Дыялогавыя пляцоўкі, студэнцкія даклады, квэст, чытанне вершаў: як у БДУ святкавалі Дзень роднай мовы

28 Feb, 2023.

Дзень роднай мовы адзначалі ў БДУ на працягу тыдня, што ўжо стала добрай традыцыяй. Цікава, што менавіта ў гэты перыяд студэнты і выкладчыкі часцей размаўляюць па-беларуску. Карэспандэнты газеты наведалі факультэцкія мерапрыемствы, каб пачаставацца журфакаўскімі прысмакамі і паслухаць шмат цікавага на філфакаўскіх сустрэчах навукоўцаў.

21 лютага факультэт журналістыкі арганізаваў квэст «Па сцяжынках роднай мовы». Прайшлі яго каля 70 студэнтаў і выкладчыкаў – больш за 20 каманд з факультэта журналістыкі, ФФСН і ММФ. Удзельнікам трэба было выканаць заданні на 5 пікетах: каманды танчылі народныя танцы, слухалі музыку беларускіх выканаўцаў, падтрымлівалі размовы на роднай мове.

Фота з сайта факультэта журналістыкі

На пікеце «Беларуская карчма» арганізатары з савета старастаў журфака частавалі ўдзельнікаў беларускімі нацыянальнымі прысмакамі, якія гатавалі самі: кулага, дранікі, верашчака, бліны, крывяная каўбаса. Студэнтам і выкладчыкам трэба было адгадаць з завязанымі вачыма, чым іх частуюць.

На інтэрактыўным пікеце «GeoGuesser» каманда мусіла знайсці на гугл-карце славутасць Беларусі, якая ім выпала, і ўзгадаць цікавы факт пра яе.

У квэсце таксама была шостая сакрэтная станцыя пра міфалогію, якую арганізатары распрацавалі разам са студэнтам з Кітая. На «Тэагоніі» беларусам трэба было па апісанні і ілюстрацыі зразумець, што за бажаство зашыфравана, а ўдзельнікам з Паднябеснай – адгадаць іх кітайскія аналагі.

Мы вырашылі зрабіць міжнародны пікет, дзе змогуць паўдзельнічаць і кітайскія студэнты. Лічым, што трэба, каб яны таксама далучаліся да нашай мовы і культуры, – распавядае старшыня савета старастаў Марына ДАШКЕВІЧ.

Выйграла квэст каманда першакурснікаў факультэта журналістыкі «Коласаўскія нашчадкі». У якасці падарункаў ад арганізатараў студэнты атрымалі тэматычныя стыкеры і прысмакі.

Аляксей Бяляеў, Лізавета Хмель (фота з сайта факультэта журналістыкі)

У медыятэцы імя М. Я. Цікоцкага была літаратурна-музычная сустрэча «Пра мір і Радзіму на матчынай мове», якую наведалі беларускія паэты, а таксама студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. З віншаваннямі да прысутных звярнуўся новы дэкан факультэта журналістыкі Аляксей БЯЛЯЕЎ:

Вельмі рады, што дзень знаёмства з факультэтам і калектывам прыпаў на Дзень роднай мовы. З усімі калегамі я яшчэ буду знаёміцца, а сёння – свята. Я вельмі задаволены прайшоўся па пікетах. Спадабалася, што студэнты падышлі да іх з выдумкай. Спадзяюся, такія творчыя мерапрыемствы будуць яшчэ не раз. Творчасць, безумоўна, павінна быць на першым месцы для чалавека. І я спадзяюся, што такімі творчымі людзьмі вы, калегі-выкладчыкі, робіце нашых студэнтаў, а яны потым на працягу ўсяго жыцця будуць прадуцыраваць гэту творчасць.

Заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь паэт Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ павіншаваў са святам родны для яго калектыў журфака – на факультэце ён працаваў 12 гадоў. Паэт прачытаў некалькі сваіх вершаў. 

Веі замружу, і ўбачыцца вечар –
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя пад Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.
А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.
Цьмяна бялее на кнізе рука,
Б’ецца аб шыбу агонь матылька.
Полацк драўляны, малінавы звон…
Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?
Можа, твой майстар на холад муроў
Выплеснуць здолеў гарачую кроў,
Позірк праменны, дыханне надзей,
Каб засталося святло для людзей?
Што ты хацела на роднай зямлі?
Ды цішыня. І стагоддзі прайшлі.
Толькі вось цэркаўкі белы пажар.
Толькі аблокаў павольных цяжар.
Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім
Позірк зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

Дзень роднай мовы адзначаюць людзі ва ўсім свеце. Беларуская мова была на працягу ўсяго жыцця з народам. Гэта мова, на якой першыя творы пісаў Францыск Скарына. Гэта мова, якая нарадзілася ў далёкія гады са славянскіх моў. Я родам з Полацка, і для мяне гэта вельмі важна, што мой горад стаў асновай беларускай дзяржаўнасці. Свайму гораду, свайму Полацку я прысвяціў цэлую кнігу, – сказаў Навум Гальпяровіч.

П. Жаўняровіч, Н. Гальпяровіч, В. Максімовіч (фота з сайта факультэта журналістыкі)

Беларускі паэт доктар філалагічных навук Валерый МАКСІМОВІЧ таксама наведаў мерапрыемства. Ён адзначыў, што рады ўбачыць шмат знаёмых людзей, і прапанаваў некалькі сваіх аўтарскіх вершаў.

Кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ таксама павіншаваў з Днём роднай мовы гасцей літаратурна-музычнай сустрэчы і прачытаў  некалькі сваіх вершаў.

Мне не ўцяміць твайго байкоту,
Бо прыблізна за тры кіламетры
З болю стогне твая самота,
Расхістаная бурным ветрам.
Яна моцна планку трымае,
Свой узровень не без прычыны:
Сцерці згадкі зямнога раю,
Прышчапіць незямныя вакцыны.
Ужо рукі ў яе кайданах,
Ногі скуты надзейным путам.
Вось да думак дайсці складана:
Не абыдзешся пэўным
статутам.
А самота цябе фізічна
Не пускае ў святліцу мрояў,
На планету надзей крынічных,
Дзе галоўнымі —
толькі двое.
Калі ў гэтым адна прычына —
Не парваць табе путы-кайданы, —
То сваім каханнем няспынным
Я прыспешу вынік жаданы.
Прылячу вастракрылым птахам,
Праметэем знішчу аковы —
Будзем разам пад родным дахам
У святліцы-планеты сховах.

Акрамя вядомых беларускіх пісьменнікаў на мерапрыемстве выступілі замежныя студэнты. Так, напрыклад, студэнтка з Расіі прачытала верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей». Таксама выступалі і кітайскія студэнты. Хтосьці з іх чытаў вершы на беларускай мове, хтосьці спяваў песні на сваёй роднай – кітайскай.

Фота з сайта факультэта журналістыкі

Такія розныя русалкі

Святкаванне Дня роднай мовы ва ўніверсітэце працягнулася 22 лютага за круглым сталом «Перспектывы развіцця беларускай этналінгвістыкі», які арганізавала кафедра беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта пры падтрымцы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Мерапрыемства аб’яднала звыш 30 удзельнікаў. Яны абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва філалагічнага факультэта і цэнтра, пытанні айчынных даследаванняў і тэматычнае багацце будучых этналінгвістычных даследаванняў.

Круглы стол з заяўленай тэматыкай – гэта падзея для нашай навукі. І студэнты, якія з’яўляюцца носьбітамі як мінімум дзвюх моў, у будучыні будуць запатрабаванымі спецыялістамі. Выказваю спадзяванне, што многія з вас стануць тымі, хто будзе развіваць беларускую этналінгвістыку, – звярнуўся да гасцей круглага стала загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай ПРЫГОДЗІЧ.

Прафесар Мікалай Прыгодзіч (за кафедрай)

Запрошаныя госці з Нацыянальнай акадэміі навук расказалі пра працу над стварэннем Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа, які дазволіць больш даведвацца пра культуру, традыцыі і ўяўленні нашага народа пра розныя з’явы, а таксама пазнаёмілі гасцей з са светам этналінгвістыкі.

Гэта навука вывучае суадносіны паміж мовай і культурай, з аднаго боку, і светапоглядаў розных этнічных груп – з іншага. Прытым гэтыя складнікі ўплываюць адзін на аднаго: светапогляды адлюстроўваюцца ў матэрыяльных і нематэрыяльных праяўленнях традыцыйнай спадчыны і наадварот, – заўважыла загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Алена БОГАНЕВА.

Алена Міхайлаўна падзялілася з прысутнымі вынікамі даследавання, звязанага з класіфікацыяй і апісаннем русалак, якія, паводле народнага фальклору, жылі на тэрыторыі Беларусі. Так, даследчык развеяла вядомы стэрэатып, што русалка звычайна паўстае ў абліччы прыгожай дзяўчыны з доўгімі валасамі і рыбіным хвастом. Паданні беларусаў захавалі гэту міфічную істоту і ў іншых вобразах: старых непрыгожых жанчын, што маглі задушыць, людзей з крыламі, русалак-птушак, а таксама немаўлят, якія памерлі няхрышчанымі. Разнастайнымі таксама з’яўляліся месцы іх пражывання: лес, рэчка, поле, дрыгва і інш.

У БДУ адкрылі кабінет супастаўляльнага вывучэння кітайскай і беларускай традыцыйных народных культур.

Выступленне загадчыка аддзела славістыкі і тэорыі мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН кандыдата філалагічных навук Таццяны АЛІФЕРЧЫК закранала вывучэнне пытання, адкуль, па мясцовых легендах, бяруцца дзеці. Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што ў гарадскіх рэаліях часцей за ўсё можна пачуць адказы пра капусту, бусла, пакупку дзіцяці ў краме. Этналінгвістыка значна пашырае версіі паходжання чалавека ў розных напрамках. Так, нярэдка сустракаюцца думкі пра тое, што дзяцей прыносяць хатнія ці дзікія жывёлы і птушкі –  сабака, заяц, воўк, курыца, варона і інш. Распаўсюджанымі былі і варыянты, што дзеці падаюць з неба або іх выразаюць з калод.

Нам бы вельмі хацелася, каб да этналінгвістыкі далучалася больш моладзі. Таму мы імкнёмся звярнуць фокус увагі студэнтаў на тое, што ўжо робіцца намі, і на тое, чым у будучыні могуць займацца яны самі. Філфак у гэтым плане – невычэрпная крыніца талентаў, – заўважыла навуковец.

Доктар філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Таццяна ВАЛОДЗІНА – адзін з пачынальнікаў беларускай этналінгвістыкі. Даследчык узгадала, што яе шлях у навуку пачаўся на філфаку з семінара «Праблемы ўсходнеславянскай этналінгвістыкі», дзе напачатку студэнты мала ўяўлялі, пра што будзе ісці гаворка.

Я ўбачыла, як дзяўчаты-аднагрупніцы, у асноўным гарадскія, слухалі аповеды пра народныя прыкметы, парады з народнай медыцыны, святы народнага календара і дамавікоў, пляскалі ў далоні і казалі: «Ах, як гэта цікава! Якая ж гэта глыбіня!» І мяне зацікавіла, як можа быць цікавым і глыбокім тое, што ўваходзіць у штодзённае жыццё беларусаў – рэчы, на якія я, вырасшы ў вёсцы, рэдка звяртала ўвагу, – падзялілася Таццяна Васільеўна. – Лінгвістыка – гэта навука, якая за кошт дакладнай тэрміналогіі не дазваляе даследаванням традыцыйнай культуры «скаціцца» ў сферу фантастыкі, не дае нараджацца міфам.

«Мы вывучаем літаратуру дзеля таго, каб разумець саміх сябе»

23 лютага адбылася студэнцкая канферэнцыя «Беларуская літаратура ў сусветным кантэксце». Удзельнічалі ў ёй каля 30 студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў БДУ, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Мэта канферэнцыі – праз погляд на беларускую літаратуру і пераклады паказаць самыя сучасныя літаратуразнаўчыя кірункі. Гэта і інтэрмедыяльнасць, і перакладазнаўства, і антрапалагічны погляд на тэкст. Калі актуальныя літаратуразнаўчыя праблемы, напрыклад, праблема ідэнтычнасці, вырашаецца праз кампаратывістыку ці іншыя, неапрабаваныя ў беларускім літаратуразнаўстве падыходы, – расказвае кіраўніца студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Нацыянальнае і ўніверсальнае ў сусветнай літаратуры» кандыдат філалагічных навук Алена БАРЫСЕЕВА.

Канферэнцыю прысвяцілі 130-годдзю з дня народзінаў Максіма Гарэцкага, таму для дакладаў некаторыя студэнты абралі творы гэтага пісьменніка. Выступоўцы ўзнялі пытанні кампаратыўнай працы беларускай і сусветнай літаратуры, сусветнай літаратуры ў беларускіх перакладах, а таксама месца вядомых дзеячаў беларускай культуры ў сусветным кантэксце.

Большая частка нашых удзельнікаў – гэта студэнты, якія вывучаюць рамана-германскую філалогію і ўсходнюю філалогію. І для нас важна, каб яны, вывучаючы замежныя літаратуры, не забывалі і пра беларускую, бачылі тыя паралелі, якія несумненна ўзнікаюць паміж літаратурамі ў шырокім, універсальным кантэксце, – распавядае загадчыца кафедры замежнай літаратуры кандыдат філалагічных навук Ганна БУТЫРЧЫК. – Таму ў нас такая рознакаляровая палітра дакладаў. І практычна ўсе работы ў той ці іншай ступені звязаны з тымі магістральнымі тэмамі, якімі займаюцца нашы студэнты падчас навучання.  Калі чалавек займаецца афрыканскай, нямецкай, сенегальскай літаратурай, патрэбна, каб гэта ўсё ішло ў пэўнай паралелі з нашай нацыянальная літаратурай. Такое ўзаемнае вывучэнне паглыбляе разуменне беларускіх твораў. Я заўсёды кажу студэнтам, што мы вывучаем літаратуру дзеля таго, каб разумець саміх сябе.

Студэнты таксама закранулі тэмы сінтэзу паэзіі і жывапісу, параўналі развіццё беларускай і афраамерыканскай нацыянальнай музыкі, прачыталі сенегальскія вершы і прааналізавалі старыя і новыя пераклады кніг.

Канферэнцыя адбывалася ў двух фарматах: першая палова прайшла ў вочным рэжыме, а другая – анлайн. Яна працуе ў такім фармаце ўжо другі год.

Зараз гэта самадастатковая студэнцкая канферэнцыя, а раней у рамках тыдня роднай мовы былі асобныя секцыі па беларуская літаратуры і кампаратывістыцы. Яшчэ ў гэтым годзе мы вырашылі прыцягнуць большую колькасць студэнтаў, таму дапусцілі даклады па замежнай літаратуры, але зробленыя на беларускай мове, – дадае загадчыца кафедры.

 

Ганна КАЗАКОВА, Ілья ВАРАБ’ЁЎ, Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: