Яўгенія Янчук – выпускніца біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працуе па размеркаванні ў ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
– З першага па чацвёрты клас я вучылася ў агульнаадукацыйнай школе. Перад пятым – рызыкнула пайсці на ўступныя экзамены ў гімназію, дзе ўзровень ведаў быў значна вышэйшы. Рызыка была не марнай – у мяне атрымалася стаць вучаніцай гімназіі горада Кобрына, – распавядае Яўгенія.
Першыя ўрокі па хіміі і біялогіі мяне вельмі моцна ўразілі, мне падабалася ўсё, што было звязана з гэтымі прадметамі. Я ўдзельнічала ў алімпіядах: на раённай алімпіядзе па біялогіі ўзяла дыплом трэцяй ступені, у сёмым класе рыхтавалася да абласной алімпіяды ў профільным лагеры на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава. І мне там настолькі спадабалася, што ў восьмым класе я захацела наступныя гады навучання правесці менавіта ў ім. Таму я ўсё больш і больш увагі надавала біялогіі і хіміі. Пасля дзявятага класа паспяхова здала экзамены і паступіла ў ліцэй на хіміка-біялагічны профіль.
Падрыхтоўка ў ліцэі была на вельмі высокім узроўні не толькі па спецыялізаваных прадметах, але і па агульнаадукацыйных. Вучыцца было цікава. У нас была надзвычайная настаўніца па біялогіі, якая рыхтавала ўсіх ахвотных да паспяховага паступлення ва ўніверсітэт, за што не толькі я, але і ўсе выпускнікі ёй удзячныя. Мая сувязь з біялогіяй пастаянна мацнела дзякуючы яе парадам, старанню і вялізнаму ўнёску. І ў дзясятым класе я вырашыла, што хачу займацца біялогіяй, але не хачу ісці ў медыцыну. Многія, калі чуюць пра цікавасць да біялогіі і хіміі, адразу думаюць, што чалавек збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. У маім выпадку найлепшым месцам для вучобы быў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля 11 класа галоўная задача любога абітурыента – паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне, каб прайсці па конкурсе ў ВНУ. Для мяне гэты час быў крыху нервовы. Але ўсё прайшло добра, я паступіла туды, куды хацела, на самы лепшы факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З пачаткам навучання ў БДУ для мяне пачалася новая «эпоха» жыцця
Біялагічны факультэт навучыў вельмі многаму. Ён заўсёды падтрымліваў і даваў веру ў сябе. Былі моманты, калі мне здавалася, што з вучобай не спраўлюся, што не разумею тэму і ніколі не зразумею яе. Але я садзілася, перачытвала адно і тое ж па дзесяць разоў. І ў той момант, калі пачынала нешта разумець, здаецца, перажывала самае лепшае пачуццё на свеце.
Адзін з выкладчыкаў казаў, што біялагічны факультэт навучыць шукаць патрэбную інфармацыю ў патрэбных крыніцах. І гэта сапраўды так.
Біялагічны факультэт – гэта не толькі складаны, але і вясёлы час. Таму што ў нас было шмат цікавых заняткаў, напрыклад, па заалогіі, дзе мы вывучалі розных жывёл у тэорыі і на практыцы. Самымі запамінальнымі прадметамі для мяне сталі малекулярная біялогія, генетыка, імуналогія. Але яшчэ вялікая колькасць прадметаў моцна паўплывалі на мяне, на маё развіццё і на мае будучыя інтарэсы.
Біялагічны факультэт – вялікая сям’я. Таму што ў нас ёсць пэўныя традыцыі, напрыклад, той жа дзень біёлага, які адзначаецца кожны год, або пастаноўкі біятэатра, якія мы заўсёды чакалі з нецярпеннем.
Яшчэ на другім курсе нас размяркоўвалі па шасці кафедрах. І здавалася, што вось ты ўжо паступіў на той факультэт, на які хацеў, табе ўжо не трэба ні пра што хвалявацца. Але выбар кафедры – гэта, можна сказаць, твая будучая галіна на ўсё жыццё. Я нібыта заўсёды ведала, што мне хочацца займацца навукай і вывучаць чалавека. Таму абрала генетыку, бо яна будучыня ўсяго. Дзякуючы генетыцы мы зможам вырашыць шматлікія пытанні і праблемы, якія вельмі моцна ўплываюць на наша жыццё. Жыццёва важныя даследаванні праводзяцца менавіта ў гэтай сферы.
Вельмі зацікавілася працай у лабараторыі генетыкі чалавека
Напярэдадні першай практыкі мы з аднагрупніцамі звярнуліся да загадчыцы кафедры – Наталлі Паўлаўны Максімавай. Мы спыталі, якія навуковыя ўстановы займаюцца генетыкай, куды яна можа параіць нам пайсці на практыку. Яна прапанавала нам спіс усіх арганізацый, куды мы можам звярнуцца, і позірк мой выхапіў назву «Інстытут генетыкі і цыталогіі». І так я ў адзін цудоўны восеньскі дзень прыехала да сваёй навуковай кіраўніцы Ірмы Барысаўны Мосэ з лабараторыі генетыкі чалавека. Мы пагаварылі, я вельмі зацікавілася, і перагарнула на новую старонку сваё жыццё. З другога курса я пастаянна займалася ў лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Я праходзіла там практыку, вучылася адпрацоўваць методыкі генатыпіравання, методыкі вылучэння ДНК чалавека рознымі метадамі.
Калі прыйшоў час размеркавання, у мяне нават не было сумневаў, што я хачу працягнуць сваю працу ў лабараторыі генетыкі чалавека. Мая праца мне вельмі падабаецца. Паколькі нашы лабараторыі займаюцца і навукова-даследчай дзейнасцю, і аказаннем паслуг насельніцтву Беларусі. Менавіта ў нашай лабараторыі былі створаны генетычныя пашпарты, якія цяпер вядомыя не толькі ў межах нашай краіны, але і за мяжой. І гэтыя генетычныя пашпарты робяцца для таго, каб вызначыць рызыку развіцця якіх-небудзь захворванняў, напрыклад, сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровага дыябету, астэапарозу альбо нейкіх парушэнняў вугляводна-тлушчавага абмену. Мы вывучаем варыянты генаў, якія асацыіруюцца менавіта з гэтымі захворваннямі. І ў адпаведнасці з гэтым доктар можа ацаніць вынікі, прызначыць або адмяніць прэпарат, прызначыць дыету і г. д. У нашай лабараторыі ацэньваюцца спартыўныя якасці – спрынтарскія здольнасці. Ёсць праекты, якія вывучаюць псіхаэмацыйны стан чалавека, яго стрэсаўстойлівасць і кагнітыўныя здольнасці. Хачу адзначыць, што супрацоўнікі нашай лабараторыі займаюцца вывучэннем эпігенетыкі – гэта новы крок у біялагічнай сферы.
Ілья Вараб’ёў