«Зялёнае» свята StEC

13 Dec, 2022.

Напрыканцы лістапада ў БДУ адбыўся V Міжнародны студэнцкі экалагічны кангрэс StEC 2022, які аб’яднаў звыш 150 падлеткаў і маладых людзей з Беларусі, Расіі, Туркменістана, Турцыі, Нігерыі і ЗША. Газета «Універсітэт» наведала ключавыя пляцоўкі праекта.

Калі ва ўніверсітэце аб’яўляецца конкурс «Найлепшы моладзевы праект», хімікі заўсёды маюць шмат прапаноў. Год ад году студэнты хімфака бралі ўзнагароды з рознымi ідэямі. Напрыклад, праект аднадзённых стажыровак на патэнцыйных месцах працы для студэнтаў і школьнікаў «Shadow day BSU – Цень на дзень БДУ» заняў 1 месца ў 2021 годзе, перад гэтым атрымаў гран-пры ў 2020. Пяць гадоў назад пераможцам стаў праект «Віртуозы навукі БДУ». Тады на факультэце падумалі, што студэнты-хімікі павінны арганізаваць пляцоўку для рэалізацыі экалагічных ініцыятыў. Так узнік «ЭкаСтыль БДУ», які і даў пачатак StECу.

– Спачатку мы запланавалі правесці міні-канферэнцыю «Экаідэі твайго ўніверсітэта». Аднак, калі пачалі цікавіцца, хто б хацеў прыняць удзел у такім мерапрыемстве, заўважылі, што інтарэс праявілі многія навучальныя ўстановы краіны, – узгадвае куратар праекта намеснік дэкана хімічнага факультэта па прафарыентацыйнай рабоце Жанна ЦАБКАЛА. – Першапачаткова з дасланых дакладаў мы выбіралі пераможцаў, якія і выступалі на канферэнцыі. Аднак узнікла пытанне: што рабіць з іншымі? Так задума перарасла ў I кангрэс экалагічных ідэй. Мы знайшлі патрэбны фармат, і ўжо з другога года мерапрыемства набыло статус міжнароднага. Акрамя таго, тады ж да нас далучыліся школьнікі.

Жанна Анатольеўна гаворыць, што, калі ўзнікае пытанне праводзіць кангрэс ці не, яно вырашаецца адразу ж, варта толькі валанцёрам зайсці ў кабінет да куратара праекта і сказаць: «Трэба рабіць». Многія з хлопцаў і дзяўчат адданыя кангрэсу з першага курса. Для некаторых студэнтаў сёлетні StEC – лебядзіная песня, бо ў наступным годзе яны змогуць назіраць за ім толькі як маладыя спецыялісты.

Пяцікурсніца Жанна КАНАШ – адна з такіх апантаных. Першы раз яна далучылася да кангрэса, убачыўшы аб’яву аб наборы валанцёраў. За ўсе гады яго існавання дзяўчына прымерыла на сябе розныя ролі: раздрукоўвала матэрыялы, прадумвала кава-паўзы, вяла сацыяльныя сеткі, каардынавала ўдзельнікаў, складала праграму. І, прыйшоўшы сюды як звычайны памочнік, сыходзіць як паўнацэнны арганізатар.

– Самае каштоўнае ў кангрэсе – яго тэматыка і ўнікальнасць. Колькі тут цікавых дакладаў! Ты пастаянна адкрываеш нешта новае, камунікуеш з людзьмі, якія хочуць развівацца і нешта зрабіць для экалогіі. Для мяне прыемна і знакава быць часткай такога праекта, – падзялілася Жанна. – А яшчэ тут вельмі запамінаюцца моманты, калі ты бачыш, як тое, пра што расказваюць людзі, упісваецца ў наша жыццё і стымулюе нас быць больш экалагічнымі ў розных сферах.

У першы дзень мерапрыемства хімічны факультэт больш, чым звычайна, напоўнены гаманой. Валанцёраў у салатавых майках можна пазнаць у любой кропцы факультэта. «А што, сёння свята нейкае?» – злавіўшы агульны настрой, пытаюцца некаторыя студэнты. «Ага, у нас жа StEC», – усміхаюцца арганізатары. Дарэчы, сёлета арганізатарамі мерапрыемства выступілі хімічны кластар БДУ (НДІ хімічных праблем, унітарнае прадпрыемства «Унікаштмет БДУ», тэхнапарк «Унітэхпрам БДУ»), каманды праектаў «Школа экскурсаводаў-прафарыентолагаў» і «Shadow day BSU». А негалосным дэвізам падзеі ўжо каторы сезон з’яўляюцца словы «Ад зялёнай хіміі – да зялёнага свету».

– Сёння зялёная хімія, якая ўсяго два дзесяцігоддзі назад успрымалася як нешта экзатычнае, выкладаецца ў многіх універсітэтах свету. ЮНЕСКА разглядае гэты напрамак як найважнейшы інструмент для ўстойлівага развіцця. І цяпер, калі адходы хімічнай прамысловасці істотна забруджваюць навакольнае асяроддзе, нам вельмі важна выхаваць студэнтаў новага пакалення, спецыялістаў са светапоглядам зялёнай хіміі. Таму мы павінны гаварыць пра зялёную хімію, пачынаючы са школы, замацоўваючы вынікі ва ўніверсітэце, затым – у магістратуры і аспірантуры. І StEC дапамагае вырашаць гэту задачу, – звярнулася да ўдзельнікаў кангрэса намеснік дэкана хімічнага факультэта па навуковай рабоце Таццяна САВІЦКАЯ.

намеснік дэкана хімічнага факультэта па навуковай рабоце Таццяна Савіцкая

Ключавой падзеяй кангрэса стаў конкурс экаідэй. Сёлета яго фіналістамі сталі пяцёра маладых людзей, якія прадставілі чатыры работы. Адметна, што большасць ідэй-пераможцаў у гэтым сезоне належыць школьнікам. Ініцыятывы ахопліваюць розныя сферы жыцця, аднак яны падобныя ў галоўным, паколькі скіраваны на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі і папярэджанне наступстваў, выкліканых неабачлівым стаўленнем чалавека да прыроды.

Дзесяцікласнікі сталічнай школы №86 імя Фамы Занько Максім БАКЛАГІН і Данііл СКУРАТОВІЧ расказалі пра сваё бачанне таго, як можна далучаць  падлеткаў і іх бацькоў да акцый па зборы пратэрмінаваных лекавых сродкаў. Хлопцы адзначылі, што лекавыя сродкі, трапляючы ў прыроду, могуць неспрыяльна адбівацца на якасці грунту, жыццяздольнасці расліннага свету, а трапляючы ў грунтовыя воды – прыводзіць да атручвання людзей і жывёл. Рашэнне праблемы школьнікі бачаць у інфармаванні пра пагрозы, якія можа несці няправільная ўтылізацыя прэпаратаў. Таму яны ініцыіравалі збор пратэрмінаваных сродкаў у межах сваёй школы, каб пасля перадаць іх у спецыяльны кантэйнер мясцовай паліклінікі. Такія прыстасаванні для ўтылізацыі лекаў, па словах выступоўцаў, ёсць у большасці паліклінік і бальніц горада, пра што павінна ведаць як мага больш навучэнцаў і іх бацькоў. «Вы ўсё яшчэ выкідваеце лекі ў вядро для смецця? Тады мы ідзём да вас», – паўжартам скончылі сваё выступленне падлеткі. Варта адзначыць, што хлопцы сталі ўладальнікамі першага месца ў намінацыі «Экадом».

Адзінаццацікласнік рагачоўскай сярэдняй школы №4 імя У. С. Вялічкі Андрэй МАМАЕЎ прыйшоў на конкурс з ідэяй, якая нарадзілася ў яго на занятках у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Хлопец падзяліўся, як можна атрымліваць эфектыўнае ўгнаенне з арганічных адходаў жывёлагадоўлі і гідролізнага лігніну. Андрэй вынайшаў уласны спосаб стварэння ўгнаення, калі змешваюцца цвёрдыя і вадкія ўгнаенні, якія пасля тэрмальнай апрацоўкі пераўтвараюцца ў сыпучую дабаўку для раслін без паху. Цяпер ён тэсціруе сваю распрацоўку на розных відах культур – салаце і ліставой гарчыцы, плануе апрабіраваць якасці ўгнаення на іншых раслінах. Сваёй ідэяй школьнік хоча вырашыць праблему перапрацоўкі адходаў жывёлагадоўлі і павысіць якасць прадуктаў, вырашчаных з дапамогай айчыннага ўгнаення з меншым коштам. Пасля заканчэння конкурсу капілка Андрэя папоўнілася першым месцам у намінацыі «Экаўгнаенні».

Вучань 11 класа сталічнай гімназіі №40 імя Янкі Лучыны Дамір УЛАСЕВІЧ – яшчэ адзін гадаванец Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Ён даўно задаўся пытаннем: беларускі Tetra Pak – гэта міф ці рэальнасць? І сваёй задумкай вырашыў даказаць, што рэальнасць. З праблемай замены замежнай упакоўкі краіна сутыкнулася ў мінулым годзе. З той пары Дамір задумаўся, як можна стварыць яе беларускі аналаг. Кошт імпартнага і айчыннага пакунка будзе прыблізна аднолькавы, але перавагі апошняга ў іншым. Так, каб вырабіць беларускі Tetra Pak, па словах школьніка, спатрэбіцца сыравіна, якую можна знайсці на рынках Беларусі і Расіі, што выключае імпарт. Акрамя таго, пакунак зроблены з матэрыялаў, якія дапамогуць без цяжкасцяў і дадатковых выдаткаў утылізаваць адходы. У выпадку з замежным аналагам на яго перапрацоўку ідзе столькі ж сродкаў, як і на выраб. Гэта задума на конкурсе прынесла Даміру першае месца ў намінацыі «Экапакунак».

Вылучыліся на кангрэсе і два іншыя выступленні школьнікаў, якія займаліся зялёнай хіміяй пад кіраўніцтваў выкладчыкаў хімічнага факультэта. Так, Аліна АРЦЁМАВА з сярэдняй школы №8 горада Крычава прадставіла ядомую плёнку для чысткі зубоў, якая не патрабуе ўдзелу вады і таму падыходзіць для выкарыстання касманаўтамі і падарожнікамі. Яе ідэя прынесла ёй перамогу ў намінацыі «Экаінавацыі».
А Яўген ЛЯХОВІЧ з мінскай гімназіі №40 імя Янкі Лучыны прадэманстраваў ядомыя пакрыцці для вішні, чарэшні, памідораў чэры і вінаграду. Сакрэт яго задумы ў тым, што тэрмін прыдатнасці апрацаваных прадуктаў павялічваецца ў 1,5 раза і смак ягады можа дапаўняцца смакам іншай садавіны.  

Ідэя інтэрна Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Арыны ЖАГАЛЬСКАЙ узнікла з практыкі. Як чалавек, што працуе правізарам у аптэцы і часта выдае чэкі, дзяўчына задумалася пра іх экалагічнасць і ўтылізацыю. Дзяўчына высветліла, што чэкавая папера праз асаблівасці вытворчасці ўтрымлівае шкодны элемент, які ў вялікіх аб’ёмах можа нават паскараць развіццё ракавых захворванняў. Звычайнаму чалавеку, які трымае ў руках 2-3 чэкі ў дзень, гэта нястрашна, аднак для тых, хто іх выдае, не вельмі добра. Акрамя таго, паколькі якасць чэкавай папера горшая, перапрацоўваць іх з іншай макулатурай нельга. У сувязі з праблемамі Арына вырашыла, што неблагім выйсцем з сітуацыі стане выкарыстанне электронных чэкаў, тым больш што ў краіне для гэтага ўжо паўгода існуе заканадаўчая база. Так, чэкі можа збіраць і захоўваць спецыяльны дадатак, які дазволіць не толькі правяраць пакупкі, але і сачыць за сваім бюджэтам. Акрамя таго, гэта база даных можа быць прывязана да плацежнай карткі ці прыходзіць на электронную скрыню. Тым больш, што па новым заканадаўстве электронны чэк мае такую ж моц, як і надрукаваны. Такія меры, на думку будучага медыка, дазволяць як мінімум скараціць абарачэнне чэкаў, якія праблематычна перапрацоўваць. Не дзіўна, што задума дзяўчыны «Чэкі 2.0» атрымала на конкурсе гран-пры.

Арына Жагальская

Адной з неад’емных частак кангрэса гэтага сезона стаў эка-квіз «Школы экскурсаводаў-прафарыентолагаў БДУ». Удзельнікі правяралі дакладнасць свайго «вакамеру» (налівалі 110 мл вады «на вока»), складалі харчовую сетку, правяралі гучнасць свайго голасу, практыкаваліся ў культуры экалагічнай камунікацыі. Гэта дазволіла ўдзельнікам не толькі сканцэнтравацца на абмеркаванні сур’ёзных праблем, але і аднавіць свае сілы займальным баўленнем часу.

Паралельна з конкурсам экаідэй работа ішла на навуковых пляцоўках. Студэнцкія секцыі StEC аб’ядналі моладзь з БДУ, БДМУ, БДТУ, ВДУ імя П. М. Машэрава і  Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. На пляцоўцы «Студэнцкія экалагічныя навуковыя даследаванні» адзначылі даклады Арцёма ЦІМАШЭНКІ (4 курс, хiмiчны факультэт БДУ), які расказаў пра прымяненне люмінесцэнтнага сэнсара на аснове радаміну Б для дэтэкціравання іонаў жалеза, алюмінію і медзі. Сярод першых таксама адзначыліся другакурснікі хімфака Ягор ТАТАРЫНАЎ і Аляксей ЯКАС з тэмай «Гідратцэлюлозныя валокны, атрыманыя з раствораў цэлюлоз разнастайнага паходжання ў артафосфарнай кіслаце». Прыз глядацкіх сімпатый адправіўся да студэнткі-трэцякурсніцы Паліны ЖОГЛА (юрыдычны факультэт БДУ), якая ведае шмат пра прававое рэгуляванне выкарыстання аднаразовага пластыку ў Беларусі.

Першым у напрамку «Экалагізацыя адукацыйнага працэсу» стаў даклад Аляксандры ЗАГОРСКАЙ (4 курс, хiмiчны факультэт БДУ) «Эка-квіз як форма экалагічнай асветы». А прыз глядацкіх сімпатый забрала Настасся ХМЫЗ (4 курс, факультэт прыродазнаўства БДПУ iмя Максіма Танка), якая прэзентавала прысутным коўч-праект «ECO-LIFE».

Даклад дзесяцікласніка мінскай школы №61 Дзяніса ТРЫГУБА «Этыка экалагічнай адказнасці і біяэтыка: на прыкладзе стварэння бактэрыі Сінтыі» стаў найлепшым на пляцоўцы «Міжнароднае экасупрацоўніцтва і экакультура». А прыз ад гледачоў адправіўся да трэцякурсніц Юліі ГУРЫНОВІЧ і Аляксандры БАРЫЧЭЎСКАЙ (фiлалагiчны факультэт БДУ), якія ўзнялі тэму экалагічнасці сучаснай мовы.

Геаграфія школьнай экапляцоўкі, што працавала на другі дзень кангрэса, аб’яднала дзяцей з Мінска, Віцебска, Крычава і Ашмян, а таксама гасцей з Анталіі (Турцыя). Гран-пры за найлепшы даклад атрымала самая малодшая выступоўца – трэцякласніца Марыя ГОЛУБ са сталічнай сярэдняй школы №69. Дзяўчынка здзівіла журы тэмай – «Што робяць чайкі ў горадзе?».

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: