Заснавальнікі клуба DailyGeek: «У нас заўсё­ды знойдзец­ца, з кім пагуляць, не абавязкова загадзя шукаць кампанію»

7 Feb, 2023.

Любы, хто толькі захоча, можа адчуць сябе шпіёнам, баявым магам або шэрыфам на Дзікім Захадзе. Для гэтага трэба ўсяго толькі спусціцца ў падвал факультэта міжнародных адносін у суботу з 16.00 да 21.00 – у гэты час клуб настольных гульняў DailyGeek праводзіць штотыднёвую гульнятэку. 

Заснавальнікі клуба і яго асноўная рухаючая сіла – загадчык культурна-масавага аддзела ўпраў­лення па справах культуры БДУ Іван ЖУКАЎ і чацвёртакурснік хімічнага факультэта Павел ШМЯЛЬ­КОЎ. За 2,5 гады яны здолелі сабраць калекцыю гульняў, паўдзельнічаць у конкурсе студэнцкіх праектаў, арганізавалі некалькі турніраў і тэматычных сустрэч з гульцамі. Хлопцы робяць усё магчымае, каб захопленыя «настолкамі» маладыя людзі мелі ў Мінску даступнае месца для сустрэч.

У DailyGeek каля 50 гульняў самай рознай тэматыкі. Сярод іх можна знайсці такія, што мадэлююць працэс эвалюцыі жывёл або працэс назапашвання капіталу, што знаёмяць з гістарычнымі падзеямі і казачнымі сусветамі, а знакаміты «Твістар» нават патрабуе добрай гнуткасці. Азартныя гульні, даміно і покер у клубе забаронены.

Найбольш запатрабаваны ў студэнцкім асяроддзі камандныя гульні – гэта прыемная нагода бавіць час разам. Акрамя таго, яны вучаць узаемадзеянню з іншымі людзьмі, вучаць думаць за сябе і здагадвацца, што ў галаве ў суперніка, трэніруюць уседлівасць і ўважлівасць. Каб перамагчы, можа спатрэбіцца і хітрасць, і акцёрскае майстэрства.

Частку настолак Іван і Павел прынеслі са сваёй асабістай калекцыі, а частку дакупілі спецыяль­на для клуба. Пры гэтым спыняцца ў папаўненні збору яны не пла­нуюць, бо ў свеце існуе больш за сто тысяч настольных гульняў і кожны год з’яўляецца не менш за пяцьсот новых. Але, што наступным дадаваць у гульнявую бібліятэку, вырашаюць не толькі арганізатары. Іван часта раіцца з падпісантамі праз апытанні ў сацыяль­ных сетках. Вынікам апошняга такога апытання стала вялікая маляўнічая гульня па кнігах і фільмах пра Гары Потэра.

Іван і Павел – сапраўдныя гульнявыя майстры. Яны тлумачаць навічкам правілы, выступаюць у ролі каардынатараў і вырашаюць спрэчныя моманты, якія могуць узнікнуць падчас партыі. Я заўважыла, як майстры акуратна абыходзяцца з гульнямі: кожную картку яны ўкладваюць у спецы­яльны пратэктар, а пасля гульні ўсе элементы беражліва збіраюць у каробку, каб нічога не згубілася. Аднак і пры такой акуратнасці здараліся непрыемныя сітуацыі. Неяк пасля інвентарызацыі хлопцы заўважылі, што адной даволі рэдкай дарагой гульні не хапае, і вырашылі ўзмацніць меры па кантролі. Цяпер на сцяне красуецца таблічка «Вядзецца відэаназіранне», а самі майстры больш пільна сочаць за вяртаннем гульняў.

Наведвальнікі могуць не толькі карыстацца гульнямі з калекцыі клуба, але і прыносіць свае і выкарыстоўваць памяшканне клуба як месца сустрэчы з сябрамі. Не ў кожнага чалавека дома з камфортам могуць размясціцца і пагуляць 12 чалавек. А часта менавіта такімі вялікімі камандамі прыходзяць на гульнятэкі.

Іван Жукаў

– Для мяне клуб – гэта своеасаблівая дзіцячая мара, якая стала рэальнасцю. Я з дзяцінства люблю на­стольныя гульні. Так атрымалася, што мы з сябрамі збіраліся ў мяне дома, каб гуляць у «Манаполію», «Бізнесменаў» і іншыя. Так што жаданне стварыць такое месца, дзе можна сабрацца з сябрамі, з’явілася яшчэ ў школе. Але потым гэтая мара адышла на другі план: я паступіў ва ўніверсітэт, пачалася вучоба, грамадскае і культурнае жыццё. І толькі калі я скончыў навучанне, задаўся пытаннем, чаму я не гуляю ў настольныя гульні, калі так іх люблю? І з кім увогуле пагуляць? Калі ўпраўленне па справах культуры выдзеліла памяшканне, я на радасцях патраціў палову сваёй зарплаты, каб купіць першыя базавыя гульні, – дзеліцца Іван.

 

На адну суботнюю сустрэчу можа прыйсці да 50 чалавек. Гэта не толькі студэнты БДУ, але і выпускнікі, і навучэнцы іншых універсітэтаў. У Мінску ёсць іншыя клубы настольных гульняў. Звычайна яны бяруць грошы за правядзенне гуль­нятэк, але DailyGeek ад гэтага прынцыпова адмаўляецца. Першапачаткова Іван хацеў стварыць даступную пляцоўку, дзе студэнты маглі б бавіць вольны час з карысцю. Ідэя менавіта клуба настольных гульняў нарадзілася падчас удзелу хлопцаў у «Event-лабараторыі» Творчага саюза БДУ. Праект на конкурсе прадстаўлены не быў, але досвед дапамог Івану і Паўлу зразумець, як ажыццявіць задуманае.

Павел Шмялькоў

– У Daily Geek заўсё­ды знойдзец­ца, з кім пагуляць, не абавязкова загадзя шукаць кампанію. А падчас партыі рэдка можна застацца абыякавым да сваіх таварышаў па гульні, таму з кім-небудзь абавязкова пасябруеш. Я сам так пазнаёміўся з аднадумцамі, – распавядае Павел.

Актыўныя ўдзельнікі клуба праводзяць розныя мерапрыемствы і інтэрактывы. Напрыканцы 2022 года ў клубе зладзілі 2 турніры. 26 лістапада прайшоў турнір па гульні «Sushi go. Party!», сутнасць якой у збіранні найбольшай колькасці ачкоў, гульнявая механіка – драфт. Падобная механіка дазваляе кожнаму гульцу атрымаць прыблізна роўную коль­касць «моц­ных» і «слабых» гульнявых кампанентаў. Для поспеху трэба сабе ўяўляць, якія карткі могуць дастацца іншым гульцам.

Да турніру ўдзельнікі прайшлі навучанне ў пробнай партыі. Усяго спаборнічалі 24 чалавекі з розных факультэтаў БДУ і іншых універсітэтаў. Тройка пераможцаў атрымала сертыфікаты на сушы.
Праз месяц, 24 снежня, прайшоў турнір па каманднай гульні «Дэкодар»: удзельнікі прымерылі вобразы сакрэтных агентаў і размаўлялі пры дапамозе выдуманага кода. Мэта гульні – зашыфраваць інфармацыю так, каб яе не перахапіў варожы бок. Тры каманды-пераможцы атрымалі сертыфікаты на піцу і салодкія навагоднія падарункі.

Такія турніры арганізатары хочуць зрабіць добрай традыцыяй і праводзіць штомесяц. Пры гэтым паступова пашыраць кола ўдзель­нікаў і прыцягваць спонсараў, якія б маглі забяспечыць спаборніцтвы цікавымі прызамі.

У клубе ладзіліся тэматычныя інтэрактывы, прысвечаныя пэўным фільмам, кнігам ці серыялам. Напрыклад, на «Дзень Зорных Войнаў» удзельнікі гульнятэкі прыходзілі ў адпаведных касцюмах і масках.

Часам клуб арганізоўвае выязныя гульнятэкі, удзельнічае ў актыўнасцях прафкама, БРСМ, падраздзяленняў БДУ. Таксама клуб зусім не супраць пазычаць настоль­ныя гульні факультэтам на мерапрыемствы за ўзгадванне ў сацыяльных сетках. Арганізатары клуба лічаць, што гульні могуць стаць карысным дапаможнікам для факультэцкіх калектываў, інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДУ, студэнцкіх і моладзевых арганізацый універсітэта. Напрыклад, у форме гульні можна праводзіць інтэрактывы і тымбілдынгі. Асабліва гэта можа быць актуальна для першакурснікаў, якія яшчэ не паспелі прывыкнуць да студэнцкага жыцця.

– Правядзенне тымбілдынгаў за гульнямі – вельмі эфектыўны спосаб згуртаваць кампанію. Гэты нефармальныя зносіны, знаёмствы, эмоцыі. Можна даведацца, як у каго працуе логіка, як хто рашае задачы і рэагуе на цяжкасці. І тады з гэтым чалавекам будзе далей прасцей працаваць у каман­дзе. З дапамогай кааператыўных гульняў, дзе трэба разам нешта абмяркоўваць, можна нават вылучыць у камандзе лідара або самага стрэсаўстойлівага чалавека, – адзначае Іван Жукаў.

У Івана і Паўла ёсць даволі амбіцыйная задача – зрабіць сваю настольную гульню, якая будзе звязана з БДУ, арганізацыяй мерапрыемстваў і навучальным працэсам.

Падборка 10 самых папулярных гульняў у клубе DailyGeek:

1. ALIAS – гульня, у якой патрабуецца растлумачыць зададзенае слова камандзе з дапамогай іншых неаднакаранёвых слоў.
2. «Бункер» – псіхалагічная гуль­ня, у якой кожнаму з 10 удзель­нікаў трэба пераканаць астатніх, што менавіта ён павінен застацца і выжыць у бункеры, у якім усяго 9 месцаў.
3. «Эпічныя сутычкі баявых магаў» – вясёлая гульня, у якой гулец павінен скласці замовы з картаў і знішчыць героя суперніка.

4. «Мафія» – псіхалагічная ролевая гульня, у якой, у залежнасці ад ролі, трэба ці вызначыць, хто мафія, ці знішчыць усіх мірных жыхароў.
5. «Бэнг» – настольная гульня ў стылістыцы вестэрнаў пра супраць­стаянне бандытаў і шэрыфа. Кожны гулец атрымлівае ўнікаль­ную ролю і персанажа з асаблівымі здольнасцямі.
6. «Эвалюцыя» – навучальная гульня, у якой трэба стварыць і развіць жывёлу з дапамогай картак так, каб яна вытрымала шкоду ад іншых істот.
7. Ticket to Ride – гульня-падарожжа, у якой перад гульцамі стаіць задача злучыць сваімі цягнікамі патрэбныя кропкі на карце і стварыць самы доўгі шлях.
8. «Вежа» – гэтая гульня вядомая па ўсім свеце пад назвай «Джэнга». Гульцам трэба па чарзе выцягваць брускі з вежы і класці зверху так, каб яна не развалілася.
9. «Знаходка для шпіёна» – размоўная гульня кшталту «Мафіі», у якой з дапамогай пытанняў удзельнікі павінны за некалькі хвілін вызначыць, хто з іх шпіён.
10. «Манчкін» – картачная ролевая гульня, у якой гульцы ў адпаведнасці з выцягнутымі карткамі набываюць рысы розных персанажаў, змагаюцца з пачварамі і імкнуц­ца хутчэй за астатніх дабрац­ца да найвышэйшага ўзроў­ню гульні.­

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: