У конкурсе «Студэнт года – 2022» удзельнічалі 53 студэнты з 15 факультэтаў і падраздзяленняў БДУ. Газета «Універсітэт» сабрала гісторыі пераможцаў – тых, хто апынуўся на крок наперадзе.
Найлепшая ў намінацыі «Навука» (па сацыяльных і гуманітарных кірунках) – чацвёртакурсніца эканамічнага факультэта Таццяна Астрэйка – характарызуе сябе як вясёлага, камунікабельнага, мэтанакіраванага, жыццярадаснага і захопленага чалавека. Дзяўчына расказвае, што сур’ёзная зацікаўленасць навукай прыйшла да яе на малодшых курсах. Тады выкладчыкі ўбачылі ў студэнтцы даследчыцкую «іскрынку», якая з часам перарасла ў невялікі навуковы агеньчык. Шмат часу з Таццянай займалася дацэнт кафедры банкаўскай эканомікі Настасся Вярыга, пад кіраўніцтвам якой дзяўчына напісала большасць навуковых артыкулаў, а таксама стала ўладальніцай першай катэгорыі на XXVIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў.
У даследчыцкай дзейнасці Таццяна хоча пратаптаць уласную сцяжыну, таму навукоўцаў, да якіх ёй хацелася б быць падобнай, у яе няма. «Не ствары сабе куміра», – гаворыць дзяўчына. І па гэтай сцяжыне яна паціху рушыць наперад. Чацвёртакурсніца ўпэўнена, што на гэтым шляху, як і ў жыцці, патрэбна быць рэалістам, але не страчваць аптымізму. Зараз у яе навуковай скарбонцы артыкулы на тэмы менеджменту, вытворчасці працы, кіравання персаналам, рынку працы, матывацыі і інш.
На думку маладога даследчыка, навука прываблівае людзей, паколькі дае адказы на пытанні, што не толькі цікавыя самі па сабе, але і маюць практычную значнасць:
– Навука дапамагае спасцігнуць прыроду рэчаў і адмовіцца ад стэрэатыпаў. Навука – гэта спосаб перамагчы страх і перайсці на новы віток развіцця, таму многія імкнуцца далучыцца да свету даследаванняў. Людзі хочуць не проста стаць часткай гісторыі, а тварыць яе самастойна, быць неад’емнай часткай працэсу пазнання, – разважае Таццяна Астрэйка.
За час навучання студэнтка не толькі знайшла сябе ў навуковай дзейнасці – яна набыла сяброў, стала старастай і актывісткай савета старастаў эканамфака, трапіла на Студэнцкі баль БДУ. Таму на пытанне, як адным словам можна апісаць універсітэт, адказвае: «Best».
Дзяўчына пераканана, што сучасны навуковец павінен быць адукаваным чалавекам, які разумее сутнасць навукі і яе заканамернасці. Немалаважна таксама, па словах Таццяны, валодаць сучаснымі метадамі даследавання, пастаянна знаёміцца з дасягненнямі сусветнай навукі ў сваёй галіне. А яшчэ такому спецыялісту неабходна добра ведаць сацыяльнае асяроддзе, у якім ён працуе, умець знаходзіць узаемасувязі паміж сацыяльнымі працэсамі і навуковымі адкрыццямі, каб увасабляць знаходкі ў жыццё.
– Думаю, што сучасны навуковец – гэта чалавек, які накіроўвае навуковыя пошукі на рашэнне актуальных праблем, што адпавядаюць патрэбам сучаснага свету. Так, з аднаго боку, яго праца не застаецца неацэненай, а з іншага – даследчык вырашае канкрэтныя задачы і спрыяе развіццю навукі ў цэлым, – рэзюмавала студэнтка года.
У намінацыі «Навука» (па прыродазнаўчых і тэхнічных навуках) найлепшым трэці год становіцца магістрант факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Юрый Давідовіч. Яго фота вы, верагодна, бачылі на Дошцы гонару БДУ ва ўніверсітэцкім дворыку.
З другога курса хлопец пачаў удзельнічаць у канферэнцыях. Працуючы пад кіраўніцтвам кандыдата біялагічных навук дацэнта Франца Емяльянавіча Шалькевіча, студэнт зацікавіўся навуковым кірункам дыстанцыйнай спектраметрыі прыродных аб’ектаў. На гэтую тэматыку ён пісаў курсавыя працы, артыкулы, тэзісы.
Першую ступень адукацыі Юрый скончыў з адзнакай, паступіў у магістратуру і плануе працягваць навуковы шлях у аспірантуры БДУ.
– Ёсць шмат навукоўцаў і вялікіх людзей, на якіх я хацеў бы раўняцца. Цяжка вылучыць кагосьці асобна, – гаворыць Юрый. – Свой прафесійны і асабісты рост я бачу праз дасягненні як спецыяліста ў сферы маіх навуковых інтарэсаў. Я здолеў атрымаць досвед не толькі ў навуцы, але ў выкладчыцкай дзейнасці – другі год я працую выкладчыкам на факультэце. БДУ і асабліва геаграфічны факультэт – гэта, на маю думку, вялікая дружная сям’я, дзе дапамагаюць адзін аднаму, як у звычайнай нармальнай сям’і. БДУ – гэта мая альма-матар.
Па словах Юрыя Давідовіча, у жыцці трэба быць аптымістам. Улюбёныя заняткі маладога навукоўцы ў вольны час – філатэлізм і кнігі.
Першай у намінацыі «Лідар» (паднамінацыя «Універсітэт») прызнана чацвёртакурсніца факультэта міжнародных адносін Аліна Рацькова. Знаёмства са студэнцкім самакіраваннем у яе адбылося на першым курсе. Тады дзяўчына знайшла сябе ў студэнцкім савеце па якасці адукацыі факультэта (цяпер – студэнцкі савет па якасці адукацыі і навуцы), стала яе кіраўніком. Гэта прынесла вопыт і жаданне паспрабаваць сілы ў ролі старшыні Студэнцкага савета БДУ.
Усведамленне таго, што людзі ідуць за ёй, па словах Аліны, па-сапраўднаму прыйшло на справаздачна-выбарчых сходах ССЯАН і Студэнцкага савета БДУ. Тады дзяўчына зразумела, што разам можна дасягнуць мэт, акрэсленых ёй у перадвыбарнай праграме на пост старшыні студэнцкага савета.
– Поспех студэнцкага лідара сапраўды заключаецца ў тым, каб ён мог небеспадстаўна сказаць, што ён «вядзе» за сабой, уласным імкненнем, упартасцю паказваючы, што студэнцкае жыццё можна рабіць яшчэ лепшым, – адзначыла пераможца. – Сваім прыкладам мы павінны зараджаць студэнтаў не толькі добра вучыцца, але і займацца навукай, спортам ці паспрабаваць сябе ў культурным жыцці БДУ.
Па-за вучобай і студэнцкім жыццём інтарэсы чацвёртакурсніцы таксама звязаны з моладзевымі арганізацыямі. Улетку мінулага года яна стала старшынёй Камісіі па міжнародных справах Моладзевага парламенту Нацыянальнага сходу Беларусі.
Аліна лічыць, што людзям у ёй падабаецца шчырасць. Гэта якасць найбольш праяўляецца ў ёй, паколькі дзяўчына не ўмее хаваць свае эмоцыі. Калі, напрыклад, удалося рэалізаваць нейкую ідэю ці студэнтка здае экзамен – радасць з’яўляецца наперадзе яе. Тое самае і з іншымі пачуццямі: калі чацвёртакурсніца засмучана нечым, але імкнецца гэтага не паказаць, навакольныя ўсё роўна адчуваюць яе настрой.
Калі ўзнікае складаная сітуацыя, студэнтка стараецца выдыхнуць. Яна супакойваецца, а затым шукае выйсце, узважвае ўсе «за» і «супраць». У больш няпростых сітуацыях можа папрасіць парады ў больш дасведчаных калег, бацькоў ці блізкіх сяброў, хаця прасіць дапамогі ў другіх, па словах актывісткі, яна не ўмее.
Аліна Рацькова кажа, што калі б у яе была магчымасць стаць любым чалавекам, яна б усё роўна засталася сабой, бо кожны яе дзень ва ўніверсітэце і па-за вучобай праходзіць па розных траекторыях і прыносіць розныя задачы. Але калі б у яе з’явілася больш вольнага часу на адпачынак, то яна ведае, як можна зрабіць гэты перыяд ідэальным:
– Найлепшы адпачынак – гэта імгненні з сям’ёй і сябрамі. Калі ты мінімізуеш выкарыстанне тэлефона і камп’ютара і абмяркоўваеш тое, што хвалюе, ці глядзіш фільмы з блізкімі табе людзьмі, – упэўнена Аліна.
Перамогу у намінацыі «Лідар» (паднамінацыя «Факультэт») на конкурсе «забраў» трэцякурснік юрыдычнага факультэта Станіслаў Краско. Актыўнасць і ўменне заахвочваць людзей да здзяйснення агульных мэт прыйшло да яго яшчэ ў школе: тады хлопец удзельнічаў ва ўсемагчымых культурных мерапрыемстваў, займаўся спортам. Аднак лідарскія здольнасці цалкам раскрыліся пасля паступлення ў БДУ, калі Станіслава выбралі старастам групы, а затым – курса.
– Я ўдзельнічаў у вялікай колькасці ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў, затым стаў сакратаром Савета старастаў БДУ, намеснікам старшыні студэнцкага савета ўніверсітэта. І пасля арганізацыі дзясяткаў актыўнасцяў і ўдзелу ў іх паступова прыйшоў да перамогі ў гэтым конкурсе, – расказаў лідар.
Студэнт гаворыць, што найлепшай яго якасцю з пункту гледжання студэнцкай каманды з’яўляецца адкрытасць і гатоўнасць адказваць на любыя пытанні. Станіслаў прызнаецца, што яму цяжка вызначыць, што ў ролі кіраўніка атрымліваецца лепш за астатняе.
– Лічу, калі ў цябе ёсць зацікаўленасць і жаданне нешта рэалізаваць на справе, усё абавязкова атрымаецца. У няпростых момантах, каб прыняць рашэнне, можна параіцца з блізкімі людзьмі і сябрамі, – кажа трэцякурснік. – А калі нешта не паспяваеш ці разумееш, што іншы чалавек разбіраецца ў пэўным пытанні лепш за цябе, можна папрасіць дапамогі.
Станіслава можна назваць тым студэнцкім лідарам, якому падабаецца як прыдумваць праекты, так і ўвасабляць прапанаваныя ідэі ў жыццё. Ён перакананы, што ў любой задумы павінна быць прадуманая мэта, інакш не будзе чаго рэалізоўваць. Такой жа думкі ён прытрымліваецца наконт не да канца развітых ідэй.
Як і многія студэнты з сумеснага самакіравання, добра папрацаваўшы, хлопец стараецца гэтак жа адпачыць. А вольны час Станіслаў арганізоўвае гледзячы на тое, якімі былі апошнія дні:
– Добры адпачынак розны ў залежнасці ад таго, праз што ты стаміўся. Калі гэта інтэлектуальная праца, можна адпачыць фізічна, і наадварот, – дзеліцца хітрасцю пераможца. – Сам жа я за актыўны адпачынак! Калі-нікалі, канешне, хочацца проста паляжаць – пачытаць ці паглядзець серыял, але гэта хутка надакучвае.
Пераможца ў намінацыі «Культура» трэцякурснік хімічнага факультэта Віталь Дроб спявае з пачатковай школы. Тады настаўніца спеваў разгледзела ў хлопчыку талент і расказала пра гэта матулі, якая ў хуткім часе аддала сына ў музычную школу па класе акадэмічных спеваў. Аднак хлопец адлічвае сваё «спеўную сучаснасць», пачынаючы з 9 класа, калі ён прыйшоў на заняткі ў эстрадную студыю.
– Мэта амаль кожнага выканаўцы – навучыцца спяваць любую песню. А эстрадныя спевы – гэта вельмі папулярны напрамак, які дапамагае гэтай мэты дасягнуць. Да таго ж, гэтыя музычныя творы можна спяваць часта і ўсюды. Гэтым і быў абумоўлены мой выбар, – патлумачыў студэнт.
Перамога ў конкурсе не стала для трэцякурсніка нечаканасцю – гэта, хутчэй, вынік плённай працы і скіраванасці да мэты. У мінулым годзе хлопец увайшоў у склад лаўрэатаў гэтай жа намінацыі, але ўжо тады разумеў: наступны раз пойдзе на конкурс па перамогу.
Сёння рэпертуар вакаліста вельмі разнастайны. Тут можна знайсці песні як рускамоўных, так і англамоўных выканаўцаў: Дзімы Білана, Паліны Гагарынай, Адэль, Дэмі Лавата, Сэма Сміта, Элтана Джона і іншых. Невыпадкова любімы стыль кампазіцый, якія пераважаюць у асабістым плэйлісце хлопца, соўл. Сам малады выканавец апісвае яго як «стыль, у якім ёсць што паспяваць, сумесь поп-музыкі і разнастайных музычных прыёмаў».
За час, калі Віталь сур’ёзна займацца вакалам, у яго з’явіўся ўласны «топ» любімых артыстаў, куды ўвайшлі Філіп Кіркораў, Б’янка, Адэль і Б’ёнсэ.
– Кіркораў імпануе мне як артыст з моцнай харызмай і адметным стылем выканання песень. У Б’янкі мне падабаюцца песні – як тэкст, так і сама музыка – яны вельмі душэўныя і пранікнёныя. У мяне нават настрой бывае такі: «слухаць Б’янку». Я спецыфічная натура – доўга не магу слухаць адну і тую ж музыку. Але гэта іншы выпадак: калі сумна ці перажываю, заўсёды слухаю «Кеды», «Вылечуся» і «Чацвер» Б’янкі. Адэль – гэта легенда, якую слухаюць мільёны. А Б’ёнсэ мяне прываблівае манерай падачы сябе на сцэне, вакалам і арганізацыяй шоу на сцэне, – падзяліўся артыст.
Калі б студэнт меў неабмежаваныя магчымасці, каб выканаць любое жаданне, ён хутчэй за ўсё адправіўся б у сусветны тур. У арганізацыі выступленняў на буйных сусветных пляцоўках ён хоча быць падобны да спявачкі Адэль і артыстаў групы Queen, якія збіралі шматтысячныя стадыёны, дзе затым прыхільнікі іх творчасці грамадой спявалі іх песні. Пакуль у дасягальных марах Віталя – выступленне на вялікім стадыёне.
– Мае жыццёвыя прыярытэты – гэта рух наперад, развіццё розных сфер жыцця, якія мне найбольш блізкія і ў якіх я больш моцны. Таксама гэта імкненне спрабаваць нешта новае і ставіць перад сабой мэты, – кажа Віталь. – Бо, калі ты ідзеш да мары, абавязкова дойдзеш, калі моцна хочаш і шмат працуеш.
Актыўным і паспяховым дзеячам спартыўнага жыцця БДУ на працягу 2022 года быў пяцікурснік юрыдычнага факультэта Дзмітрый Лазоўскі. Ён пераможца ў намінацыі «Спорт».
Дзмітрый займаецца спортам з ранняга дзяцінства, біятлонам – з 11 гадоў. Мэтай хлопца стала жаданне быць прафесійным спартсменам, выступаць на міжнародных спаборніцтвах, заваёўваць найвышэйшыя ўзнагароды.
– Мне захацелася асвоіць прафесію юрыста, таму паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. Тут я палюбіў дысцыпліны па канстытуцыйным і грамадзянскім праве. І самай прыемнай падзеяй за гады вучобы ва ўніверсітэце лічу студэнцкія канферэнцыі, – кажа студэнт. – Калі б у мяне былі неабмежаваныя магчымасці, то я хацеў бы далей развіваць спорт у Беларусі, праводзіць яшчэ больш міжнародных спаборніцтваў у нашай краіне.
Галоўнымі каштоўнасцямі Дзмітрыя Лазоўскага, акрамя спорту, з’яўляюцца воля, сумленнасць і новыя пазнанні. «Рэчамі сілы» хлопец называе камунікацыю з блізкімі, праслухоўванне падкастаў і кнігі пра паспяховых людзей, якія ён «праглынае» для ўзняцця спартыўнага духу. Невыпадкова пяцікурснік ужо даўно ведае, на якой пляцоўцы хацеў бы паказаць свой спартыўны спрыт – гэта Алімпійскія гульні 2026 года ў Італіі.
Ганна Станіславаўна Бакун, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт:
– Правядзенне конкурсу «Студэнт года БДУ» заключаецца ў двухбаковым узаемадзеянні адміністрацыі ўніверсітэта, факультэтаў альбо інстытутаў, упраўленняў з актыўнымі ў розных сферах дзейнасці студэнтамі. З аднаго боку, універсітэт зацікаўлены ў стымуляванні навучэнцаў на творчыя здзяйсненні ў розных сферах іх інтарэсаў, такіх як адукацыйная, навукова-даследчая, творчая, грамадская, спартыўная і культурная дзейнасць. Менавіта таму праводзіцца такі конкурс, так ажыццяўляецца падтрымка найбольш паспяховых, матываваных студэнтаў, якія сваімі дасягненнямі ўносяць уклад у развіццё БДУ і павышаюць яго імідж на знешнім узроўні.
З іншага боку, гэта доказ таго, што меркаванні, дасягненні, прадукты дзейнасці нашых студэнтаў з’яўляюцца цікавымі і важнымі для ўніверсітэта, у якім яны атрымліваюць не толькі адукацыю, але і могуць самарэалізавацца ў дадатковых актыўнасцях.
Узровень канкурсантаў 2022 года быў дастаткова высокі, большасць з іх мела сур’ёзныя дасягненні ў сваіх намінацыях. Але найбольш мяне ўразіла колькасць ахвотных удзельнічаць у конкурсе: у гэтым годзе іх было 53 чалавекі!
З прычыны росту папулярнасці конкурсу ў наступным годзе плануецца ўвесці дадатковую намінацыю «Інтэрнат» для іншагародніх актывістаў студэнцкага гарадка.
Каментарыі збіралі Ірына ІВАШКА і Дар’я ПАЎЛЮЧУК