На працягу ўсёй гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічная падрыхтоўка студэнтаў лічылася абавязковым элементам працэсу адукацыі. Навучальны год 2022/2023 пачаўся са значнай перамогі ўніверсітэта ў Рэспубліканскай універсіядзе: БДУ заняў 1-е агульнакаманднае месца і атрымаў залаты кубак!
Акрамя таго напачатку новага навучальнага года адбыўся «Тыдзень спорту і здароўя», які традыцыйна праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, спартыўных федэрацый.
Праграма мерапрыемстваў задаволіла нават самых дасведчаных прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Напрыклад, таварыскі матч па баскетболе сярод мужчынскіх каманд БДУ – БДУФК, таварыскі матч па валейболе сярод студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў БДУ і шмат іншых. Безумоўна, былі прадугледжаны актыўнасці для ўдзельнікаў рознага ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці і стану здароўя.
У першыя тыдні навучальнага года студэнты БДУ актыўна ўключыліся ў спаборніцкую дзейнасць, якой так не хапала на летніх канікулах. Для першакурснікаў быў арганізаваны маштабны фестываль відаў спорту, каб яны змаглі пазнаёміцца з рознымі спартыўнымі напрамкамі праз эфектныя выступленні спартсменаў універсітэта.
Акрамя таго прайшоў фестываль вулічнага футбола «Квадрат», турнір па міні-футболе сярод першых курсаў і спартыўна-масавае мерапрыемства ФМА «Вялікія гонкі».
Больш актыўнымі становяцца навучэнцы БДУ і ў валанцёрскай дзейнасці для спартыўных падзей краіны. Нагадаем, толькі на ІІ Еўрапейскіх гульнях сярод валанцёраў былі 1359 студэнтаў нашага ўніверсітэта! На спартыўна-масавых мерапрыемствах «Міжнародны алімпійскі дзень», на фестывалі «Мінск моладзевы», які праводзіцца на спартыўных пляцоўках у парку Перамогі і ў парку імя М. Паўлава, на мінскім паўмарафоне прадстаўнікі БДУ не толькі самыя актыўныя ўдзельнікі, але і заўсёды памочнікі арганізатараў.
На мінскім паўмарафоне 2022 года ўніверсітэт не застаўся без медалёў:выпускніца ФМА, а цяпер выкладчыца кафедры ўсходніх моў факультэта міжнародных адносін Мая ТАНКІХ заняла другое месца на дыстанцыі 5 км.Гучны рэзананс выклікала сустрэча студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ з легендамі сусветнага і беларускага спорту. Ганаровымі гасцямі былі: 4-разовы алімпійскі чэмпіён, 11-разовы чэмпіён свету па біятлоне Аляксандр Ціханаў; 4-разовы алімпійскі чэмпіён, 7-разовы чэмпіён свету па фехтаванні Віктар Сідзяк; алімпійскі чэмпіён, 10-разовы чэмпіён свету па фехтаванні, які ўваходзіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, Аляксандр Раманькоў; двухразовая чэмпіёнка свету,сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па фехтаванні Ірына Ушакова. Падчас сустрэчы чэмпіёны расказвалі пра свой цярністы шлях да поспеху, пра цяжкасці і паражэнні, з якімі давялося сутыкнуцца, і пра тую вялізную любоў да спорту, якую яны пранеслі праз усё жыццё.
У гэтым годзе каманда БДУ па футболе ўпершыню ўдзельнічала ў Нацыянальнай расійскай студэнцкай футбольнай лізе Расіі. Па выніках сустрэчы наймацнейшых каманд у г. Есентукі жаночая каманда БДУ заняла другое месца. Мужчынская каманда БДУ па міні-футболе прывезла залаты кубак са Спартакіяды Саюзнай дзяржавы – 2022.
Уявіце, што ўсе гэтыя мерапрыемствы – толькі самы пачатак навучальнага года! Галоўныя старты яшчэ наперадзе.
З сярэдзіны мінулага стагоддзя студэнты ўніверсітэта дэманстравалі гучныя перамогі на адказных міжнародных спаборніцтвах і такім чынам неаднаразова пацвярджалі, што спалучэнне навучальна-прафесійнай дзейнасці студэнтаў з актыўнымі заняткамі спортам стымулюе да здабыцця лепшых фізічных кандыцый. Яркім прыкладам таму могуць служыць дасягненні алімпійцаў БДУ. За ўсю гісторыю кафедры студэнтамі БДУ на чэмпіянатах свету і Еўропы, а таксама на сусветных універсіядах заваявана больш за 100 медалёў рознай вартасці.
Асаблівым дасягненнем кафедры фізічнага выхавання і спорту стала перамога ў Рэспубліканскай універсіядзе 2021 г. Па выніках спаборніцтва Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заняў 1-е агульнакаманднае месца, выступіўшы ў 43 відах праграмы. Студэнты ад БДУ асабліва вызначыліся ў спаборніцтвах па каратэ сярод жанчын, спартыўнай аэробіцы і пляжным валейболе сярод жаночых каманд. Каманды занялі ў гэтых відах спорту першыя месцы. На другую прыступку п’едэстала ўзышлі прадстаўнікі БДУ ў футбольнай лізе сярод жаночых і мужчынскіх каманд, спаборніцтве па каратэ сярод мужчын, бадмінтоне, шахматах, настольным і вялікім тэнісе, веласіпедным спорце і ў баскетбольнай лізе сярод жаночых каманд.
Спартыўныя дасягненні прадстаўнікоў БДУ заўсёды садзейнічалі фарміраванню іміджу ўніверсітэта і павышэнню яго міжнароднага рэйтынгу. Толькі за мінулы навучальны год студэнты ўніверсітэта заваявалі на чэмпіянатах свету, Еўропы, міжнародных турнірах, чэмпіянатах і кубках Рэспублікі Беларусь 110 медалёў, з іх 29 залатых, 50 сярэбраных, 31 бронзавы. Студэнтам БДУ прысвоены 1 спартыўнае званне «майстар спорту Рэспублікі Беларусь», 10 спартыўных разрадаў «кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь», 17 – 1-га разраду.
Сёння больш за 1000 студэнтаў актыўна займаюцца ў 62 спартыўных групах і зборных камандах універсітэта для таго, каб дэманстраваць свае вынікі ў спаборніцтвах па відах спорту без адрыву ад адукацыйнага працэсу.
Найбольш паспяхова выступаюць на студэнцкіх спаборніцтвах зборныя каманды ўніверсітэта па грэка-рымскай барацьбе, дзюдо, футболе, валейболе, плаванні, лыжных гонках, біятлоне, каратэ, настольным тэнісе, шахматах,самба, гіравым спорце, спартыўным арыентаванні, спартыўнай аэробіцы і тайскім боксе. Але галоўнае – з кожным годам абсалютная большасць з іх імкнецца палепшыць свае фізічныя якасці.
Алімпійскія гульні і БДУ
Усяго ў Алімпійскіх гульнях у розныя гады прынялі ўдзел 35 студэнтаў і выпускнікоў БДУ, якія заваявалі 13 медалёў рознай вартасці (2 залатыя, 5 сярэбраных, 6 бронзавых). Першым прадстаўніком універсітэта на Алімпійскіх гульнях была студэнтка юрыдычнага факультэта Вольга Кошалева, якая выступала ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў Мельбурне ў 1956 г. А першую алімпійскую ўзнагароду ўніверсітэту прынёс студэнт хімічнага факультэта Уладзімір Гараеў, які заваяваў сярэбраны медаль у Рыме ў 1960 г.
Двойчы на Алімпійскіх гульнях на найвышэйшую прыступку п’едэстала ўзнімаліся прадстаўнікі ўніверсітэта. Чэмпіёнскіх тытулаў былі ўдастоены студэнт юрыдычнага факультэта, барэц грэка-рымскага стылю Камандар Маджыдаў (Сеул, 1988) і выпускнік факультэта міжнародных адносін, тэнісіст Максім Мірны (Лондан, 2012).
Сярэбраныя ўзнагароды, акрамя Уладзіміра Гараева, заваявалі Сяргей Ліштван (грэка-рымская барацьба, Атланта, 1996), Ганна Глазкова (мастацкая гімнастыка, Сіднэй, 2000), Ксенія Санковіч (мастацкая гімнастыка, Лондан, 2012), і Дар’я Навумава (цяжкая атлетыка, Рыа-дэ-Жанейра, 2016).
Бронзавымі прызёрамі сталі: Галіна Савіцкая (баскетбол, Сеул, 1988), Сяргей Дземяшкевіч (грэка-рымская барацьба, Барселона, 1992), Міхаіл Сямёнаў (грэка-рымская барацьба, Пекін, 2008), Ксенія Санковіч (мастацкая гімнастыка, Пекін, 2008), Джавід Гамзатаў (грэка-рымская барацьба, Рыа-дэ-Жанейра, 2016) і іншыя.
Асобна хочацца расказаць пра студэнта юрыдычнага факультэта, які паказаў найлепшы вынік у гісторыі паралімпійскага руху Беларусі. Ігар Бокі – плывец, які выступае сярод спартсменаў з парушэннем зроку. Ён заваяваў на Паралімпійскіх гульнях у Лондане, Рыа-дэ-Жанэйра і Токіа 16 залатых, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медалі.
Удзельнікі Алімпійскіх гульняў працуюць і зараз у складзе кафедры фізічнага выхавання і спорту. Гэта выкладчыкі Н. І. Сафонава, А. П. Атрошчанка, М. А. Заржыцкая. На кафедры таксама працуюць заслужаныя трэнеры Беларусі М. В. Пазняк, М. М. Прусаў і трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь Д. В. Ліхарад, пад кіраўніцтвам якіх былі падрыхтаваны ўдзельнікі сусветных спаборніцтваў.
Гісторыя кафедры
Стварэнне кафедры фізічнага выхавання ў 1948 годзе было абумоўлена неабходнасцю падрыхтоўваць фізічна здаровых, інтэлектуальна развітых, прафесійна прыдатных спецыялістаў, запатрабаваных ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Першапачаткова фізічная падрыхтоўка студэнтаў, якія ў абавязковым парадку асвойвалі ваенныя прафесіі адначасова з цывільнымі, была абавязковым элементам працэсу ваенізацыі. Але паступова прыярытэты ў грамадстве памяняліся.
Першым загадчыкам кафедры быў Міхаіл Аронавіч Шэйнеман (з 1948 па 1952 гг.).
У 1952–1953 гг. яе кіраўніком быў В.С. Хрэнаў – заслужаны трэнер СССР, чэмпіён СССР 1956 года па фехтаванні на шаблях у камандных спаборніцтвах. Па яго ініцыятыве ў 1953 г. на аснове аналізу спартыўнай работы 12 найбуйнейшых устаноў вышэйшай адукацыі СССР была ўпершыню распрацавана праграма I круглагадовай спартакіяды БДУ па такіх відах спорту, як лёгкая атлетыка, спартыўная гімнастыка, лыжны спорт, баскетбол, валейбол, плаванне і фехтаванне.
Потым кафедру ўзначальвалі: Я. Р. Маркаў у 1954–1959 гг.; заслужаны трэнер БССР В. П. Шапялевіч у 1959–1971 гг.; чэмпіён і прызёр Спартакіяды народаў СССР па грэка-рымскай барацьбе, заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР В. М. Фефелаў у 1971–1980 гг.; дацэнт, заслужаны трэнер БССР С. У. Макарэвіч у 1980–2006 гг.; доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь В. А. Каляда ў 2006–2020 гг.
Сёння кафедрай загадвае Юлія Іванаўна МАСЛОЎСКАЯ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, майстар спорту Рэспублікі Беларусь па сучасным пяцібор’і, прызёр чэмпіянату Еўропы, неаднаразовая пераможца і прызёр міжнародных спаборніцтваў па сучасным пяцібор’і, суддзя міжнароднай катэгорыі.
– У нашай кафедры ёсць свае фірменныя святы: «Міжнародны дзень студэнцкага спорту», «Фестываль відаў спорту», «Інтэрактыўныя пляцоўкі», ZUMBA-фестываль, фестываль «Фітнес і Я», «BSURACE», матч зорак «Старт пакаленняў», «Фестываль скандынаўскай хадзьбы», «БДУ – спартыўны, БДУ –алімпійскі» і многія іншыя праекты, такія як «Лета кліча!», «Гарачыя гульні»,«Каратэ-до – ад сэрца да сэрца», – распавядае Юлія Іванаўна. – На адны мерапрыемствы мы традыцыйна запрашаем першакурснікаў, каб яны азнаёміліся з відамі спорту, якія культывуюцца ў БДУ, на другія заяўляюцца каманды, якія любяць вострыя адчуванні пры праходжанні паласы перашкод рознай складанасці, трэція – для тых, хто мае здольнасці ў танцавальных флэшмобах, і г. д. Увогуле, мы можам прапанаваць любы фармат для любога ўзроўню падрыхтаванасці.
Адукацыйны працэс
Нягледзячы на спаборніцтвы і спартыўныя дасягненні асноўным напрамкам работы кафедры з’яўляецца забеспячэнне адукацыйнага працэсу па навучальнай дысцыпліне «Фізічная культура».
Кафедра фізічнага выхавання і спорту ажыццяўляе навучальны працэс са студэнтамі I–IV курсаў на 15 факультэтах. Да розных формаў заняткаў прыцягнуты больш за 12 тысяч навучэнцаў, якія павышаюць узровень фізічнага развіцця рознымі сродкамі фізічнай культуры ў асноўных, падрыхтоўчых, спецыяльных медыцынскіх і спартыўных групах.
З 1993 года на кафедры вядуцца навуковыя даследаванні, звязаныя з распрацоўкай сучасных методык аб’ектывізацыі, тэсціравання і маніторынгу фізічнага і функцыянальнага стану студэнтаў. Вынікі адлюстраваны ў заключных справаздачах НДР, манаграфіях, штогадовых зборніках прац, матэрыялах дысертацыйных даследаванняў. Таксама з 1980 г. на кафедры сістэматычна ідзе падрыхтоўка да друку зборнікаў навуковых артыкулаў «Пытанні фізічнага выхавання студэнтаў ВНУ» і «Здаровы лад жыцця», выдаюцца метадычныя рэкамендацыі, манаграфіі, навучальныя дапаможнікі і электронныя вучэбна-метадычныя комплексы.
Навучальна-выхаваўчая праца – гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кафедры. Яшчэ адзін напрамак – навуковая дзейнасць. Пры кафедры дзейнічае вочная і завочная аспірантура па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўкі, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры», якая рыхтуе спецыялістаў у галіне фізічнай культуры і спорту не толькі для БДУ, але і іншых універсітэтаў Рэспублікі Беларусь.
Адной з задач з’яўляецца далучэнне студэнтаў да навукова-даследчай работы, якая дае магчымасць студэнтам любых спецыяльнасцяў, захоўваючы міждысцыплінарныя сувязі, паглыбіць веды не толькі ў галіне фізічнай культуры і спорту, але і ў выбранай прафесіі.
Свае навуковыя дасягненні ў спартыўнай і педагагічнай практыцы, навукова-тэхнічныя распрацоўкі кафедра дэманструе на спецыялізаваных міжнародных і рэспубліканскіх выставах.
Аб’екты спартыўнай інфраструктуры
Шматпрофільнасць установы вышэйшай адукацыі прадугледжвае наяўнасць вялікай колькасці факультэтаў, базы якіх знаходзяцца на значнай аддаленасці ад галоўнага корпуса ўніверсітэта. Але гэта не перашкаджае ажыццяўляць паўнацэнны навучальны працэс па дысцыпліне «Фізічная культура» ў розных раёнах сталіцы. На плошчах навучальна-спартыўнага комплексу «Універсітэцкі», які з’яўляецца асноўнай спартыўнай базай, займаецца сем факультэтаў. Тут праходзяць асноўныя спартыўныя турніры БДУ, а таксама спаборніцтвы рэспубліканскай універсіяды па валейболе і баскетболе.
Таксама заняткі праводзяцца ў карпусах на вуліцы Курчатава і вуліцы Мендзялеева. Зала гульнявых відаў спорту і 4 залы для заняткаў студэнтаў размяшчаюцца ў корпусе на вуліцы Карла Маркса. Функцыянуе зала на вуліцы Маякоўскага, дзе праходзяць заняткі факультэта сацыякультурных камунікацый. Менавіта на гэтай базе займаецца каманда па спартыўнай аэробіцы БДУ, якая стала ў 2021 годзе пераможцам рэспубліканскай універсіяды ў гэтым відзе спорту. Таксама ёсць залы ў корпусе на вуліцы Кальварыйскай, дзе займаецца факультэт журналістыкі і факультэт філасофіі і сацыяльных навук.
Нядаўна ў спартыўную інфраструктуру БДУ ўвайшоў кластар –навучальна-спартыўны комплекс на вуліцы Адоеўскага, дзе арганізаваны заняткі для спецыяльных медыцынскіх груп.
Да 100-годдзя ўніверсітэта спартыўная база папоўнілася яшчэ адным аб’ектам. Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага стадыёна на вуліцы Панамарэнкі. Футбольнае поле з натуральным газонам, бегавыя дарожкі і іншыя аб’екты (раздзявальні, душавыя, пакоі адпачынку для спартсменаў) будуць выкарыстоўвацца для правядзення заняткаў са студэнтамі па футболе, а ў восеньскі і вясновы навучальныя перыяды – для заняткаў па фізічнай культуры для студэнтаў факультэтаў журналістыкі і філасофіі і сацыяльных навук.
У філіяле БДУ, размяшчаным у пасёлку Шчомысліца, функцыянуе лыжная база. Хутка і там разгорнецца будаўніцтва новага спартыўнага комплексу. Наяўнасць добрай матэрыяльнай базы і вялікай колькасці студэнтаў дала магчымасць адкрыць у якасці асобнай структурнай адзінкі ў БДУ Рэспубліканскі цэнтр алімпійскага рэзерву па футболе, а таксама баскетбольны клуб «БДУ-Цмокі».
Супрацоўнікі кафедры фізічнага выхавання і спорту ўпэўненыя, што настойлівасць, мэтанакіраванасць, жаданне дабіцца высокіх вынікаў і ўмацаваць здароўе – гэта сапраўды важныя кампаненты паспяховай прафесійнай дзейнасці і паўсядзённага жыцця любога студэнта і супрацоўніка вялікай сям’і БДУ.
Ганна Казакова