«М.І.Р. – 2022»: форум лідарства

5 Nov, 2022.

Ва ўніверсітэце прайшоў шосты Міжнародны моладзевы форум «М.І.Р. – Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё».

Асноўная мэта галоўнага мерапрыемства Студэнцкага савета БДУ – абмен вопытам паміж студэнцкімі арганізацыямі розных краін. Сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт аб’яднаў 50 студэнтаў з ВНУ Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана. Гасцямі форуму сталі прадстаўнікі МДЛУ (Мінск), ГДУ імя Францыска Скарыны (Гомель), МДУ імя М. В. Ламаносава (Масква), РУДН (Масква), Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ташкенцкага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л. М. Талстога і інш.

З вітальным словам да гасцей БДУ звярнуўся рэктар БДУ Андрэй Кароль:

– Вы знаходзіцеся не на звычайнай навуковай канферэнцыі ці мерапрыемстве традыцыйнага характару. Тут няма адзінага прамоўцы, які будзе трансліраваць ісціну, а іншыя – яго слухаць. Нездарма кажуць: калі хочаш навучыць чалавека – дай навучыцца самому. Таму, каб сёння выхаваць чалавека, які будзе ўмець думаць, параўноўваць, камунікаваць, патрэбны не маналог, а дыялог. Дыялог па гарызанталі – тое, што чакае вас тут. Форум – тая пляцоўка, дзе чалавек можа раскрыць сябе. Дзякуючы гэтаму, вярнуўшыся ў свае ўніверсітэты, вы зможаце быць «адкрывальнікамі» для сваіх акадэмічных сяброў.

Кожны год актыўнасці форуму «М.І.Р.» звязаныя з пэўнай ключавой тэмай. Так, ранейшыя міжнародныя сустрэчы былі прысвечаны эвалюцыі вышэйшай адукацыі, стагоддзю БДУ і самарэалізацыі студэнтаў. У гэты раз удзельнікі разглядалі тэму «Перспектывы развіцця студэнцкага лідарства ва ўмовах сучаснай вышэйшай школы».

Традыцыйна заняткі адбываліся ў фармаце творчых майстэрняў, падчас якіх ўцягваліся ў работу ўсе ўдзельнікі. Адметнасцю стала тое, што тэорыя падавалася нібыта ў «фонавым рэжыме» і абавязкова замацоўвалася на практыцы. Маладыя людзі абмяркоўвалі псіхалагічныя аспекты лідарства, пытанні карпаратыўнай культуры, засвойвалі навыкі нязмушаных гутарак і інш. А яшчэ – падзяліліся вопытам выкарыстання інструментаў для выбудоўвання эфектыўнай работы сеткавага ўзаемадзеяння паміж органамі студэнцкага сумеснага кіравання.

Стартам адукацыйных семінараў стаў майстар-клас «Медыятэхналогіі ў жыцці сучаснага студэнта». На сустрэчы маладыя людзі разгледзелі праблемы інтэрнэту, асабліва тое, як сучасны чалавек можа быць прадстаўлены ў сацыяльных сетках, закранулі некаторыя аспекты сеткавага этыкету. Стрыжнёвай тэмай стала стварэнне і прасоўванне відэакантэнту, паколькі гэта форма падачы інфармацыі прываблівае сучаснага медыяспажыўца. Разам з тым прадстаўнікі розных універсітэтаў падзяліліся вопытам вядзення блогаў студэнцкіх арганізацый. Актывісты адзначылі, што найбольш любімым фарматам атрымання кантэнту з’яўляецца гісторыя з жыцця. Таксама лідары абмеркавалі станоўчыя і адмоўныя бакі вытворчасці відэакантэнту, разабралі адрозненне паміж віруснымі і рэкламнымі ролікамі. І напрыканцы сустрэчы знялі ўласныя ролікі, прысвечаныя форуму.

На сустрэчы «Псіхалагічныя аспекты арганізацыйнага лідарства» ўдзельнікі разбіраліся ў складніках асабістай эфектыўнасці. Маладым людзям расказалі, што галоўны складнік лідарства – уменне правільна ставіць мэты. А майстар-клас «Майстэрства Small Talks у сістэме студэнцкага самакіравання» навучыў лідараў складаць псіхалагічны партрэт суразмоўцы для далейшай ацэнкі магчымасцяў кандыдатуры для працы ў студэнцкай арганізацыі.

Заключны дзень мерапрыемства адкрыўся воркшопам, прысвечаным праектнай дзейнасці органаў студэнцкага сумеснага кіравання. Запрошаным госцем сустрэчы стаў загадчык аддзела праектнай дзейнасці Цэнтральнага камітэта БРСМ Уладзіслаў Дубіцкі. Прамоўца расказаў слухачам пра 20 асноўных і распаўсюджаных памылак, з якімі можна сутыкнуцца падчас распрацоўкі праекта, патлумачыў, што такое карта рызыкі і як дзейнічаць, калі праблемы ўсё ж з’явіліся. Пасля семінара актывісты дапрацоўвалі свае праекты і рыхтавалі іх прадстаўленне. Заключным этапам форуму стала абарона ідэй маладзёжных лідараў. Так, студэнты прадставілі платформу StudIN, студсаветаўскі ўзаемны абмен праграм «С.В.О.П.», Student cooperation network SCope, сайт-платформу STUDsocial і анлайн-платформу PROstudents. Задача кожнага з праектаў – распрацаваць спосаб эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва студэнцкіх арганізацый, інтэрактыўную платформу, якая забяспечыць устойлівы абмен вопытам у рамках міжнароднага сеткавага супрацоўніцтва органаў студэнцкага самакіравання.

Таксама форум стаў пляцоўкай для працоўных сустрэч Студэнцкага савета БДУ з моладзевымі арганізацыямі-ўдзельніцамі мерапрыемства. Так, актывісты абмеркавалі сумесныя форумы і канферэнцыі са студэнцкім клубам «Самакіраванне па-за межамі» Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, студэнцкім саветам Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў і саветам навучэнцаў Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л. М. Талстога. Акрамя таго, на сустрэчах падпісалі дамовы аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж органамі самакіравання са студэнцкім саветам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава і студэнцкім саветам факультэта міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Кацярына Купрыенка, студэнтка факультэта міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, актывіст студэнцкага савета:

– Нягледзячы на тое, што нашы арганізацыі пераследуюць аднолькавыя мэты, паміж імі існуе розніца – найперш у сістэме кіравання. Так, у СПбДУ прадстаўнічы орган, студэнцкі савет, складаецца з дзвюх структур: вялікага і малога (факультэцкага) студсаветаў, якія дзеляцца на некалькі камітэтаў. Дэлегіраванне абавязкаў у БДУ і СПбДУ адбываецца па-рознаму, таму нашым органам студэнцкага кіравання было карысна абмяняцца вопытам. Праграма форуму была вельмі насычанай, але найбольш мне запомнілася работа над групавым праектам. Кожны ўдзельнік каманды прадстаўляў сваю ВНУ, у кожнага было ўласнае бачанне таго, як павінна ажыццяўляцца работа ў студэнцкіх арганізацыях. Аб’яднаўшы ўсё гэта, мы змаглі прапанаваць ідэі праекта па аптымізацыі міжуніверсітэцкіх сувязяў.

 Форум «М.І.Р.» для мяне – найперш магчымасці. Магчымасці здабыць новыя знаёмствы, даведацца шмат карыснай інфармацыі ад вопытных выступоўцаў і, канешне, убачыць Мінск і БДУ.

 

Арсеній Судоргін, студэнт факультэта «Вышэйшая школа кіравання», старшыня практыка-арыентаванага студэнцкага клуба «Самакіраванне па-за межамі» Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі:

– «М.І.Р» дазволіў нам разабрацца ў асаблівасцях студэнцкага сумеснага кіравання Беларусі і Расіі: структуры, іерархіі, узаемадзеянні з кіраўніцтвам універсітэта, кадравым складзе. А яшчэ дапамог згенерыраваць нямала ідэй, якія можна рэалізаваць у клубе, і падказаў, як выправіць недахопы, з якімі сутыкаецца моладзь, улічыўшы вопыт сяброў з розных ВНУ.

Запомніліся воркшопы. Шматдзённы фармат правядзення форуму даў карысныя веды з розных галін: прамоўніцкага майстэрства, праектнай дзейнасці, арганізацыі мерапрыемстваў і іншых. Праграма дазволіла сумясціць атрыманне практычных ведаў і знаёмства з Мінскам і культурай Беларусі. Але найвялікшая асаблівасць для мяне – тое, што перад удзельнікамі выступалі студэнты, што ўжо з’яўляюцца прафесіяналамі і маюць вялікі практычны вопыт ў тым, чым займаюцца.

 

Станіслаў Краско, намеснік старшыні Студэнцкага савета БДУ, кіраўнік каманды адукацыйнага напрамку форуму:

– «М.І.Р» адначасова зараджае энергіяй і дае практыка-арыентаваныя веды. І галоўнае – за час форуму ўдзельнікі аб’ядноўваюцца і пераймаюць адзін у аднаго веды, якія можна прымяняць для ўдасканальвання работы органаў студэнцкага самакіравання.

 

Юлія Кунахавец, першы намеснік сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ БДУ, кіраўнік адукацыйнага напрамку форуму:

– Форум для мяне – гэта неабдымная адказнасць і такія ж эмоцыі, арганізацыя майстар-класаў, узаемадзеянне са спікерамі, магчымасць рэалізаваць усе тыя ідэі для нашых гасцей і сяброў у рамках асноўнай тэмы. Вядома, гэта і атмасфера, што панавала ўвесь тыдзень, і станоўчыя эмоцыі, і падтрымка ад кожнага з удзельнікаў і арганізатараў. Магу з упэўненасцю сказаць, што гэта былі 4 месяцы плённай падрыхтоўкі і асаблівы тыдзень з насычанай праграмай.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: