аБДУманы шлях Святланы Харытонавай

20 Oct, 2022.

Загадчык кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана ХАРЫТОНАВА ў бягучым годзе атрымала грант Прэзідэнта на распрацоўку канцэпцыі мадэрнізацыі масава-інфармацыйнай дзейнасці нацыянальных дзіцячых медыя. Мы пагутарылі з ёй пра тое, як першыя навуковыя работы выліліся ў маштабную даследчыцкую працу.

 Выбар адзін – найлепшы ўніверсітэт

Непарыўная сувязь Святланы Харытонавай з Белдзяржуніверсітэтам бярэ пачатак у 2000 годзе, калі яна паступіла ў філалагічны клас Ліцэя БДУ. Ліцэйскія педагогі дапамаглі дзяўчыне зарыентавацца ў моры прафесій, і выбар месца далейшага навучання стаў для яе заканамерным.

– Ва ўсе часы ліцэісты славіліся добрай падрыхтоўкай. Таму пасля Ліцэя БДУ выбар быў адзін – паступленне ў найлепшы ўніверсітэт краіны, канешне ж, на адзін з самых прэстыжных факультэтаў. А факультэт журналістыкі заўсёды знаходзіўся сярод першых. Таму пытання – чаму менавіта журфак, а не нешта іншае – у мяне не стаяла, – дзеліцца Святлана Вячаславаўна.

Найлепшыя кіраўнікі і самабытны напрамак навуковай дзейнасці

Найбольш усвядомленым погляд на будучую прафесію стаў пасля знаёмства студэнткі Святланы Харытонавай з загадчыкам кафедры перыядычнага друку (цяпер – кафедра перыядычнага друку і вэб-журналістыкі. – І. І.) Аляксандрам Сворабам, які праз некаторы час стаў яе навуковым кіраўніком і калегам. Расказваючы пра гэтага чалавека, яна не хавае ўсмешкі, называе Аляксандра Канстанцінавіча настаўнікам, які заўсёды па-бацькоўску клапаціўся пра яе, падтрымліваў і дапамог вызначыцца з навукова-выкладчыцкім шляхам на факультэце. Ды і напрамкам, які даследчыца распрацоўвае зараз, Аляксандр Свораб зацікавіў яе на занятках па дызайне перыядычных выданняў: для дзяўчыны гэтыя пары заўсёды хавалі ў сабе новае, нязведанае і цікавае.

– Чаму я аддала перавагу менавіта дзіцячай перыёдыцы? Пачынаючы з першага курса, на журфаку студэнтам прапаноўвалі розныя тэмы, расказвалі пра ўсемагчымыя напрамкі функцыянавання журналістыкі. Пытанні развіцця дзіцячых СМІ закраналіся, але павярхоўна. Яны заставаліся па-за кадрам, нягледзячы на тое, што гэты сегмент –найважнейшы ў нацыянальнай медыясферы, бо ён адказвае за выхаванне будучага пакалення беларусаў. Паступова навуковыя работы па перыёдыцы для дзяцей знайшлі ўвасабленне ў самастойнай навуковай галіне – беларускай дзіцячай журналістыцы. Распрацоўку гэтага фундаментальнага напрамку я працягнула ў доктарскім даследаванні, абарона якога адбылася ў маі бягучага года, пры навуковым кансультаванні прафесара Віктара Іўчанкава, які ўнёс неацэнны ўклад у маё прафесійнае станаўленне як навукоўца. Менавіта дзякуючы яго парадзе я прыняла ўдзел у конкурсах навуковых прац на дзяржаўныя гранты. У выніку ў 2021–2022 гг. пад кіраўніцтвам Віктара Іванавіча выкананы навукова-даследчы праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і зараз завяршаецца навуковая работа на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы навукі ў 2022 годзе, – расказвае даследчыца.

Праз пільную даследчыцкую ўвагу Святланы Харытонавай прайшло больш за 133 перыядычныя выданні для дзяцей. На газетах і часопісах навуковец спынілася, паколькі гэты сегмент перыядычнага друку для дзяцей з’яўляецца найбольш шматлікім у параўнанні з іншымі відамі падобных СМІ, мае факталагічную базу і шырэйшыя магчымасці для інтэрпрэтацыі вынікаў.

 Чаму сёння неабходна вывучаць СМІ для дзяцей?

Па словах Святланы Вячаславаўны, пасля завяршэння развіцця сістэмы дзіцячых СМІ з распадам СССР склалася сітуацыя, калі старэйшыя беларускія выданні, якія раней знаходзіліся ў гэтай сістэме, засталіся «самі па сабе». Яны апынуліся сярод вялікай колькасці новых выданняў забаўляльнага кірунку, камерцыйнай прэсы, гульнявых СМІ і замежнага кантэнту. Трэба было шукаць новыя зместавыя і візуальныя формы. Пачынаючы з 90-х гадоў, колькасць дзіцячай перыёдыкі ў Беларусі ўзрасла, пры гэтым нацыянальных выданняў такога тыпу было няшмат. І, каб быць запатрабаванай сярод беларускіх дзяцей, прыцягваць увагу мэтавай аўдыторыі, не губляючы сваіх каштоўнасных арыенціраў, перыёдыка была вымушана шукаць новыя фарматы. Яшчэ адзін фактар, што абумовіў неабходнасць распрацоўкі канцэпцыі мадэрнізацыі прэсы для самых маленькіх чытачоў, – лічбавізацыя, якая пачала масава прыцягваць дзіцячую медыяаўдыторыю ў 2000-х гадах. З  таго часу дзеці больш паглыбіліся ў свет інтэрнэту, пачалі самі выбіраць медыякантэнт, які іх выхоўвае, уплывае на іх станаўленне як асоб.

У рабоце Святланы Харытонавай вывучаюцца тры асноўныя складнікі: сістэмаўтварэнне дзіцячых СМІ (іх колькасць, структура, тыпалогія), візуальныя і зместавыя формы трансляцыі медыякантэнту для дзіцячай аўдыторыі, а таксама спосабы прасоўвання інфармацыі ў інтэрнэце, якія б выконвалі адукацыйную і выхаваўчую функцыю і былі прывабнымі для дзяцей дашкольнага ўзросту, малодшых, сярэдніх і старэйшых школьнікаў. Даследчыца вывучыла праблему ў гістарычным кантэксце: як гэты сегмент медыя развіваўся, якія змены яго суправаджалі. Таксама высветліла, як ён уплываў на зместавыя і візуальныя элементы перыёдыкі, выявіла, як з дапамогай гэтых сродкаў фарміраваліся светапоглядныя ўстаноўкі і аксіялагічныя прыярытэты ў маленькіх чытачоў. На аснове атрыманых вынікаў аўтар зрабіла высновы, як ранейшы вопыт функцыянавання такіх СМІ можа быць скіраваны на вырашэнне сучасных праблем. Так нарадзілася сістэма поглядаў па мадэрнізацыі інфармацыйнай дзейнасці нацыянальных дзіцячых медыя, якая вызначае прыярытэтныя напрамкі ў сферы стварэння імпартазамяшчальнага запатрабаванага і канкурэнтаздольнага айчыннага медыякантэнту для дзяцей.

Напрацоўкі загадчыка кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі працяглы час укараняюцца ў практыку дзейных дзяржаўных СМІ для дзяцей, уключаны ў адукацыйны працэс БДУ і рэгіянальных ВНУ.

Святлана Харытонава гаворыць, што ва ўмовах шматзадачнасці нярэдка прыходзіцца шкадаваць, што ў сутках толькі 24 гадзіны. Таму на пытанне, каму б яна прысвяціла 25-ю гадзіну, калі б тая існавала, адказвае: «Сям’і і любімай справе».

 


Найбольш вялікай часткай дзіцячых СМІ Беларусі, як расказвае С. В. Харытонава, з’яўляецца забаўляльная, развіццёвая і пазнавальная прэса: яна ў некалькі разоў перавышае колькасць літаратурна-мастацкіх, адукацыйных і грамадска-палітычных СМІ для дзяцей. Медыя, скіраваныя на дашкольнікаў, удвая пераўзыходзяць выданні для малодшых школьнікаў і ў сем разоў – перыёдыку для сярэдніх і старэйшых школьнікаў. Ва ўмовах росту папулярнасці лічбавага медыякантэнту сярод дзяцей узрастае неабходнасць стварыць спецыялізаваныя інтэрнэт-пляцоўкі, прызначаныя для сістэматычнага, мэтанакіраванага і шматмернага выхавання, развіцця, навучання і інфармавання беларускіх дзяцей усіх узроставых груп. Усё гэта сведчыць пра перспектывы ў беларускім медыяполі выразна структураванага комплексу нацыянальных медыя для дзяцей, якія б былі ўзаемазвязаны арганізацыйна, тыпалагічна і функцыянальна, а таксама забяспечвалі пераемнасць у трансляцыі духоўна значнай і нацыянальна-патрыятычнай інфармацыі.

Ірына Івашка

print

Вам таксама можа спадабацца: