Працягнуў сямейную справу, выдаў 140 навуковых публікацый, падрыхтаваў двух кандыдатаў навук, арганізаваў 6 міжнародных канферэнцый і дзясяткі экспедыцый. Усё гэта заслугі загадчыка кафедры рэгіянальнай геалогіі Алега Лукашова – сына члена-карэспандэнта НАН Беларусі Валянціна Лукашова і ўнука акадэміка АН БССР Канстанціна Лукашова. Ён распавёў газеце «Універсітэт» пра выбітную дынастыю навукоўцаў-геолагаў.
Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў (1907–1987) – вядомы геолаг, геахімік, стваральнік універсітэцкай кафедры геахіміі і карысных выкапняў, якая паклала пачатак геахімічным даследаванням і фарміраванню беларускай геахімічнай школы. У 1938–1939 гадах узначальваў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт, а ў 1952–1956 гг. – рэктар БДУ. Акадэмік АН БССР, стваральнік і першы дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі.
Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў (1938–1998) – доктар геолага-мінералагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выпускнік геаграфічнага факультэта БДУ, загадчык лабараторыі геахіміі гіпергенезу Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі (1972–1998), загадчык кафедры фізічнай геаграфіі СССР (1983–1984) у альма-матар.
Галавакружная кар’ера за 13 гадоў
– Мой дзед, Канстанцін Ігнатавіч, родам з вёскі Гарадзец, што за 16 кіламетраў на захад ад Быхава. Мой прадзед па бацькоўскай лініі меў традыцыйную сялянскую гаспадарку, але пры гэтым разумеў: сын Косця незвычайны – у яго можа і павінен быць іншы лёс. Першапачатковую адукацыю, як сцвярджаюць магілёўскія краязнаўцы, Канстанцін Ігнатавіч атрымаў у мясцовага яўрэя, затым, пасля заканчэння Гарадзецкай народнай вучэльні, вучыўся ў Быхаўскай працоўнай сямігадовай школе.
На жаль, пры жыцці дзеда я не скарыстаўся магчымасцю даведацца падрабязнасці яго біяграфіі ад яго самога, як кажуць, не прыходзіла ў галаву. Ён пайшоў з жыцця, калі мне было 27 гадоў. Зрэшты, для многіх сур’ёзных пытанняў нават тады я быў занадта малады. Акрамя таго, не забывайце, што ў краіне ішла гарбачоўская перабудова, і міжнародныя падзеі (чаго вартая адна Чарнобыльская аварыя), натуральна, адсоўвалі «сямейную гісторыю» на другі план. Многае пра дзеда я чуў пазней ужо ад свайго бацькі Валянціна Канстанцінавіча, які ў апошнія гады жыцця пачаў працаваць над біяграфіяй Канстанціна Ігнатавіча (яе «амерыканскі» фрагмент быў апублікаваны ў 1990 годзе ў часопісе «Нёман»).
Тым не менш з гісторыяй жыцця Канстанціна Ігнатавіча цяпер я знаёмы вельмі добра, бо дастаткова даўно займаюся ёю як «адцягненай навуковай праблемай» (у перспектыве плануецца выданне вялікай манаграфіі), бо гэты ўнікальны чалавек істотна паўплываў на нашу сям’ю і выбар шляхоў яе прафесійнага развіцця, гісторыю нашай радзімы. Абазначым некаторыя факты ў яго жыцці.
У 1923 годзе Канстанцін Ігнатавіч стаў камсамольцам, у 1927 годзе ўвайшоў у ВКП(б). Цяпер бы сказалі, што гэта былі цудоўныя сацыяльныя лесвіцы, або ліфт «наверх», для актыўных маладых людзей. Паколькі Быхаў у 1919–1924 гадах знаходзіўся на тэрыторыі РСФСР, то самую таленавітую і актыўную моладзь і далей працягвалі адпраўляць вучыцца не ў Мiнск, а ў Ленінград ці Маскву. У 1927 годзе Канстанцін Ігнатавіч быў адкамандзіраваны на вучобу ў Ленінградскі ўніверсітэт, дзе яму ўдалося зрабіць незвычайную кар’еру: за 13 гадоў ён «вырас» ад простага студэнта-першакурсніка глебава-геалагічнага факультэта да дырэктара (так тады называлася пасаду рэктара) Ленінградскага ўніверсітэта.
У 1933 годзе Канстанцін Ігнатавіч апублікаваў кнігу «Грунтазнаўства», якая стала першым падручнікам па гэтай дысцыпліне ў СССР. Варта нагадаць, што ў царскай Расіі было вельмі мала абсталяваных (у сучасным паняцці) дарог, і да пачатку 30-х гадоў гэтая праблема стала тормазам для наступнага развіцця СССР. У 1932–1935 гг. Канстанцін Ігнатавіч у якасці начальніка партыі, затым намесніка навуковага кіраўніка па мярзлотным даследаванні ўдзельнічаў у інжынерна-геалагічных даследаваннях трасы Байкала-Амурскай магістралі, дзе ўнёс важкі ўклад у развіццё грунтазнаўства.
Ён стварыў новы навуковы напрамак – генетычнае грунтазнаўства, асноўныя палажэнні якога былі сфармуляваны ў манаграфіях «Элементы генетычнага грунтазнаўства (1938) і «Грунты СССР» (1939). Вялікае значэнне для інжынерна-геалагічных даследаванняў і будаўніцтва ў зоне вечнай мерзлаты мела таксама яго праца «Вобласць вечнай мерзлаты як асаблівая фізіка-геаграфічная і будаўнічая вобласць» (1938). На аснове даследаванняў, праведзеных у Амурскім краі, Канстанцін Ігнатавіч у 1937 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.
- Упершыню ў практыцы савецкай вышэйшай школы К. І. Лукашоў арганізаваў (разам з П. А. Зямятчэнскім) у 1932 годзе ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце навучальную спецыяльнасць «грунтазнаўства» і стаў прызнаным піянерам-заснавальнікам генетычнага грунтазнаўства, – гаворыцца ў зборніку «Інтэлектуальная эліта Беларусі». – Даследаванні К. І. Лукашова мелі дзяржаўнае значэнне – было падведзена навуковае абгрунтаванне правамернасці і магчымасці будаўніцтва ў Сібіры і на Далёкім Усходзе чыгунак і шашэйных дарог.
5 гадоў «Вялікай ваеннай эпохі»
Пры асабістых зносінах з Канстанцінам Ігнатавічам адчувалася, што ён быў чалавекам эліты сталінскай эпохі. Не цярпеў лішніх слоў, не казаў пра рэчы, за якія не мог ручацца, быў вельмі пунктуальны, карэктны і дыпламатычны. Паводзіў сябе заўсёды падкрэслена інтэлігентна, ведаў англійскую і французскую мовы і ўмеў па-асабліваму («па-амерыканску») усміхацца. Па сутнасці, ён быў, як тады казалі, «вылучэнцам» – чалавекам, які паказаў прыроджаныя выдатныя дзелавыя якасці, і ў выніку гэтага заўважаным і ўзнятым уладай на адказныя пасады ў зусім іншай сферы дзейнасці. У 1939 годзе ўрад СССР накіраваў Канстанціна Ігнатавіча ў Нью-Ёрк у якасці прэзідэнта «Амгандлю». Гэтае акцыянернае таварыства выступала пасярэднікам пры правядзенні экспартна-імпартных аперацый паміж савецкімі і амерыканскімі кампаніямі. Папярэднікі Канстанціна Ігнатавіча на гэтай пасадзе, вядома, былі яркімі людзьмі, але ў той час на чале «Амгандлю» павінен быў стаяць чалавек навукі, прафесар, які зможа сістэмна вывучыць і з размахам асвоіць рынак ЗША.
Паводле сямейнай версіі падзей, да ад’езду ў ЗША Канстанціну Ігнатавічу першапачаткова прапанавалі падумаць пра дыпламатычную працу за мяжой, затым (у народнага камісара знешняга гандлю А. І. Мікаяна) ужо адназначна выбраць: Англія ці ЗША. Калі ЗША, то, значыць, кіраўніцтва «Амгандлем».
Па сутнасці, пяцігадовы перыяд яго працы (1939–1944 гады), у тым ліку ў якасці намесніка старшыні ўрадавай закупачнай камісіі СССР у ЗША, можна было назваць «Вялікай ваеннай эпохай». Гэта сапраўды бязмежная тэма, пра якую, нарэшце, у нас сталі з’яўляцца сур’ёзныя акадэмічныя даследаванні. Вельмі рэкамендую азнаёміцца з манаграфіямі Н. Бутэнінай «Ленд-ліз: здзелка стагоддзя» (2004) і І. У. Быстровай «Ленд-ліз для СССР: Эканоміка, тэхніка, людзі (1941–1945 гг.)» (2019) , а таксама з кнігай А. Х. Папёрна «Ленд-ліз. Ціхі акіян» (1998). Тут жа коратка дастаткова сказаць, што праз рукі Канстанціна Ігнатавіча і яго супрацоўнікаў прайшла ваенная дапамога СССР на суму 9,8 млрд долараў, што перавышае 100 млрд долараў у сучасных коштах.
Для арганізацыі паставак па ленд-лізе Канстанціну Ігнатавічу даводзілася напрамую звяртацца да фірмаў і асабіста раз’язджаць па ЗША, часта лётаць на самалёце. У гонар незвычайнага рэкорднага налёту кіламетраў амерыканская авіякампанія нават выдала яму своеасаблівы ганаровы дыплом-сертыфікат. Дэталёвае веданне амерыканскага рынку дазваляла Канстанціну Ігнатавічу павялічваць аб’ёмы запланаваных паставак, нягледзячы на тое, што на дакументах, якія вызначаюць іх колькасць, ужо стаяў подпіс самога І. В. Сталіна. Аднойчы ён атрымаў ад Сталіна тэлеграму, у якой «тав. Лукашова» вельмі ветліва прасілі так больш не рабіць.
Канешне, у гады вайны было не да адпачынку. Толькі пасля 1943 года, калі перамога СССР ужо не выклікала сумневаў, Канстанцін Ігнатавіч стаў дазваляць сабе некаторыя паслабленні. Мой бацька ўспамінаў паездку на выхадныя на мора, праезд на машыне па дарогах суседняга з акругай Калумбія штата. Варта таксама адзначыць, што Кастусь Ігнатавіч валодаў ад прыроды ўменнем у патрэбны момант, як ён казаў, выкінуць усё з галавы і хутка заснуць як увечары, так і ўдзень, калі гэта ўдавалася. Таму ён здолеў захаваць сваё душэўнае здароўе да глыбокай старасці.
Нягледзячы на занятасць справамі «Амгандлю» і ўрадавай закупачнай камісіі, Канстанцін Ігнатавіч у вольны час працягваў займацца навукай. У мяне ў хатнім архіве маецца пераплеценая кніга, надрукаваная кімсьці з яго атачэння на англійскай мове. У ёй ужо змяшчаюцца навуковыя ідэі, якія Канстанцін Ігнатавіч развіваў у далейшым у 1950–1960-я гады ў цыкле манаграфій, прысвечаных корам (- “корам выветривания”) выветрывання і геахіміі зоны гіпергенезу.
Наогул, стыль працы Канстанціна Ігнатавіча коратка можна апісаць так: неабходна ўстаць а 6-й раніцы і перад працай напісаць адну старонку будучай кнігі, у выніку праз год у актыве будзе рукапіс у 300-350 старонак. Пісаць адну навуковую кнігу многія гады бессэнсоўна, бо пры сучасных тэмпах развіцця навукі, яна ўсё роўна хутка часткова састарэе. Лепш праз 5 гадоў вярнуцца да гэтай тэмы і стварыць новую кнігу. Дзякуючы такому падыходу ён напісаў каля 50 кніг і быў бы першым у беларускай навуковай «Кнізе рэкордаў Гінэса», калі б такая існавала. Паколькі ў тую эпоху навуковая інфармацыя была прадстаўлена ў асноўным у папяровай форме, у Канстанціна Ігнатавіча былі памочнікі – сакратары-рэферэнты, якія накіроўваліся ў навуковыя бібліятэкі і рэферыравалі названыя ім матэрыялы (артыкулы, манаграфіі і інш.). Аб’ём перапрацаванай інфармацыі быў такі, што некаторыя з гэтых аплатных работнікаў нават падрыхтавалі і абаранілі ўласныя кандыдацкія дысертацыі.
«Дарожная карта» развіцця для кожнага нашчадка
Зыходзячы з вопыту сваёй навуковай і дзелавой кар’еры, Канстанцін Ігнатавіч відавочна лічыў, што дзяцей як мага раней трэба дапамагаць выбіраць напрамак для развіцця і займацца яны павінны прыродазнаўчымі навукамі. Так, яго сын Валянцін Канстанцінавіч у 22 гады апублікаваў свой першы артыкул у Дакладах акадэміі навук БССР, у 25 гадоў абараніў кандыдацкую, а ў 31 – доктарскую дысертацыі, стаўшы, такім чынам, самым маладым доктарам геолага-мінералагічных навук у тагачаснай Беларускай ССР. Навукоўцам стала і дачка Канстанціна Ігнатавіча Ірына – кандыдат біялагічных навук, суаўтар шматлікіх кніг Канстанціна Ігнатавіча, прысвечаных праблемам біясферы.
Я нарадзіўся 24 чэрвеня 1960 года. У мяне яшчэ імя не было ў той дзень, але я ўжо атрымаў ад Канстанціна Ігнатавіча тэлеграму, у якой было сказана: «Віншую з нараджэннем прадаўжальніка выдатнай навукі геахіміі». У 10 гадоў было вырашана, што мне трэба пачынаць ездзіць з бацькам у экспедыцыі: беларускае Палессе, Прыбалтыка, Урал, Малдавія, Паўднёвае Забайкалле і г. д. Мне падарылі пікетажку, у якой я рабіў замалёўкі шурфаў, агаленняў і вёў экспедыцыйны дзённік. Ужо ў дарослым узросце, праглядаючы гэты «гістарычны» дакумент, я зразумеў, што ў дзяцінстве ўдзельнічаў (хутчэй, «прысутнічаў») у шматлікіх важных экспедыцыях, матэрыялы якіх былі пакладзены ў аснову шэрагу галоўных навуковых кніг майго бацькі. У 1977 годзе я паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, пасля заканчэння якога ў 1982 годзе 18 гадоў працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі.
У 1985 годзе Канстанцін Ігнатавіч вырашыў, што мне можна даверыць напісанне главы пра Беларусь у яго новай кнізе «Тэхнагенез і геахімічныя змены ў навакольным асяроддзі». Я легкадумна пагадзіўся, пра што вельмі хутка моцна пашкадаваў. Праз тыдзень мяне спыталі, як ідуць справы, а я яшчэ нават і не пачынаў. Затым адбывалася наступнае: Канстанцін Ігнатавіч кожны дзень тэлефанаваў мне а 7-й раніцы і цікавіўся, што я напісаў ноччу пасля працы ў інстытуцкай аналітычнай лабараторыі (гэта ніхто не адмяняў), які прагрэс. Яму было лёгка працаваць над сваімі кнігамі, паколькі ў яго было мноства напрацовак мінулых гадоў. Мне ж даводзілася разбірацца з тады яшчэ зусім не асвоенай тэматыкай, пры гэтым матэрыялы былі ў самых лепшых традыцыях у асноўным паўзасакрэчаныя. У выніку за месяц я напісаў раздзел (так-так, тая самая старонка ў дзень), толькі потым доўга імкнуўся трымацца ад тэлефона і залішне дзелавога Канстанціна Ігнатавіча як мага далей. Шчыра кажучы, многія гады мне гэтая кніга чамусьці здавалася не вельмі ўдалай, пакуль, на маё шчырае здзіўленне, у 2007 годзе заслужаны дзеяч навукі РФ прафесар Л. П. Рыхванаў на святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння К. І. Лукашова абвясціў у сваім дакладзе, што дадзеная манаграфія яшчэ ў 80-я гады кардынальна паўплывала на яго навуковыя інтарэсы, якія зрушыліся ў галіну геаэкалогіі.
Пакуль былі жывыя старэйшыя Лукашовы, я спрабаваў многія напрамкі ўласнага развіцця (акрамя геахіміі зоны гіпергенезу і геахіміі тэхнагенезу – літаратуразнаўства, музыказнаўства, прафесійная кампазітарская музыка і інш.). Аднак пасля смерці майго бацькі ў 1998 годзе і пераходу на працу ў БДУ я, натуральна, быў абавязаны сканцэнтравацца на працягу сямейных традыцыі «дынастыі Лукашовых». Праз чвэрць стагоддзя магу сказаць, што ў мяне гэта, відаць, атрымалася – універсітэт, памножаны на акадэмічную грунтоўнасць, далі мне для гэтага велізарныя магчымасці: чытанне ў розныя гады больш за 20 прадметаў для сотняў маладых геолагаў (фактычна, я сам атрымаў другую геалагічнаю адукацыю); выкананне шматлікіх эколага-геахімічных навукова-даследчых і гаспадарчых дамоўных работ з раней недаступным размахам; падрыхтоўка двух кандыдатаў геаграфічных навук; кіраўніцтва СНДЛ «Рэгіянальная геалогія, геахімія і геафізіка»; кіраўніцтва кафедрай рэгіянальнай геалогіі; распрацоўка стандартаў, тыпавых планаў; арганізацыя міжнародных навуковых канферэнцый і шматлікае іншае.
Увосень 2022 года на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння акадэміка К. І. Лукашова, прыходзьце – пачуеце шмат для сябе новага і цікавага.
Марыя ШНА