Недаацэньваць ролю ідэі ў творчым працэсе немагчыма, але, калі думкі ператвараюцца ў справу, патрэбная і настойлівасць арганізатараў, і падтрымка атачэння, і, зразумела ж, упартая праца рэалізатараў. Калі ўсе тры складнікі аб’ядноўваюцца, перамога наканавана. Але тыя, хто верыць у найвышэйшыя сілы, абавязкова дадаюць чацвёрты складнік – Боскую волю, што заўжды спрыяе добрым пачынанням.
Дасведчаныя ў рэлігіі людзі любую справу пачынаюць з малітвай, каб атрымаць блаславенне на добрае пачынанне. Таму невыпадкова, што і святочнае мерапрыемства ва ўніверсітэце адкрылася менавіта зваротам да Бога. Праўда, у гэтым выпадку ўжо не прасілі дапамогі, а дзякавалі за сапраўды шчодры падарунак. Разам з усімі дзякаваў Богу іерэй Сергій ФАЛЕЙ, які пасля выступіў з вітальным словам:
– Каля пяці гадоў я супрацоўнічаю са сталічнымі ўніверсітэтамі, каледжамі, ад нашага манастыра дзейнічае ўжо каля 10 капліц, і прыемна, што адна з іх – у БДУ. Вынікі нашых сумесных малітваў таксама адчуваюцца. У нас з вамі агульная мэта – падрыхтавацца да вечнага жыцця, тут мы толькі вучымся жыць, вучымся любіць. Гэта немагчыма без малітваў, таму спадзяюся, што зусім хутка мы разам сустрэнемся ў капліцы БДУ. Крыж, які сёння перадалі ўніверсітэту, – сімвал надзеі на тое, што з Божай дапамогай нашы добрыя справы атрымаюцца. Знакава і тое, што сёння мы таксама адзначаем дзень памяці Ефрасінні Полацкай, 1030-годдзе праваслаўя на нашых землях, столькі ж гадоў прайшло з заснавання Полацкай епархіі. У нас з вамі шмат ідэй і планаў, якія чакаюць сваёй рэалізацыі. Асабліва гэта тычыцца чалавечага сэрца. Без Божай дапамогі, без сілы крыжа нам не справіцца, нам патрэбная гэтая дапамога, прыкладаў паспяховасці якой безліч. У Беларусі ёсць шматгадовая традыцыя, калі робяць вялікія крыжы і ставяць іх на ўездах у гарады, вёскі, і, калі здараюцца няшчасці, жыхары абыходзяць свае дамы з гэтым крыжом. Гэты сімвал веры – наша ахова.
Сапраўды, хто адмовіцца ад такой моцнай малітоўнай падтрымкі ў сваіх справах? Пры гэтым важна, каб усе пачынанні рабіліся ў першую чаргу на карысць іншым. Гэтай думкай было прасякнута выступленне дырэктара дабрачыннага фонду падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Наталлі Анатольеўны ЯРАШЭВІЧ:
– Нядаўна ўбачыла надпіс у Нясвіжскім палацы: «Шлях да славы ляжыць праз дабрадзейнасць». Мне прыйшла ў галаву думка, што людзі і ў тыя часы ведалі цану добрых учынкаў у жыцці чалавека. У гэтым кантэксце добры прыклад – Ефрасіння Полацкая, якая ўсё рабіла не дзеля славы, але дзякуючы яе справам беларуская культура зрабіла вялікі крок наперад, а жыццё святой стала прыкладам для ўсіх пакаленняў беларусаў. Я ўпэўнена, што і гэты крыж, і іконы асветніцы, што ёсць ва ўніверсітэце, натхняць усіх, хто мае дачыненне да БДУ, на добрыя справы для ўсіх нас. Цікава і невыпадкова тое, што, калі стваралася капліца па блаславенні айца Андрэя Лемяшонка, ініцыятыўная група ад манастыра прапанавала назваць яе ў гонар Ефрасінні Полацкай, але ніхто з прадстаўнікоў групы не ведаў, што ў нас ва ўнутраным дворыку стаіць помнік менавіта гэтай святой.
Падкрэсліў важнасць асобы святой як для беларускай культуры, так і для ўніверсітэта прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Іванавіч ЯНУШЭВІЧ:
– Безумоўна, цяжка пераацаніць уплыў падзей тысячагадовай даўніны на гісторыю беларускага народа, яны сталі краевугольным каменем нашай культуры. Надзвычай важна, што на шляху нашага станаўлення былі такія людзі, як Ефрасіння Полацкая. Бо, калі задумацца, яна арганізавала вакол сябе як бы ўніверсітэт: разам з манахінямі займалася і адукацыйнай, і навуковай дзейнасцю, і, што асабліва важна для нас, выхаваўчай, якая дазваляла сфарміраваць фундаментальныя асновы светапогляду, якія робяць чалавека чалавекам. Усё важнае для выхавання ўжо вынайдзена і паказана ў Бібліі, у жыццях такіх людзей, як наша святая Ефрасіння Полацкая. І гэта для нас базіс, ад якога трэба адштурхоўвацца. Нашы студэнты – наш гонар, і мы рыхтуем сапраўдных лідараў, але ў першую чаргу людзей высокадухоўных і высокамаральных. Упэўнены, што дзякуючы малітоўнаму заступніцтву Ефрасінні Полацкай мы будзем адчуваць сябе абароненымі.
Безумоўна, адной з галоўных асоб на мерапрыемстве стала куратар клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа» і мастацкага кіраўніка групы «Лілея» Ірына ШКІРОНАК. Менавіта дзякуючы яе ідэям і намаганням імпрэзабыла арганізавана. Пра тое, як нарадзілася задума пра крыж, яна падзялілася з усімі прысутнымі ў сваёй прамове:
– У нашага калектыву сёння двайное свята, да якога мы крочылі цэлы год. Прыкладна год назад у нас з’явілася ідэя, што ў БДУ трэба стварыць спектакль, прысвечаны Ефрасінні Полацкай, якую так вылучае наш універсітэт і помнік якой стаіць ва ўнутраным дворыку. Вопыт стварэння духоўных спектакляў у нас ужо быў, і пасля таго, як у БДУ адкрылася капліца ў гонар святой, мы вырашылі дзейнічаць. Першым крокам стала паездка ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр да матушкі Еўдакіі. Яна азнаёмілася з ідэяй і тэкстам спектакля, але не дала нам блаславення. Мы не страцілі надзею, і праз тыдзень у нас ужо быў новы сцэнарый. Яго блаславілі. У падрыхтоўцы тэксту нам дапамагала матушка Рамання, якая правярала кожны радок, каб ён быў духоўна вывераным і правільным. Наступны крок – прэм’ера на сцэне Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе мы атрымалі падтрымку ад гледачоў і блаславенне, каб паказваць гэты спектакль далей. Так і здарылася: нашу пастаноўку бачылі на калядным фестывалі «Радасць» у Палацы мастацтваў, у Лагойскім доме-інтэрнаце для інвалідаў і састарэлых, у Полацкім медыцынскім каледжы, ва ўніверсітэце фізічнай культуры і не толькі. Сёння, праз год гастроляў па ўсёй Беларусі, мы рады прадставіць спектакль гледачам і нашага ўніверсітэта. Дарэчы, спектакль на беларускай мове, бо нам падалося, што так святая будзе яшчэ больш блізкай да нас.
Але вернемся ў самы пачатак гэтай гісторыі. Калі я пачала пісаць сцэнарый, падумала, што было б добра БДУ мець свой крыж. На той момант я ўжо ведала рамесніка, які змог бы выканаць гэтае заданне, пытанне было толькі ў фінансаванні. Я патэлефанавала Наталлі Анатольеўне, і адразу, у той жа тэлефоннай размове, яна запэўніла, што фонд «Пакроў» падорыць нам яго. Так усё і атрымалася. Ювелірная копія крыжа была зроблена вядомым ювелірам Алегам Ермалінскім, а рэпліку для БДУ зрабіў сталічны рамеснік Генадзь, у якога не аднойчы замаўлялі крыжы нават для прадстаўнікоў іншых краін. У нашым крыжы натуральныя камяні, і наогул усё супадае з арыгіналам – памеры, надпісы, лікі святых, арнаменты. Крыж быў асвечаны ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры і прыкладзены да мошчаў святой.
Пасля выступлення Ірыны Сцяпанаўны ўсе ўдзельнікі мерапрыемства ўбачылі той самы спектакль, з якога ўсё пачалося. Дзеянне адбывалася ў капліцы БДУ, дзе студэнты сустракаюцца, абмяркоўваюць духоўную літаратуру, сябруюць і растуць як асобы. Як пасля адзначылі арганізатары, для напісання былі выкарыстаны кнігі з ФБ БДУ, вершы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку творы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўніцы нашай бібліятэкі і кіраўніцы клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа» Кацярыны Роўда.
Традыцыйна пасля імпрэзы госці зрабілі агульнае фота з акцёрамі, сярод якіх – студэнты розных факультэтаў, большая частка – з філфака. Невыпадкова, што на выступленне сваіх падапечных прыйшоў паглядзець дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Аляксандравіч ВАЖНІК:
– Філолагі – гэта захавальнікі не толькі пісьменніцкіх традыцый, але і ўвогуле нацыянальных традыцый, таму для мяне не дзіва, што студэнты менавіта нашага факультэта прынялі такі актыўны ўдзел у гэтай цудоўнай духоўнай імпрэзе, што ўзвялічвае подзвіг святой. Дарэчы, першапачаткова разглядаўся варыянт, у якім крыж павінны былі перадаць філалагічнаму факультэту, але мы адмовіліся, бо гэта святыня нацыянальнага маштабу. Быць можа, менавіта Ефрасінні Полацкай надаецца асаблівая ўвага ў БДУ праз тое, што, як пажартаваў адзін літаратурны крытык, «беларусы – гэта жаночая нацыя». Полацкая святая зрабіла вельмі значны ўнёсак у культуру краіны, нашмат больш значны, чым некаторыя мужчыны яе часу.
У БДУ вывучэннем асобы Ефрасінні Полацкай займаюцца не на адным факультэце, аднак найбольш значны ўнёсак зрабіла старшы выкладчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Крысціна Ігараўна КАЗЛОВА. Яна абараніла кандыдацкую дысертацыю «Узнікненне і станаўленне Полацкай епархіі ў X– першай палове XVI стст.», значнае месца ў якой займае аналіз асобы святой Ефрасінні ў беларускай гісторыі і культуры.
– Які ўнёсак Ефрасінні Полацкай стаў асабліва важным для распаўсюджвання на беларускіх землях адукацыі сярод дарослага насельніцтва, і асобна – жанчын і дзяцей?
– З прыняццем хрысціянства на Русі ў 988 годзе быў пакладзены і пачатак духоўнай асвеце. Глыбокае па сваім змесце хрысціянскае веравучэнне магло ўвайсці ў свядомасць людзей толькі пры ўмове яго асэнсаванага ўспрымання. Згодна з летапісам, пасля хрышчэння кіяўлян князь Уладзімір загадаў «браць у лепшых грамадзян дзяцей і аддаваць іх на кніжнае навучанне». Натуральна, з часам сталі з’яўляцца школы і ў іншых гарадах Кіеўскай Русі, паколькі распараджэнне князя Уладзіміра пра навучанне дзяцей тычылася не толькі Кіева. Верагодна, жаданне князя зводзілася да таго, каб пры парафіяльных цэрквах былі школы, у якіх мясцовае духавенства займалася б навучаннем народа. У асноўным вучылі чытанню, пісьму, царкоўным спевам і лічэнню. Больш шырокую адукацыю ў тыя часы атрымлівалі праз самастойнае чытанне кніг, але з-за высокага іх кошту гэта маглі дазволіць сабе толькі заможныя людзі.
Перапісваннем і збіраннем кніг займаліся ў асноўным манастыры. Там глядзелі на гэтую справу як на вялікі богаўгодны подзвіг, некаторыя манахі прысвячалі гэтаму ўвесь час, які ў іх заставаўся ад малітвы. Для перапісвання кніг некаторыя манастыры часам знарок пасылалі сваіх манахаў у Студыйскі манастыр у Канстанцінопалі ці на Афон.
Галоўнымі распаўсюджвальнікамі духоўнай асветы былі князі, найвышэйшае духавенства і манастыры, як тыя, хто меў магчымасці для заснавання школ. Такім чынам, першыя школы пачалі ўзнікаць у тых гарадах, дзе знаходзіліся епіскапскія кафедры або жылі ўдзельныя князі.
Для Полацкага княства такім цэнтрам кніжнай асветы быў старажытны горад Полацк, які справядліва лічыцца калыскай хрысціянства ў Беларусі. На працягу стагоддзяў ён з’яўляўся адным з найбуйнейшых рэлігійных цэнтраў на нашай тэрыторыі, які меў мноства цэркваў і манастыроў. У рознай ступені захаванасці да нас дайшло толькі некалькі помнікаў – гэта Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, заснаваная прападобнай Ефрасінняй Полацкай, і полацкі Сафійскі сабор – два цэнтры распаўсюджвання кніжнасці на полацкай зямлі.
Ксенія СІТНІК