалітай. Валянцін Навумавіч збіраў інфармацыю пра сеўскія чэхі і пятроўскія шастакі і тынфы. Навуковец вызначыў прычыны і абставіны выпуску, арэалы бытавання, рынкавыя курсы і рэальны кошт манет, вызначыў іх якасна-метралагічныя характарыстыкі. Выбітны нумізмат рэканструяваў магчымыя вытворчыя магутнасці Сеўскага манетнага двара і зрабіў абгрунтаваныя здагадкі наконт месца яго размяшчэння (паводле зборніка «Інтэлектуальная эліта Беларусі»).
Яшчэ адным захапленнем брата былі палявыя археалагічныя даследаванні. Пастаянна арганізоўваў раскопкі і з цікавасцю сам капаў курганы. Браў з сабой сваіх сыноў, часам запрашаў мяне. Суровы спартанскі побыт археалагічных раскопак для мяне быў не вельмі прывабным: холад, камары, лес. Валянцін жа літаральна жыў гэтым. З жыцця ён пайшоў у 2008 годзе, а за год да гэтага ён яшчэ сядзеў у лесе на раскопках. Здавалася, што ў палях у яго адкрывалася другое дыханне і ён зараджаўся асаблівай энергіяй ад такой дзейнасці.
«Высыпаў на стол загадчыка кафедры гісторыі БССР Л. С. Абэцэдарскага сваю калекцыю манет і ні разу не пашкадаваў пра гэта»
Збіраць манеты ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Ягоная калекцыя грунтоўна папоўнілася ў тыя часы, калі ён жыў у Ленінградзе. Тады ён наймаў кватэру ў пажылой жанчыны, якая падарыла яму частку манет свайго мужа. Нейкія экзэмпляры Валянцін знаходзіў і выкупляў на рынках. Выдаткоўваў на гэта сваю стыпендыю. Бацькі імкнуліся дапамагаць яму, падтрымлівалі яго захапленне, якое патрабавала нямала сродкаў.
У пачатку 1960-х, калі Валянцін пасля заканчэння аспірантуры ў Ленінградзе вярнуўся ў Мінск, ён прыняў рашэнне адмовіцца ад калекцыянавання. Стаў негатыўна ставіцца да калекцыянераў і «чорных» капальнікаў. Лічыў, што гэтыя людзі парушаюць унікальную гістарычную каштоўнасць скарбаў, хаваючы яго ад даследчыкаў і распрадаючы па частках. Як навуковец, Валянцін стаў прытрымлівацца пазіцыі, што скарбы нельга расфарміроўваць дзеля прыватных калекцый. Таму аднойчы ён проста прыйшоў і высыпаў на стол сваю калекцыю манет, адчаканеных з V ст. да н. э. да XVII ст. н. э., загадчыку кафедры гісторыі БССР Л. С. Абэцэдарскаму.
Ён ні разу не пашкадаваў пра сваё рашэнне, таму што быў упэўнены: манеты павінны быць выстаўлены ў музеі гістарычнага факультэта, каб студэнты маглі ўжывую ўбачыць цікавыя экзэмпляры рымскіх дэнарыяў, куфічных дырхамаў, пражскіх грошаў, манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Тым больш што інтэрнэту, праектараў, прэзентацый у той час не было, а заняткі хацелася зрабіць інтэрактыўнымі. Валянцін Навумавіч падрыхтаваў больш за 300 дыяпазітываў і дэманстраваў іх на лекцыях. Таксама брату ўдалося арганізаваць і ўзначаліць студэнцкі нумізматычны гурток, куды з цікавасцю хадзілі студэнты.
Паступова гэтая калекцыя папаўнялася іншымі асобнікамі. З часам яна стала другой па колькасці ў Беларусі нумізматычнай калекцыяй. Цяпер яна налічвае больш за 40 тысяч манет. Пасля рэканструкцыі гістарычнага факультэта яе экспанаванне будзе працягнута.
«Брат “драконіў” мяне па-страшнаму за мае навуковыя тэксты, але змог навучыць шмат чаму»
Вядома ж, захапленне брата нумізматыкай не магло не паўплываць на мяне. Тэма дыпломнай працы была працягнута пры напісанні кандыдацкай дысертацыі «Манета і грашовы лік усходнебеларускага рынку другой паловы ХVII – трэцяй чвэрці XVIII ст.». Валянцін быў маім рэальным навуковым кіраўніком, дапамагаў мне з матэрыяламі, спрыяў таму, каб паглядзець архіў аддзела нумізматыкі Эрмітажа.
Але пры гэтым «драконіў» мяне па-страшнаму за мае навуковыя тэксты. Ён крытыкаваў мае працы неміласэрна і спуску не даваў. Самаацэнка, вядома, падала, часам нават хацелася плакаць, бо здавалася: я ўсё раблю не так. Але такі падыход навучыў мяне шмат чаму. Цяпер я, як і брат, магу па шмат разоў уносіць праўкі ў свае працы, па-добраму, але прыдзірліва рэдагую курсавыя і дыпломныя працы сваіх студэнтаў.
Дарэчы, асновы выкладання нумізматыкі я змагла запазычыць на занятках брата. Перад тым, як пачаць працаваць са студэнтамі ў БДУКМ у 1998 годзе, я ўвесь семестр хадзіла на заняткі Валянціна Навумавіча. Пісала разам з яго студэнтамі канспекты на лекцыях, назірала, як ён вядзе заняткі. Многія матэрыялы і методыкі выкарыстоўваю і зараз на сваіх занятках. Маёй настольнай кнігай з’яўляецца «Нумізматыка Беларусі» Валянціна Навумавіча, дзе распрацавана перыядызацыя гісторыі грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі, а таксама яго артыкулы і манаграфіі.
З 1998 года са студэнтамі я не расставалася. Ужо больш за 20 гадоў выкладаю нумізматыку ў БДУКМ і ў БДУ. Таксама чытаю для будучых музейных работнікаў і супрацоўнікаў турыстычнай сферы геральдыку, фалерыстыку, метралогію, храналогію і іншыя спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны.
Прыемна адзначыць, што спецыялістаў у галіне нумізматыкі і даследчыкаў становіцца ўсё больш. Многія з іх з’яўляюцца вучнямі і паслядоўнікамі Валянціна Навумавіча. Кожны з іх уносіць свой важкі ўклад у вывучэнне гісторыі і развіцця грашовага абарачэння на беларускіх землях.
Марыя ШНА