Вышэйшая адукацыя з ухілам на практычны досвед: музейныя крэатыўшчыкі гістфака

25 Jan, 2023.

Хлопцы і дзяўчаты са студэнцкага гуртка MUSEUM кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў гістфака БДУ не толькі любяць расказваць пра мінулае, але і прымушаюць гаварыць рознымі галасамі саму гісторыю.

Кафедра этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў рыхтуе спецыялістаў па напрамку «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны» – адсюль выходзяць прафесіяналы, якія спецыялізуюцца на турызме, захаванні і інфармацыйным суправа­джэнні аб’ектаў культурнай спадчыны, працы з музейнымі экспанатамі і калекцыямі. Таму і актыўнасці гуртка пераследуюць мэту, каб студэнты развіваліся ў гэтых галінах і станавіліся экспертамі.
Першы напрамак дзейнасці MUSEUM – знаёмства са структурай і асаблівасцямі музеяў. Маладыя людзі наведваюць установы, якія прафілізуюцца на захаванні гістарычнай спадчыны, камунікуюць са спецыялістамі і назіраюць, як практыкі ўзаемадзейнічаюць з наведвальнікамі і выбудоўваюць экспазіцыі.

Дзяніс Філіпчык

Мяркуючы па апытаннях, самастойна студэнты амаль не завітваюць у музеі, незалежна ад таго, нарадзіліся яны ў вялікіх гарадах ці прыехалі з рэгіёнаў. І дапамагчы ім паглыбіцца ў атмасферу такіх устаноў – адна з задач гуртка, – тлумачыць кіраўнік аб’яднання кандыдат гістарычных навук Дзяніс Філіпчык.
Другі напрамак – вывучэнне гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі. На гэтую частку работы прыходзяцца навукова-даследчыя праекты, якія нараджаюцца ў студэнтаў на занятках. Усе ідэі непасрэдна звязаныя з вучэбнай праграмай і маюць практыка-арыентаваны характар. Кожная задума разлічана на тое, каб хлопцы і дзяўчаты, ажыццяўляючы яе, выпрацоўвалі навыкі аналізу і сістэматызацыі інфармацыі, вучыліся працаваць з крыніцамі. У залежнасці ад тэарэтычнай падрыхтаванасці моладзі прапануюцца розныя формы працы. Адна з самых улюбёных – вядзенне сацыяльных сетак.

Як можна далучыць студэнта да знаёмства з матэрыяльным светам беларускай падарожніцы Саламеі Пільштыновай-Русецкай? Гурткоўцы вырашылі задачу праз фармат трэвэл-блогу ў «Інстаграме»: нібыта яго вядзе вандроўнік XVII стагоддзя, які пабываў на землях Рэчы Паспалітай, Маскоўскай дзяржавы і Турцыі, як сама Саламея. Для гэтага студэнты падрабязна вывучалі мемуары аўтаркі, творча іх перапрацоўвалі, падбіралі адпаведныя эпосе ілюстрацыі і, канешне, стараліся «зачапіць» сваю аўдыторыю тэхнічнымі магчымасцямі сацсеткі.
У галерэі «інтэрнэтных» задум студэнтаў таксама «Бабулін Інстаграм». Хлопцы і дзяўчаты зрабілі сямейныя блогі 1980-х гадоў з фотаздымкаў і відэа канца XX стагоддзя. Такая форма працы з матэрыялам дазваляе вывучаць прынцыпы работы з аўдыторыяй у анлайне, а таксама знаёміцца з побытам беларусаў розных мясцін, іх звычкамі і асаблівасцямі ўзаемадзеяння паміж сабой.
Сярод цяперашніх і былых удзельнікаў гуртка – нямала прафесійных рэканструктараў гістарычных падзей. Некаторыя з іх ужо выпускнікі. Часта маладыя людзі прыхо­дзяць, каб перадаць свой досвед малодшым сябрам. З іх падачы гурткоўцы стварылі чатыры відэаролікі па халоднай зброі і абмундзіраванні пехацінца часоў Вялікага Княства Літоўскага. Такія матэрыялы цікавыя не толькі будучым гісторыкам і экскурсаводам, але і тым, хто захапляецца ўзбра­еннем таго часу. Падрыхтаваць відэа – таксама не пальцамі шчоўкнуць: спачатку трэба прагледзець шмат гістарычнай і спецыяльнай літаратуры, пазнаёміцца з усемагчымымі відамі зброі, даведацца пра яе ролю, папрацаваць з артэфактамі, а затым – сістэматызаваць матэрыял і данесці яго ў цікавым фармаце.


Адзін з аўтараў відэацыкла – чацвёртакурснік Дзяніс Дзем’яновіч. Хлопец – сябар групы гістарычнай рэканструкцыі «Эпоха», дзе ён займаецца рэканструкцыяй дзейнасці санітара-насільшчыка Чырвонай арміі перыяду Другой сусветнай вайны. Таксама яму цікавыя вобразы санітара-насіль­шчыка Рускай імператарскай арміі часоў Першай сусветнай вайны і сярэднявечнага нямецкага жыхара першай траціны XV стагоддзя. Да гуртка студэнт далучыўся два гады назад. Творчы і навуковы пошук тут ён пачаў са стылізаванай старонкі крамы сярэднявечнага ўзбраення. Па словах хлопца, праекты, прыдуманыя тут, з такім жа поспехам не маглі б быць рэалізаваны больш нідзе.

Фота з выставы, прысвечанай музычнай прайгра­вальнай тэхніцы

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці MUSEUM – выставачная дзейнасць. Студэнты праходзяць усе этапы падрыхтоўкі выстаў – ад моманту навуковай распрацоўкі плана экспазіцыі да стварэння электроннага каталога экспанатаў і самой выставы. Сёлета высілкамі гурткоўцаў было падрыхтавана 4 экспазіцыі, прысвечаныя музычнай прайгра­вальнай тэхніцы, ваеннай медыцыне, нуміз­матыцы, творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Так, экспазіцыя «Маёй першай любоўю была музыка» пагружала наведвальнікаў у свет гукаўзнаўляльнай апаратуры другой паловы XX стагоддзя, з дапамогай якой людзі бавілі час. Тут можна было даведацца, што такое бабіны і радыёла, чым адрозніваецца грамафон ад патэфона, чаму з цягам часу змяншаліся абароты на вінілавых пласцінках і г. д. Выстава «Ваенная медыцына працоўна-сялянскай Чырвонай арміі» расказвала пра асаблівасці медыцыны 1934–1945 гадоў, дазваляла гасцям стаць часткай экспазіцыі. Гэта стала магчымым праз майстар-клас па накладанні медыцынскай павязкі параненаму, ролю якога выконваў адзін са слухачоў. Падобныя элементы экскурсіі дазваляюць наведвальнікам больш паглыбляцца ў тэму, пражываць яе. Задумай «Караткевіч – брэнд сучаснасці» студэнты хацелі паказаць, як вобраз і творчасць Ула­дзіміра Караткевіча адлюстроўваецца ў масавай культуры Беларусі. Здавалася б, што можна паказваць у якасці экспанатаў? Гурткоўцы звярталіся да абутку і адзення з цытатамі беларускага класіка, стыкераў з сацсетак па матывах яго творчасці, паштовак і святочных выданняў твораў.
Па словах Дзяніса Уладзіміравіча, нумізматычныя выставы з’яўляюцца няпростымі пачынаннямі, паколькі дробныя артэфакты цяжка абыгрываць у прасторы. Тым не менш хлопцы і дзяўчаты не баяцца распрацоўваць гэты напрамак, паказваючы кемлівасць і прапаноўваючы цікавыя падыходы.
Кіраўнік гуртка адзначае, што час, за які можна падрыхтаваць выставу добрага ўзроўню,­ залежыць ад матываванасці і падрыхтаванасці асобнага студэнта. У сярэднім працэс займае ад трох тыдняў да месяца з паловай. Працэсу падрыхтоўкі кожнага праекта папярэднічае не меншая тэарэтычная падрыхтоўка, чым падчас працы над навуковым артыкулам.
Мы стараліся, каб на нашых выставах чацвёртакурснікі расказвалі матэрыял студэнтам малодшых курсаў. Каб існавала пэўная пераемнасць і студэнты разумелі, што да выпускнога курса яны самі змогуць стварыць уласную экспазіцыю. Гэта дадае ім упэўненасці ў сваіх сілах, – патлумачыў кіраўнік студэнцкага гуртка. – Пры ўсім тым вельмі важна, каб у людзей, што займаюцца арганізацыямі экспазіцый, была зацікаўленасць, бо, калі яе няма – усё страчвае сэнс. Тут вельмі дапамагае падказка выкладчыка, які спецыялізуецца на тэме, і правільная матывацыя. Бывае, у пачатку праекта студэнты аж стогнуць – як правіла, нешта падаецца то цяжкім, то незразумелым. А пасля ты ўжо бачыш іх усмешкі і задаволенасць сабой ад праробленай працы.
Атрыбуцыя экспанатаў (іх апісанне) для студэнтаў – свайго роду дэтэктыў. І калі для супрацоўнікаў музеяў гэта не праблема, паколькі ў іх ёсць нагледжанасць, спецыяль­ныя веды, то студэнтам прыходзіцца збіраць­ інфармацыю літаральна па крупінках. Ім трэба зразумець, як экспанаты ўпішуцца ў прастору – будуць адзін аднаго дапаўняць ці заглушаць. Пасля гэтага неабходна скласці тэкст экскурсіі. А найвышэйшым пілатажам у выставачнай дзейнасці лічыцца правя­дзенне музейна-педагагічных заняткаў з інтэрактыўнымі элементамі.
Ёсць у ліку праектаў гурткоўцаў і вопыт стварэння настольнай гульні па матывах падзей XX стагоддзя. У ёй маладыя людзі пастараліся адлюстраваць асаблівасці побыту людзей савецкай эпохі. А па Смілавіцкай шляхецкай сядзібе гадаванцы гуртка стварылі аўдыягід, які сёння даступны ўсім зацікаўленым на сайце izi.travel.
Чацвёртакурсніца Кацярына Літвіновіч наведвае гурток два з паловай гады. Яна, як і многія яе таварышы, убачыла ў гуртку магчымасць рэалізаваць творчыя здольнасці. За гэты час дзяўчына не толькі паспела арганізаваць выставу, але і працавала над модным часопісам для жанчын XVI стагоддзя, спалучаючы ў сваіх ідэях даследчыцкія якасці і талент вярстальшчыка і дызайнера. Як мог выглядаць такі часопіс? Пра што тады маглі пісаць? Як абмяркоўваліся аксесуары і прадстаўляліся модныя навінкі? Тут дзяўчыне, як і іншым яе калегам, трэба было дэталёва прапрацаваць даступныя крыніцы інфармацыі, акуратна адабраць візуальны матэрыял – каб на старонках не красаваліся ілюстрацыі іншай эпохі, зрабіць з атрыманай інфармацыі якасны і візуальна прывабны прадукт.
Я займаюся гісторыяй моды, таму ідэя глянцавага часопіса ўзнікла адразу. Праект павінен быў закранаць XVIII – XX стагоддзі, таму мы з сяброўкай узгадалі пра заканадаўцу мод пачатку XIX стагоддзя – Жазэфіну. Пасля нават змясцілі яе на вокладцы, – падзялілася студэнтка. – Затым я працавала над часопісам, які знаёміў з модай 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У аснову візуальнага афармлення леглі нашы архівы: мы выкарыстоўвалі фатаграфіі бацькоў і знаёмых, нават зрабілі інтэрв’ю з матулямі, распытаўшы іх пра моду таго часу.

Тэмы будучых напрацовак студэнты шукаюць з ухілам на ўласныя інтарэсы. Гэта прыўносіць у творчасць лёгкасць, свабоду пошуку і магчымасць знайсці сябе ў будучай прафесіі. Самастойны выбар тэмы праекта – галоўная ўмова дзейнасці гуртка. Кіраўнік аб’яднання перакананы, што пры іншым падыходзе ажыццяўленне любой задумы робіцца фармальным, і нават вельмі добрая ідэя можа губляць фарбы, станавіцца шэрай і малацікавай.
Калі студэнту будзе нецікава, ён не зможа крэатыўна і якасна ажыццявіць праект, не знойдзе тых фактаў, якія б мог знайсці пры асабістай зацікаўленасці. Наша задача – падказваць кірункі і раіць формы, у якіх можа быць пададзена экспазіцыя, – адзначыў Дзяніс Філіпчык.

З выкладчыкам згодныя і студэнты: Дзяніс і Кацярына ўпэўненыя, што асноўны матыватар да даследчай дзейнасці – зацікаўленасць тэмай і падтрымка з боку навуковага кіраўніка. Па іх словах, каб заахвоціць студэнтаў займацца даследаваннямі, неабходна паказаць ім, што навука – гэта не так страшна і складана, як падаецца. Тады пачаткоўцы атрымаюць шанец пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, аднадумцамі, убачаць рэальную магчымасць прыцягнуць інтарэс да тэм, блізкіх ім самім, змогуць падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі і ідэямі.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: