Выпускны баль – 2022: трайное свята ў сценах БДУ

25 Jun, 2022.

Рэктарскі баль у БДУ, які прайшоў 23 чэрвеня, стаў трайным святам для выпускнікоў і іх бацькоў, выкладчыкаў і адміністрацыі ўніверсітэта, адзначыў рэктар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль. Гэта не толькі імпрэза ў гонар заканчэння чатырох- і пяцігадовай вучобы, нялёгкіх сесій, прафесійнага пошуку, але яшчэ і доўгачаканае свята пасля зацяжных абмежаванняў пандэміі і выдатная нагода сабрацца вялікай дружнай універсітэцкай сям’ёй у абноўленым унутраным дворыку.

 

Па традыцыі на выпускны баль прыбылі найлепшыя з лепшых: выдатнікі ў вучобе, актывісты, маладыя навукоўцы, будучыя зоркі, валанцёры, спартсмены, прызёры алімпіяд і конкурсаў міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню. Кожны з тых, хто атрымаў запрашэнне на гэтае свята, – гонар БДУ. Цёпла, па-хатняму, з усмешкай і лёгкім сумам выпускнікоў сустракалі выкладчыкі, дэканы, прарэктары.

Запрошаныя госці ў яркіх уборах сабраліся задоўга да ўрачыстых фанфар. Смяяліся ад душы ў кампаніі аднакурснікаў, абдымалі на развітанне выкладчыкаў і дзякавалі ім, абмяркоўвалі дзяржэкзамены і абарону дыпломаў, шмат фатаграфаваліся на фоне рэктарата і з трапятаннем чакалі сваёй зорнай гадзіны – цырымоніі ўзнагароджання.

З прывітальным словам да гасцей балю звярнуўся рэктар БДУ Андрэй Кароль. «Я б хацеў звярнуцца да вас, дарагія выпускнікі, і пажадаць, каб слова “ўнутраны” вы беражліва неслі праз усё жыццё. Не вялікі сакрэт, што ўсе мудрасці, усе шчаслівыя імгненні жыцця чалавек нараджае сам. Гэта ўнутры яго знаходзіцца, як і магчымасць задаць пытанне ў патрэбны час і атрымаць на яго патрэбны адказ. Атрымаць яго не звонку, а ўнутры сябе. Гэта значна больш каштоўна, чым знайсці інфармацыю дзе б там ні было. І тыя цяжкасці, якія сустракаюцца на шляху, павінны ўспрымацца як пэўны навучальны элемент. Вучоба не заканчваецца для вас зараз, у чэрвені 2022 года, а па сутнасці, пачынаецца яе новы этап. Вельмі важна, каб той сусвет, які заключаны ўнутры кожнага з вас, заўсёды прыносіў вам тыя пачуцці роўнасці, задавальнення і карысці, якія з’яўляюцца вельмі важнымі ў нашым вельмі нестабільным свеце», – пажадаў ён.

З глыбокай падзякай звярнуўся рэктар і да бацькоў выпускнікоў, якія выхоўвалі, уплывалі на выбар ВНУ і шлях прафесійнага развіцця сваіх дзяцей. Звярнуў увагу Андрэй Дзмітрыевіч і на плённую працу выкладчыкаў, якія ўклалі ў кожнага таленавітага выпускніка часцінку сябе. Таксама ён адзначыў, што ва ўніверсітэце заўсёды будуць рады бачыць кожнага, хто захоча вярнуцца ў БДУ – свой родны дом.

– Галоўнае памятаць, што званне выпускнік БДУ – гэта не толькі вялікая прывілея, але і каласальная адказнасць.Са святам, дарагія выпускнікі! Добрых вам спадарожных вятроў у жыцці і, вядома ж, святочнага настрою, – такімі словамі рэктар адкрыў выпускны баль.

Пасля гэтага Андрэй Дзмітрыевіч уручыў дыпломы і маленькія памятныя статуэткі студэнтам. Спачатку ўшаноўвалі «найлепшых выпускнікоў»: удзельнікаў парада 9 мая, навуковых канферэнцый, лаўрэатаў стыпендый імя Францыска Скарыны, імя А. С. Пушкіна, імянной стыпендыі Кандрата Крапівы, лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы і адораных навучэнцаў, грантаў Wargaming, Huawei і іншых.

Далей свае ўзнагароды з рук прарэктараў атрымалі тыя, каго звычайна ў сценах універсітэта і нават за яго межамі добра ведаюць. Яны адкрытыя, камунікабельныя, увесь час гараць ідэямі і робяць усё магчымае, каб павысіць прэстыж БДУ. На сцэну запрасілі «студэнцкіх лідараў»: прызёраў універсіяд па розных відах спорту, кіраўнікоў і актыўных прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацый і аб’яднанняў.

Дэканы факультэтаў узнагародзілі «зорак БДУ»: удзельнікаў канферэнцый, конкурсаў талентаў, грамадскіх праектаў.

Музычныя віншаванні выпускнікам з імправізаванай сцэны адрасавалі Самвел, Улад Чыжыкаў, Вераніка Цубікава, Андрэй Усанаў і іншыя выканаўцы.

Афіцыйная ўрачыстая частка святочнага вечара завяршылася вальсам, які станцавалі рэктар Андрэй Кароль і найлепшая выпускніца факультэта міжнародных адносін у намінацыі «Зорка БДУ» Караліна Бурунава. Але на гэтай ноце свята не скончылася.

 

Выпускнікі перамясціліся пад беласнежныя шатры на фуршэт. Зноў шмат размаўлялі, удзельнічалі ў конкурсах, рабілі сэлфі, танчылі і спявалі. Унутраны дворык апусцеў толькі познім вечарам.

 

 

Максім Грыц, эканамфак, «Найлепшы выпускнік БДУ». Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2021); старшыня студэнцкага савета па якасці адукацыі і навуцы эканамічнага факультэта (2020–2022); уладальнік падзякі БДУ за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта. Занесены на дошку гонару БДУ (2021).

– Для мяне ўніверсітэт – гэта вельмі важныя 4 гады майго жыцця. Я б нават сказаў, што гэта менавіта тыя людзі, якія тут прысутнічаюць. Я ўпэўнены ва ўніверсітэце, узроўні падрыхтоўкі студэнтаў і выхаванні асобаў. БДУ робяць людзі. Таму я хачу пажадаць універсітэту цудоўных людзей для развіцця ва ўсіх напрамках.

 

 

 

Арына Анісава, філфак, «Зорка БДУ». Пераможца і ўладальніца прыза сімпатый гледачоў фестывалю эстрады БДУ ў намінацыі «Канферанс» (2021); пераможца ў намінацыі «Вядучы года» прэміі Творчага саюза БДУ па выніках 2020 года; пераможца праекта «Курсы вядучых БДУ»; удзельніца праекта па распрацоўцы карпаратыўнага календара БДУ на 2022 год.

– У першую чаргу хацела б сказаць, што неверагодна люблю БДУ і студэнцкія гады. Наперадзе ўсё самае лепшае, але толькі дзякуючы ўніверсітэту, тым пяці гадам, той студэнцкай арганізацыі, у якой працавала, я сустрэла неверагодных людзей, сяброў, і, не пабаюся таго слова, сям’ю, з якой іду разам па жыцці. Таму з вялікай любоўю, павагай і падзякай стаўлюся да нашага ўніверсітэта. І такое адчуванне, што буду крыху сумаваць. А можа і не крыху.

 

 

 

 

Кацярына Жук, філфак, «Найлепшы выпускнік БДУ». Кіраўнік харэаграфічнага напрамку Творчага саюза БДУ (2019–2022); удзельніца праекта па распрацоўцы карпаратыўнага календара БДУ (2022); член каманды КВН БДУ «Прахадная» (з 2019); харэограф Студэнцкага балю БДУ (2019, 2021).

– Пакуль не верыцца, што мы выпусціліся. Да гэтага выпускнога балю было прыемнае хваляванне, а зараз гляджу на ўсіх сваіх знаёмых і сяброў, якія разам са мной выпускаюцца, і адчуваю, што яны сталі за столькі гадоў нібыта роднымі. І спадзяюся, што яны застануцца побач.

 

 

 

 

Мэнлі Маметназарава, ФФСН, «Найлепшы выпускнік». Намеснік старшыні Савета зямляцтваў БДУ (2020–2022); удзельніца V міжнароднага форуму «М.І.Р»; удзельніца навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў ФФСН (2019, 2020, 2021), суарганізатар фестывалю «Наўруз» (2021, 2022).

– Хачу пажадаць абітурыентам працаваць над сабой з першага курса. Прыкладаць шмат намаганняў да тых ведаў і мэт, да якіх імкнешся. І, падкрэсліваю, пачынаць гэта рабіць трэба не з сярэдзіны навучання, а з першага курса. Бо гэта не проста ўніверсітэт, і яму трэба адпавядаць. БДУ – мая новая сям’я, якую я набыла, прыехаўшы ў Беларусь з Туркменістана. Дзякуй тым людзям, якія падтрымлівалі мяне. Кіраўніцтва і выкладчыкі заўсёды дапамагалі добрым словам, дзеяннямі і думкамі. Калі чалавек адзін прыязджае ў чужую краіну, нічога не ведае і мала што разумее, і з’яўляюцца вакол такія людзі, якія ніколі не скажуць «не», пастараюцца вырашыць любую праблему, – гэта вельмі многа значыць.

 

 

Карына Ліс, геафак, «Студэнцкі лідар БДУ». Уладальніца дыплома 3 ступені на Рэспубліканскім навукова-практычным семінары студэнтаў і маладых навукоўцаў «ГІС-тэхналогіі ў навуках аб Зямлі–2021»; старшыня камісіі прафбюро па грамадскім кантролі за работай аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

– Наш універсітэт для мяне – гэта ў першую чаргу флагман ведаў, безумоўна, гарант поспеху, упэўненасць у заўтрашнім дні. Таму што з самай першай маёй хвіліны вучобы ў БДУ я задумалася, як жа мне пашчасціла тут вучыцца. Праз 4 гады навучання я ўдастоена такой узнагароды – быць сярод найлепшых выпускнікоў! Спадзяюся, што далей, падчас навучання ў магістратуры, я здолею актыўна рухацца ў грамадскім жыцці, прыносіць карысць універсітэцкай навуцы і культурнаму жыццю ўніверсітэта, а можа, і па-за ім.

 

 

Гадам Чарыеў, філфак, «Студэнцкі лідар БДУ». Старшыня Савета зямляцтваў БДУ; пераможца конкурсу на званне «Студэнт года БДУ–2021» у намінацыі «Лідар» (паднамінацыя «Універсітэт»); уладальнік граматы БДУ (2021); уладальнік дыплома II ступені на Рэспубліканскім фестывалі творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Fеst-ART.bу.

– За гэты час БДУ быў тым месцам, вакол якога будавалася ўсё маё жыццё. У кожнага, хто тут знаходзіцца, з гэтым месцам звязана мора самых розных эмоцый, самых розных успамінаў. Аднак нас аб’ядноўвае БДУ. Хачу на старонках нашай універсітэцкай газеты пакінуць словы падзякі выкладчыкам. Ваша праца – гэта прыклад энтузіязму і самааддачы. Вы здольныя заразіць выдатным настроем для дасягнення самых лепшых вынікаў. Тое, што мы ад вас засвоілі, пакажуць наша жыццё і наш поспех. Але я ўпэўнены, што вы не будзеце расчараваныя. Нашы дыпломы не проста дакумент аб вышэйшай адукацыі. Гэта вельмі вялікая адказнасць, тое, што адкрывае вялікія магчымасці для нас, выпускнікоў. І не важна, дзе кожны з нас будзе працаваць: у дзяржаўных ці прыватных структурах, унутры краіны ці за мяжой. Якіх бы вышынь мы ні дасягнулі, мы не забудзем тое месца, дзе правялі самыя лепшыя гады свайго жыцця. Жадаю ўсім выпускнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 2022 года поспеху і ўпэўненасці ў сабе.

 

Яна Мендзелева, журфак, «Зорка БДУ». Лаўрэат фестывалю эстрады БДУ (2021); удзельніца Рэспубліканскага навагодняга балю (2021); удзельніца праекта «Курсы вядучых БДУ»; член аргкамітэта праекта «Студэнт БДУ на тыдзень» (2018, 2019, 2020); капітан групы падтрымкі FOX GOAL (2019).

– Журналісты, эканамісты, філолагі. Здавалася б, канцэнтрацыя настолькі розных людзей у адным месцы – падзея неверагодная. Розныя погляды на жыццё, непадобныя гісторыі, але тым не менш усе мы сёння тут. А гэта значыць, што нас нешта дакладна звязвае. І гэтае «нешта», відавочна, не проста ўніверсітэт. Гэта імкненне быць найлепшым, калі мы выбіралі ВНУ, імкненне пражыць студэнцкае жыццё максімальна насычана і яскрава, імкненне з кожным днём удасканальвацца. Мы навучыліся тут жыць, кахаць, па-сапраўднаму сябраваць. Наша сталенне праходзіла ў сценах самай лепшай ВНУ. Метадам спроб і памылак мы шукалі сябе, свой шлях. А побач заўсёды былі тыя, хто ўмеў нас правільна наставіць – гэта нашыя выкладчыкі і адміністрацыя. Я ўпэўнена, што дзякуючы ім мы такія, якія мы ёсць. Наперадзе нас чакаюць новыя выпрабаванні і магчымасці. Але да іх мы гатовыя, бо вучыліся ў прафесіяналаў. Праца будзе займаць асноўную частку нашага часу, таму хочацца пажадаць, каб кожны займаўся ўлюбёнай справай.

 

Матэрыял падрыхтавалі Марыя ШНА і Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: