Першая сустрэча студэнтаў з кіраўніцтвам ВНУ і студэнцкім актывам прайшла ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага універсітэта 1 верасня. На ёй сабралася каля 250 першакурснікаў. Некаторыя студэнты прыйшлі на лінейку ў прыўзнятым настроі, размаўляючы з новымі знаёмымі. А хтосьці, наадварот, выглядаў задуменна ад усведамлення таго, што пачынаецца новае жыццё. Тэму новай прыступкі ў жыцці студэнтаў закрануў у сваёй прамове рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль:
«Я ад сябе асабіста і ад вялікай карпарацыі БДУ хачу павіншаваць вас з тым, што вы з’яўляецеся часткай гэтай самай карпарацыі. Павіншаваць з першым днём, калі ў вас пачынаецца новае жыццё. Не хачу сказаць, што яно зусім новае. Але кожны дзень вы будзеце сустракацца з новымі людзьмі, новымі прадметамі і дысцыплінамі, будзеце адчуваць новыя эмоцыі і атрымліваць зусім новыя ўяўленні пра прыступку жыцця, на якую вы ўзышлі. Я б хацеў вам пажадаць, дарагія першакурснікі, каб гэтыя новыя пытанні, якія так ці інакш ужо паўсталі, вы перакавалі ў новае для сябе веданне – унікальнае для кожнага. БДУ – вядучая ВНУ нашай краіны. Гэта не толькі бібліятэка і энцыклапедычнасць, але і месца, дзе кожны можа знайсці сябе. Я вам шчыра жадаю, каб вы сябе знайшлі і пасябравалі з пытаннем «хто я ёсць?». Таму што без гэтага немагчымае ваша далейшае паспяховае жыццё. Не толькі прафесійнае, але і асобаснае».
Рэктар універсітэта падкрэсліў, што БДУ з’яўляецца найлепшай ВНУ нашай краіны, велізарным макракосмам, дзе ёсць вельмі шмат рознага: розныя факультэты, інстытуты і выкладчыкі.
«Я хачу сказаць, што кожны з вас патрэбны БДУ. У гэтай рознасці і сканцэнтравана традыцыя вядучай ВНУ краіны. І ніколі не забывайце, што вы паступілі ў найлепшую ВНУ Рэспублікі Беларусь. Праслаўляйце сваімі дасягненнямі сваю сям’ю, універсітэт і нашу краіну», – пажадаў рэктар першакурснікам.
Пасля сваёй віншавальнай прамовы Андрэй Дзмітрыевіч пад апладысменты прысутных уручыў падарунак студэнту першага курса факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Мікіту Віхараву. Хлопец заваяваў сёлета залаты медаль Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды. Мікіту таксама далі слова:
«Навучанне ва ўніверсітэце – вельмі важны этап у нашым жыцці. Таму падыходзіць да яго трэба з разуменнем. Усе мы ўжо студэнты БДУ, без сумневаў, самай лепшай вышэйшай навучальнай установы нашай краіны. За гэта мы павінны падзякаваць сваім бацькам і педагогам. Шмат у чым нашыя поспехі – гэта іх заслуга. Наперадзе нас чакаюць захапляльныя гады навучання. Мы атрымаем не толькі прафесійныя якасці, якія зробяць з нас першакласных спецыялістаў, але і станем больш унікальнымі і стрэсаўстойлівымі, атрымаем важны жыццёвы вопыт. Кожны з нас можа ўнесці свой уклад у развіццё нашага ўніверсітэта. Жадаю ўсім поспехаў і ўдачы».
Пасля словаў Мікіты Віхарава да студэнтаў звярнулася старшыня студэнцкага саюза Аліна Рацькова. Яна таксама пажадала першакурснікам шанцавання і поспехаў.
Напрыканцы лінейкі наступіла самая кранальная хвіліна сустрэчы. Вядучы мерапрыемства звярнуўся да студэнтаў з пажаданнем ўсяго найлепшага ў іх будучым студэнцкім жыцці, і пад яго словы: «Віват, студэнт, віват, БДУ» – першакурснікі выпусцілі ў неба белыя і сінія паветраныя шарыкі.
Навучальны год 2022/2023 у лекцыйных аўдыторыях БДУ, як і ва ўсіх адукацыйных установах нашай краіны, пачаўся з першага ўрока «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню». Праводзіў яго Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У рэктараце і на кожным з факультэтаў усталявалі праектары, каб першакурснікі і супрацоўнікі ВНУ змаглі быць на сувязі ў рэжыме анлайн з Палацам Незалежнасці, адкуль вялася прамая трансляцыя.
На ўрок з Прэзідэнтам запрасілі адораных вучняў і студэнтаў, пераможцаў і лаўрэатаў навуковых, творчых і міжнародных конкурсаў, валанцёраў, актывістаў, членаў студатрадаў. Сярод іх былі і прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (больш падрабязна пра адкрыты ўрок чытайце на сайце прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – https://president.gov.by).
У Палацы спорту для першакурснікаў быў падрыхтаваны галоўны падарунак – традыцыйнае шоу «Віват, студэнт БДУ!». Гэта маштабная імпрэза з яркімі фотазонамі, конкурсамі і цёплымі абдымкамі ад талісмана ўніверсітэта – бобрыка Спадарожніка Веды.
Да пачатку паказу студэнты-першагодкі маглі паспрабаваць свой поспех у невялікай латарэі, найбольш удачлівыя атрымалі прыемныя сюрпрызы. Пасля таго, як студэнцкае мора навадніла канцэртны зал і яшчэ колькі хвілін шумела ў чаканні праграмы, пагасла святло і на сцэне пачаўся «Вечар у замку» ў выкананні ансамбля «Харошкі». Гэтым нумарам калектыў падкрэсліў важнасць захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Ад мінулага да сучаснасці праклала сцежку маляўнічае лазернае шоу. Гэты элемент свята ўжо не першы год уражвае гледачоў сваёй дынамікай і эмацыйнасцю. Пасля на сцэну ўрачыста вынеслі штандары факультэтаў. Сваіх новых навучэнцаў радасна віталі дэканы, а тыя, у сваю чаргу, падтрымлівалі іх авацыямі.
Да калег і студэнтаў звярнуўся рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ён распавёў прысутным пра тое, як аднойчы Аляксандр Македонскі разгневаўся на свайго настаўніка – знакамітага навукоўца Арыстоцеля. Па сведчанні рымскіх гісторыкаў, калі Аляксандр Македонскі даведаўся, што Арыстоцель стварыў школу і транслюе веды іншым людзям, ён усклікнуў: «Як? Бо я ж сын Бога! Чаму ж так адбываецца, што просты смяротны можа ведаць тое, што ведаю я?» З таго часу прайшло вельмі шмат стагоддзяў, і сёння веды сталі даступныя любому, хто мае жаданне іх набыць.
«Аднак ёсць веды, якія набываюцца звонку, і веды, якія вы вырошчваеце знутры, – заўважыў рэктар. – Гэта адрознівае элітную адукацыю ад менш элітнай. Я хачу вам пажадаць, каб не толькі гэты дзень, а і ўсе наступныя гады для вас былі напоўненыя сапраўды элітарным часам. Часам, калі вы навучыцеся задаваць пытанні, калі вы навучыцеся ставіць мэты. На звычайных дысцыплінах, на звычайных парах, лабараторных, лекцыях. Калі вы будзеце мець магчымасць стварыць нешта сваё, а не пазычаць нешта чужое. Вы ўсе ўнікальныя, і прыход кожнага з вас – а сёлета без малога 5000 студэнтаў папоўнілі шэрагі карпарацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – гэта вельмі патрэбная і вельмі невыпадковая падзея. Патрэбная ў першую чаргу для БДУ. Таму што вы бачыце вялізную палітру факультэтаў, палітру інстытутаў. Студэнт да абеду можа сядзець на парах, а пасля абеду быць дзе-небудзь на прадпрыемстве. І вось гэты велізарны, разнастайны карпаратыў і забяспечвае тую стогадовую сістэму адукацыі, якая шануецца далёка за межамі Рэспублікі Беларусь. Будзьце ўнікальнымі, не капіруйце, не пераймайце, услаўляйце поспехамі сваімі і сваёй сям’і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і нашу краіну, якая стварае для вас гэтыя ўмовы і гэтыя магчымасці. Віват, студэнт!»
Пасля прамовы кіраўніка ўніверсітэта на сцэну запрасілі прадстаўніка першакурснікаў – студэнта факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Аляксандра Доўгага, які набраў рэкордныя 396 балаў на ЦТ. Ад імя ўсіх, хто сёлета быў залічаны ў БДУ, ён павіншаваў навучэнцаў і выкладчыкаў з Днём ведаў:
«У гэтым годзе Дзень ведаў для нас, першакурснікаў, асабліва важны. Новая навучальная ўстанова, новыя веды, новыя знаёмствы, новыя эмоцыі і надзеі. БДУ штогод збірае ў сваіх сценах самых таленавітых і працавітых вучняў. Упэўнены, што ўсе мы прыклалі шмат намаганняў для таго, каб паступіць у найлепшы ўніверсітэт нашай краіны з мэтай атрымання якаснай і годнай адукацыі. Кожны з нас імкнецца стаць спецыялістам у пэўнай сферы, быць перспектыўным і запатрабаваным. Я ўпэўнены, што нашы імкненні і цікавасць да абранай сферы стала толькі мацнейшай. А атрыманыя ва ўніверсітэце веды будуць гарантыяй майстэрства і прафесіяналізму, што стане моцным фундаментам для далейшага дабрабыту Беларусі і адзінства народа. Выкладчыкам універсітэта жадаю больш мэтанакіраваных і дапытлівых студэнтаў. А навучэнцам – цікавай і насычанай вучобы, выдатных поспехаў і, вядома, самых лепшых вынікаў».
Завяршылася афіцыйная частка клятвай першакурснікаў, на якой яны хорам паабяцалі быць узорнымі студэнтамі і захоўваць традыцыі ўніверсітэта. Пасля рэктар уручыў Аляксандру сімвалічны студэнцкі білет і адзначыў, што з гэтай хвіліны яны могуць лічыцца паўнапраўнымі студэнтамі.
Пасля ўрачыстай цырымоніі пачалася канцэртная праграма, з творчымі нумарамі выступілі найлепшыя калектывы ўніверсітэта. Харавая капэла БДУ спявала не толькі гімн студэнтаў Gaudeamus, але і вядомую многім песню канадскага спевака і паэта Леанарда Коэна «Алілуя». Знаёміў са сваёй творчасцю першакурснікаў заслужаны аматарскі фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш». Народны фальклорны ансамбль «Тутэйшая шляхта» запаліў залу выкананнем на беларускай мове песні Люціка з папулярнай камп’ютарнай гульні «Ведзьмару дайце талер».
Танцавальныя нумары таксама паказалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Крыжачок» і калектыў філалагічнага факультэта FEELS. Для новых студэнтаў спявалі пераможцы шматлікіх конкурсаў, зоркі БДУ: Мікіта Уласенка, Варвара Штэфірца, Лізавета Нікіценка, Яўген Лосеў, Дар’я Тухто, Ангеліна Сарока, Хелена Мерааі і іншыя. Скончыўся святочны вечар дыскатэкай пад хіты ў выкананні кавер-бэндаў EMBAND і De Kuba.
Ілья ВАРАБ’ЁЎ, Ганна КАЗАКОВА