У апошнія гады такія напрамкі навуковай дзейнасці, як біяінжынерыя і біяінфарматыка сталі папулярнымі ў замежных ВНУ. З наступнага навучальнага года рыхтаваць спецыялістаў па гэтых напрамках пачнуць і ў БДУ. Больш падрабязна пра навінку расказаў дэкан біялагічнага факультэта Вадзім ДЗЯМІДЧЫК.
Чаму было прынята рашэнне аб неабходнасці падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне
На біялагічным факультэце ўжо ёсць 4 спецыяльнасці: біялогія (напрамкі: біятэхналогія, навукова-вытворчая і навукова-педагагічная дзейнасць), біяхімія, мікрабіялогія і біяэкалогія. Падрыхтоўкай новай міждысцыплінарнай спецыяльнасці займаліся некалькі гадоў. «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» стане пятай фундаментальнай універсітэцкай біялагічнай спецыяльнасцю ў нашай краіне, а таксама стане першай глыбока міждысцыплінарнай спецыяльнасцю. Каб студэнты атрымалі найбольш шырокія веды, навучаць іх будуць выкладчыкі не толькі біялагічнага, але і механіка-матэматычнага факультэта, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а таксама факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Згодна з планам, каля паловы дысцыплін будуць біялагічнага профілю, іншыя, ад матэматычнага аналізу да вывучэння моў праграмавання, будуць з іншых прыродазнаўчых галін ведаў.
Іншай пляцоўкі для падрыхтоўкі спецыялістаў такога напрамку ў Беларусі да гэтай пары няма. Але ў краіне і ў свеце запатрабаваныя прафесіяналы, якія адначасова валодаюць ведамі ў галіне агульнай біялогіі, інфармацыйных тэхналогій і сучаснай прамысловай інжынерыі з-за буйнога развіцця розных біятэхналогій, экалагічнага і біямедыцынскага сектара эканомікі.
У сучасным свеце гэтыя два напрамкі выдатна дапаўняюць адзін аднаго. Біяінжынерыя займаецца змяненнем уласцівасцяў жывых арганізмаў і атрыманнем новых прадуктаў на аснове прыкладання інжынерных да біялагічных аб’ектаў. Гэта адзін з найбольш сучасных напрамкаў прыродазнаўства, які ўзнік на стыку малекулярнай і структурнай біялогіі, хіміі, геннай інжынерыі і ляжыць у аснове біятэхналогіі.
Колькасць даных, якія з’яўляюцца падчас сучасных біялагічных даследаванняў, даўно не дазваляе аналізаваць іх уручную. Гэта і аналіз геномаў і ўсталяванне дэталёвай структуры бялкоў і метабалітаў клетак. Тут на дапамогу біялогіі прыходзіць біяінфарматыка – новая навука, якая выкарыстоўвае метады інфарматыкі, прыкладной матэматыкі і інфармацыйныя тэхналогіі для апрацоўкі вялікіх масіваў біялагічных даных. Сучасная біяінфарматыка таксама распрацоўвае новыя алгарытмы і праграмныя сродкі для апрацоўкі і інтэрпрэтацыі біялагічных даных. У наш час у большасці вядучых ВНУ свету біяінфарматыка стала адной з самых папулярных сярод прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцяў.
Якія дысцыпліны прыйдзецца асвоіць
Набор на спецыяльнасць «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» будзе ажыццяўляцца на I ступень вышэйшай адукацыі. Вучыцца можна будзе як на бюджэтнай, так і на платнай форме.
На працягу 4 гадоў студэнты будуць вывучаць агульную біялогію, фізіялогію, генную і клетачную інжынерыю, малекулярную біялогію, біяхімію і структурную біялогію, геноміку, транскрыптоміку, метабаломіку і інш. Таксама яны атрымаюць глыбокія веды па розных мовах праграмавання, сучасных камп’ютарных тэхналогіях, матэматычным аналізе, хіміі, фізіцы і інш.
З гэтымі ведамі будучы спецыяліст зможа працаваць біяінжынерам, біяінфарматыкам, спецыялістам па стварэнні і падтрыманні баз даных у біялогіі і медыцыне. Ён будзе мець магчымасць тэсціраваць і выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне для рашэння біялагічных, біятэхналагічных і медыцынскіх задач, распрацоўваць лекавыя прэпараты, біятэхналагічныя сістэмы ў сельскай гаспадарцы, экалогіі, спорце, зможа працаваць спецыялістам па глыбокім аналізе біялагічнай і медыцынскай інфармацыі.
Пасля заканчэння навучання выпускнікам спецыяльнасці будзе прысвойвацца кваліфікацыя «Біяінжынер-біяінфарматык».
Для паспяховага залічэння на спецыяльнасць абітурыентам 2022 года неабходна будзе атрымаць высокія балы ЦТ па біялогіі, хіміі і адной з дзяржаўных моў (беларускай ці рускай). Надалей, з 2023 года, набор будзе ажыццяўляцца па выніках экзаменаў па біялогіі, матэматыцы і беларускай ці рускай мове.
Дзе выпускнікі змогуць пабудаваць кар’еру
Біяінжынеры-біяінфарматыкі запатрабаваны ў навукова-даследчых інстытутах і цэнтрах Нацыянальнай акадэміі навук, навукова-практычных цэнтрах медыцынскага, сельскагаспадарчага, біярэсурснага, энергетычнага, спартыўнага, прыродаахоўнага і харчовага профіляў. Выпускнікі па дадзенай спецыяльнасці змогуць таксама пабудаваць сваю кар’еру ў кампаніях, якія распрацоўваюць спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў галіне біялогіі і біямедыцыны, фірмах-распрацоўшчыках дадаткаў на базе нейронавых сетак і штучнага інтэлекту, на прадпрыемствах фармацэўтычнай прамысловасці і ў кампаніях, што аказваюць паслугі ў галіне генетычнага і біяхімічнага аналізу.
Ганна КАЗАКОВА