«Быць добрым з людзьмі». Юбіляр Мікалай Труш расказвае пра свой навуковы шлях і жыццёвыя прынцыпы

23 Feb, 2023.

Барацьбой галоўнага героя за жыццё яго прыцягвае раман А. Дзюма «Граф Монтэ-Крыста», неабыякавым таксама пакідаюць вершы А. Пушкіна і М. Лермантава, С. Ясеніна і У. Высоцкага. Але навуковы і педагагічны лёс навукоўца далёка не літаратурны: наш суразмоўца – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры тэорыі верагоднасцяў і матэматычнай статыстыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Мікалай Труш. Напярэдадні 75-гадовага юбілею, які Мікалай Мікалаевіч адзначае 23 лютага, гартаем самыя яркія старонкі яго біяграфіі.

Прафесар Мікалай Труш

Гісторыя Мікалая Мікалаевіча Труша пачынаецца ў вёсцы Мосткі Драгічынскага раёна. Тут Трушы жылі, пакуль хлопчыку не споўнілася 10 гадоў і ён не скончыў пачатковую школу. Пасля сям’я пераехала ў мястэчка Антопаль, дзе было значна лягчэй знайсці працу і дзейнічала сярэдняя школа. Тата – Мікалай Дзям’янавіч – шавец, працаваў у майстэрні і нярэдка браў працу на дом. Матуля – Алена Аўксенцьеўна – займалася хатняй гаспадаркай і дапамагала мужу з яго замовамі. Акрамя таго, было шмат работы на зямлі. І не дзіва: участак Трушаў рассцілаўся на 31 сотцы.

– Галоўны прыклад у жыцці я атрымаў з паводзін сваіх бацькоў. Гледзячы на маці і бацьку, я разумеў, што трэба быць добрым з людзь­мі, па магчымасці ім дапамагаць. Гэта і імкнуўся рабіць заўсёды, – адзначае прафесар.

З дзяцінства Мікалаю Мікалаевічу вельмі запомніўся сад ля хаты – вялізны, з незлічонай колькасцю яблынь, груш, сліў і вішань. Менавіта ён дапамог бацькам за некаль­кі месяцаў разлічыцца з даўгамі, якія засталіся ў сям’і пасля пераезду. Яшчэ адзін успамін – невялікая крама, дзе працавалі дзядзька з жонкай. Дзеці маглі прынесці туды пэўную колькасць хатніх прадуктаў, каб атрымаць які-небудзь ласунак. Так, раздабыць цукерку малому калі-нікалі дапамагалі матуліны «гадаванцы» – куры: даставіў прадаўцу 2-3 яйкі – атрымаў прысмак.

Фота мае ілюстратыўны характар

Прафесар узгадвае, што, навучаючыся ў Мостках, ён быў выдатнікам, але, калі перайшоў у местачковую школу з большымі патрабаваннямі, адзнакі пачалі падаць. Мікалай Мікалаевіч прызнаецца, што некаторы час у яго не было цягі абсалютна ні да якога прадмета. Але ўсё змянілася, калі ў школе з’явілася энергічная, прыгожая, улюбёная ў свой прадмет выпускніца Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянціна Васільеўна Кірычук – новы матэматык і будучы класны кіраўнік Мікалая Труша.

Яна ўкладвала ў заняткі ўсе свае веды, усю душу. Я гэта адчуў, і класе ў восьмым зразумеў, што мне падабаецца матэматыка. Пачаў удзельнічаць у алімпіядах, дадаткова рашаў розныя заданні, якія нам дасылалі з універсітэтаў, – кажа Мікалай Мікалаевіч.

Пасля заканчэння школы юнак вырашыў паступаць на механіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім быў знаёмы па задачніках, што прыходзілі ў школу. Так, з вялізным чамаданам хлопец невысокага росту адправіўся ў вялікі горад. Пазней маці, якая праводзіла сына, прызнавалася, што ў іншай сітуацыі ніколі б не адпусціла яго аднаго. Але ў 1966 годзе той, хто хацеў вучыцца далей, павінен быў быць смелым: адбываўся «здвоены» выпуск – школы адначасова заканчвалі тыя, хто вучыўся адзі­наццаць класаў, і тыя, хто ўжо вучыўся дзесяць класаў (згодна са школьнай рэформай).

У МДУ першым экзаменам быў пісьмовы іспыт па матэматыцы: абітурыентам прапаноўвалася рашыць шэсць задач. Знайшоўшы адказ на тры з іх, хлопец вырашыў, што гэтага для паступлення недастаткова, і з’ехаў дадому:
Тады я падумаў: «Гэта канец», – і не стаў здаваць экзамены далей. Толькі праз шмат гадоў, ужо аспірантам МДУ, даведаўся, што галоўнае не колькасць вырашаных задач, а цікавасць і арыгінальнасць падыходаў, якія ты прапануеш, – дзеліцца прафесар Труш. – Прыехаў на іспыты на матэматычны факультэт БДУ. Вусную і пісьмовую матэматыку здаў на пяцёркі, па фізіцы атрымаў тры. Мне сказалі, што я хутчэй за ўсё паступіў, і можна ехаць дадому чакаць выкліку. Але ён так і не прыйшоў.

Звесткі пра тое, што Мікалай не паступіў, сярод «сваіх» распаўсю­дзіліся хутка. І хлопца, які падчас вучобы паказаў сябе як кемлівы, здольны і таленавіты вучань, запрасілі стаць настаўнікам у новай васьмігодцы ў вёсцы Вялікі Лес. І зноў з чамаданам Мікалай Труш адправіўся на новае месца. Тут хлопца і яго маладых калег чакала сапраўднае баявое хрышчэнне: 7 педагогаў адказвалі за адукацыйны працэс у 8 класах па 5-10 вучняў у кожным. У беларускамоўнай школе Мікалай Мікалаевіч выкладаў матэматыку, фізіку і калі-нікалі фізкультуру. Пасля года працы малады настаўнік паступіў на завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна (цяпер – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. – Заўв. рэд.).

Пасля паступлення ў завочнікаў адразу пачыналася сесія. Мне шмат чаго было ўжо вядома, таму часам на лекцыях было нецікава. У той час у Брэст пераехала Валянціна Васільеўна. Прыходжу да яе: «Валянціна Васільеўна, што рабіць?» Адказвае: «Едзь у Мінск. Упэўнена, ты паступіш». Іду да рэктара: «Хачу забраць дакументы». Той кажа: «Вазьміце тры дні на роздум, але, калі адлічыцеся, назад не вазьму», – узгадвае прафесар. – Зноў вяртаюся да Валянціны Ва­сільеўны, яна паўтарае сказанае раней: «Ты дакладна паступіш». Іду забіраць дакументы, а рэктар, падумаўшы, гаворыць: «Не паступіце – тады вяртайцеся назад».

У 1967 годзе Мікалай Труш здаў экзамены на дзве пяцёркі і чацвёрку, а затым стаў студэнтам матэматычнага факультэта БДУ. Тут малады чалавек правучыўся да 1970 года: тады ва ўніверсітэце быў заснаваны факультэт прыкладной матэматыкі, куды юнак і перавёўся. ФПМ таксама стаў для студэнта добрай пляцоўкай не толькі для атрымання ведаў, але і для актыўнасцяў.

Лічу, што самыя лепшыя гады майго жыцця – гэта студэнцтва, – перакананы Мікалай Труш. – Успамінаю тых, хто паступаў на ФПМ, і ўсіх, хто меў да яго хоць якое дачыненне, – колькі энергіі ва ўсіх было, колькі энтузіязму! Нельга забыць, як ездзілі ў будаўнічыя атрады на некалькі месяцаў запар, як з’яўляўся КВЗ, студэнцкая агітбрыгада. Ва ўсіх нас жыў адзіны парыў – зрабіць нешта для факуль­тэта, каб ён быў на ўзроўні. А першага красавіка – дзень нараджэння ФПМ – гэта заўсёды была па­дзея: з плакатамі, спартыўнымі спаборніцтвамі, канцэртамі. Любоў да факультэта перадавалася з году ў год, і сюды заўсёды прыхо­дзілі моцныя студэнты.

Нататка пра адкрыццё ФПМ у газеце «Беларускі ўніверсітэт» ад 3 красавіка 1970 года

Бясспрэчна, не было б такога факультэцкага духу і без педагогаў. Мікалай Мікалаевіч з удзячнасцю расказвае пра выкладчыка вышэйшай алгебры Паўла Трыфанавіча Козела. Не пайсці на яго экзамене на пераздачу было вялікім поспехам, а Мікалай Труш атрымаў чацвёрку. Высокія адзнакі з першага раза атрымалі толькі некалькі студэнтаў з групы. Гэта сярод сяброў-студэнтаў доўгі час лічылася найвышэйшым пілатажам. Таксама з вялікай павагай узгадвае Мікалай Труш стваральніка кафедры тэорыі верагоднасцяў і матэматычнай статыстыкі ФПМІ прафесара Генадзя Аляксеевіча Мядзведзева. І хоць Генадзь Аляксеевіч не быў яго педагогам, Мікалай Мікалаевіч называе яго Настаўнікам з вялікай літары. Менавіта прафесар Мядзведзеў увасабляў усе якасці, якія цэніць у людзях Мікалай Труш, – прыстойнасць­ і сумленнасць. Юбіляр перакананы, што, калі ў людзях ёсць такія рысы, усё астатняе ва ўзаемаадносінах вырашаецца само сабой.

У 1972 годзе Мікалай Мікалаевіч скончыў ФПМ, і з таго часу яго лёс пераплецены з гісторыяй БДУ. Першым месцам працы пасля ўніверсітэта для маладога спецыяліста стаў вылічальны цэнтр Белдзяржуніверсітэта, дзе Мікалай поплеч з сябрам Леанідам Ва­раб’ёвым працавалі інжынерамі. Разам хлопцы вырашылі паступаць і ў аспірантуру. Тады на факультэце працаваў навуковы супрацоўнік з МДУ імя М. В. Ламаносава Ігар Георгіевіч Журбенка – і маладыя людзі­ пайшлі пад яго навуковае кіраўніцтва. У хуткім часе Мікалай Труш прыняў рашэнне перавесціся ў аспірантуру на мехмат МДУ на спецыяльнасць «тэорыя верагоднасцяў і матэматычная статыстыка». Там упершыню хлопец убачыў вядомых навукоўцаў у галіне тэорыі верагоднасцяў, пачаў наведваць семінары і лекцыі па тых напрамках, якія падабаліся. І там жа пачаў займацца статыстычным аналізам часавых паслядоўнасцяў, якому навуковец прысвяціў усё жыццё. Мікалай Мікалаевіч адказваў за тэарэтычныя даследаванні – доказ гіпотэз, тэарэм, працу формул і інш. Далей па яго высновах спецыялісты-практыкі распрацоўвалі праграмнае забеспячэнне.

Пасля аспірантуры малады даследчык працаваў асістэнтам і старшым выкладчыкам кафедры тэорыі верагоднасцяў і матэматычнай статыстыкі ФПМІ БДУ. А ў 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Савеце №1 МДУ імя М. В. Ламаносава. Да абароны доктарскай заставалася яшчэ 19 гадоў. А да гэтага было шмат даследчыцкай працы і выступленняў на міжнародных канферэнцыях – на Кубе, у В’етнаме, Сірыі, Поль­шчы, Іспаніі, Балгарыі, Германіі, Англіі і Румыніі. Перспектыўнага навукоўца нярэдка запрашалі застацца выкладаць за мяжой, але той толькі жартаваў і адмахваўся: «Мне дома добра».

У БДУ Мікалай Труш прайшоў усе прыступкі ад студэнта да прафесара. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ён працаваў дацэнтам кафедры, намеснікам дэкана ФПМІ (з 1981 па 1987 гг.), узначальваў кафедру інфармацыйнага і праграмна-матэматычнага забеспячэння аўтаматызаваных вытворчасцяў (з 1989 па 2000 гг.), кафедру тэорыі верагоднасцяў і матэматычнай статыстыкі ФПМІ (з 2000 па 2018 гг.), Інстытут бесперапыннай адукацыі БДУ (з 2009 па 2010 гг.). Паралельна з гэтым Мікалай Мікалаевіч быў дэканам спецыяльнага факультэта па прыкладной матэматыцы (з 1987 па 1997 гг.) і дэканам факуль­тэта павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ БДУ (з 1987 па 2008 гг.).

Адміністратыўны шлях у бія­графіі Мікалая Труша займае значную частку невыпадкова. З аднаго боку, у мінулым ён быў кіраўніком студэнцкіх арганізацый, з другога боку, сакрэт крыецца ў яго асабістых якасцях :

– Звычайна я добразычлівы да ўсіх. Нават калі нехта робіць нешта благое, не адказваю на гэта. Стараюся да ўсіх ставіцца па-чалавечы, дапамагаць, калі патрэбна. Таму ўсе адказваюць тым жа, – кажа Мікалай Мікалаевіч.

Асобная старонка ў жыцці прафесара – навуковая работа з аспірантамі і суіскальнікамі, якая заўсёды патрабавала немалой аддачы. Усяго пад кіраўніцтвам Мікалая Труша абаронена 17 кандыдацкіх дысертацый. Сярод яго вучняў, апрача беларускіх аспірантаў, ёсць навукоўцы з Сірыі, Егіпта, В’етнама і Кітая. Але на пытанне, якім павінен быць добры навуковы кіраўнік, Мікалай Мікалаевіч кажа, што ўсё яшчэ не ведае:
– Адзінае, што я магу адзначыць: не варта патрабаваць ад сваіх аспірантаў, каб яны былі геніяльнымі. Канешне, добры навуковец павінен умець задаваць пытанні, якія да яго не задаваў ніхто, але гэта дадзена не кожнаму, – перакананы педагог. – Ва ўсе ўніверсітэты прыходзіць нямала таленавітых і разумных людзей, але далёка не ўсе вы­карыстоўваюць патэнцыял. У навуцы трэба шмат працаваць. А ўсе, з кім я ўзаемадзейнічаў як навуковы кіраўнік, былі працавітымі і захопленымі справай.

Мікалай Мікалаевіч захапляецца літаратурай, асабліва яго прыцягвае раман А. Дзюма «Граф Монтэ-Крыста», неабыякавым таксама пакідаюць вершы А. Пушкіна, М. Лермантава, С. Ясеніна і У. Высоцкага. На развітанне цікавімся, якой бы магла быць кніга пра Мікалая Труша. Пасля невялікай паўзы прафесар бярэ яшчэ адну – больш доўгую. А затым, усміхаючыся, адказвае: «Думаю, гэта магло б быць нешта ў пазітыўным рэчышчы. Кніга, у якой сын звычайнага шаўца сам змог прайсці столькі прыступак. А як бы называлася? “Пра жыццё і працу простага беларускага хлопца”, напэўна».

Ірына ІВАШКА

Фота аўтара 

print

Вам таксама можа спадабацца: