Выпускнікі БДУ не адчуваюць cур’ёзных складанасцяў з пошукам працоўнага месца. З 2018 года 100 % маладых спецыялістаў, якія скончылі нашу ВНУ, забяспечаны першым месцам працы. Да выпускнікоў БДУ сфарміравалася ўстойлівая цікавасць у найбуйнейшых беларускіх кампаній і прадпрыемстваў. Пагаварылі з двума маладымі спецыялістамі, якія дзякуючы досведу вучобы ў БДУ змаглі паспяхова стартаваць у прафесіі.
Знайшла вакансію мары з другой спробы і прайшла праз пераразмеркаванне Дар’я Мядвецкая, выпускніца эканамічнага факультэта (2020 г.), спецыяльнасць – эканамічная тэорыя. Працуе ў кампаніі EnCata аналітыкам.
– Пры выбары прафесіі ў мяне было тры варыянты. Пайсці па слядах мамы і паступіць у медыцынскі, пайсці ў IT, дзе трэба неабходная фізіка, або здаць матэматыку, англійскую і рускую мова і абраць эканамічную спецыяльнасць. Бліжэйшым за ўсіх мне быў трэці варыянт, таму задумалася наконт паступлення ў БДЭУ. А потым усё ж вырашылася падаць дакументы ў БДУ – бо гэта найлепшы ўніверсітэт краіны, дзе і якасць адукацыі на высокім узроўні, і студэнцкае жыццё цікавейшае і больш разнастайнае. Перажывала, што не хопіць маіх 343 балаў. Але гэтага хапіла, каб паступіць на бюджэт. Вядома, былі невялікія сумневы, ці варта вучыцца за кошт бюджэтных сродкаў, таму што палохалі думкі пра пошук першага працоўнага месца і размеркавання. Але ўсё больш проста, галоўнае не накручваць сябе.
«За ўсе 4 гады навучання ні разу не пашкадавала пра выбар факультэта і ВНУ»
Я імкнулася быць актыўнай студэнткай, увайшла ў студэнцкі саюз. На першым курсе прасякнулася тэмай куратарства і сама стала куратарам ужо на другім курсе. Вучыцца на эканамічным факультэце цікава: увесь час мноства мерапрыемстваў, новыя знаёмствы, сумесныя актыўнасці. Падабалася быць не толькі ў ліку ўдзельнікаў, але яшчэ і актывістаў і арганізоўваць дні нараджэння эканамфака, выязныя квесты для першакурснікаў, «Містар і Міс», гуляць у КВЗ. Вядома, быць актывістам і выдатнікам у вучобе – складана. Заўсёды даводзіцца вытрымліваць нейкі баланс і рабіць выбар. Але гэта выдатны досвед, дзякуючы якому я навучылася браць адказнасць за свае ўчынкі, даведалася асновы тайм-менеджменту.
Сама вучоба і разнастайнасць навучальных дысцыплін – усё гэта дапамагло абраць напрамак, які быў бы мне цікавым у плане прафесійнага развіцця. Хоць зрабіла я гэта не з першай спробы, але мой досвед можа быць таксама камусьці карысны. Дзякуючы маёй спецыяльнасці ў мяне была магчымасць пазнаёміцца са шматлікімі галінамі эканомікі і зразумець, што мне бліжэйшае. Найбольш цікавым на 3 курсе мне здаўся бухгалтарскі ўлік. Стала шукаць кампанію, у якой я магу развівацца ў гэтым напрамку і куды магу размеркавацца ў перспектыве. Да пачатку 4 курса ўладкавалася ў адну з камерцыйных кампаній памочнікам аўдытара. Вядома, пры пошуку падыходны вакансіі быў страх і няўпэўненасць у сабе. Калі пісала рэзюмэ, выконвала тэставыя заданні, былі думкі, што я яшчэ неспрактыкаваная студэнтка, таму мяне ніхто нікуды не возьме. Даводзілася змагацца з асцярогамі, што не змагу сумяшчаць вучобу і працу. Але выявілася, што гэты страх нічым не апраўданы
«Насамрэч, нават буйныя кампаніі зацікаўлены ў прыцягненні маладых спецыялістаў, у іх навучанні і супрацоўніцтве са студэнтамі».
Я была не першай студэнткай, якая працавала ў той кампаніі. Кіраўніцтва заўсёды ішло насустрач: гнуткі графік, магчымасць браць выхадныя дні падчас сесіі. Яшчэ на сумоўі я пазначыла, што мне трэба размеркаванне. Да гэтага таксама паставіліся з разуменнем. Галоўнае – праявіць сябе. Я займалася праверкай бухгалтарскіх справаздач, шмат працавала з вялікім аб’ёмам даных у Ехсеl. Усё атрымлівалася нядрэнна: да красавіка ў мяне была заяўка на размеркаванне і не было мітусні з прычыны пошуку першага працоўнага месца.
Так атрымалася, што менавіта той вясной, у самым пачатку пандэміі, я патрапіла ў бальніцу як кантакт першага ўзроўню. Пачувалася выдатна, проста вымушана была тры тыдні правесці без працы ў ізаляцыі сам-насам са сваімі думкамі. Менавіта тады зразумела, што працаваць памочнікам аўдытара – гэта, вядома, цікава, але ўсё ж не маё, я не адчуваю запалу, больш не гараць вочы. Руцінныя аперацыі па шаблонах не для мяне. Хацелася больш крэатывіць, размаўляць з людзьмі, мець творчую свабоду. Акрамя гэтага, пачала ўспамінаць, да якіх прадметаў ляжала душа падчас навучання і на якія пары я бегла займаць месца ў першых шэрагах.
Дар`я Мядвецкая разам с дэканам эканамічнага факультэта Ганнай Каралёвай
Тады я задумалася пра новы пошук працы і пераразмеркаванне. Стала маніторыць сайты з вакансіямі, хадзіць на сумоўі. Усюды падкрэслівала, што для мяне важная перспектыва пераразмеркавання. Да сярэдзіны ліпеня знайшла вакансію аналітыка ў інжынірынгавай кампаніі, дзе мяне ўзялі на выпрабавальны тэрмін. У аўдытарскай кампаніі я папрасіла адтэрміноўку. Сумленна распавяла, што больш не бачу сябе ў гэтай галіне, што хацела б пераразмеркавацца. І да гэтага паставіліся з разуменнем. Працадаўцы, якія зацікаўлены ў выніку працы сваіх супрацоўнікаў, звычайна не ўтрымліваюць тых, каму некамфортна ў кампаніі. Ім нерэнтабельна трымаць у штаце два гады маладога спецыяліста, у якога не будзе матывацыі працаваць на вынік і, адпаведна, ён будзе рабіць працу як не сваімі рукамі.
«Таму раю ўсім, хто разумее, што праца абцяжарвае, не ставіцца да размеркавання як да прысуду. Ва ўніверсітэце таксама зацікаўлены, каб маладым спецыялістам было добра на сваіх першых працоўных месцах»
Я паспяхова прайшла выпрабавальны тэрмін у новай кампаніі і без праблем пераразмеркавалася. І гэта было не так складана, як я сабе ўяўляла. Цяпер працую ў інжынірынгавай кампаніі EnCata, якая актыўна прыцягвае замежных кліентаў. Мы займаемся распрацоўкай прататыпаў розных прадуктаў, дапамагаем ствараць фізічны прадукт, кіруючыся ідэяй замоўца, і выводзіць іх на рынак.
Як аналітык, я з’яўляюся злучным звяном паміж замоўцамі і камандай канструктараў (распрацоўшчыкаў у IT). Шмат размаўляю па-англійску, прапаную свае ідэі, дапамагаю пралічыць прыбытковасць. Гэта якраз тое, чым бы я хацела займацца. Тут спатрэбіліся мае арганізатарскія здольнасці, атрыманыя яшчэ ва ўніверсітэце, уменне дамаўляцца. Пачуваюся на сваім месцы.
Працую ў вельмі маладой камандзе творчых, мэтанакіраваных людзей, гатовых навучаць, падтрымліваць і заўсёды дапамагаць. Для маладога спецыяліста гэта заўсёды вельмі каштоўна. З пашырэннем досведу расце і мая заработная плата. Усім будучым размеркаваным жадаю своечасова знайсці сябе і здабыць такое першае месца працы, дзе заўсёды будзе камфортна, цікава, прыбыткова і перспектыўна ў плане кар’ернага росту.
Прайшоў каля 30 сумоўяў і змог за год дамагчыся кар’ернага росту Сяргей Купрыянаў, выпускнік гістарычнага факультэта (2019 г.), цяпер працягвае навучанне ў аспірантуры. Працуе па размеркаванні загадчыкам аддзела архівазнаўства ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАД)
– Абраць прафесію і вырашыць, куды паступіць, у школе мне было нескладана. Заўсёды душа ляжала да гісторыі, ездзіў на алімпіяды па гэтым прадмеце, таму і паступіў на гістфак. Бачыў сябе ў далейшым у навуцы, рабіў упор на вучобу, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях.
Вучыўся я па спецыяльнасці «гісторыка-архівазнаўства» – вельмі падабаліся прадметы па профілі. На лекцыях і семінарах нудзіцца нам ніколі не даводзілася: увесь час рыхтавалі розныя праекты, прэзентацыі. Выкладчыкі ў нас былі вельмі добрыя: кожны са сваёй незвычайнай методыкай. Заўсёды для нас запамінальнымі былі выязныя заняткі. Напрыклад, вывучаючы канфесійныя архівы, мы наведвалі розныя храмы, мячэць у Мінску, пры наяўнасці знаёміліся з захоўнымі там дакументамі. Такі досвед заўсёды карысны, робіш для сябе шмат адкрыццяў, пра якія раней нават не задумваўся.
Кожная з практык таксама была па-свойму цікавай і асаблівай, дзякуючы чаму я паспеў пазнаёміцца са спецыфікай справаводства ў дзяржаўных і камерцыйных кампаніях. Я стажыраваўся ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Рэспублікі Беларусь, папрацаваў з архівамі буйнай кампаніі ТАА «Еўрагандаль».
«Зразумеў, што электронны дакументазварот у Беларусі яшчэ толькі развіваецца, прафесія архівіста не страціла актуальнасць і запатрабавана і ў наш час у інфармацыйных тэхналогіях»
Дарэчы, архівісты працуюць нават у найбуйнейшых IT-кампаніях, такіх, як, напрыклад, Wargaming. Паступова растуць і зарплаты ў нашай сферы.
Чамусьці ў грамадстве дагэтуль існуе стэрэатып, што архівісты працуе ў цёмных сутарэнных памяшканнях, патанаюць у пыльных старых паперах. Але гэта не так. Гэта стандартная офісная праца, дзе ў кожнага спецыяліста ёсць камфартабельнае працоўнае месца. З пылам я таксама не сустракаўся. І гэта не пастаянная руцінная праца, як можа здацца на першы погляд. Праца з дакументамі, асабістымі справамі, архівамі зацягвае так, што дух займае і потым цяжка адарвацца. Гэта я зразумеў яшчэ на практыцы.
Бліжэй да 4 курса я сур’ёзна задумаўся пра пошук працоўнага месца для размеркавання. Зрабіць гэта было нялёгка. Я прайшоў не менш за 30 сумоўяў у розных камерцыйных кампаніях, міністэрствах, банках на пасады архівіста, справавода, загадчыка архіва. Усюды быў патрэбны ладны досвед працы. Хоць валодання спецыфічнымі праграмамі для вядзення дакументазвароту амаль ніхто не патрабаваў. У кожнай кампаніі і арганізацыі яны розныя: гэтаму гатовыя навучаць.
«Наймальнікі зважаюць на гнуткасць розуму маладога спецыяліста, уменне нестандартна думаць, жаданне развівацца ў прафесіі»
Усім, хто будзе размяркоўвацца, раю як мага больш стажыравацца і яшчэ падчас вучобы спрабаваць выбудоўваць доўгатэрміновае супрацоўніцтва з рознымі кампаніямі. Прычым чым буйнейшая і вядомая кампанія, тым больш шанцаў, што ваш досвед працы ў ёй ацэняць на сумоўі.
Я практычна ўладкаваўся на працу ў адну даволі буйную камерцыйную кампанію, куды і планаваў размеркавацца, але ўсё склалася больш удала. З размеркаваннем мне дапамог мой выкладчык, кандыдат гістарычных навук Міхаіл Фёдаравіч Шумейка, за што я яму вельмі ўдзячны. Ён разумеў, што калі я стану працаваць у камерцыйнай кампаніі, працягваць займацца навукай не змагу. Таму парэкамендаваў мяне дырэктару БелНДІДАД. Яму прыйшліся даспадобы мае планы працягнуць вучобу ў магістратуры, аспірантуры, абараніць кандыдацкую, а за ёй – доктарскую дысертацыю.
Мяне прынялі на вакансію стажора. Праз некалькі месяцаў я вырас да малодшага навуковага супрацоўніка і адпрацаваў у гэтай пасадзе амаль год, а потым стаў загадчыкам аддзела. Што дапамагло мне прасунуцца ў кар’еры? Мабыць, маё імкненне і жаданне рабіць больш, чым ад мяне патрабуецца. Яшчэ лічу важным уменне знаходзіць агульную мову з рознымі спецыялістамі. У нас даволі рознаўзроставы калектыў, хоць сярэдні ўзрост супрацоўнікаў каля 35–40 гадоў. Ёсць вельмі дасведчаныя прафесіяналы сваёй справы, у якіх можна шмат чаму павучыцца, да чыйго меркавання важна прыслухоўвацца. Ёсць і маладыя, крэатыўныя супрацоўнікі са свежымі поглядамі і ідэямі, якія таксама вельмі каштоўныя.
Цяпер у мяне ў падначаленні 10 чалавек, ёсць і маладыя спецыялісты. Навуковыя распрацоўкі аддзела архівазнаўства, якім я кірую, павышаюць эфектыўнасць функцыянавання архіўных устаноў пры фарміраванні Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь; класіфікацыі, сістэматызацыі і апісанні архіўных дакументаў; стварэнні навукова-даведачнага апарата; забеспячэнні захаванасці архіўных дакументаў. Вынікі даследаванняў складаюць аснову метадычных рэкамендацый, праектаў нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць дзейнасць архіўных устаноў. Найбольш значным нарматыўным прававым актам стала распрацоўка новай рэдакцыі Правіл працы дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь. Паралельна я чытаю лекцыі для калегаў з устаноў адукацый, розных арганізацый па архіўным захоўванні.
«Вельмі падабаецца дзяліцца досведам, знаёміцца з новымі людзьмі, вывучаць іх меркаванні».
У будучыні, калі мяне запросяць, планую выкладаць і на родным гістфаку. Сумяшчаць працу і вучобу ў аспірантуры не так ужо складана, калі і да аднаго, і да другога я адчуваю вялікую цікавасць. Навучыўся размяркоўваць нагрузку так, што ніводная са сфер не пакутуе.
Упэўнены, што вучоба дапаможа мне павысіць сваю кваліфікацыю на рынку працы, прасунуцца па кар’ернай лесвіцы у навукова-даследчым інстытуце і зрабіць мноства новых адкрыццяў.
Марыя ШНА