Каратэ – адзін з мноства відаў усходніх адзінаборстваў. Ён узнік у Японіі ў ХІХ стагоддзі, у канцы ХХ стагоддзя з’явіўся ў кінематографе і з экранаў распаўсюдзіўся ў масах, а цяпер папулярны і ў студэнцкім асяроддзі нашага ўніверсітэта. Адрозніць каратэ ад іншых відаў адзінаборстваў і разабрацца ў яго філасофіі нам дапаможа старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Сяргей Мікалаевіч Снегіроў.
Па словах выкладчыка, у СССР доўгі час не было секцый каратэ. Але з выхадам у пракат такіх фільмаў, як «Геній дзюдо» рэжысёра Акіры Курасавы, узрасла цікавасць савецкай моладзі да ўсходніх адзінаборстваў. У 1970–1980-я гады з розных прычын, у тым ліку ідэалагічных, Спарткамітэт СССР неаднаразова прымаў меры для закрыцця секцый каратэ.
– Фільм «Геній дзюдо» аказаў на мяне велізарнае ўражанне. У стужцы былі хораша паказаны майстры баявых мастацтваў, і ў мяне з’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў гэтым. Хоць да таго моманту я ўжо доўгі час займаўся ў секцыі лыжнага спорту, – дзеліцца Сяргей Мікалаевіч. – У 1980-м годзе я прыйшоў з войска. На «Усходзе» адкрылася адна з першых у Беларусі секцый каратэ. Я туды запісаўся. Трэніраваўся два месяцы як пачатковец: глядзеў, што робяць старэйшыя, прасунутыя каратысты, затым прыходзіў дахаты і займаўся. Праз два месяцы мяне перавялі ў групу да старэйшых.
Да 26 гадоў у Сяргея Мікалаевіча была працоўная спецыяльнасць (слесар-электрык) і добры працоўны стаж: ён скончыў прафесійны тэхнічны каледж, працаваў на Мінскім механічным заводзе імя С.І. Вавілава і на Мінскім электрамеханічным заводзе мантажнікам радыёэлектроннай апаратуры.
– Я паяў, рабіў абсталяванне для нашага войска, але не пераставаў займацца каратэ, – распавядае выкладчык. – Аднойчы ўсвядоміў, што мне трэба не толькі тэхнічная, але і трэнерская адукацыя. Таму паступіў у Акадэмію фізічнага выхавання і спорту (з 2003 года гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. – Заўв. рэд.). Адвучыўшыся і атрымаўшы дыплом трэнера-выкладчыка па ўсходніх адзінаборствах, я прыняў прапанову стаць выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тады ў БДУ яшчэ не было каратэ. Мне прапанавалі трэніраваць маленькую групку спартсменаў-пачаткоўцаў. Праз год, дзякуючы нашым заняткам і ўцягнутасці студэнтаў, яны дасягнулі добрага ўзроўню. У 2003 годзе мы ўпершыню ў БДУ правялі паказальныя выступленні, і якраз тады каратэ было ўведзена ў нашу ўніверсітэцкую спартакіяду. З тых часоў гэты напрамак актыўна развіваецца ва ўніверсітэце, працягвае эвалюцыянаваць.
У 1995 годзе Сяргей Снегіроў заснаваў клуб «Фудасін». Назва ў перакладзе з японскай мовы азначае «непахісны дух». Па словах выкладчыка, атрыманне трэнерскай адукацыі ў акадэміі паспрыяла гэтаму рашэнню.
– У 1990-я і напачатку 2000-ых каратэ было экзотыкай. Памятаю, як мы перадрукоўвалі нейкія часопісы, фатаграфіі са стойкамі і ўдарамі каратэ. Інфармацыі ж не было практычна ніякай пра такія віды спорту. Але мяне заўсёды цягнула да ўсходніх адзінаборстваў, у прыватнасці, да каратэ. Некаторы час мы, спартсмены, былі «невыязнымі». Тады нам даводзілася рабіць свае ўнутраныя спаборніцтвы і першынствы рэспублікі. А каратэ – гэта шлях, філасофія, разуменне і пераадоленне самога сябе. Таму такімі доўгачаканымі і важнымі былі для нас візіты настаўнікаў з Японіі і іх семінары па ўсходніх адзінаборствах, – дзеліцца ўспамінамі Сяргей Мікалаевіч.
Па словах трэнера, клуб «Фудасін» квітнеў з дня заснавання, яго ведалі ва ўсёй краіне. Выхаванцы клуба ўдзельнічалі ў шматлікіх турнірах на тэрыторыі Беларусі, выступалі на разнастайных спаборніцтвах у Еўропе і нават займалі прызавыя месцы, зараблялі медалі і ўзнагароды. Большая частка вучняў – каля 90% – дзеці.
Для многіх людзей не зусім зразумелыя адрозненні паміж відамі барацьбы. У тым ліку ўзнікае недаразуменне ў адрозненнях тхэквандо ад каратэ. Для нашых чытачоў Сяргей Мікалаевіч растлумачыў:
– Тхэквандо – нацыянальная барацьба Карэі. Там ёсць велізарная колькасць напрамкаў і відаў, але ўвогуле пераважае тэхніка ўдараў нагамі. Каратэ – больш японскі стыль. У ім робяць удары і нагамі, і рукамі. Цікава, што японскае каратэ пайшло ад шаалінскага ушу – кітайскага баявога мастацтва. Японцы вельмі прагматычныя: яны ўсе мудрагелістыя рухі тхэквандо перабудавалі пад рэальныя моманты – блок, удар, абарона, напад.
Сяргей Мікалаевіч падкрэслівае, што каратэ не зусім правільна называць відам спорту. Бо гэта ў першую чаргу філасофія, якую еўрапейцам цяжка да канца ўцяміць:
– У 2002 годзе, калі я прыйшоў выкладаць у БДУ, я трэніраваў студэнтаў так, як гэта робяць у цвёрдай форме японцы. Нашы трэніроўкі доўжыліся аж да трох гадзін. Я станавіўся з дзецьмі і выконваў з імі ўсе рухі, удары і практыкаванні. Потым заўважыў, што нашы шэрагі радзеюць – студэнты не вытрымлівалі нагрузак і паўзлі ў распранальню. Я быў моцным, здаровым, не адразу зразумеў, што студэнтам не патрэбныя цяжкія трэніроўкі. Ім неабходны сэнс і філасофія. Для іх каратэ – больш мастацтва, чым бескампрамісны бой. І тады я пачаў пераасэнсоўваць усе гэтыя заняткі, уносіў у іх больш элементаў разнастайных тэхнік, методык і філасофію. У тым ліку кодэкс бусідо – збор правілаў і рэкамендацый паводзін «сапраўднага воіна» ў грамадстве. Тады людзі зацікавіліся мацней. Нашы студэнты нават цяпер тэарэтычна падкаваны больш, чым фізічна. Думаю, для іх галоўнае – зразумець сам від спорту. Нават скажу так: каратэ – гэта не спорт. Па меркаванні японцаў, калі еўрапейцы перанеслі каратэ ў спаборніцтвы, яно страціла свой сэнс. Каратэ – гэта як ёга, як ушу, гэта значыць галоўнае ў ім – самавызначэнне, калі часам трэба пераадолець сябе і стаць вышэй. Дарэчы, могуць займацца і людзі нават у пажылым узросце. Каратэ – гэта шлях. Ты ідзеш па гэтым шляху. Бачыш – сцяжынка, а там спаборніцтвы. Можаш праверыць сябе, але вернешся і далей працягнеш ісці па дарозе. Каратэ – вельмі глыбокая і мудрая філасофія. Нам, еўрапейцам, цяжка гэта зразумець. З 2002 года ў мяне ўжо велізарная колькасць выпускнікоў. Многія з іх цяпер добрыя спецыялісты, юрысты, суддзі і чагосьці ў жыцці дамагліся. І нават цяпер мы разам з імі часам збіраемся і шмат чаго абмяркоўваем. Гэтыя людзі адданы каратэ, трэніроўкам і самому трэнеру.
За час працы на пасадзе трэнера Сяргей Мікалаевіч падрыхтаваў чатырох майстроў спорту, васьмярых кандыдатаў у майстры спорту, а таксама больш за сотню разраднікаў. Апрача выкладчыцкай дзейнасці, ён распрацоўвае методыкі для падрыхтоўкі зборных каманд па тхэквандо і каратэ, а таксама праводзіць аналіз і тэсціраванне фізічнай падрыхтаванасці спартсменаў.
– Зусім нядаўна выйшаў мой навучальна-метадычны дапаможнік па каратэ для пачаткоўцаў. Гэта вельмі сур’ёзнае выданне, над ім я працаваў з перапынкамі каля чатырох гадоў. Цяпер дапаможнік можна знайсці ў нашай бібліятэцы. Гэта менавіта тое, што трэба студэнтам для развіцця. Калі я сам пачынаў займацца ўсходнімі адзінаборствамі, такога не было. А цяпер любы пачатковец можа з дапамогай навучальна-метадычнага дапаможніка атрымаць веды пра тое, як трэба правільна выбудоўваць свае заняткі каратэ, – распавядае выкладчык.
Кацярына Ігнатовіч – выпускніца факультэта журналістыкі па спецыяльнасці «друкаваныя СМІ», адна з вучаніц Сяргея Мікалаевіча. Пад яго кіраўніцтвам яна прайшла шлях з нуля да медалёў рэспубліканскіх спаборніцтваў. Кацярына адзначае, што яе трэнер – легенда каратэ ў Беларусі.
– Да паступлення ва ўніверсітэт з усходнімі адзінаборствамі не была знаёмая зусім. Я гуманітарый – скончыла факультэт журналістыкі. Спорт і вучобу сумяшчаць было лёгка і цікава. Не ведаю, як бы без яго будавалася маё навучанне. Студэнту абавязкова трэба чымсьці займацца. Часы ў студэнтаў бываюць досыць нервовыя і стрэсавыя, а даваць выхад энергіі на трэніроўках – выдатная разгрузка. І я вельмі ўдзячная БДУ за магчымасць займацца каратэ. Пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча з нулявога ўзроўню ведаў і ўменняў дарасла да медалёў рэспубліканскіх універсіяд і спартакіяд. Цяпер праходжу перападрыхтоўку: вырашыла атрымаць трэнерскую прафесію ў каратэ. У мяне ўжо ёсць невялікі трэнерскі досвед, карыстаюся парадамі Сяргея Мікалаевіча. Ён легенда каратэ. З асобы трэнера Снегірова гэты від спорту, можна сказаць, і пачаўся ў Беларусі. У яго вельмі вялікая каманда ўдзячных яму вучняў. Ён займаецца сваёй справай шчыра, з усёй душой і бескарысліва, умее ствараць атмасферу і падтрымліваць сваім гумарам і пазітывам, – кажа Кацярына.
Трэнер Снегіроў і будучы трэнер Ігнатовіч разам стварылі праект «Каратэ-до. Ад сэрца да сэрца», які ўжо паспеў атрымаць шырокае прызнанне ў нашай краіне. У 2021 годзе пад кіраўніцтвам Беларускай алімпійскай акадэміі і БДУ пачалася рэалізацыя ініцыятывы. Ужо ў 2022 годзе стваральнікі праекта ўзялі першы прыз ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту ў рамках V Міжнароднага студэнцкага алімпійскага форуму «Алімпійскі рух, студэнцкі спорт, камунікацыі і алімпійская адукацыя» і занялі першае месца па выніках конкурсу «Найлепшы моладзевы праект БДУ 2021 – 2022». «Каратэ-до. Ад сэрца да сэрца» – гэта серыя майстар-класаў і размоў пра тое, чаму важна займацца фізічнай культурай і як гэтая актыўнасць дапамагае чалавеку.
– Каратэ, насамрэч, не спорт. Гэта філасофія, культура і мастацтва, як бы гучна ні гучала. Яно ахоплівае ўсё: духоўнасць, міжасобасныя адносіны і жыццёвы шлях чалавека, – кажа Кацярына.
Ілья ВАРАБ’ЁЎ