У апошнія гады ў БДУ павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія праходзілі навучанне ў ВНУ па мэтавым накіраванні. У 2019 годзе размеркаваліся 18 такіх маладых спецыялістаў, у 2020 – 31, у 2021 – 40. У 2022 годзе БДУ выпусціць 44 студэнты, якія атрымлівалі мэтавую падрыхтоўку.
Часцей за ўсё мэтавае накіраванне бяруць студэнты філфака, журфака, ФМА, ФФСН і хімічнага факультэта. І калі раней мэтавая падрыхтоўка прадугледжвала, што маладыя спецыялісты маглі размеркавацца ў гарады з колькасцю да 20 тысяч насельніцтва, то ад пачатку дзеяння новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі гэтыя абмежаванні здымаюцца: зараз выпускнікі могуць працаўладкоўвацца і ў буйных гарадах. Дзве выпускніцы БДУ падзяліліся сваім вопытам навучання па мэтавым накіраванні і расказалі пра першыя працоўныя месцы.
Магла паступіць на бюджэт і без мэтавага накіравання, але не шкадую
Неаніла Любанец, выпускніца факультэта журналістыкі 2019 года, спецыяльнасці «друкаваныя СМІ». Працуе ў раённай газеце Нясвіжскага раёна «Нясвiжскiя навiны».
– З выбарам прафесіі мне было вызначыцца нескладана. На раённым радыё працавала мая мама, апошнія 11 гадоў яна намеснік рэдактара ў нашай раённай газеце. З ранніх гадоў я назірала, як шмат часу і сіл мама аддавала сваёй справе. Розныя мерапрыемствы, запісы на дыктафон і ў студыі, стасункі з новымі людзьмі, мантаж матэрыялаў – усе гэтыя дэталі яе незвычайнага ладу жыцця захаплялі і выклікалі цікавасць. У канцы 10 класа вырашыла, што паспрабую пайсці па слядах мамы і паступлю на журфак. Стала рыхтаваць нататкі ў раённую газету. Мама рэдагавала мае тэксты, падказвала інфармацыйныя нагоды, дапамагала парадамі і падтрымлівала мой выбар. Мне вельмі падабалася сустракацца з новымі людзьмі і адкрываць іх для сябе і для чытача з новага боку. Ёсць у гэтым нейкая магія.
Да паступлення сабрала невялікае партфоліа. Перажывала наконт творчых іспытаў і вынікаў ЦТ. Не была ўпэўнена ў сваіх сілах, таму яшчэ перад заканчэннем школы задумалася пра мэтавае накіраванне ад газеты ў сваім родным горадзе. У мяне не было варыянта вучыцца на платным. Мяне не бянтэжыла, што трэба будзе адпрацаваць 5 гадоў. Была думка, што нічога ў гэтым страшнага няма: я ж буду ў родным прыгожым Нясвіжы.
Хадзіла да рэпетытара па гісторыі Беларусі – набрала 75 балаў. Па беларускай мове здала тэсціраванне на 91 бал. Запісалася на летнія падрыхтоўчыя курсы на факультэце журналістыкі. Гэта быў добры досвед, хоць у маёй гісторыі паступлення з імі быў звязаны цікавы момант. На іспыце трапілася тэма для сачынення, на якую я ўжо пісала эсэ падчас курсаў. Здавалася б, вельмі нават пашанцавала. Але не. Адчувала, як быццам усе важныя думкі ўжо выліла на паперу і словы не складваюцца паўторна ў адзіны малюнак, што прынесла не зусім жаданы вынік. З вусным іспытам было прасцей: мой адказ ацанілі на 7 балаў.
Так атрымалася, што набрала больш за 370 балаў. Магла паступіць на бюджэт і без мэтавага накіравання, але не дужа засмуцілася з гэтай нагоды. Супакойвала думка, што не трэба будзе трывожыцца наконт месца для размеркавання. Я ўжо ведаю, дзе буду працаваць, і гэта мне вельмі даспадобы. Бо складана пры паступленні выказаць здагадку, якім бы я магла быць спецыялістам і дзе б магла быць карыснай. Нялёгка жыць яшчэ 4 гады падчас вучобы ў падвешаным стане з думкай, а дзе канкрэтна я буду жыць і працаваць. Як мне здаецца, мець стопрацэнтную гарантыю пры працаўладкаванні – выдатная магчымасць для прафесійнага старту.
«Доўгага працэсу адаптацыі не было: адразу трэба было ісці ў бой з новай тэмай»
Вучоба на журфаку – выдатны досвед, з якім мне вельмі пашанцавала. Пашанцавала і з групай, імкнёмся падтрымліваць сяброўскія сувязі нават пасля вучобы. Ды і наогул, многія ў нас на факультэце кажуць, што самае каштоўнае – гэта знаёмствы, якія дае нам універсітэт. Мне вельмі падабаліся заняткі па літаратуры, якія навучылі думаць шырэй. Такі бэкграўнд – сапраўдны гонар і добры падмурак для жыцця. Курсы псіхалогіі, педагогікі, філасофіі дапамаглі зірнуць на шматлікія рэчы з іншага ракурсу, навучылі аналізаваць і разважаць. У нашай працы гэта вельмі важна.
На журфаку можна атрымаць добрую базу неабходных у прафесіі тэхнічных навыкаў. Мне вельмі спатрэбіліся веды з курса па вёрстцы. Цяпер я, калі трэба, замяняю вярстальшчыка ў сваёй газеце – гэта мне таксама падабаецца.
Практыку я праходзіла і ў сваёй раённай газеце, і ў карпаратыўнай газеце МТЗ. Гэта, дарэчы, добры досвед, таму што атрымалася параўнаць падыходы розных рэдактараў, паглядзець, як журналісты разнапрофільных СМІ падыходзяць да выканання заданняў, збору інфармацыі, пошуку тэм, ацаніць, як абсталяваны рэдакцыі.
Нягледзячы на тое, што мая раённая газета да моманту размеркавання была мне ўжо амаль як родная, першыя працоўныя дні былі па-свойму стрэсавымі. Трэба было ўліцца ў калектыў, праявіць сябе. Доўгага працэсу адаптацыі не было. Адразу трэба было браць дыктафон, ручку і ісці ў бой з новай тэмай.
На старце працы мне пашанцавала з настаўніцай. Пад сваё крыло мяне ўзяла дасведчаны спецыяліст у нашай газеце, якая цяпер ужо сышла на пенсію. Кожны раз атрымліваць ад яе пахвалу было вельмі каштоўна, таму што да тэкстаў яна ставілася заўсёды педантычна і патрабавала рыхтаваць якасныя матэрыялы. Цяпер здаю тэксты намесніку галоўнага рэдактара Соф’і Уладзіміраўне, маёй маме. Расслабіцца не атрымліваецца. Як дыпламаваны філолаг, яна заўсёды надае ўвагу стылістыцы. У цэлым жа ў нас у рэдакцыі распаўсюджана практыка вычытваць тэксты адзін аднаго. Такім чынам мы трэніруем яшчэ і карэктарскія навыкі. У гэтым, дарэчы, плюс працы ў невялікім калектыве і раённай газеце. У рэспубліканскіх СМІ звычайна спецыяліст выконвае даволі вузкую задачу і ў яго няма неабходнасці асвойваць новыя кампетэнцыі. У нас усё інакш. Можна паспрабаваць сябе і ў ролі рэдактара, і фотакарэспандэнта, і спецыяліста па сацсетках: усюды лішнія рукі і свежы погляд будзе не лішнім.
У нас няма строгага падзелу тэм па аддзелах, як у некаторых буйных рэдакцыях. Гэта якраз тое месца, дзе трэба быць універсальным журналістам і папаўняць сваё партфоліа разнапланавымі матэрыяламі. Пішу і пра афіцыйныя пасяджэнні, і пра медыцыну, і пра сельскую гаспадарку, і пра выставы.
Гэта толькі здаецца, што ў раённай газеце не вельмі вялікая нагрузка, вузкі набор мясцовых тэм, невялікае поле для творчасці і працаваць даволі сумна. Насамрэч гэта не так. Работы ў журналістаў вельмі шмат, таму што раён жыве актыўна, праходзяць розныя мерапрыемствы, якія патрабуюць аператыўнага асвятлення. Колькасць маіх новых знаёмстваў расце з кожным днём.
«Цікавым досведам было супрацоўніцтва з альма-матар»
Вельмі падабаюцца сацыяльныя тэмы і стасункі з людзьмі нашага рэгіёна. Звычайныя людзі з вёскі ці невялікага горада проста ўзрушваюць. Камбайнёр, школьная настаўніца, аграном, фельчар невялікага ФАПа – усе маюць унікальны жыццёвы досвед і шануюць увагу, якую мы праяўляем. Любая згадка імені ў газеце, фота, нават невялікае інтэрв’ю – ужо значная падзея ў жыцці кожнага. Многіх гэта матывуе працаваць якасней, становіцца добрым заахвочваннем за руплівую працу ці добрыя справы. Гэтым мне і падабаецца работа ў невялікім рэгіёне. Людзі тут больш душэўныя і добрыя. З імі лёгка, цікава, яны шануюць нашу працу, а мы – іх. Дапамагаем ім увайсці ў гісторыю нашага раёна, а яны потым захоўваюць у сямейным архіве выразкі з газет і пры аказіі паказваюць сваякам і сябрам, а гэта шмат чаго варта.
Дарэчы, цікавым было супрацоўніцтва з альма-матар. Рыхтавала некалькі матэрыялаў пра землякоў, якія нарадзіліся і выраслі ў Нясвіжскім раёне і працуюць цяпер у БДУ. Прыемна было ўзаемадзейнічаць з прэс-службай роднага ўніверсітэта падчас падрыхтоўкі матэрыялаў. Атрымалася напісаць добрыя інтэрв’ю і пазнаёміцца з дырэктарам Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі Пятром Васільевічам Кучынскім і намеснікам дэкана гістарычнага факультэта Алінай Яўгенаўнай Верамейчык. Не чакала, што ў родным універсітэце ацэняць маю працу і запросяць на ўшаноўванне журналістаў рэспубліканскіх і раённых СМІ, якое праводзілася да 100-гадовага юбілею нашай ВНУ. Гэта каштоўна і вельмі прыемна.
Дарэчы, працуючы, атрымалася пабываць у родных сценах журфака і падчас правядзення форуму маладых журналістаў. У такіх мерапрыемствах я паўдзельнічала двойчы – другі форум праходзіў у атэлі «Прэзідэнт». Для маладых спецыялістаў гэта добрая пляцоўка для карысных знаёмстваў і абмену досведам. Мне цікава было даведацца новую інфармацыю пра падыходы да працы СМІ ў сацыяльных сетках.
За два з паловай гады я развіла ў сабе некаторыя прафесійныя якасці. Калегі, ды і спецыфіка працы ў цэлым, дапамаглі мне навучыцца спакойна рэагаваць на крытыку. Раней праўкі і ўсякія дапрацоўкі матэрыялаў брала занадта блізка да сэрца. Цяпер разумею, што гэта непазбежная частка працы любога журналіста. На старце адчувала хваляванне пры размовах з незнаёмымі людзьмі па тэлефоне. Зараз раблю гэта з лёгкасцю і задавальненнем. Навучылася хутка фармуляваць думкі свае і іншых. Зразумела, што магу пісаць практычна ў любых умовах: на шумнай планёрцы ці позна ўначы. Усвядоміла, што слухаць іншых – гэта таксама мастацтва, якое трэба і важна развіваць.
У цэлым, ні разу не пашкадавала пра тое, што абрала мэтавае накіраванне і працую ў роднай газеце. Вельмі люблю свой Нясвіж і людзей вакол мяне, якія дапамагаюць прафесійна развівацца.
Некалькі парад ад маладога спецыяліста будучым абітурыентам:
– Усім абітурыентам, якія хочуць паступіць на журфак, раю спакойна рыхтавацца і не баяцца. Пазнаёміцца са студэнтамі і выкладчыкамі: іх рэкамендацыі і досвед будуць вельмі карыснымі. Падрыхтоўчыя курсы на факультэце – выдатная магчымасць для гэтага. Варта рыхтавацца не толькі да ЦТ, але і да творчых іспытаў. Карысныя будуць нарыхтоўкі для сачынення, прыгожыя і трапныя цытаты. Ды і наогул, важная начытанасць і агульнае разуменне, што цяпер адбываецца на беларускім рынку СМІ. Рэкамендую даведацца як мага больш айчынных выданняў, паглядзець матэрыялы вядучых журналістаў, адзначыць для сябе нейкія фішкі, стыль выкладання інфармацыі. Гэта дапаможа пагрузіцца ў асяроддзе, у якім прыйдзецца развівацца. А розныя цікавыя факты і ваша дасведчанасць дакладна прыйдуцца даспадобы прыёмнай камісіі.
Пры гэтым раю на іспыце ўсё ж не слепа капіраваць свой канспект і нарыхтоўкі, а імкнуцца даваць волю творчасці, свежым думкам і ідэям. На вусным іспыце не варта баяцца задаваць пытанні на ўдакладненне, бо вы будучы журналіст.
Мэтавае накіраванне дапамагло здабыць добрае першае месца працы і рэалізаваць дзіцячую мару
Ганна Макуцэвіч, выпускніца хімічнага факультэта 2021 года, спецыяльнасці «хімік, выкладчык хіміі». Працуе выкладчыкам хіміі ў сярэдняй школе № 1 горада Іўе.
– Стаць педагогам – мая дзіцячая мара, а хімія – любімы прадмет. Заўсёды падабалася ўзаемадзейнічаць з дзецьмі і дзяліцца сваімі ведамі. Таму і вырашыла стаць настаўнікам. Выбрала хімфак БДУ, таму што іншыя ВНУ Беларусі педагагічнай скіраванасці прапануюць атрымаць кваліфікацыю па двух прадметах адразу: хіміі і біялогіі. На хімфаку БДУ можна вучыць толькі хімію і атрымаць кваліфікацыю не толькі выкладчыка, а яшчэ і хіміка, што дае магчымасць працаваць на вытворчасці. Акрамя таго, БДУ, на мой погляд, самая прэстыжная ВНУ краіны.
Разумела, што хачу вярнуцца пасля заканчэння ўніверсітэта ў родны горад, каб быць бліжэй да бацькоў і родных. У нашым мясцовым аддзеле адукацыі даведалася, якая са школ мае патрэбу ў настаўніку хіміі на перспектыву. Такая знайшлася недалёка ад дома. Так я атрымала мэтавае накіраванне і вельмі задаволеная, што выбрала менавіта гэтае месца працы 5 гадоў таму. Кіраўніцтва раёна было гатовае падтрымаць: пасля размеркавання прапанавалі месца ў інтэрнаце, але я адмовілася, бо хацела мець асабістую прастору. Таму жыллё арандую – частку выдаткаў мне кампенсуюць, што немалаважна для маладога спецыяліста.
Многія памыляюцца, думаючы, што мэтавае накіраванне дазваляе расслабіцца і практычна не рыхтавацца да паступлення. Насамрэч, ёсць умовы, якія абавязкова трэба выканаць: сярэдні бал атэстата павінен быць вышэйшым за 8, па хіміі і матэматыцы трэба мець адзнакі 9 ці 10. А па выніках ЦТ камісія разглядала, ці могуць мяне залічыць у БДУ.
Хадзіла да рэпетытара па матэматыцы. З хіміяй мне цягам года дапамагала мая настаўніца, якая таксама скончыла хімфак БДУ – гэта было вялікім плюсам. Яна дапамагла мне не толькі падцягнуць веды, але і падрыхтавацца да паступлення і вучобы ў ВНУ маральна. Заданні давала такія, каб на першым курсе мне было лягчэй спраўляцца з нагрузкай, расказвала пра прадметы, патрабаванні некаторых выкладчыкаў, методыку правядзення лабараторных даследаванняў. У працэсе вучобы ва ўніверсітэце я магла да яе звяртацца па парады, матэрыялы, дапамогу пры вырашэнні нейкіх вельмі складаных задач.
«Падчас практык пераканалася, што гэта сапраўды маё»
На хімфаку не толькі далі добрую базу ведаў па хіміі, але і навучылі, як працаваць з дзецьмі. Карыснымі былі заняткі па методыцы выкладання, курс паглыбленай псіхалогіі, асаблівасці прафарыентацыі ў школе. Назіралі за працай «Школы юнага хіміка», праводзілі ўрокі для сваіх жа аднагрупнікаў, разыгрываючы мініяцюры і розныя школьныя сітуацыі. Вучыліся нават маленькім, але вельмі важным дэталям: як вітаць клас, размаўляць з дзецьмі, пісьменна адказваць на іх пытанні.
Выдатнай школай жыцця педагога былі практыкі, якія мы праходзілі ў мінскай гімназіі № 29. На трэцім курсе падчас азнаямленчай практыкі назіралі, як працуюць ужо вопытныя настаўнікі, як паводзяць сябе дзеці ў розных класах і з розным узроўнем ведаў. На чацвёртым курсе на практыцы выкладалі ўжо самастойна пад кантролем педагогаў-практыкаў. Вельмі добра памятаю свой першы ўрок. Ён праходзіў у 9 класе, паўтаралі асноўныя класы неарганічных рэчываў. Вядома ж, і я і дзеці адчувалі хваляванне і стрэс. Але ў цэлым гэта быў выдатны досвед. Некаторыя планы ўрокаў і практычных заняткаў таго перыяду выкарыстоўваю зараз у сваёй практыцы – дзецям падабаецца.
Пераддыпломную практыку праходзіла ў навукова-даследчым інстытуце. Гэта была добрая магчымасць параўнаць спецыфіку працы ў розных сферах і зразумець, да чаго ж у мяне ляжыць душа больш: да выкладання ці да навукі. Я адназначна зразумела, што мне больш падабаецца праца ў школе і камунікацыя з дзецьмі.
«Нагрузка ў мяне немаленькая: бываюць дні, калі заканчваю праверку сшыткаў і падрыхтоўку да ўрокаў бліжэй да паўночы»
Як толькі прыйшла ў школу на адпрацоўку, мне далі класнае кіраўніцтва ў 6 класе. Вядома ж, сумнявалася, а ці варта адразу браць на сябе такую адказнасць. Але адміністрацыя школы падтрымала: калегі паабяцалі дапамагаць з афармленнем дакументацыі, падрыхтоўкай матэрыялаў.
Так, 1 верасня ўжо як самастойны дыпламаваны спецыяліст я праводзіла першы ўрок – вяла класную гадзіну. У цэлым жа нагрузка ў мяне дастаткова высокая: вяду ўрокі па хіміі ў 7, 8, 9 класах, у кожным па чатыры паралелі. Часам бываюць дні, калі запар праводжу па сем урокаў. Класы ў нас немаленькія, таму бліжэй да канца чвэрці, калі колькасць кантрольных і самастойных прац расце, заканчваю праверку сшыткаў і падрыхтоўку да ўрокаў бліжэй да паўночы. У такія моманты як ніколі разумею сцвярджэнне, што настаўнік – гэта больш за працу.
Не схаваю, у першы месяц працы было нялёгка. Я адаптавалася да дзяцей, яны прывыкалі да мяне. Вельмі перажывала, як яны мяне ўспрымуць, ці змагу я зрабіцца для іх аўтарытэтам. Калі ўпершыню заходзіла ў клас на ўрок, некаторыя хлопцы думалі, што старшакласніца пераблытала кабінет.
Самым складаным было вызначыць узровень ведаў у вучняў 8 і 9 класаў, у якіх хімію ўжо выкладаў да мяне іншы спецыяліст, падабраць дакладную методыку, нагрузку і тэмп правядзення ўрокаў. Спачатку ўсе адзнакі старанна запісвала на лісток, а толькі праз некаторы час пераносіла ў журнал, каб не здарылася такое, што я недаацаніла нечыя здольнасці.
Аказалася, што ўзровень ведаў у дзяцей дастаткова высокі. З адным з вучняў 9 класа мы нават рыхтаваліся да алімпіяды. Вельмі актуальнымі аказаліся мае яшчэ свежыя веды па методыцы рашэння алімпіядных задач, якую выкладалі на хімфаку, а таксама напрацоўкі «Школы юнага хіміка». Мой вучань нядрэнна выступіў на раённай алімпіядзе. Першым нашым сумесным досведам працы я засталася задаволеная.
Думаю, што за восем месяцаў працы мне ўдалося знайсці падыход да дзяцей у кожным з класаў. Прыемна чуць ад вучняў, што я даступна тлумачу матэрыял, дапамагаю ім весці зразумелыя канспекты і даю цікавыя задачы. У некаторых узровень ведаў прыкметна вырас за гэты перыяд. Першапачаткова старалася падабраць дэмакратычныя метады ўзаемадзеяння з дзецьмі і вучылася размаўляць з імі на адной мове.
Удзячная калегам, якія сапраўды гатовы былі падставіць плячо ў патрэбныя моманты: неаднаразова звярталася да іх па дапамогу пры запаўненні журнала, слухала парады кожнага, хадзіла да іх на адкрытыя ўрокі і з падзякай прымала заўвагі, якія давалі мне пасля майго першага адкрытага ўрока.
Добры вопыт па класным кіраўніцтве атрымала на курсах павышэння кваліфікацыі, якія называліся ў нас курсамі самарэалізацыі. Карыснымі былі трэнінгі па псіхалогіі і асновах камунікацыі. Пераняла для сябе некаторыя метады па ўзаемадзеянні з бацькамі – гэта асобны від «мастацтва» ў школе, якому падчас вучобы і практыкі я не заўсёды магла надаць належнай увагі.
Некаторыя вучні і бацькі ставіліся да мяне даволі скептычна з прычыны майго ўзросту і нявопытнасці. Але час паказаў, што градус іх даверу да мяне значна ўзрос. З хлопцамі і дзяўчатамі з класа ўжо другі раз ездзім разам у санаторый «Лясная паляна» ў Смаргонскім раёне на аздараўленне, бо наша школа знаходзіцца ў Чарнобыльскай зоне.
У якасці праекта для самаадукацыі я займаюся распрацоўкай практыкума для дыстанцыйнага навучання дзяцей з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій. У санаторыі ў мяне з’яўляецца добрая магчымасць апрабаваць у невялікай групе дзяцей мае напрацоўкі. Практыкуем анлайн-тэсты, анлайн-гульні, і многім гэта падабаецца.
У планах на новы навучальны год – арганізаваць гурток, пачаць падрыхтоўку алімпіяднікаў у 8 класе, укараніць свой практыкум. Калі любіш сваю працу, хочаш прафесійна расці і развівацца – яна прыносіць радасць і задавальненне.
Хачу параіць маладым спецыялістам-настаўнікам, каб яны нічога не баяліся. Вашы імкненні і жаданні прывядуць вас да патрэбнага выніку. Не варта перажываць наконт няўдач, крытыкі, чагосьці новага. Заўсёды ёсць выкладчыкі-калегі, якія падтрымаюць у складанай сітуацыі. Варта разумець, што настаўнік – гэта не толькі пра высокі ўзровень ведаў па пэўным прадмеце. Трэба быць і арганізатарам, і псіхолагам, і добрым сябрам, і мудрым дарадцам. На гэта выдаткоўваеш шмат энергіі, мноства душэўных рэсурсаў будзе сыходзіць менавіта на працу, таму давядзецца часам ахвяраваць чымсьці асабістым.
Мэтавае накіраванне – добрая магчымасць набыць упэўненасць ва ўласных сілах. Гэта таксама нядрэннае выпрабаванне, якое дапаможа ўзяць адказнасць на сябе за выбар прафесіі.
Першае месца працы лепш выбіраць зыходзячы з таго, якія людзі там працуюць. Добрая матэрыяльная база, зручнасць размяшчэння, колькасць навучальных гадзін – гэта другарадныя дэталі. Працаваць жа давядзецца з людзьмі. Вельмі важна, каб калектыў і адміністрацыя былі гатовыя вас першы час падтрымліваць і навучаць. Вось што сапраўды важна для паспяховага старту ў прафесіі.
Марыя ШНА