Welcome week BSU: сяброўская сустрэча са студэнтамі замежжа

10 Oct, 2022.

Студэнты з Таджыкістана, Узбекістана, Туркменістана, Расіі, Азербайджана, Кітая, Лівіі, ЗША і іншых краін на 4 дні сталі ўдзельнікамі студэнцкай ініцыятывы «Welcomе week BSU». Форум правялі для таго, каб дапамагчы замежным студэнтам у адаптацыі падчас навучання і знаходжання ў Беларусі, а таксама для ўмацавання сяброўства паміж беларускімі і замежнымі навучэнцамі.

Ідэя правядзення такой сустрэчы паміж студэнтамі розных нацыянальнасцяў належыць Савету зямляцтваў БДУ. «Welcomе week BSU» праводзіўся і ў мінулым годзе, але арганізатары называюць форум 2022 года першым, таму што папярэдні быў пробнай версіяй.

З 3 па 6 кастрычніка замежныя навучэнцы пад куратарствам студэнтаў БДУ старэйшых курсаў наведалі заняткі і майстар-класы ад прадстаўнікоў упраўленняў па выхаваўчай рабоце з моладдзю, міжнародных сувязяў, па справах культуры, а таксама Студэнцкага гарадка БДУ, псіхалагічнай службы, кафедры фізічнага выхавання і спорту. Таксама для ўдзельнікаў правялі экскурсіі па ўніверсітэцкіх музеях гісторыі і землязнаўства.

У першы дзень навучэнцы знаёміліся за кубачкамі гарбаты, удзельнічалі ў трэнінгах, слухалі нацыянальную музыку і нават танчылі. Такі тымбілдынг, па словах старшыні саюза зямляцтваў Азамата БАБОЕВА, першапачаткова не быў запланаваны, але адбыўся натуральна і стварыў нязмушаную сяброўскую атмасферу.

Форум быў разлічаны на першакурснікаў, але сярод 25 удзельнікаў былі студэнты з 1 па 4 курсы. Старшакурснікі падзяліліся, што ім не хапала такіх мерапрыемстваў, калі яны толькі паступілі.

Студэнты з розных куткоў замежжа даведаліся, як працуюць структуры БДУ, з дапамогай якіх можна сябе рэалізаваць у творчасці і навуковай дзейнасці, куды можна звярнуцца са сваімі пытаннямі і як дапамагчы сябрам і аднакурснікам.

Мы спыталі некаторых удзельнікаў форуму пра іх гісторыю паступлення ва ўніверсітэт, першыя ўражанні і далейшыя планы.

Таджыкістан

Азамат БАБОЕЎ, 4 курс, ФМА

Я скончыў рускамоўную школу і хацеў паехаць вучыцца ў рускамоўную краіну. Было некалькі варыянтаў, у тым ліку Казахстан і Расія. Калі я выбіраў, то раіўся з дзядзькам. Ён часта ездзіць па розных краінах, і на той час адной з апошніх краін, якую ён наведаў, была Беларусь. Яму настолькі спадабаўся Мінск, што, калі паўстала пытанне выбару месца вучобы, ён сказаў: «Ты не пашкадуеш». І я вырашыў даверыцца дзядзьку і за гэтыя 4 гады сапраўды не пашкадаваў.

Падчас вучобы я пазнаёміўся са студэнтамі з розных краін. Цяпер, калі я паеду ў Туркменістан, Расію, Лівію, Іран, у мяне там ёсць сябры ці аднакурснікі. Важнае месца ў маім студэнцкім жыцці займае савет зямляцтваў. Маё знаёмства з ім адбылося ў 2019, калі я ўпершыню наведаў свята «Наўруз». Тады я пачаў распытваць, што такое савет зямляцтваў. Мне сказалі, што гэта арганізацыя для замежных студэнтаў, якая дапамагае адаптавацца, дапамагае з дакументамі і ладзіць розныя мерапрыемствы. Мне стала цікава, і паколькі я са школы быў актыўным навучэнцам, то адразу падаў заяўку. Калі мяне прынялі, я сам пачаў ствараць актыўнасці. Першапачаткова быў старшынёй таджыкскага зямляцтва, праз 2 гады стаў намеснікам старшыні Гадама Чарыева, летась стаў яго пераемнікам.

Я стараюся захоўваць традыцыі, якія сфармаваліся ў савеце зямляцтваў за гады існавання, імкнуся адпавядаць таму ўзроўню, які быў дасягнуты, і пашыраць дзейнасць савета і далей.

Я студэнт-бюджэтнік, таму пасля вучобы вярнуся ў сваю краіну на адпрацоўку, пэўны час планую працаваць па спецыяльнасці. Але ў будучыні хацеў бы вярнуцца ў Беларусь у якасці дыпламата, пасла ці консула.

Джавід ІКРАМАЎ, 3 курс, ФПМІ

Калі я разглядаў паступленне ў ВНУ сваёй краіны, зразумеў, што ў нас не даюць той адукацыі, якую я хачу. Таму абраў БДУ, прэстыжны ўніверсітэт, які знаходзіцца на высокай пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. Тут даюць добрую адукацыю па праграмаванні. У нас у Таджыкскім нацыянальным універсітэце ёсць сумесны з БДУ факультэт, таму я паступіў на праграму 2+2. Але, на мой погляд, выкладчыкі і навучальны працэс у БДУ мацнейшыя. Здаецца, што тут хочуць, каб ты навучыўся праграмаванню за кароткі час. Але ў мяне ёсць талент вучыцца ў хуткім тэмпе, таму я не здаюся.

Калі я прыехаў у Беларусь, мне перш за ўсё спадабалася надвор’е. Тут вельмі свежа, а ў Таджыкістане заўсёды вельмі горача і пыльна.

Мой брат працуе праграмістам у Дубаі. Хаця сам ён скончыў універсітэт у Малайзіі, мне раіў паступіць сюды. Калі я скончу вучобу, планую папрацаваць у Беларусі пару гадоў, зарабіць грошай і з’ехаць да брата.

Туркменістан

 Сельбі БЕШЫМАВА, 4 курс, ФМА

Мне хацелася паехаць у нейкую рускамоўную краіну, таму што я размаўляю на рускай мове. Думаю, што вучыцца ў краінах Еўропы было б складана. Ды і мой настаўнік на курсах казаў, што трэба выбіраць самы лепшы ўніверсітэт краіны. Гэта не павінна быць 20-я ВНУ Англіі, няхай гэта будзе найлепшы ўніверсітэт Рэспублікі Беларусь.

Асаблівых цяжкасцяў у адаптацыі не было. Вядома, гэта зусім новая атмасфера, новыя людзі. Мяне здзівіла, што ў БДУ вучыцца так шмат студэнтаў з нашай краіны, і ўвогуле, вельмі шмат замежных студэнтаў. З імі можна спакойна пагутарыць і зразумець, што ты не самотны ў тых праблемах, якія ўзнікаюць. Мы ўсе бегаем, афармляем адны і тыя ж дакументы, знаёмімся, камунікуем, і гэта вялізная падтрымка.

У Беларусі мне падабаюцца людзі, яны добрыя і ветлівыя. Я вельмі хутка завяла сяброў на патоку, і ўсе да мяне добра ставіліся. Таксама не было ніякай дыскрымінацыі ад беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў.

Не скажу, што нашыя культуры моцна адрозніваюцца. Усё ж такі ў постсавецкіх краін адна гісторыя, культура. Нас выгадавалі нашы мамы і бабулі, якія жылі ў Савецкім Саюзе. Але я вельмі сумую па сваіх нацыянальных стравах. Добра што савет зямляцтваў праводзіць шмат мерапрыемстваў, дзе можна нешта прыгатаваць і падзяліцца сваёй роднай культурай з іншымі.

Пасля выпуску хацелася б вярнуцца дадому, вельмі сумую па родных і блізкіх. Ды і на перыяд навучання выпаў такі час, калі ўвесь свет змагаецца з пандэміяй і няма рэгулярных авіязносін. За 4 гады вучобы я ні разу не была дома. А там – я б паглядзела, якія ў мяне ёсць перспектывы і куды я б магла прымяніць атрыманую адукацыю, веды і навыкі.

Лэйлі ДЖУМАКУЛЫЕВА, 4 курс, філфак

Бацькі хацелі, каб я вучылася менавіта ў Беларусі. У нас тут ёсць сваякі, яны самі вучыліся ў БДУ і параілі мне. Важна, што краіна спакойная, можна атрымаць добрую адукацыю, БДУ з’яўляецца прэстыжным універсітэтам.

Калі толькі прыехала, вельмі сумавала па маці. Але іншых цяжкасцяў не было, бо я ведаю рускую мову, а сваякі дапамагалі.

У БДУ вельмі добрыя выкладчыкі, не таксічныя. Зручныя бібліятэкі. У іх можна знайсці амаль усё, што трэба для вучобы. А калі я чагосьці не знаходжу, то заўсёды можна звярнуцца ў Нацыянальную бібліятэку. Там сапраўды ёсць усё. Падабаецца, што замежны студэнт можа атрымаць скідку на навучанне, калі добра вучыцца і ўдзельнічае ў мерапрыемствах. Я ўжо два разы атрымала скідку, і таму ў гэтым годзе не аплачваю вучобу. Гэта вялізны плюс і сапраўдны падарунак для мяне.

Мне ў Беларусі падабаецца амаль усё, акрамя надвор’я. Для мяне вельмі ветрана і дажджліва. Я не прывыкла да такога, хоць ужо чацвёрты год тут жыву. У Беларусі вельмі цікавая культура. Я была на многіх святах, мне падабаюцца беларускія танцы.

Пасля выпуску планую перш за ўсё паехаць дадому. Таксама разглядаю паступленне ў магістратуру ў Туркменістане ці іншай краіне. Я ведаю туркменскую, узбекскую, турэцкую, рускую, англійскую, нямецкую і нядаўна пачала вывучаць арабскую мову. Можа, атрымаецца паступіць у Турцыю.

Узбекістан

Рустамбек ТАЛІПАЎ, 1 курс, ФПМІ

Я прыехаў у Беларусь таму што тут адукацыя лепшая, чым у краінах Сярэдняй Азіі. Я чуў, што шмат якія прафесійныя праграмісты выходзяць з БДУ, і таму паступіў менавіта сюды.

Першае, што мне спадабалася ў Беларусі, гэта дарогі. Тут сапраўды добрыя дарогі, шмат розных аўтамабіляў. Таксама падабаюцца беларускія дажджы. У нас суха і сонечна, а мне больш падабаецца дажджлівае надвор’е.

Калі я жыў ва Узбекістане, я еў стравы беларускай кухні. Асабліва палюбіліся варэнікі з вішняй і з бульбай, але ў нас іх знайсці складана, не ўсе іх любяць, таму даводзілася гатаваць самому. Тут для мяне раздолле – можна без праблем купіць варэнікі з самымі рознымі начынкамі: і з чарніцамі, і нават з шакаладам.

Вельмі цікавыя мерапрыемствы ў БДУ, я ўжо ўдзельнічаў у некалькіх і захацеў пайсці ў валанцёрства. Даведаўся, што тут ёсць нават валанцёрскі цэнтр. Буду дапамагаць старым людзям і тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Пасля вучобы планую паступіць у магістратуру ў Нарвегіі.

Ірода ЭРГАШАВА, 4 курс, МДЭІ імя А. Д. Сахарава

Я прыехала ў БДУ па праграме 2+2. У нас у Нацыянальным дзяржаўным універсітэце Узбекістана імя Мірзы Улугбека ўпершыню адкрыўся сумесны з БДУ факультэт. Там быў набор на 2 напрамкі – медыцынская экалогія і медыка-біялагічная справа. Набіралі па 50 чалавек, і так атрымалася, што я здала іспыты і прайшла. 2 гады мы адвучыліся ва Узбекістане і на 2 гады прыехалі вучыцца ў МДЭІ імя А. Д. Сахарава на факультэт медыцынскай экалогіі.

Мне падабаецца, што і надвор’е, і атмасфера блізкія да Еўропы. Вельмі шмат зялёных паркаў і сквераў, дзе можна бавіць час, шмат гандлёвых цэнтраў. У мінулым годзе, калі я далучылася да савета зямляцтваў, мы наведалі Брэст. Мяне вельмі мяне ўразіла Брэсцкая крэпасць.

Цяпер я хачу паступіць у магістратуру менавіта ў БДУ. А пасля вучобы планую падарожнічаць. Мару наведаць Францыю, Японію, Швейцарыю, Карэю і Сінгапур.

 Лівія

Ахмед АБДУЛКАДЗІР, 1 курс, ФМА

Я прыехаў паступаць у Беларусь тры гады таму, мой бацька працуе тут у пасольстве Лівіі. Я паступіў у БДУ, бо раней у мяне тут вучыўся брат. Ва ўніверсітэце мне падабаюцца мерапрыемствы, я нават удзельнічаў у YFM.

Я не вельмі добра размаўляю па-руску, таму што сяброў у Беларусі ў мяне пакуль няма. Планую іх завесці падчас вучобы. На вуліцы ці ў інтэрнаце гэта зрабіць не атрымалася, бо мае суседзі па пакоі – студэнты з Калумбіі, Узбекістана. Хоць мне не важна, адкуль сябар, але вельмі не хапае практыкі рускай мовы. Пасля ўніверсітэта я хачу далей вучыцца. Я б хацеў адвучыцца ў магістратуры, пасля чаго працаваць у Лівіі.

 

Расія

Элізабэт ГЮРДЖАН, 4 курс, журфак

Я прыехала на факультэт журналістыкі па абмене на адзін семестр з Валгаградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. БДУ прапанаваў праграму стажыроўкі па журналістыцы, таму захацелася прыехаць, пажыць, атрымаць нейкі досвед у навучальнай і творчай дзейнасці.

Часам не адчуваеш, што ты ў іншай краіне. Мова, архітэктура – усё гэта вельмі блізкае, не адчуваеш, што ты недзе далёка ад дома. Добрае ўражанне ад людзей. Нас вельмі гасцінна сустрэлі і дапамагалі ў першыя дні, калі было цяжка адаптавацца. Мне вельмі спадабаўся горад, шкадую, што не даведалася пра магчымасць прыехаць сюды раней, бо ўжо ў снежні я еду назад. Але пасля вучобы хацелася б вярнуцца ў госці.

 

У дзень урачыстага закрыцця адбыўся круглы стол з удзелам начальніка УВРМ Кацярыны Зуевай. Студэнты падзяліліся сваімі ўражаннямі, расказалі, што ім спадабалася, чаго не хапіла, і выказалі свае ідэі для паляпшэння форуму. Усім хлопцам і дзяўчатам уручылі сертыфікаты ўдзельнікаў праекта. А ў наступным годзе арганізатары паабяцалі павялічыць маштабы форума, прыдумаць новыя мерапрыемствы і зрабіць «Welcomе week BSU» добрай традыцыяй.

 

Ганна Казакова

print

Вам таксама можа спадабацца: