Большасць абітурыентаў і студэнтаў БДУ разлічваюць атрымаць падчас вучобы тут неабходныя для старту ў прафесіі кампетэнцыі і навыкі. Універсітэт паступова стварае ўмовы для практыка-арыентаванага навучання, напрыклад, спецыялізаваныя кабінеты і лабараторыі для заняткаў. У лістападзе карэспандэнты газеты завіталі на заняткі студэнтаў кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін.
Ва ўладаннях кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ знаходзяцца спецыялізаваныя кабінеты, дзе студэнты спасцігаюць азы працы мытнікаў і міжнародных лагістаў. Вотчына гэтай кафедры пачынаецца ад сімвалічнага шлагбаума і банера са словам «мытня» амаль на пяцідзесяці мовах свету.
– Восьмы паверх ФМА можна з упэўненасцю назваць «мытным», бо выпускаючая кафедра тут адна, – гаворыць загадчык кафедры мытнай справы, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Астрога, які стаў нашым правадніком па кабінетах. – Тут праходзяць усе нашы ўнутраныя святы, сустрэчы і імпрэзы. Таксама на базе нашых кабінетаў адбываюцца заняткі «школы будучага мытніка» і «школы будучага лагіста-міжнародніка». Кафедра мытнай справы рыхтуе ўніверсальных спецыялістаў, таму гэта дазваляе выпускнікам знайсці сябе ў розных напрамках: мытнай службе, мытным бізнесе, міжнароднай лагістыцы і інш.
Усяго спецыялізаваных кабінетаў у «мытнікаў» сем – іх можна знайсці па шыльдах і эмблеме кафедры. Першы з іх – вучэбна-метадычны – існуе на базе кабінета Віктара Астрогі. Тут знаходзіцца выстава публікацый выкладчыкаў, захоўваюцца прадметы і дакументы, звязаныя з гісторыяй кафедры мытнай справы. Сярод такіх экспанатаў – часопіс «Таможенный вестник» з матэрыялам, які расказвае пра стварэнне кафедры, ключы ад першага яе памяшкання, узнагароды і публікацыі студэнтаў. Асобнае месца займаюць прадметы, па якіх вывучаюць асаблівасці мытнага кантролю гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Фуражкі і курсавая сцягі, якіх у вучэбна-метадычным кабінеце нямала, – галоўныя атрыбуты студэнтаў-мытнікаў. З 2018 года ў навучэнцаў спецыяльнасці «мытная справа» з’яўляюцца ўласныя сцягі. На сцягу цяперашніх першакурснікаў красуе фраза «Мытная справа – наша справа». Побач таксама захоўваецца касцюм сімвала студэнтаў кафедры – пчалы. Гэты персанаж суправаджае хлопцаў і дзяўчат на ўсе кафедральныя і факультэцкія святы. А белая студэнцкая фуражка з зялёным аколышкам – нязменны і традыцыйны спадарожнік свята «КадуцэйФэст», які кафедра штогод праводзіць у кастрычніку.
Аўдыторыя міжнароднай лагістыкі, якая знаходзіцца побач, спецыялізуецца на пытаннях тэорыі і практыкі гэтага напрамку. Маладыя людзі вывучаюць гісторыю станаўлення міжнароднай лагістыкі, спасцігаюць прынцыпы міжнароднага гандлю, паглыбляюцца ў пытанні міжнародных перавозак грузаў, знаёмяцца з асноўнымі дакументамі, што суправаджаюць міжнародныя патокі тавараў, а таксама разбіраюцца ў асаблівасцях мытнай справы ў кантэксце міжнароднай лагістыкі. Значная частка нагляднага матэрыялу гэтай аўдыторыі – стэнды.
Кабінет мытнага кантролю цікавы экспанатамі, што дэманструюць разнастайныя хітрыкі кантрабандыстаў, з якімі могуць сустрэцца будучыя вартавыя мытнай граніцы. Тут, напрыклад, можна убачыць манекен, абкручаны цыгарэтнымі пачкамі, або дзверы легкавой машыны, таксама «ўтрамбаваныя» цыгарэтамі.
Кабінет таваразнаўства і экспертызы – свайго роду наглядны дапаможнік па тых прадметах, якія абавязкова трапяць у поле зроку кожнага мытніка. Стэлажы аўдыторыі ўтрымліваюць розныя віды бытавой хіміі, дзіцячых цацак, шматлікага посуду, прыклады прадуктаў харчавання, прадметаў быту. У яго сценах маладыя людзі вучацца апісваць і класіфікаваць тавар, які праходзіць праз мытню, – посуд, адзенне, вырабы з разнастайных матэрыялаў, сувенірную прадукцыю і да т. п. Гэта патрэбна для таго, каб браць правільную мытную пошліну (не завышаную і не заніжаную. У будучай рабоце гэтых людзей дапамогуць спецыяльныя зборнікі, дзе змяшчаюцца коды апісаных тавараў.
– Уявіце такую сітуацыю. Перад вамі – ручка з фотакамерай. Якім чынам яе класіфікаваць? Як ручку ці як фотакамеру? – задае пытанне Віктар Аляксандравіч. – А ўсё залежыць ад функцыяналу прадмета. Калі гэта фотакамера з функцыямі ручкі – ацэньваем як фотакамеру, калі пісьмовы прыбор з функцыяй здымкі – разглядаем як ручку.
Кабінет гісторыі мытнай справы Беларусі можна назваць музеем, дзе пастаянна ідзе вучэбны працэс і куды завітваюць госці кафедры – школьнікі і педагогі з «мытных» класаў, дзейныя супрацоўнікі і ветэраны мытных органаў. Знаёмства з гэтым месцам і яго абсталяваннем дапамагае студэнтам навучальнага матэрыялу. У гэтай аўдыторыі можна даведацца, якія разнастайныя спосабы перавозкі тавараў праз мяжу выбіралі правапарушальнікі ў розны час. Напрыклад, у 20–30-я гады мінулага стагоддзя шмат спрабавалі праносіць на целе або ў патаемных аддзяленнях адзення, а ў 70280-я гады – кантрабанду хавалі ў хлебе, абутку, посудзе, леках, сантэхнічных запчастках, кансервах. Сёння такімі «схованкамі» выступаюць дзіцячыя цацкі, хлеб, бытавая тэхніка, кнігі, дзверы і шыны аўтамабіляў.
Адметна, што часта незвычайныя рэчы перавозяцца ў мудрагелістых месцах. Віктар Аляксандравіч расказвае гісторыю, што у канцы мінулага стагоддзя мужчына хацеў перавезці праз мяжу 8 біўняў маманта. А схаваў ён іх… у дровах, падобных да костак формай і афарбоўкай. Выкрыць правапарушальніка дазволіў ручны агляд прычэпа, у якім дровы перавозіліся. Таксама мытнікі нярэдка знаходзяць прадметы, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць: кнігі, посуд, сувеніры, ювелірныя вырабы, узнагароды і нагрудныя знакі рознай вартасці і інш.
На базе спецыялізаваных кабінетаў студэнты ствараюць шматлікія праекты, якія дапамагаюць у вучэбным працэсе. Адным з адметных экспанатаў тут можна назваць муляж Бялыніцкай іконы Божай маці XVIII стагоддзя. Аўтар гэтага метадычнага дапаможніка – выпускніца Дар’я Кузьмянкова – узнавіла структуру іконы і паказала, якім чынам і з якіх матэрыялаў быў выраблены арыгінальны абраз. Значная колькасць навучэнцаў факультэта, дзякуючы магчымасці карыстацца спецыялізаванымі аўдыторыямі, пачынае займацца навуковай дзейнасцю.
Уласным летапісцам кафедры мытнай справы з’яўляецца кабінет міжнароднага мытнага супрацоўніцтва. На гэтай пляцоўцы студэнты знаёмяцца з буйнымі падзеямі ў сферы сусветнай мытнай справы, вывучаюць дзейнасць Сусветнай мытнай арганізацыі і знакавыя дамоўленасці паміж краінамі. Наглядным дапаможнікам для навучэнцаў ужо каторы год з’яўляецца форма мытнікаў з розных краін – Расіі, Украіны, Польшчы, Узбекістана, Казахстана і іншых краін.
Пасля агляду кабінетаў для практыка-арыентаванага навучання давайце паглядзім, як студэнты асвойваюць іх матэрыяльна-тэхнічную базу, як працуюць на спецыяльным абсталяванні.
На стале размясціўся прыбор з мудрагелістай для госця назвай «Рэгула М 4003». На ім засяроджана працуе першакурснік Вадзім Васюкевіч. Ён ужо ведае, што падобныя апараты дазваляюць спецыялістам-практыкам праверыць сапраўднасць дакументаў ці грашовых адзінак.
Для адукацыйнага эксперыменту студэнт кладзе пад святло прылады беларускі пашпарт. Момант – і на старонках звыклага і, здавалася б, вывучанага з усіх бакоў дакумента «квітнее» папараць. Маладыя людзі перагортваюць старонкі – і на апошняй з іх разам з кветкай удачы прасвечваецца чырвоная паласа. Колькі яшчэ адкрываецца такіх невядомых звычайнаму чалавеку асаблівасцяў!
Паралельна Віктар Аляксандравіч расказвае пра выпадкі, калі несапраўдныя дакументы былі зроблены якасна, але краіны, грамадзянамі якой называлі сябе падробшчыкі пашпартоў, ніколі не існавала.
Студэнты пачынаюць працаваць з мікраскопам, які дазваляе хутка пераносіць інфармацыю на камп’ютар і кіраваць ёй, напрыклад, павялічваць ці пераварочваць выявы.
Загадчык кафедры адзначае, што нярэдка мытнікі выконваюць функцыі памежнікаў. І гэта чарговы раз даказвае, што такі спецыяліст павінен быць дапытлівым, уседлівым, уважлівым да дробязяў, усебакова развітым, каб у далейшым на гэтым грунтаваліся дадатковыя веды па тым напрамку, з якім выпускнік кафедры захоча звязаць сваё жыццё. А на розум пасля ўсяго ўбачанага чамусьці прыходзіць вядомая ў колах мытнікаў прымаўка: «Мытнік бачыць углыб».
Нядаўна кафедра мытнай справы ФМА заснавала ўласны нагрудны знак «Рупліваму». На ўзнагародзе змяшчаецца рэльефная выява супрацоўнікаў мытнай службы, сцяг мытнай службы Беларусі і сцяг БДУ. Такім нагрудным знакам заахвочваюць найлепшых студэнтаў за дасягненні ў навучальнай, навуковай і грамадскай дзейнасці. А першымі яго ўладальнікамі сталі другакурснік Максім Аскерка, трэцякурснікі Кірыл Латан і Аляксей Бадуноў, а таксама чацвёртакурснікі Кірыл Даронін і Аляксандра Рудніцкая.
Ірына ІВАШКА