«Уся Еўропа і наша краіна – гэта грамадства, якое старэе». Інтэрв’ю з доктарам геаграфічных навук, экспертам па пытаннях дэмаграфіі Кацярынай Анціпавай

28 Mar, 2023.

З прафесарам, экспертам па пытаннях дэмаграфіі Кацярынай Анатольеўнай Анціпавай гаворым пра новы сайт Дэмаграфічнага рэсурсавага цэнтра, студэнцкую навуку, працу з замежнымі аспірантамі і, вядома, пра сучасную беларускую жанчыну.

– Як галоўны рэдактар часопіса «Геаграфія. Геалогія» Вы бачыце, якія тэмы цяпер больш за ўсё цікавяць навукоўцаў. Пару слоў пра праблематыку – што цяпер у топе?
– Ёсць праблемы, якія выклікаюць пастаянную цікавасць у навуковай супольнасці, напрыклад, змена клімату, дэградацыя глеб, дэмаграфічная дынаміка і г. д. Але ў геаграфічнай навуцы адбываюцца змены: пашыраюцца яе функцыі, узмацняецца прыкладная знач­насць, з’яўляюцца новыя напрамкі навуковых даследаванняў. Напрыклад, калі гаварыць пра сацыяльна-эканамічную геаграфію, то важнымі становяцца пытанні тэрытарыяльнай арганізацыі тых ці іншых галін гаспадаркі ва ўмовах постіндустрыяльнага развіцця і прасторавая дынаміка дэмаграфічных працэсаў ва ўмовах старэння. Набываюць актуальнасць у сучаснай геаграфічнай навуцы пытанні, звязаныя з аналізам вялікіх даных (Big Data): выкарыстаннем шматлікіх пераваг геа­інфармацыйных тэхналогій у розных напрамках геаграфічнай навукі, дыстанцыйнага зандзі­равання і інш.

– Вы больш за 20 гадоў кіруеце СНДЛ рэгіянальных дэмаграфічных праблем факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Распавядзіце, калі ласка, чаму Вам цікава займацца студэнцкай навукай і чаму гэта важна для Вас?
– Навукоўцы – гэта адмысловая катэгорыя людзей, штодзённы рытм жыцця якіх часта звязаны з асэнсаваннем якой-небудзь навуковай ідэі, гіпотэзай. Асяроддзе любога ўніверсітэта свету, у тым ліку і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адрозніваецца ад іншых устаноў вышэйшай адукацыі тым, што тут адукацыйны працэс заўсёды ідзе ў непарыўнай сувязі з навукай. Дэмаграфічнай навукай мяне зацікавіла яшчэ ў студэнцкія гады на трэцім курсе мой настаўнік, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Браніслава Адоль­фаўна Манак, якая ініцыявала стварэнне лабараторыі і кіравала ёй. Таму, калі яна завяршыла працоўную дзейнасць у БДУ, я ўзначаліла гэту студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю ўслед за ёй і працягваю далучаць да студэнцкай навукі таленавітую моладзь факультэта. Некаторыя выпускнікі лабараторыі, мае вучні, ужо сталі кандыдатамі геаграфічных навук.

У асяроддзі студэнтаў заўсёды фарміруецца ядро з тых, хто хоча не толькі вучыцца, але і займацца навукай. Напрыклад, калі студэнт хоча аналізаваць маятнікавую міграцыю з Мінска ў Рудзенск, ён павінен навучыцца методыцы збору, апрацоўкі, аналізу інфармацыі і геаграфічнай сістэматызацыі.
Праз многія гады працы, я, як і мае настаўнікі, разумею: каб выгадаваць кандыдата навук, трэба пачынаць сістэмна і захоплена працаваць са студэнтам з другога курса, штодня аграняючы гэты крышталь, а не пасля заканчэння ўніверсітэта ці магістратуры.
Таму СНДЛ – гэта не проста дадатковыя заняткі матываваных студэнтаў пасля асноўнай вучобы, гэта выкананне пастаянных індывідуальных заданняў пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка ў фармаце міні-праектаў у рамках грантаў, тэм НДР, якія навучэнцы выконваюць самастойна і робяць першыя крокі ў навуцы. Яны ўзгадоўваюць у сабе ўменні, навыкі, правяраюць самі сябе, праводзячы маленькія навуковыя даследаванні, і робяць у канчатковым выніку выбар, заставацца ў навуцы ці не. Таму, калі дасканала валодаеш методыкай якога-небудзь даследавання, вобразна кажучы, «пірог атрымаецца аднолькава смачным», хто б яго ні гатаваў – вучань ці майстар.

– Наколькі складана быць навуковым кіраўніком замежных аспірантаў? Ці ёсць цяжкасці з-за моўнага бар’ера?
– На працягу ўсіх папярэдніх гадоў педагагічнай дзейнасці я працавала з беларускімі аспірантамі. А чатыры гады назад у маім жыцці пачаўся, як я яго называю, «кітайскі эпізод». Да мяне прыехала навучац­ца зацікаўленая ў вывучэнні геаграфіі насель­ніцтва, матываваная студэнтка з Кітая на другую ступень вышэйшай адукацыі, у магістратуру. Па заканчэнні магістратуры яна паступіла ў аспірантуру пад маім навуковым кіраўніцтвам. Для навучання ў аспірантуры прыехала яшчэ адна выпускніца кітайскага ўніверсітэта. Таму цяпер у мяне навучаюцца дзве аспіранткі з Кітая. Трэцяя ступень вышэйшай адукацыі – гэта зусім іншы ўзровень матывацыі саіскаль­ніка ці аспіранта. Абедзве дзяўчыны прыехалі атрымаць адукацыю па эканамічнай геаграфіі і геаграфіі насельніцтва, прайшлі сумоўе і пішуць дысертацыі на актуальныя для Кітая тэмы, прысвечаныя дэмаграфічнаму старэнню і ўрбанізацыі.

Моўны бар’ер, вядома ж, ёсць. Дзяўчаты актыўна вывучаюць рускую мову, увесь час удасканальваючы яе. Яны ў цэлым умеюць выкладаць вусна свае пытанні, навуковыя ідэі і высновы. Складанасці ўзнікаюць з пісь­мовым выкладам навуковых вынікаў. Але яны вельмі працавітыя і ўседлівыя, мы ўвесь час практыкуемся ў рускай мове на рэгулярных кансультацыях, і дысертацыі яны плануюць абараняць на рускай мове.

Праца з замежнымі аспірантамі – гэта якасна іншыя працавыдаткі навуковага кіраўніка, але і ўнікальны досвед далучэння да іншай паўсядзённай культуры паводзін. У БДУ не так шмат замежных студэнтаў навучаецца на трэцяй ступені вышэйшай адукацыі. Як навуковы кіраўнік, я не перастаю дзівіцца вельмі глыбокай матывацыі сваіх кітайскіх аспірантаў і распавядаю пра гэта калегам на кафедры. Іншы раз даю ім заданне на тыдзень, а яны выконваюць яго з апярэджаннем у некалькі дзён.

Мае аспіранткі, Чэнь Лі і Ян Лю, прыехалі з Кітая з добрым узроўнем геаграфічнай падрыхтоўкі, у прыватнасці, у галіне геаінфармацыйных тэхналогій. Паколькі яны былі накіраваны на вывучэнне праблематыкі эканамічнай геаграфіі, мая задача як навуковага кіраўніка заключалася ў правіль­ным выбары актуальнай тэмы, стратэгічна важнай для развіцця Кітая. Аспіранткі працуюць з эмпірычным матэрыялам, складзеным па даных афіцыйнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага бюро КНР.

Чэнь Лі займаецца вывучэннем старэння Кітая, дыферэнцыруе гэты працэс па правінцыях, найбуйнейшых гарадах, вывучае фактары найноўшымі метадамі прасторавага аналізу, стварыла геадэмаграфічную інфармацыйную сістэму старэння Кітая, будзе­ рабіць прагноз старэння, вывучаць карэляцыю працэсу з развіццём пенсійнай сістэмы. Я сама з вялікай цікавасцю займаюся вывучэннем гэтай важнай тэмы, таму што старэнне выступае цяпер глабальным трэндам развіцця чалавецтва, а Кітай уяўляе сабой краіну з самай вялікай колькасцю пажылога насельніцтва. Чэнь Лі – аспірантка другога года навучання. У яе «скарбонцы» ўжо дзве публікацыі ў часопісах ВАК, трэцяя знаходзіцца ў друку. Дзяўчына ўдзельнічала больш чым у 10 навуковых канферэнцыях, штогод бярэ ўдзел у працы школы маладога кітаязнаўца РІКК БДУ.

Ян Лю вывучае праблемы ўрбанізацыі Кітая. Актуальнасць гэтай тэмы абумоўлена тым, што сучасны імклівы эканамічны рост краіны адбываецца пераважна ў гарадах. Па колькасці насельніцтва некаторыя кітайскія гарады перавышаюць колькасць насель­ніцтва нашай краіны. Таму эканамічная актыўнасць, інвестыцыі, бізнес – усё адбываецца менавіта ў гарадах. Географ, які вывучае дадзеную праблематыку, павінен умець адказваць на такія пытанні, як, напрыклад, у якіх гарадах колькасць насельніцтва расце хутчэй і чаму, за кошт якіх фактараў яны растуць і якая іх дэмаграфічная будучыня, якія гарады найбольш прывабныя для інвестыцый у кантэксце дэмаграфічнага развіцця, а якія і чаму ўяўляюць сабой дэмаграфічныя «лакуны».

– Распавядзіце, калі ласка, пра новы сайт Дэмаграфічнага рэсурсавага цэнтра. Якая Ваша роля ў гэтым праекце?
– Вось ужо шмат гадоў я з’яўляюся экспертам фонду ААН у галіне народанасель­ніцтва (UNFPA) у Рэспубліцы Беларусь па пытаннях дэмаграфіі і сям’і і нацыянальным кансультантам створанага сайта Дэмаграфічнага рэсурсавага цэнтра (demography.bsu.by). Гэта шмат­гадовае супрацоўніцтва перарасло ў тое, што БДУ стаў партнёрам і выканаўцам шмат­лікіх праектаў, якія рэалізуюцца пры падтрымцы прадстаўніцтва гэтага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які рэалізуецца цяпер пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, фінансуецца ўрадам Расійскай Федэрацыі. Асноўным выканаўчым агенцтвам з’яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. На этапе падрыхтоўкі абгрунтавання праекта я выказала ідэю пра тое, што ў Рэспубліцы Беларусь сфарміравалася добрая геадэмаграфічная школа на базе нашага факультэта, і таму мы можам стварыць такі комплексны сайт з вельмі шырокай дэмаграфічнай інфармацыяй. Падобны праект дазволіць сфарміраваць новы міжнародны імідж БДУ ў дэмаграфічнай сферы. Аналагаў яму ў нашай краіне няма.

Скрыншот з сайта demography.bsu.by

– Каму можа быць карысным такі сайт?
– На старонках сайта сабрана рознабаковая і шматгранная дэмаграфічная інфармацыя, як міжнародная, так і пра Рэспубліку Беларусь. Напрыклад, калі на сайт зазірае не толькі навуковец, але і журналіст ці любы інтэрнэт-карыстальнік, ён можа знайсці афіцыйныя даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь пра колькасць насельніцтва, пра прагнозы, убачыць цікавую дэмаграфічную інфаграфіку. Зацікаўленыя выпускнікі школ знойдуць на сайце інфармацыю пра тое, дзе яны змогуць атрымаць адукацыю ў галіне дэмаграфіі на першай, другой ці трэцяй ступенях, у якіх універсітэтах Еўропы, Азіі і іншых рэгіёнаў свету. Журналісты ўбачаць дэмаграфічны партрэт нашай краіны па нараджальнасці, смяротнасці, колькасці насельніцтва і іншых прыкметах. Гэты сайт таксама будзе карысным для рыэлтараў.
Зацікаўленыя ў афіцыйнай дэмаграфічнай статыстыцы Рэспублікі Беларусь ва ўкладцы «Базы даных» лёгка знойдуць гіперспасылкі на тэматычныя базы даных з рознабаковай інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У перспектыве ў нас запланаваны версіі сайта на англійскай і кітайскай мовах, каб замежныя наведвальнікі змаглі азнаёміцца з асноўнымі дзяржаўнымі праграмамі ў галіне дэмаграфічнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама сямейнай, моладзевай палітыкі і з іншымі пытаннямі. Такім чынам, мы паспрабавалі стварыць шматузроўневую і шматаспектную палітру дэмаграфічнай інфармацыі з мноствам ячэек, кожная з якіх будзе прызначана для пэўнай аўдыторыі.

Па выніках праектнага 2022 года ў снежні мы прадстаўлялі прэзентацыю сайта Дэмаграфічнага рэсурсавага цэнтра на пашыраным пасяджэнні каардынацыйнага савета праекта з запрашэннем кіраўніцтва Офіса Фонду ААН у галіне народанасель­ніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праца над сайтам працягваецца, мы адкрытыя для супрацоўніцтва (на сайце апублікаваны нашы кантакты). Таму цікавыя пажаданні журналістаў, навукоўцаў, выкладчыкаў і ўсіх, хто зацікаўлены ў развіцці сайта, мы зможам улічыць.

– Ці будуць на сайце аналітычныя артыкулы, каб карыстальнік мог убачыць не толькі лічбы, але і экспертны аналіз і высновы?
– Для такіх матэрыялаў на сайце прадугледжана закладка «Вэб-бібліятэка». Там прадстаўлены медыярэсурсы, меркаванні вядучых дэмографаў як па Беларусі, так і па краінах свету адносна дэмаграфічных праблем. Сайт разлічаны на шматгранны спектр­ чытачоў, таму мы зрабілі асобную закладку з відэаролікамі і відэалекцыямі вядучых экспертаў у галіне дэмаграфіі, у тым ліку з Оксфардскага ўніверсітэта. З часам усе раздзелы сайта будуць напаўняцца карысным кантэнтам. Каб стварыць архітэктуру сайта і напоўніць інфармацыяй кожны раздзел, была прароблена вялікая падрыхтоўчая арганізацыйная праца. У гэтым высокапрафесійную тэхнічную падтрымку нам аказаў Цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ ў асобе начальніка аддзела сеткавых і інтэрнэт-тэхналогій ЦІТ БДУ Пупко Андрэя Уладзі­міравіча.

У далейшым мы прадугледжваем размяшчэнне на сайце матэрыялаў у галіне дэмаграфічных прагнозаў экспертаў ААН, беларускіх навукоўцаў, якія прадстаўляюць Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Як нацыянальны кансультант сайта ДРЦ і як географ і геадэмограф, які займаецца на працягу ўсёй сваёй прафесійнай дзейнасці вывучэннем геаграфіі насельніцтва Беларусі, я прапаную да публікацыі на сайце свае артыкулы пра дэмаграфічнае развіццё рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прагнозы. У іх прадстаўлены аналіз і высновы пра тое, якія рэгіёны з’яўляюцца больш спрыяльнымі ў дэмаграфічным развіцці, якія можна назваць эталоннымі, а якія менш спрыяльныя і, такім чынам, маюць патрэбу ў больш дэталёвым і глыбокім вывучэнні.

– Не сакрэт, што многія студэнты прыязджаюць вучыцца ў Мінск са спадзяваннем «замацавацца» ў сталіцы, а перспектыва з’ехаць па размеркаванні ў рэгіён палохае карэнных мінчан. Якія прагнозы дэмографаў адносна развіцця рэгіёнаў?
– Гэта песімістычнае ўспрыманне сітуацыі я цяпер паспрабую зняць. Не магу сказаць, што цяпер уся жыццядзейнасць насель­ніцтва Беларусі канцэнтруецца ў Мінску. Ёсць паняцце «субурбанізацыя», гэта значыць працэс развіцця прыгарадаў вялікіх гарадоў і перасялення насельніцтва ў прыгарады. Такі працэс назіраецца ў нас у краіне найбольш актыўна вакол сталіцы і некаторых рэгіянальных цэнтраў. Таму ў дадзены момант значна больш шанцаў знайсці працу, асабліва ў сферы паслуг, у малых гарадах і буйных вёсках, якія прылягаюць да сталіцы. Такія законы развіцця гарадоў, калі па меры росту ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўзроўню жыцця насельніцтва ўзні­кае цэнтрабежны рух. Шматлікія малыя гарады вакол сталіцы маюць большыя магчымасці для працаўладкавання і забеспячэння жыллём моладзі.

– Ці вялікая ў Беларусі дэмаграфічная нагрузка пажылымі людзьмі і дзецьмі? Якімі могуць быць сцэнарыі развіцця насельніцтва ў сувязі з яго старэннем?
– Вывучэнне дэмаграфічнай нагрузкі з’яўляецца важным не толькі для нашай краіны, але і ў цэлым для свету. Сярод відаў дэмаграфічнай нагрузкі вылучаюць нагрузку дзецьмі, нагрузку пажылым насельніцтвам і агульную нагрузку. Аднак вялікая нагрузка дзецьмі не толькі праблема для краін у стадыі развіцця, але і магчымасць для краіны атрымання бонуса ці дэмаграфічнага дывідэнду. Напрыклад, у свеце існуюць краіны з адносна высокай нараджальнасцю насельніцтва і, такім чынам, вялікай колькасцю дзяцей. Калі гэты патэнцыял дзяржаве правільна выкарыстоўваць і ў найбольш актыўным працаздольным узросце пераразмеркаваць яго ў пэўныя галіны ці віды эканамічнай дзейнасці, то гэтыя краіны змогуць паказаць хуткі эканамічны рост. Такая з’ява атрымала назву дэмаграфічнага дывідэнду для краіны, ці адкрытага «дэмаграфічнага акна». Такі сцэнарый развіцця абраў Кітай некалькі гадоў назад і прадэманстраваў свету эканамічныя поспехі.

Але існуе і другі дэмаграфічны дывідэнд, на які цяпер разлічваюць развітыя краіны з узрастаннем нагрузкі пажылымі людзьмі. Адбываецца рост такой нагрузкі ў наш час і ў Кітаі ў сувязі з інтэнсіўным старэннем насель­ніцтва.

Пажылое насельніцтва, колькасць і доля якога павялічваецца, можа пры далейшым росце працягласці жыцця таксама даць краіне дывідэнд за кошт выкарыстаннях яго патэнцыялу на рынку працы ў некаторых відах эканамічнай дзейнасці, напрыклад, у кіраванні, аду­кацыі, медыцыне, за кошт эканоміі спажывання дадзенай узроставай групы і, такім чынам, назапашвання сваіх зберажэнняў.

– Але ж у грамадстве нават з’явіліся песімістычныя жарты, звязаныя з павелічэннем пенсійнага ўзросту: «Ці дажывём да пенсіі?» У Еўропе змена ўзросту­ выхаду на пенсію пацягнула за сабой пратэсты.
– Я рэкамендавала б глядзець на праблему павышэння пенсійнага ўзросту з розных бакоў. Трэба зважаць перш за ўсё на аб’ектыўную неабходнасць захавання ўстойлівага росту ў краіне і гнуткасць і паслядоўнасць павелічэння ўзросту выхаду на пенсію. Так, сапраўды, многія краіны Еўропы ўжо шмат гадоў назад паступова пачалі паднімаць узрост выхаду на пенсію, і ён у шэрагу краін складае і 65, і 68 гадоў. Гэта можа выклікаць пэўныя негатыўныя рэакцыі ў насельніцтва. Але, калі паглядзець на старэнне з іншага боку: наколькі моцна змяніўся сам пажылы чалавек эканамічна развітай еўрапейскай краіны, у параўнанні з тым, якім ён быў 10-15 гадоў назад? Бо многія з іх па сваім цяперашнім успрыманні жыцця з’яўляюцца сацыяльна актыўнымі, лёгка інтэгруюцца ў асяроддзе моладзі, хочуць быць задзейнічаны, працягваць працоўную дзейнасць, гатовыя атрымліваць новыя навыкі, асвойваюць новыя спецыяльнасці. Такая тэндэнцыя назіраецца і ў беларускім грамадстве. Не ўсе з тых, хто выйшаў на пенсію, хочуць пакідаць працу, займацца ўнукамі і ўнучкамі ці выконваць толькі функцыі бабуль і дзядуляў. Памянялася само аблічча пажылога чалавека: ён стаў больш дзейным у высокаразвітых краінах. Таму назапашаны патэнцыял прафесійнага і жыццёвага досведу пажылога насельніцтва пры правільным выкарыстанні можа прыносіць і ўжо прыносіць эканамічны дывідэнд краіне.

У Беларусі павялічваецца дэмаграфічная нагрузка пажылым насельніцтвам. Уся Еўропа і наша краіна – гэта грамадства, якое старэе. І калі гэта незваротна, то неабходна распрацоўваць такія сцэнарыі развіцця краіны, пры якіх будзе забяспечана ўстойлівае развіццё, пры якіх і пажылы чалавек можа быць актыўным і здаровым. Менавіта таму з 2020 года ў нас рэалізуецца Нацыяналь­ная стратэгія Рэспублікі Беларусь­ «Актыўнае даўгалецце – 2030», працуюць школы трэцяга ўзросту і да т. п. Мы павінны разумець, што старэнне – вынік прагрэсу чалавечага грамадства.

– Як на развіццё краіны ўплывае рашэнне жанчын пра нараджэнне дзяцей пасля трыццаці гадоў?
– З аднаго боку, жанчына рэалізуе сябе ў кар’еры да родаў і робіць унёсак у эканамічнае развіццё краіны. Многія цяперашнія маладыя актыўныя беларускія жанчыны атрымліваюць другую вышэйшую, дадатковую адукацыю, праходзяць павышэнне кваліфікацыі, таму што іх ужо не задавальняе наяўнасць адной спецыяльнасці. Набор кампетэнцый у маладой беларускай жанчыны 15 гадоў назад быў значна меншы, чым у цяперашняй. Але, трэба адзначыць, так званае «адкладзенае нараджэнне» дзіцяці на пазнейшы ўзрост часта прыводзіць да скарачэння сярэдняй колькасці дзяцей у сем’ях, што ў канчатковым выніку вядзе да скарачэння колькасці працаздольнага насель­ніцтва.
З іншага боку, сучасная жанчына рашэнні прымае самастойна, у тым ліку па пытанні нараджэння дзяцей. У развітых краінах жанчыны сталі пазней нараджаць: сярэдні ўзрост­ нараджэння першага дзіцяці перайшоў рысу трыццацігоддзя. Больш за тое, не само нараджэнне дзіцяці, але і асэнсаванне «ў мяне, магчыма, будзе дзіця» прыходзіць галоўным чынам пасля трыццаці гадоў. Дэмографы ацэньваюць гэту з’яву як заканамерную.

Сучасная жанчына зрабіла прыярытэтамі атрыманне адукацыі, кар’ерны рост, здаровы лад жыцця, рэалізацыю індывідуальных запатрабаванняў. Гэта ўсё нормы постіндустрыяльнага грамадства.

Таму, калі на шалях «Я» або бяссонныя ночы, кармленне, сучасная маладая жанчына часта выбірае першае. Раней, у другой палове ХХ стагоддзя, у эканамічна развітых краінах дзіця было цэнтрам сусвету для сям’і. У наш час дэмографы гавораць пра тое, што чалавек у эканамічна развітых краінах ставіць цэнтрам сусвету сябе, а не дзіця. У дэмаграфічнай навуцы гэта атрымала назву «індывідуалізаваныя каштоўнасці».

У Беларусі таксама адзначаецца тэндэнцыя, калі жанчыны ў пазнейшым узросце прыходзяць да асэнсавання шлюбу і нараджэння дзіцяці. Але ў нашай краіне дэмаграфічныя традыцыі і ментальныя каштоўнасці сям’і адносна ўсвядомленай наяўнасці аднаго ці дваіх дзяцей значна мацнейшыя. Таму многія сучасныя беларускія жанчыны азіраюцца на тое, як жылі іх бабулі і мамы. Доўгія гады маіх даследаванняў пацвярджаюць, што ў беларускім грамадстве ўплыў сямейных традыцый захоўваецца, і ён мацнейшы, чым у шэрагу краін Еўропы.

– За апошнія 25-30 гадоў беларускія жанчыны сталі больш актыўнымі ў навуковай сферы і сферы кіравання?
– Так, яны адназначна сталі больш актыўнымі. Перад беларускімі жанчынамі адкрыўся шырэйшы спектр магчымасцяў самарэалізацыі, што і прывяло да большага ўцягвання іх і ў сферу кіравання, і ў навуку.

– Што натхняе Вас рухацца наперад, калі Вам цяжка?
– Па-першае, гэта любоў працаваць са студэнтамі і з моладдзю, больш за тое, з найбольш матываванай аўдыторыяй студэнтаў, ахвотнікаў займацца навукай праз студэнцкую навуковую лабараторыю. Па-другое, гэта маё выхаванне бацькамі. Мой тата праводзіў вялікую колькасць сур’ёзных аперацый і ніколі не глядзеў на час ці на дзень тыдня, калі пацыенту была патрэбная дапамога. Ён выхаваў ува мне пачуццё адказнасці, дысцыплінаванасць і сілу характару. Многія мае вучні – людзі, якія таксама жывуць у адпаведнасці з прынцыпам «калі не я, то хто». Па-трэцяе, я не магу падвесці калегаў. За гэтай якасцю стаяць мае настаўнікі, кандыдаты навук і прафесары, якія мяне выгадавалі і зрабілі мяне навукоўцам, – дацэнт Браніслава Адольфаўна Манак, прафесар Мікалай Тарасавіч Раманоўскі, прафесар Іван Іванавіч Пірожнік.

 

Дар’я ПАЎЛЮЧУК

print

Вам таксама можа спадабацца: