Студэнцкі савет БДУ – самы малады орган студэнцкага сумеснага кіравання ўніверсітэта. Расказаць больш падрабязна пра сутнасць новаўвядзенняў і ўвогуле пра аб’яднанне мы запрасілі яго старшыню – чацвёртакурсніцу факультэта міжнародных адносін Аліну РАЦЬКОВУ.
Давайце знаёміцца
Студэнцкі савет – гэта вышэйшы каардынацыйны орган, які накіроўвае і кансалідуе работу 5 органаў студэнцкага сумеснага кіравання і 2 моладзевых аб’яднанняў БДУ. Яго галоўная задача – прадстаўляць інтарэсы студэнтаў перад органамі кіравання ВНУ, выкладчыцкім корпусам, грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі. Тым самым ён ўмацоўвае ўнутрыўніверсітэцкія і міжуніверсітэцкія, рэгіянальныя і міжнародныя сувязі.
З 2014 па сярэдзіну 2022 года арганізацыя насіла назву Студэнцкая асамблея БДУ. Зараз у аснове Студэнцкага савета БДУ стаіць генеральны камітэт, куды ўваходзяць старшыня, адказны сакратар, намеснік старшыні і ўсе старшыні студэнцкіх арганізацый БДУ. Гэта падраздзяленне выпрацоўвае прапановы па развіцці органаў студэнцкага сумеснага кіравання. Можна сказаць, што работа тут выбудоўваецца па ланцужку «Ад студэнтаў – студэнтамі – для студэнтаў».
Студэнцкі савет курыруе праекты і мерапрыемствы падначаленых арганізацый, можа спрыяць у іх правядзенні. Так ці інакш, актывісты ўсіх іншых арганізацый – гэта частка студэнцкага савета, таму яго прадстаўнікі часта ўдзельнічаюць у розных ініцыятывах як запрошаныя госці.
– Наша аб’яднанне мае ўласную зону адказнасці, у большасці выпадкаў гэта міжнародныя праекты, для правядзення якіх утвараюцца асобныя ініцыятыўныя групы. Пастаяннага арганізацыйнага камітэта ў студэнцкім савеце няма, паколькі ўсе актывісты – прадстаўнікі арганізацый, якія ўваходзяць у яго склад. На гэтым і будуецца сістэма студэнцкага сумеснага кіравання, – распавядае Аліна Рацькова. – Зараз мы арганізоўваем дзейнасць факультэцкіх студэнцкіх саветаў, кіраўнікі якіх увойдуць у савет старшынь Студэнцкага савета БДУ. На ім будуць абмяркоўвацца ўсемагчымыя пытанні студэнцкага сумеснага кіравання нашай ВНУ. Напрыклад, зараз прыярытэтным для арганізацыі з’яўляецца распрацоўка трох асноўных нарматыўных дакументаў – «Стратэгіі развіцця студэнцкага сумеснага кіравання БДУ», «Стратэгіі развіцця карпаратыўнай культуры» і «Стратэгія развіцця інфармацыйнай культуры медыяпрасторы органаў студэнцкага сумеснага кіравання».
Я пазнаю цябе па праектах
Найбольш знакавымі ініцыятывамі Студэнцкага савета БДУ выступаюць міжнародны моладзевы форум «М. І. Р: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё», міжнародны патрыятычны студэнцкі форум «Святло Вялікай Перамогі», міжнародная школа студэнцкай журналістыкі, форум студэнцкіх ініцыятыў і адукацыйныя курсы «Універсітэт+».
Актыўнасці форуму студэнцкіх ініцыятыў сёлета прайшлі ва ўніверсітэце ўпершыню. Першакурснікам прэзентавалі студэнцкія арганізацыі БДУ, знаёмілі іх са студэнцкім актывам, праводзілі адукацыйныя інтэнсівы па камандаўтварэнні, стварэнні прэзентацый, кіраванні праектамі, сустрэчы, прысвечаныя навыкам аптымізацыі работы. Прадстаўнікі аб’яднанняў дапамаглі студэнтам малодшых курсаў з распрацоўкай праектаў па васьмі напрамках, прадстаўленых на форуме. Цікава, што кожная арганізацыя і пасля форуму адказная за рэалізацыю прапанаваных праектаў і працягвае куратарства над студэнтамі-ўдзельнікамі. Такімі ініцыятывамі сталі студэнцкі навуковы часопіс Science now ад студэнцкага савета па якасці адукацыі і навуцы, грамадска-патрыятычны праект «Спазнай Беларусь» ад БРСМ, «Акрэдытацыя валанцёраў» ад студэнцкага савета, World Students Fest ад студэнцкага саюза, «Дзень нацыянальнай кухні» ад савета зямляцтваў, квест па інтэрнатах ад савета інтэрнатаў студэнцкага гарадка, «ABIFest: на шаг ближе!» ад савета старастаў.
Міжнародны моладзевы форум «М. І. Р: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё» праводзіцца ў кастрычніку, сёлета – ужо ў шосты раз. На гэтай пляцоўцы лідары студэнцкіх арганізацый ВНУ з краін СНД і Еўропы абменьваюцца вопытам. На працягу тыдня кіраўнікі аб’яднанняў абмяркоўваюць злабадзённыя з’явы з дзейнасці студэнцкага сумеснага кіравання і ўдзельнічаюць у сустрэчах з экспертамі па той ці іншай праблеме. Так, тэмай форума ў 2022 годзе стала студэнцкае лідарства ў межах вышэйшай школы.
Самакіраванне VS сумеснае кіраванне
Пераход ад студэнцкага самакіравання да студэнцкага сумеснага кіравання адбыўся па ініцыятыве студэнтаў Беларусі. Моладзь хацела быць паўнавартаснай часткай кіраўніцтва сваіх ўніверсітэтаў, рэалізоўваць праекты і ініцыятывы разам з адміністрацыямі ВНУ. Ініцыятарам падпісання сеткавага ўзгаднення аб узаемадзеянні паміж студэнцкімі саветамі краіны стаў БДУ, і ў чэрвені дакумент быў падпісаны прадстаўнікамі 9 універсітэтаў. Пазней у межах Беларускага студэнцкага патрыятычнага форуму яго падтрымалі яшчэ 7 устаноў вышэйшай адукацыі. Паміж універсітэтамі Беларусі пануе сапраўднае сяброўства, дзякуючы дзейнасці актывістаў студэнцкіх саветаў, а таксама інфармацыйнай падтрымцы калег з іншых універсітэтаў і агульным мерапрыемствам.
Адным з ключавых новаўвядзенняў стала з’яўленне ў палажэнні студэнцкага савета нашага ўніверсітэта асобнай главы «Узаемадзеянне з адміністрацыяй БДУ». Дзякуючы такому дапаўненню, прадстаўнікі студэнцкага савета могуць прымаць удзел у рабоце калегіяльных органаў універсітэта: рэктарата, Савета БДУ і інш.
– Самакіраванне і сумеснае кіраванне – два блізкія па сваёй сутнасці напрамкі. У самакіраванні мы арганізоўвалі дзейнасць сваіх аб’яднанняў, прыдумлялі праекты, у сумесным кіраванні мы робім усё тое ж, толькі пры большай падтрымцы адміністрацыі ўніверсітэта. Так, напрыклад, пры садзейнічанні ВНУ ў пачатку верасня ўпершыню ў дзейнасці студэнцкага савета прайшла дзесяцідзённая стажыроўка студэнтаў Кубанскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта імя І. Ц. Трубіліна. Студэнты ўвесь гэты час наведвалі адукацыйныя воркшопы, якія вялі выкладчыкі нашага ўніверсітэта, найлепшыя выпускнікі, студэнты-актывісты. Узаемадзеянне ў межах студэнцкага савета вельмі каштоўнае, паколькі дзякуючы яму мы можам увасобіць у жыццё карыснае для нашых студэнтаў. Актыўнасці па-за заняткамі – гэта ж самае яркае ў студэнцкія гады нашага жыцця, – гаворыць старшыня савета Аліна Рацькова.
Скажы, хто кіраўнік, і я раскажу пра арганізацыю
– Знаёмства са студэнцкім самакіраваннем у мяне адбылося на першым курсе. Тады я шукала сябе і замацавалася ў студэнцкім савеце па якасці адукацыі (цяпер – студэнцкі савет па якасці адукацыі і навуцы). Удзел у арганізацыі факультэцкіх і ўніверсітэцкіх актыўнасцяў паглынуў з галавой: я паўдзельнічала ў выбарах старшыні арганізацыі і стала яе кіраўніком. Тут я стала больш разумець, як студэнцкія арганізацыі працуюць знутры, і вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі старшыні вышэйшага органа студэнцкага сумеснага кіравання.
Пасля таго, як я стала старшынёй, за тры месяцы студэнцкі савет правёў чатыры форумы. У найбліжэйшы час нас чакае яшчэ адно мерапрыемства такога маштабу. Правільна кажуць, што маладосць аддае ўсю сябе. У студэнцкім жыцці важна затрачваць свой час на тыя справы, якія «перажывуць» нас. І ўсё зробленае ў студэнцкім савеце накіравана на тое, каб арганізацыі ўдасканальваліся, прыносілі карысць такім жа студэнтам, як мы самі, каб рабілі навучальны працэс ва ўніверсітэце больш насычаным з розных бакоў.
Па-за вучобай і студэнцкім жыццём мае інтарэсы таксама звязаны з моладзевымі арганізацыямі. Напэўна, бярэ сваё спецыяльнасць «сусветная эканоміка», дзе вучуся, бо такога кшталту цікавасці блізкія да міжнародных сувязяў і карэлююць з маёй будучай прафесіяй. Улетку стала старшынёй Камісіі па міжнародных справах Моладзевага парламента Нацыянальнага сходу Беларусі. Усюды хочацца паспець, бо на чацвёртым курсе ты ўсё часцей разумееш, што часу ажыццявіць ідэі застаецца не так шмат, як бачылася напачатку.
Маладосць – гэта калі ты вывучаеш і хочаш вывучаць. Студэнцкі савет БДУ – магчымасць вучыцца і ўдасканальваць лідарскія якасці. Я, напрыклад, цяпер ведаю многае з таго, пра што раней не задумвалася: кіраванне камандай, этапы арганізацыі мерапрыемстваў, асновы вэб-дызайну і іншае. Таму, калі нехта разважае пра ўваход у студэнцкую арганізацыю, раю яму не баяцца і хутчэй улівацца ў аб’яднанне. Чым бы ты ні займаўся, заўсёды побач знойдуцца тыя, хто прыйдзе на дапамогу, падхопіць ідэю, падкажа.
Ірына Івашка