Нарада па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ

6 Dec, 2022.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 снежня сабраў нараду па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ.

“Уступная кампанія ў ВНУ не павінна быць латарэяй або ўдачным збегам акалічнасцей для асобных абітурыентаў”, — заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэдні раз размова па пытаннях адукацыі адбылася ў жніўні бягучага года. “Тады ў ходзе абмеркаванняў мной была пастаўлена Адміністрацыі Прэзідэнта і Міністэрству адукацыі адна канкрэтная задача. Дадаткова прапрацаваць выкладзеныя ў абноўленых Кодэксе аб адукацыі і Правілах прыёму падыходы да арганізацыі падагульняючай атэстацыі за курс сярэдняй школы і правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ, — нагадаў Кіраўнік дзяржавы. — Мы ўзялі паўзу, каб сур’ёзна абдумаць, ці правільна робім. Ці адпавядаюць нашы падыходы і ў якой меры майму ключавому патрабаванню — убачыць кожнага абітурыента”.  

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры гэтым неабходна забяспечыць справядлівыя адносіны і стварыць аднолькавыя магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах для ўсіх, хто паступае. 

Міністэрствам адукацыі і паралельна Адміністрацыяй Прэзідэнта праводзіліся грамадскія абмеркаванні, апытанне педагогаў, бацькоў, усіх зацікаўленых. “Вельмі важна, каб гэта апытанне — яго вынікі — не падганяліся пад ваша меркаванне. Словам, як мне дакладваюць, работа была маштабная. Таму хацелася б пачуць аб гатоўнасці сістэмы адукацыі, мясцовых органаў улады, ВНУ да запланаваных новаўвядзенняў”, — пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. 

У час нарады Міністр адукацыі Андрэй Іванец далажыў аб асноўных навацыях уступнай кампаніі ў 2023 годзе. Цяпер выпускнікам трэба будзе здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (па рускай або беларускай мове і па прадмеце на выбар), а таксама цэнтралізаванае тэсціраванне. Прадугледжваецца, што гэта дасць магчымасць не толькі аб’ектыўна ацаніць веды, атрыманыя вучнямі ў школах, але і дапаможа ім зрабіць больш усвядомлены выбар прафесіі. Да гэтага часу выпускнікі маглі здаваць 4 цэнтралізаваныя тэсціраванні, і многія з іх прыносілі дакументы ў тую ВНУ, куды праходзілі па балах. 

Gытанні ў Кіраўніка дзяржавы выклікала форма здачы цэнтралізаванага экзамену ў школах: абавязковай стане здача экзамену па мове, другі прадмет будуць выбіраць навучэнцы. Выбіраць ім давядзецца з тых прадметаў, па якіх раней прадугледжвалася ЦТ. Прэзідэнт спытаў, ці дапаможа гэта ацаніць агульны ўзровень ведаў школьнікаў, калі кожны з іх будзе здаваць экзамен па тым прадмеце, які засвоіў лепш за ўсё. 

Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць цэнтралізаваны экзамен за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначаны месцы для гэтага. Прымаць экзамен будуць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў давядзецца падвозіць для здачы экзамену ў іншыя раёны або гарады. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі дарэчы гэта навацыя. 

Паводле слоў Андрэя Іванца, па краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя. “Улічваючы, што сёння ў нас каля 60 тысяч школьнікаў знаходзяцца на падвозе ў сельскай мясцовасці, выезд на цэнтралізаваны экзамен дадатковага стрэсу не створыць”, — упэўнены Міністр. 

Ацэньваюцца работы ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Бланкі адказаў, як і пасля цэнтралізаванага тэсціравання, праверыць камп’ютар. Затым атрыманая адзнака з улікам гадавой выстаўляецца ў атэстат выпускніка.

“Я спрабую ў цэлым, як вопытны чалавек, ацаніць усю гэту кухню. Як гэта будзе ўспрынята бацькамі, вучнямі. Ці правільна мы зробім, што не ўзварухнём дзяцей, як нас некалі, па ўсіх прадметах, а не тое што па двух” , — растлумачыў сваё патрабавальнае стаўленне да новаўвядзенняў Прэзідэнт.

Пасля дыскусіі Кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз узважыць усе за і супраць, узважана падысці да навацый і аформіць усе прапановы ў нарматыўны прававы акт. Пры гэтым, калі раптам у кагосьці ўзнікнуць новыя прапановы або заўвагі, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў абавязкова праінфармаваць яго. “Калі будуць альтэрнатыўныя меркаванні, я павінен іх пачуць”, — падкрэсліў ён. 

 

 

 

Поўны тэкст: https://president.gov.by/be/events/soveshchanie-po-voprosam-sovershenstvovaniya-vstupitelnoy-kampanii-v-vuzy-1669986335

Фота https://president.gov.by/

print

Вам таксама можа спадабацца: