«У працы цяжкасцяў не было – усяму навучылі на факультэце»: выпускніца біяфака пра сваю гісторыю размеркавання

2 Aug, 2022.

Алена Ракаўчук – выпускніца біялагічнага факультэта БДУ 2021 года. Дзяўчына вучылася на спецыяльнасці «біяхімія» і зараз па размеркаванні працуе біёлагам на прадпрыемстве «Белмедпрэпараты». Даведаліся яе гісторыю паступлення ў ВНУ і пошукі першага працоўнага месца.

Заўсёды любiла біялогію – гэта навука сучаснасці

 – У школьныя гады хімія і біялогія былі мне найбольш блізкія: заўсёды задавалася пытаннямі пра пра тое, што такое жыццё з навуковай кропкі гледжання. Адказы знаходзіла ў гэтых прадметах. Хімічныя задачы лузала як арэшкі, адначасова спрабуючы дапамагчы сваім сябрам, бо, як вядома, для лепшага засваення матэрыялу неабходна ўмець даступна выкладаць яго іншым людзям.

Біялогію, калі казаць праўду, любіла ўсё ж больш, за тое, што гэты прадмет дазваляў суадносіць прычыны і наступствы і будаваць лагічныя ланцужкі. Лічу біялогію навукай сучаснасці, бо яна дае нам разуменне таго, як існуюць і ўзаемадзейнічаюць разнастайныя арганізмы на розных узроўнях арганізацыі. Біялогія аб’ядноўвае найважнейшыя паняцці: ад біяхіміі макрамалекул да эвалюцыі відаў. Дзівосна, што, пачынаючы са структурнай формулы бялку, мы можам дайсці да разумення вышэйшай нервовай дзейнасці і, магчыма, асноў чалавечай свядомасці. Таму яшчэ ў школе я вырашыла звязаць сваё жыццё з біялогіяй.

Пасля 9 класа паступіла ў Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй з хіміка-біялагічным напрамкам. Хай і не была круглай выдатніцай, але ў мяне былі выразныя імкненні назапасіць пабольш ведаў і павысіць свой узровень, асабліва па профільных прадметах. Ужо ў канцы майго ліцэійскага шляху я з гонарам магла лічыцца адной з найлепшых вучаніц паралелі.

Узровень нашых выкладчыкаў быў вельмі высокі, таму ў працэсе падрыхтоўкі да паступлення да рэпетытараў хадзіць не прыйшлося. Мне было дастаткова матэрыялу з урокаў і дадатковых заняткаў.

Да гэтага часу лічу цэнтралізаванае тэсціраванне асобным колам пекла, верагодна, для кожнага школьніка. Здаецца, што ўсё ўжо вывучана ад дошчачкі да дошчачкі. Але няма цвёрдай упэўненасці ў выніку. А што, калі раптам няправільна запоўніш бланк, пераблытаеш радкі ці лічбы месцамі, ці знепрытомнееш ад спякоты ў кабінеце, ці накрые паніка ад строгіх поглядаў назіральнікаў? Я вельмі нервавалася.

Але ўсё склалася паспяхова, а мае вынікі адпавядалі чаканням – удалося паступіць на бюджэт.

Знаёмства з навуковым кіраўніком стала лёсавызначальным

Калі біялагічны факультэт выбірала нават не задумваючыся, то са спецыяльнасцю было вызначыцца больш складана. Біяхімія здалася мне найбольш перспектыўнай , хоць я не зусім разумела, што менавіта яна вывучае. Пра свой выбар ні разу не пашкадавала, бо разуменне біяхімічных працэсаў спатрэбілася мне не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў жыцці ў цэлым.

Алена з навуковым кіраўніком Марыяй Сяргееўнай Чумачэнка

На першым курсе вывучалі базавыя дысцыпліны: заалогію, батаніку, анатомію, хімію. А вось ужо на другім курсе мы пачалі імкліва прасоўвацца ў свет біяхіміі. Вывучалі рэчывы, іх структуру, ператварэнне, даведваліся пра іх фізіялагічную ролю ў жывых арганізмах. Кожны прадмет быў па-свойму карысным і запамінальным. У асноўным дзякуючы таму, што выкладчыкі кафедры – гэта цудоўныя людзі, кожны са сваімі гісторыяй, вопытам і поглядамі на жыццё і працу.

На трэцім курсе трэба было абраць навуковага кіраўніка для напісання курсавой працы, з чым мне дапамагла куратарка нашай групы. Знаёмства з маім кіраўніком – Марыяй Сяргееўнай Чумачэнка – я лічу лёсавызначальным. Гэта маладая выкладчыца, а я першая студэнтка ў яе практыцы, якая захацела пісаць курсавую. З ёй было вельмі лёгка і цікава працаваць, яна зараджала навакольных сваім натхненнем, на яе хацелася раўняцца. Дзякуючы ўпартасці і ўпэўненасці Марыі Сяргееўны мае курсавая і дыпломная працы былі напісаны на выдатна.

Я старалася сумяшчаць вучобу з даследчай дзейнасцю, мне падабалася ставіць эксперыменты. Гэта было так займальна, што былі сілы і жаданне хадзіць ва ўніверсітэт па выхадных.

Выбірала, быць мне офісным працаўніком ці біёлагам-практыкам

Лічу лепшым часам ва ўніверсітэце 4 і 5 курсы, калі ты ўжо «ў тэме» шматлікіх фундаментальных рэчаў, ёсць добрая база ведаў, але пры гэтым яшчэ можна заставацца бесклапотным чалавекам і атрымліваць асалоду ад студэнцкага жыцця. Якраз бліжэй да заканчэння ўніверсітэта, я распачала пошукі свайго першага працоўнага месца, дзе б змагла паспяхова прайсці размеркаванне. На жаль, не ўсе прадпрыемствы гатовыя супрацоўнічаць з маладымі спецыялістамі, якія да моманту пошуку працы яшчэ не атрымалі дыпломы. Многія варыянты адпалі менавіта з гэтай прычыны.

Неяк сакратарка дэканата разаслала па ўсіх групах выпускнікоў у сацсетках аб’яву, што начальнік біялагічнай лабараторыі «Белмедпрэпаратаў» шукае біёлага. Я вырашыла, чаму б не паспрабаваць. Хоць у гэты ж дзень мне трэба было даць адказ у кампанію «Альгімед», якая спецыялізуецца на продажы лабараторнага абсталявання. Тут прыйшлося б займацца офіснымі справамі, а гэта для мяне не так цікава, як быць біёлагам-практыкам. Усё ж праца з абсталяваннем, рэактывамі, жывёламі мне бліжэйшая, чым з дакументамі. Таму я даслала сваё рэзюмэ ў аддзел кадраў «Белмедпрэпаратаў», і яго пазітыўна ацаніла кіраўніцтва. Думаю, што ім спадабалася апісанне маіх прафесійных навыкаў: досвед працы з лабараторнымі жывёламі і лабараторным абсталяваннем. На сумоўі мне правялі экскурсію па прадпрыемстве, я дакладна адказала на пытанні, якія тычыліся працы і ўніверсітэцкіх ведаў.

Так у мяне з’явілася першае працоўнае месца, дзе мне падабаецца праходзіць размеркаванне. Спецыфіка маёй працы заключаецца ў колькасным вызначэнні гепарыну ў лекавых сродках на аснове гепарыну натрыю – гэта растворы для ін’екцый, а таксама мазі і гелі. Гепарын з’яўляецца антыкаагулянтам прамога дзеяння, гэта значыць, што як лекавае рэчыва ён перашкаджае згортванню крыві. Ужываецца для прафілактыкі і тэрапіі тромбаэмбалічных захворванняў, пры аперацыях на сэрцы і крывяносных сасудах, для падтрымання вадкага стану крыві ў апаратах штучнага кровазвароту і гемадыялізу, а таксама для прадухілення згортвання крыві пры лабараторных даследаваннях. Таксама сродкі вонкавага прымянення (мазі, гелі на аснове гепарыну) прымяняюцца пры варыкозным пашырэнні вен.

Цяпер вырас попыт на прэпараты, якія ўтрымліваюць гепарын. Справа ў тым, што ў перыяд пандэміі COVID-19 пацыентам рэкамендуецца прызначэнне антыкаагулянтаў, пераважна гепарыну, у прафілактычных дозах.

З першых дзён працы вялікіх складанасцяў у мяне няма. Трэба разумець сутнасць методык і хімічныя працэсы, рабіць разлікі, працаваць з хімічным і біялагічным абсталяваннем, рэактывамі. Усяму нас навучылі ў БДУ.

У сваёй прафесіі планую развівацца, таму працягваю вучыцца і атрымліваць новы досвед. На шчасце, наша прадпрыемства дае магчымасць праходзіць навучанне, павышэнне кваліфікацыі і наведваць тэматычныя семінары.

 

Марыя ШНА

print

Вам таксама можа спадабацца: