Футбаліст рэзервовай каманды «Энергетык-БДУ»: «Жыццё спартсмена такое: сёння ты пераможца, а заўтра ў цябе ніхто не верыць»

2 Dec, 2022.

Павел Сушкоў – футбаліст рэзервовай каманды «Энергетык-БДУ». Вучыцца ў Інстытуце бізнесу БДУ на спецыяльнасці «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

Студэнт прызнаецца, што футбол не проста захапленне, а тое асаблівае для яго, што ён хацеў бы пранесці праз усё жыццё. Ёсць і некалькі важных для яго навучальных дысцыплін, адна з такіх – вэб-дызайн. Па словах Паўла, гэта тая сфера, у якой ён бачыць сваю будучыню пасля футбольнай кар’еры. Але пакуль што на першым месцы футбол.

– Лічу, што чалавек не павінен сабе ставіць ніякіх абмежаванняў у жыцці і імкнуцца развіваць сябе ў розных сферах. Дызайн, напрыклад, раскрывае ўва мне асобу і творчы патэнцыял. Вядома, сумяшчальнасць футбола з вучобай – пытанне адкрытае. Часам мне вельмі складана, але імкнуся на кожны дзень правільна размяркоўваць заданні і здаваць працы своечасова. Парой прашу выкладчыкаў «заплюшчыць вочы» на мае пропускі з-за трэніровак. А вось іх я якраз імкнуся не прапускаць, яны вельмі важныя для мяне. Калі атрымліваецца распланаваць свой дзень правільна, то ўсё можна паспець. У цэлым, тое, што мне трэба было ад універсітэта, я атрымліваю ў БДУ, – гаворыць паўабаронца «Энергетыка-БДУ».

Павел лічыць, што заняткі футболам выхавалі ў ім шмат станоўчых якасцяў: ён стаў больш характарным, у добрым сэнсе няўступлівым, зацятым, навучыўся ўзаемадзейнічаць у калектыве.

– У дзяцінстве гульня ў футбол давала вельмі шмат станоўчых эмоцый, зносіны з аднагодкамі, дапамагала знайсці сяброў. Спаборніцкі складнік мяне моцна запальвала, а сама канцэпцыя каманднай гульні па духу мне вельмі блізкая. Падчас гульні я атрымліваю асалоду, – дзеліцца студэнт.

З роднай Оршы 14-гадовы футбаліст пераехаў у Брэст, дзе выступаў за «Дынама». Ён успамінае той час з гонарам. Па словах Паўла, канкурэнцыя ў камандзе была высокай.

– У Оршы пачынаўся мой футбольны шлях. З самага дзяцінства гуляў з сябрамі ў двары, як і многія дзеці ў нашай краіне. Сябар прапанаваў мне пайсці на прафесійную трэніроўку. Як цяпер памятаю, на мне была форма футбольнага клуба «Барселона», на майцы была напісана прозвішча ўругвайскага футбаліста Луіса Суарэса. Пасля трэніроўкі мяне паклікаў настаўнік – я проста быў на сёмым небе ад шчасця. Мне і тады, і дагэтуль падабаецца любое ўзаемадзеянне ў калектыве, гульня ў камандзе.

У 14 гадоў я паступіў у навучальны цэнтр акадэміі футбольнага клуба «Дынама-Брэст». Пераехаў ад бацькоў, пачаў жыць самастойна. Вучоба ў акадэміі «Дынама» – адна з самых яркіх падзей у маім жыцці. Там я прабыў з 14 да 17 гадоў. Упэўнены, што гэта адна з найлепшых акадэмій Беларусі. Барацьба за месца ў складзе і нават проста за знаходжанне ў ёй была вельмі сур’ёзнай. Выхавальнікі, дзеці – ды і ў цэлым увесь калектыў – былі вельмі класнымі. Цяпер з гонарам успамінаю і цяжкасці, і ўрокі, якія прыйшліся на той час. Вядома, было і шмат вясёлых гісторый. Жыццё спартсмена такое, што сёння ты пераможца, а ўжо заўтра ў цябе ніхто не верыць. З гэтым трэба спраўляцца і ісці далей. Такое жыццё футбольнага гульца, – распавядае Павел. – У 18 гадоў я прыняў для сябе даволі важнае рашэнне, пра якое не шкадую і цяпер: вырашыў пераехаць з Брэста ў Мінск. Мне паступіла прапанова стаць гульцом каманды «Энергетык-БДУ». І якраз у той момант мне ўжо трэба было пераходзіць на «дарослы» ўзровень. Мяне даволі цёпла прынялі, і я хутка асвоіўся ў калектыве. Трэніраваўся і з першай камандай, і з «дублем». Трэнеры і члены каманды добра ставяцца да пачаткоўцаў, цёпла іх прымаюць. Думаю, гэта таму, што тут амаль усе гульцы маладога ўзросту. «Энергетык-БДУ» – клуб, які добра развівае моладзь, дае магчымасць гуляць на «дарослым» узроўні, дае ўсе шанцы праявіць сябе.

«Энергетык-БДУ» – самая «маладая» каманда Вышэйшай лігі Беларусі па футболе і адна з самых юных каманд, якія выступаюць у вышэйшых лігах еўрапейскіх чэмпіянатаў. Сярэдні ўзрост гульцоў «Энергетыка-БДУ» каля 21 года. І гэта невыпадкова, бо яго мэта якраз і заключаецца ў развіцці маладых гульцоў.

Футбольны клуб трэніруецца на сваім хатнім стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе БДУ. Ён знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Сямашкі, 13. Стадыён быў пабудаваны ў 1995-м годзе. Уздоўж арэны размешчана трыбуна на 1500 гледачоў, якая абсталявана навесам. У 2019-м годзе на стадыёне было заслана штучнае поле апошняга пакалення. Наладжана штучнае асвятленне, прэс-ложа забяспечана бесправадным інтэрнэтам і разеткамі.

– У некаторых футбольных клубаў, прама скажам, шыкоўныя базы. У «Энергетыка-БДУ» яна больш сціплая. Але гэта такое месца, дзе людзі працуюць на сваю мару, аддаюць усяго сябе ўлюбёнай справе. Галоўнае – разумець, чаго ты хочаш дамагчыся, і ісці да сваёй мэты, – гаворыць Павел.

Каб патрапіць у «Энергетык-БДУ», трэба прайсці прагляд. А каб патрапіць у дубль ці ў першую каманду – быць прафесійным футбалістам.

У нацыянальных чэмпіянатах Беларусі каманда выступае з 1996 года. Да 2016 года насіла назву «Зорка-БДУ».

Нечакана для многіх, у гэтым сезоне галоўная каманда «Энергетыка-БДУ» стабільна знаходзілася наверсе турнірнай табліцы Вышэйшай лігі Беларусі па футболе. У адзін момант «студэнты» адставалі ад «Шахцёра» з першага радка ўсяго толькі на адзін бал. І многія фанаты футбола сур’ёзна задумаліся пра чэмпіёнства падапечных Паўла Раднёнка (прызначаны на пасаду галоўнага трэнера клуба 1 лютага 2022 года. – заўв. рэд.). Але каляндар у «Энергетыка» быў нялёгкі: два матчы з мінскім «Дынама», сустрэча з БАТЭ і гасцявы выезд у Гомель. Па словах Паўла, каманда не глядзіць на тытулы супернікаў, а канцэнтруецца на сваёй гульні.

– Як дубль, так і першая каманда ставяць перад сабой высокія мэты. Не шмат хто ведае, якую працу выконваюць каманды, асабліва на зборах. Думаю, ніводная каманда так не працуе на працягу сезона, як «Энергетык-БДУ». У свеце футбола ведаюць, што мы раней за ўсіх выходзім з зімовага адпачынку і пачынаем трэніравацца, пакуль іншыя адпачываюць. Кожны дзень пачынаецца на трэніравальнай базе. Часам, бывае, ты сонны, а трэніроўкі пачынаюцца з самай раніцы, але ўсё адно ідзеш і робіш усё дзеля сваёй мары. Як мы бачым, гэта акупляецца, мяркуючы па бягучай турнірнай табліцы. Каляндар быў цяжкім – моцныя каманды. Але, калі ты настройваешся не на суперніка, а на сам матч, то нашмат лягчэй гуляецца. У такія моманты забываеш, супраць каго ты выходзіш на поле. У цябе мэта – перамагчы, выйграць кожнае адзінаборства і кожны мяч, аддаць галявую перадачу ці забіць гол. Я лічу, у «Энергетыка» аж да апошняга тура захоўваліся добрыя шанцы ўзяць чэмпіёнства. Таму што і дублюючы склад, і галоўная каманда заматываваны вельмі моцна, – каментуе Павел.

У «Энергетыку» студэнт адыграў паўтара года. Тым не менш ужо ёсць перамога, якая назаўжды застанецца ў яго памяці:

– За той час, што я ў «Энергетыку», асабіста для мяне самай важнай была гульня з мінскім «Дынама»: мы выйгралі адзін-нуль. Матч быў вельмі напружаным, а мы забілі на апошніх хвілінах. Усё-такі на той момант «Дынама-Мінск» лічылі фаварытамі ў Вышэйшай лізе. У яго складзе выступалі знакамітыя гульцы, напрыклад, паўабаронца Аляксей Рыас. Памятаю, мы выходзілі на гэту гульню вельмі зараджанымі. Уся наша самааддача акупілася – мы забілі ў самым фінале.

 Па выніках Вышэйшай лігі Беларусі «Энергетык-БДУ» заняў другое месца ў турнірнай табліцы. Клуб адстаў ад салігорскага «Шахцёра» на пяць балаў і на адзін бал абышоў БАТЭ і «Дынама-Мінск». Упершыню ў гісторыі клуба футбалістам атрымалася дайсці да медалёў. Другое месца ў табліцы азначае, што ў наступным сезоне «Энергетык» згуляе ў еўракубках – у кваліфікацыі да «Лігі канферэнцый УЕФА». Дублюючая каманда «Энергетыка» ўвогуле ўпершыню ў гісторыі стала трыўмфатарам рэзервовай Вышэйшай лігі Беларусі: «студэнты» апярэдзілі найбліжэйшага пераследніка ў асобе мінскага «Дынама» на два ачкі.

 

Ілья ВАРАБ’ЁЎ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: