Экалагічны праект студэнтаў БДУ «Зялёны ўніверсітэт»

16 Dec, 2022.

«Зялёны ўніверсітэт» – праект студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, накіраваны на клопат пра навакольнае асяроддзе і дабрачыннасць. У свой дэбютны год ён стаў лаўрэатам першай ступені конкурсу «Найлепшы моладзевы праект БДУ – 2018».

«Каманда праекта займаецца экаасветай. Мы часта праводзім мерапрыемствы ў інтэрнатах і на факультэтах нашага ўніверсітэта, праз гульні і акцыі прывабліваем людзей да дабрачыннасці і дапамогі навакольнаму асяроддзю. Адна са сфер нашай дзейнасці – дапамога валачашчым жывёлам. Іх колькасць узрастае з кожным днём, і гэта сур’ёзная экалагічная праблема. Таму мы прапануем супрацоўніцтва розным арганізацыям, якія займаюцца такімі жывёламі», – растлумачыла студэнтка трэцяга курса філалагічнага факультэта Аляксандра ГАРБУНОВА, кіраўніца праекта.

У «штабе» «Зялёнага ўніверсітэта» два кіраўнікі, а ўсяго ў камандзе праекта 31 чалавек. Напарнік Аляксандры – другакурснік механіка-матэматычнага факультэта Кастусь МУЛІЦА – займаецца ідэйным складнікам праекта.

«Цяпер мерапрыемствы ідуць адно за іншым. І мы імкнёмся праводзіць іх цікава і карысна. Таму пачалі часцей сустракацца з камандай у вольны ад вучобы час за гарбатай, абменьваючыся ідэямі. Прызнаюся, што вельмі ганаруся нашымі хлопцымі і дзяўчатамі.

Я люблю дабрачыннасць. Гэта частка майго жыцця. Я часта пералічваю грошы на рахункі дапамогі дзецям і людзям у цяжкіх сітуацыях, хаджу на дабрачынныя мерапрыемствы ад розных арганізацый і праектаў. Таксама я з’яўляюся кіраўніцай “Каляднага дабрачыннага балю”. Штогод творчы саюз філалагічнага факультэта БДУ на працягу месяца збірае грошы на рахункі дапамогі дзецям і падводзіць вынікі збораў падчас маляўнічага канцэрта з удзелам актывістаў БДУ і зорак эстрады», – распавяла Аляксандра.

У канцы верасня «Зялёны ўніверсітэт» разам з камандай Happy Pet зладзіў дабрачынную акцыю дапамогі валачашчым жывёлам. Любы ахвотнік мог падарыць ежу, напаўняльнікі, цацкі і адзенне. Збор сродкаў праходзіў на факультэце філасофіі і сацыяльных навук, факультэце журналістыкі, біялагічным і хімічным факультэтах, а таксама ў інтэрнатах 2, 4 і 7.

«Сёлета нам удалося правесці дзве зоаакцыі: першая была ўвесну, другая – увосень. Нам часта прапануюць весці сумесную дзейнасць іншыя праекты, школы, арганізацыі, і мы імкнёмся быць максімальна адкрытымі для супрацоўніцтва. Паспяховым атрымалася папрацаваць з Happy Pet. Яны прапанавалі ідэю, мы абмеркавалі разнастайныя варыянты супрацоўніцтва і спыніліся на правядзенні акцыі па зборы сродкаў у адмысловыя скрыначкі. Валанцёры арганізацый такога плану, як Happy Pet і “Зоашанс” шукаюць для жывёл дом на ператрымку, лечаць і кормяць іх. Таму дапамога “Зялёнага ўніверсітэта” БДУ для іх вельмі важная. Па выніках акцыі можна сказаць, што вялікай колькасці людзей у нашым універсітэце не абыякавая дадзеная праблема», – падкрэсліла Аляксандра Гарбунова.

Зыходзячы з назіранняў кіраўніцы праекта, акцыі адклікаліся ў сэрцы ў шмат каго. Не толькі ў студэнтаў БДУ, але і выкладчыкаў, навучэнцаў іншых універсітэтаў і школьнікаў. Напрыклад, увосень на біялагічным факультэце БДУ студэнты сабралі некалькі пакетаў розных матэрыялаў для жывёл. А вахцёры інтэрната №4 сабралі сродкі і купілі вельмі шмат корму і лекаў. У суме ў арганізацыю Happy Pet валанцёры «Зялёнага ўніверсітэта» завезлі шаснаццаць вялікіх пакетаў! Удзельнікі каманды праекта ўлічылі памылкі вясновай акцыі, таму ўвосень аб’ём сабраных сродкаў значна павялічыўся.

«Вялікую дапамогу нашаму праекту аказвае БДУ. У 2021 году мы зноў атрымалі грант – мы былі сярод найлепшых у конкурсе моладзевых праектаў года. Сёлета ў снежні пройдзе выніковая сесія, дзе нам трэба будзе адказаць на пытанні: “Ці рэалізаваўся грант? На што ён быў выдаткаваны? Якія мерапрыемствы праводзілі? Якая была іх мэта і місія?” Не магу не адзначыць і дапамогу нашага куратара, супрацоўніка кіравання выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Антона Купчына, які ў любы час адказвае на пытанні і дапамагае вырашаць некаторыя праблемы», – падзялілася Аляксандра Гарбунова.

Каманда «Зялёнага ўніверсітэта» запланавала нямала займальных акцый і мерапрыемстваў. Пра некаторыя нам распавяла ўдзельніца каманды праекта Аліна СКРЫГАН:

– Мы запусцілі серыю кінапраглядаў. 6 снежня мы глядзелі фільм «Больш, чым мёд» і абмяркоўвалі яго праблематыку падчас кава-брэйку. Першы кінапрагляд гэтага года быў на тэму ўсвядомленага спажывання. Мы глядзелі фільм «Мінімалізм. Дакументальны фільм пра важныя рэчы». Запрасілі экаблогера, каб яна правяла рэфлексію пасля прагляду. Наступны кінасеанс быў на тэму ўнёску пчол у жыццё чалавецтва. І, вядома, рэфлексія і абмеркаванне ва ўтульнай атмасферы з гарбатай і печывам пасля. Кінапрагляды праходзяць на факультэце міжнародных адносін БДУ.

Якраз цяпер праходзіць абмен падарункамі «Таемны эка-Санта». Гэта выдатная магчымасць атрымаць жаданы падарунак на Новы год. Для ўдзелу ў акцыі трэба было паставіць «плюс» у каментарыях пад пастом-анонсам у нашых сацыяльных сетках да 10 снежня. Усім удзельнікам асабіста мы рассылалі анкету, у ёй яны паказвалі свае інтарэсы і пажаданні да падарунка. Часта на святы мы атрымліваем і самі дорым непатрэбныя рэчы. Гэта праблема неўсвядомленага спажывання. Каманда «Зялёнага ўніверсітэта» прапануе абдумаць, што сапраўды вы жадаеце атрымаць, каб падарунак быў не толькі прыемным, але і карысным. Самі правілы акцыі простыя: вы дорыце падарунак чалавеку, з якім, магчыма, незнаёмыя, але і самі атрымаеце падарунак ад кагосьці незнаёмага вам. Таксама мы прапануем укладваць да падарункаў лісты з пажаданнямі і віншаваннямі – яны будуць вяртаць вас у навагоднюю святочную атмасферу, калі вы будзеце іх перачытваць.

21 снежня мы правядзём дабрачынны канцэрт. Падобнае мы ўжо арганізоўвалі мінулай вясной. На канцэрце ўсе ахвотнікі змогуць паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Астатнія падрабязнасці абвешчаны ў нашых сацыяльных сетках».

Начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ БДУ Антон КУПЧЫН адзначыў, што ва ўніверсітэцкім асяроддзі ўзрастае актуальнасць распаўсюджання экалагічнай культуры:

«За апошнія 5 гадоў у нашым універсітэце значна павялічылася ўвага да пытанняў выхавання экалагічнай культуры як сярод студэнтаў, так і сярод супрацоўнікаў. Можна сказаць, гэта агульнасусветная тэндэнцыя, звязаная з сучаснымі пагрозамі, з якімі сутыкаецца чалавек. Сёння мы імкнёмся прыкладваць свае высілкі па наступных кірунках: ахова і выкарыстанне водных рэсурсаў, скарачэнне выкідаў забруджвальных рэчываў, выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі, экалагічная адукацыя, збор і выкарыстанне другаснай сыравіны, захаванне біяразнастайнасці. У рэалізацыі вышэйпералічаных пунктаў вялікую ролю іграе зацікаўленасць моладзі. З актывам, валанцёрамі і камандай “Зялёнага ўніверсітэта” мы імкнёмся сфарміраваць экалагічную свядомасць і паводзіны ў студэнтаў і супрацоўнікаў. Асноўныя высілкі экаактывістаў БДУ накіраваны на інфармаванне пра існыя экалагічныя праблемы і метады іх рашэння. З мэтай папулярызацыі экалагічнай культуры на факультэтах і ў інстытутах праходзяць акцыі і мерапрыемствы. З 2020 года ў БДУ актыўна развіваецца падтрымка моладдзю дасягнення Мэт устойлівага развіцця – плана па выратаванні планеты з 17 мэт, якія раскрываюць рознага роду сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя праблемы. Сёння студэнты БДУ актыўна працуюць у дадзеным кірунку як на ўніверсітэцкім, так і на рэспубліканскім узроўні. Таксама на ўзроўні адміністрацыі ўніверсітэта актыўна падтрымліваюцца праекты экалагічнай скіраванасці, што дае магчымасць уключацца ў экалагічны рух студэнтам розных спецыяльнасцяў і курсаў. Толькі ў 2022 году ў рамках конкурсу “Найлепшы моладзевы праект БДУ” было падтрымана 5 экалагічных праектаў. Адным з іх з’яўляецца “Зялёны ўніверсітэт”».

Даведка:
Праект «Зялёны ўніверсітэт» рэалізуецца з 2017 года. Штогод праектнай камандай праводзяцца дзясяткі экалагічных акцый і мерапрыемстваў, якія ахопліваюць факультэты і адукацыйныя інстытуты комплексу БДУ. Рэалізацыя праекта спрыяе дасягненню больш чым 10 Мэт устойлівага развіцця (ліквідацыя галечы, ліквідацыя голаду, добрае здароўе і дабрабыт, гендарная роўнасць, чыстая вада і санітарыя, недарагая і чыстая энергія, устойлівыя гарады і населеныя пункты, адказнае спажыванне і вытворчасць, барацьба са зменай клімату, захаванне марскіх экасістэм, захаванне экасістэм сушы). У снежні 2021 года праект «Зялёны ўніверсітэт» быў прызнаны лаўрэатам II Міжнароднага конкурсу медыяпраектаў «Студэнцкая моладзь у сучасным свеце».

 

Ілья ВАРАБ’ЁЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: