З нагоды «жаночага» свята карэспандэнты газеты наведалі першакурсніц-курсантаў ваеннага факультэта. Спыталі іх, што падштурхнула пайсці на вайсковую службу і як ім жывецца у строгім мужчынскім асяроддзі.
Першы набор дзяўчын на ваенны факультэт БДУ адбыўся ў 2004 годзе. У сувязі з тым, што падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца згодна з кадравай патрэбай Узброеных Сіл, набор дзяўчат быў прыпынены пасля 2010 года і ўзноўлены ў 2020 годзе. Апошнія выпускніцы таго часу, ужо падпалкоўнікі, служаць па профілі адукацыі, якую атрымалі ў БДУ.
Па словах начальніка факультэта палкоўніка Андрэя Бахара, з цягам часу ў вучэбных групах назіраюцца прапарцыянальныя змены ў бок павелічэння курсантаў-дзяўчат. Так, тры гады таму на факультэт былі залічаны толькі дзве дзяўчыны, у 2021 годзе – чатыры, у 2022 – адзінаццаць.
– Па адаптацыі і адносінах да навучання дзяўчаты паказваюць высокія вынікі, часам вышэйшыя за хлопцаў. Сумеснае навучанне матывуе курсантаў не адставаць адзін ад аднаго. Такі сімбіёз дае станоўчы вынік ва ўсіх сферах: і ў фізічнай падрыхтоўцы, і ў ваеннай, і ў грамадзянскіх дысцыплінах. Заказчыкі кадраў высока ацэньваюць вынікі нашых дзяўчат-курсантаў, – кажа Андрэй Бахар.
Перад пачаткам першага навучальнага года, у жніўні, курсанты ваеннага факультэта БДУ абавязкова праходзяць курс маладога байца. І курсанты жаночага полу таксама. Там з імі праводзяць уступныя заняткі па некаторых ваенных дысцыплінах, па страявой, агнявой і тактычнай падрыхтоўцы, а таксама арганізоўваюць выезды на палігон. Па словах дзяўчат, у пачатку навучальнага года, у перыяд адаптацыі і праходжання курса маладога байца, хлопцы-сакурснікі нібыта крыху «раўнавалі» і не верылі, што стаўленне афіцэраў да дзяўчат і хлопцаў будзе аднолькавым.
Вучэбная нагрузка навучэнцаў ваеннага факультэта вышэйшая за звычайную студэнцкую. Падчас сесіі курсанты здаюць экзамены па базавых дысцыплінах, як усе іншыя студэнты БДУ, але яшчэ і экзамены па ваенных дысцыплінах. Не падрыхтавацца да заняткаў складана, бо, згодна з распарадкам, курсанту выдзелены час на самападрыхтоўку і некалькі гадзін так званага вольнага часу ў суткі, якія ён можа патраціць на выкананне заданняў.
Кожны месяц курсанты здаюць нарматывы. На «пяцёрку» дзяўчаты павінны прабегчы кіламетр за 4,5 хвіліны, зрабіць 36 адцісканняў і ўздымаў корпуса, здаць чаўночны бег, а летам – стометроўку.
Усіх курсантаў пасля заканчэння вучобы чакае размеркаванне на пяць гадоў: акрамя навучання за кошт сродкаў бюджэту, яны знаходзяцца на поўным забеспячэнні.
Настасся ПЕШКА, 1 курс, спецыяльнасць «міжнародныя адносіны ў інфармацыйнай сферы». Пасля выпуску атрымае кваліфікацыю спецыяліста па міжнародных адносінах і перакладчыка-рэферэнта (з указаннем моў зносін).
Настасся прыехала са Століна. Яшчэ са школы яна цікавілася гісторыяй, асабліва перыядам Вялікай Айчыннай вайны. Значным быў уплыў таты: ён глядзеў ваенныя фільмы, а дачка ўбірала. Таксама дзяўчыну прываблівалі хімія і руская мова з літаратурай. У апошняй яна і сёння чэрпае натхненне, любіць чытаць вершы на памяць. Таксама захапляецца рукадзеллем: Настасся ўмее вязаць, вышываць, рабіць шкатулкі з газетных трубачак і шмат чаго яшчэ.
– Самае галоўнае ў жыцці – само жыццё, яго смак. Кожнаму за гэты час патрэбна праверыць сябе, знайсці свае станоўчыя якасці і скарэкціраваць адмоўныя, – пераканана курсант Пешка.
Спачатку Настасся думала выбраць юрыдычную спецыяльнасць, але, калі ёй параілі звярнуць увагу на спецыяльнасці ваеннага факультэта, «пераарыентавалася». Зараз дзяўчына – першы ваенны ў сям’і. Пакуль не стала вядома пра паступленне, дзяўчына не расказвала нікому, куды паступае, – каб не сурочыць. Таму яна моцна здзівілася, калі ў ваенкамаце падчас першага візіту ведалі яе імя. Курсант прызнаецца, што блізкія падтрымалі яе выбар, хоць паставіліся да яго па-рознаму. Матуля ад такой ідэі была не ў захапленні, але безапеляцыйна стала на бок дачкі. Тата не заняў ніякай пазіцыі, але заўсёды з цікавасцю слухае аповеды пра навучанне. Дзядуля адобрыў выбар, і часам распавядае, як сам праходзіў тэрміновую службу. Бабуля спачатку спужалася за ўнучку, пасля супакоілася і вынесла вердыкт: «Затое заўсёды будзеш апранутая і пад наглядам!»
Спачатку на факультэце Настассі было няпроста. Але хуткім часам навучанне ўвайшло ў звыклую каляіну – узвод з 8 дзяўчат і 12 хлопцаў нагадваў звычайны клас.
– У першыя часы, калі ты не жыў па такім раскладзе, складана. Але зараз я не разумею, як можна інакш. За дзень жа столькі можна паспець! – пераканана Настасся Пешка. – Мая спецыяльнасць – новая: на яе пакуль адбылося толькі два наборы. Мы, яе выпускнікі, будзем спецыялістамі ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, зможам аналізаваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, адсейваць неправераныя звесткі і да т. п.
За нядоўгі тэрмін навучання на ваенным факультэце курсант Пешка сустрэла тут найлепшую сяброўку – Юлія Асіпёнак вучыцца на спецыяльнасці «геаінфармацыйныя сістэмы». У вольны ад вучобы і ваеннай падрыхтоўкі час дзяўчаты амаль не адыходзяць адна ад адной – усюды і ва ўсім разам.
– Калі тэлефануюць бацькі, яны пытаюцца, як справы ў мяне, а пасля – адразу ж – як пажывае Юля, – усміхаецца Настасся.
Юлія АСІПЁНАК, 1 курс, спецыяльнасць «геаінфармацыйныя сістэмы». Будучы спецыяліст па геаінфармацыйных сістэмах.
Дзяўчына прыехала паступаць на ваенны факультэт БДУ з вёскі Баброва Лепельскага раёна. На прафарыентацыйнай сустрэчы ў школе афіцэр ваенфака расказваў пра новыя спецыяльнасці, і Юля, інтарэс якой раней скіроўваўся да Ваеннай акадэміі, вырашыла «штурмаваць» БДУ разам з некалькімі аднакласнікамі. Зараз яна, як і яе сяброўка, прэтэндуе на «званне» першага ваеннага ў сям’і. Больш за тое, Юля – першая дзяўчына на сваёй спецыяльнасці.
– У школе мне падабаліся фізкультура і матэматыка. Гэта, відаць, я пераняла ў матулі і бабулі – яны заўсёды былі спартыўнымі і любілі дакладныя навукі. Дзякуючы гэтаму, з самага пачатку выбрала не медыцынскую, а дапрызыўную падрыхтоўку, рабіла ўхіл на нарматывы. Таксама любіла фізіку і хімію – гэта нескладаныя і вельмі лагічныя дысцыпліны. У душы я, можа, лірык, а па складзе розуму – дакладна фізік, – дзеліцца курсант Асіпёнак.
Родныя бачылі цікавасць школьніцы да ваеннай справы і былі задаволены яе выбарам, настаўнікі падтрымлівалі. Усе яны ведалі, што ваенны факультэт дапаможа дзяўчыне стаць больш самастойнай. Ды і блізкае асяроддзе не бачыла яе анідзе, акрамя як на ваеннай спецыяльнасці. Асабістая вытрымка і мэтанакіраванасць дапамаглі Юлі ў перыяд адаптацыі да новага ладу жыцця.
– У жніўні нас чакаў курс маладога байца. Я ўвогуле не ведала, што нешта такое бывае. Моцна хацелася спаць, было страшнавата, але я разумела, што ёсць людзі, якія некалі сутыкнуліся з гэтым таксама ўпершыню. Мы з курсантамі-першакурснікамі знаёміліся, даведваліся шмат новага адзін пра аднаго, абмяркоўвалі агульныя тэмы. І з верасня ўсё пайшло значна прасцей. Таксама дапамаглі нашы выкладчыкі: яны пастаянна, асабліва калі заўважаюць наш дрэнны настрой, пытаюцца, ці ўсё ў нас добра, і імкнуцца нешта падказаць, – кажа Юлія Асіпёнак. – Мне вельмі пашанцавала з групай: усе стараюцца адзін аднаму дапамагаць. Магчыма, будзем разам працаваць пасля вучобы. А станем мы тапографамі – спецыялістамі, якія на аснове фотаздымкаў ствараюць карты і пераносяць іх у электронны фармат.
Па жыцці Юлія Асіпёнак кіруецца думкай, што ва ўсім ёсць плюсы, і часта любіць паўтараць гэта сябрам. Ад навакольных яна стараецца ўбіраць найлепшыя якасці, але імкнецца заставацца самой сабой.
Ксенія РАДНЕНКА, 1 курс, спецыяльнасць «юрысконсульцкая праца ў ваеннай сферы». Пасля выпуску атрымае кваліфікацыю юрыста.
Цяпер ужо курсант Радненка прызнаецца, што спярша падавала дакументы на спецыяльнасць «міжнародныя адносіны» на ФМА, але там яе трохі абагналі па балах. Калі мінчанка Ксенія даведалася, што набіраюць дзвюх дзяўчат на спецыяльнасць «правазнаўства» на ваенны факультэт, зразумела, што гэта ёй таксама падыходзіць. Тут конкурс сярод прадстаўніц жаночага полу быў каласальны – 14 чалавек на месца.
– Мне хацелася атрымаць якасную адукацыю, таму для паступлення я ў першую чаргу разглядала БДУ як вядучы ўніверсітэт краіны. На жанчын у пагонах я заўсёды гляджу з асаблівай павагай. Магчыма, упершыню я ўбачыла прадстаўніц вайсковай справы на парадзе, і гэта пакінула прыемнае ўражанне, – успамінае Ксенія. – Мяне цікавіць юрыдычная сфера, асабліва грамадзянскае і крымінальнае заканадаўства, да таго ж праца юрысконсультам у ваеннай сферы мне здаецца неардынарнай. Я добра разумею, якую прафесію абрала і што павінна прайсці ўсе нягоды вайсковай службы нароўні з хлопцамі.
Адна з прычын, чаму дзяўчына вырашыла пайсці на службу, крыецца ў асобе яе бацькі-вайскоўца. Па словах Ксеніі, ён даволі строга яе выхоўваў. Да таго ж яна бачыла, у якім рэжыме жыве і працуе тата, як устае а шостай гадзіне. Таму для дзяўчыны строгі распарадак дня не быў нейкай нечаканасцю. Бацькі падтрымалі выбар ваеннага факультэта. Сябрам Ксенія не казала пра тое, куды паступае, аж да таго моманту, пакуль ёй не паведамілі пра залічэнне.
– Сяброўкі былі здзіўлены, але сказалі, што з маім характарам толькі сюды мне і трэба, – кажа курсант Радненка. – Вядома, з-за асаблівасцяў нашага навучальнага графіка і распарадку дня, мы мала сустракаемся з блізкімі і сябрамі. Але, калі ёсць хвілінка для сустрэчы, напрыклад, калі звальненне, яны рады магчымасці пабачыцца, цэняць і разумеюць мой выбар прафесіі.
Кацярына АСТАПЕНКА, 1 курс, міжнародныя адносіны ў ваеннай сферы. Будучы спецыяліст па міжнародных адносінах, перакладчык-рэферэнт (з указаннем моў зносін).
Пра спецыяльнасць дзяўчыне з Маладзечна распавёў родны дзядзька, які быў вайскоўцам і цяпер ужо на пенсіі. Ён прапанаваў паспрабаваць і адзначыў, што гэта падышло б ёй па характары.
– Я не знайшла прычын, чаму б не паспрабаваць, і паступіла сюды, – дзеліцца Кацярына. – Жанчыны ў пагонах, на мой погляд, зусім па-іншаму выглядаюць, але не ў візуальным плане, а ў плане ацэнкі валявых якасцяў – адразу зразумела, што гэта моцны чалавек. Бо не кожны зможа выстаяць перад цяжкасцямі і годна прайсці шлях вайскоўца.
Калі Кацярына паведаміла сябрам, што яна цяпер курсант ваеннага факультэта, яны былі шакаваныя такой навіной. Але, па словах дзяўчыны, і тады, і цяпер яна адчувае іх маральную падтрымку.
– Першым часам мне было даволі цяжка адаптавацца да распарадку дня. Канешне, як многія першакурснікі, курсанты сумуюць па доме, па родных і хатняй ежы. Але з часам прывыкаеш да ўсяго, – кажа Кацярына. – Было цяжка, але больш у фізічным плане. Раней я не ўставала так рана і, бывала, доўга не магла заснуць. Але пасля заняткаў на палігоне, напрыклад, або пасля заняткаў фізічнай падрыхтоўкай у спякоту, прыходзіш, прымаеш душ і засынаеш адразу, быццам выключаешся.
Каб лепш зразумець асаблівасці навучання на ваенным факультэце, мы спыталі ў дзяўчат пра іх штодзённы распарадак. Сапраўды, для звычайнага студэнта такі расклад можа падацца надзвычай складаным:
6.00 – пад’ём (некаторыя дзяўчаты паднімаюцца і раней, каб паспець прывесці сябе ў парадак).
6.10-6.40 – зарадка.
7.20 – ранішні агляд па баявой форме адзення (праверка знешняга выгляду, напрыклад, павінны быць начышчанымі берцы; таксама правяраюць, каб былі акуратныя стрыжкі і прычоскі).
8.00 – сняданак.
8.30 – пачынаюцца пары на базавых факультэтах.
13.00-15.00 – абед.
17.00-18.00 – вячэра.
У панядзелак і сераду пасля 18.00 – час для заняткаў спортам на стадыёне (кожны месяц праходзіць здача фізічнай падрыхтоўкі).
У аўторак, пятніцу і нядзелю – выхаваўчая работа (размовы пра важныя дзяржаўныя святы і падзеі, пра ахову здароўя).
У чацвер – прававое інфармаванне батальёна (чытанне артыкулаў і нарматыўных дакументаў).
19.00-20.30 – вольны час.
20.30 – прагляд тэленавін.
21.10 – вячэрняя прагулка.
21.30 – паверка (правяраюць асабовы склад на наяўнасць).
22.00 – адбой.
Ірына ІВАШКА,
Дар’я ПАЎЛЮЧУК