Вечар прыгажосці: у БДУ выбралі «Каралеву студэнцтва – 2023»

20 Mar, 2023.

Фінал конкурсу праходзіў у Ліцэі БДУ 2 сакавіка. 10 студэнтак з розных факультэтаў змагаліся за званне «Каралевы студэнцтва БДУ», але ўладальніцай кароны стала толькі адна.

Арганізатары мерапрыемства заявілі слоган «Поўня прыгажосці». Сцэна канцэртнай залы на вечар ператварылася ў начное неба, упрыгожанае загадкавым месяцам і бліскучымі «зорачкамі» – удзельніцамі конкурсу. Каб вызначыць сярод дзяўчат пераможцу, конкурс праводзілі ў некалькі этапаў: прамоўніцкае майстэрства, творчы конкурс і дэфіле. У апошнім канкурсанткі дэманстравалі нацыянальныя і дзелавыя касцюмы, а таксама вячэрнія сукенкі. «Разбаўлялі» этапы мерапрыемства артысты Вераніка Цубікава, Мікіта Уласенка і Яўген Царыкаў.

У склад журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі індустрыі моды і супрацоўнікі БДУ: прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Алеся Прахарэнка, начальнік аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігар Іваноў, сакратар БРСМ БДУ Міхаіл Дзегцярэнка, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Вольга Локцева і ўладаль­ніца тытула «Каралева студэнцтва БДУ – 2022» Анастасія Сіротка.

У першым этапе конкурсу, прамоўніцкім майстэрстве, дзяўчаты па чарзе цягнулі паперкі, дзе было напісана адно пытанне, на якое студэнткі і адказвалі, напрыклад: «Якую суперздольнасць ты б хацела мець і чаму?» ці «Чаму твой выбар – БДУ?». Было прыкметна, як дзяўчаты хваляваліся, але кожная з іх з заданнем справілася паспяхова.
У творчым конкурсе ўдзельніцы дэманстравалі свае таленты: хтосьці танцаваў, хтосьці чытаў вершы, а хтосьці спяваў пад акампанемент. Нумары былі рознымі па характары – рамантычныя, запальныя, задуменныя. Гэта дапамагала журы лепш даведацца пра кожную з удзельніц.

Па выніках конкурсу «Каралевай грацыі» стала другакурсніца філалагічнага факуль­тэта Аліна Мінчанкава. Самай інтэлектуальнай («Каралева інтэлекту») прызналі трэцякурсніцу юрыдычнага факультэта Дар’ю Карабач. «Каралева фота» – першакурсніца МДЭІ імя А. Д. Сахарава Лізавета Сабліна. Адразу два тытулы, «Каралева глядацкіх сімпатый» і «Каралева таленту», у чацвёртакурсніцы факуль­тэта журналістыкі Міланы Крук.

Дзве галоўныя намінацыі па традыцыі абвясцілі ў канцы мерапрыемства: «Віцэ-каралевай студэнцтва БДУ» стала чацвёртакурсніца юрыдычнага факультэта Вераніка Шатрун, а галоўнай зоркай вечара і пераможцай конкурсу – другакурсніца эканамічнага факультэта Ганна Чыжанкова. Абедзве дзяўчыны таксама атрымалі права прадстаўляць універсітэт на гарадскім этапе Рэспубліканскага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева студэнцтва – 2023».

Ганна Чыжанкова, пераможца конкурсу:
– Пра гэтае мерапрыемства я даведалася выпадкова: летась, калі я вучылася на першым курсе, убачыла ў сяброўкі «гісторыі» ў Instagram з фіналу «Каралевы студэнцтва БДУ». Не магу сказаць, што загарэлася жаданнем паўдзельнічаць у конкурсе, бо не зусім разумела ўмовы. Я знаходжуся ў цырыманіяльнай групе БРСМ.
У студзені на адным з мерапрыемстваў нам прапанавалі паспрабаваць сябе на «Каралеве студэнцтва» ў сваіх універсітэтах. Тут ужо я і задумалася. 2 лютага, калі пачаўся набор удзель­ніц, намесніца старшыні БРСМ БДУ Юлія Кунахавец адправіла мне Google-форму для падачы заяўкі на ўдзел у конкурсе. Гэта, можна сказаць, мяне і падштурхнула: я запоўніла форму і, зразумела, не пашкадавала.

Кожны дзень мы з дзяўчатамі наведвалі рэпетыцыі, пра вучобу я амаль забылася. Спачатку дэфіле – вучыліся трымаць правільна паставу і ставілі паходку. Я трэніравалася нават дома. Але адзін раз не змагла стрымаць­ слёз: разнервавалася з-за таго, што не атрымлівалася трымаць раўнавагу на павольнай праходцы. Але я працягвала трэніравац­ца, бо разумела, што магу дасягнуць патрэбнага выніку. І як было прыемна, калі на наступны дзень Валерыя Слесарчук, наш «трэнер» па дэфіле, адзначыла мой прагрэс. Таксама былі фотасесіі. Перадаць, якая там панавала атмасфера, у мяне не атрымаецца. Але было вельмі душэўна, весела і прыгожа. У апошнія два тыдні рэпеціравалі творчыя нумары. Гэта і было, думаю, самым складаным для кожнай дзяўчыны. Я не хацела спяваць проста пад «мінус», таму я сутыкнулася са складанасцямі датычна прысутнасці ў маім нумары музыкаў.

Вядома, мне хацелася перамагчы. Але самым важным для мяне было атрымаць задавальненне: ад рэпетыцый, ад зносін з дзяўчатамі і эмоцый, якія я адчувала. Таму, як бы банальна гэта ні гучала, перамога для мяне не была галоўнай мэтай. Падчас выступлення ў фінале конкурсу ў маім творчым нумары ўзніклі праблемы з музыкай. Я моцна засмуцілася, бо ўсё магло б атрымацца нашмат лепей. Таму пра перамогу да моманту ўзнагароджання ўжо не думала. Калі мяне абвясцілі пераможцай, першыя хвілін пяць я наогул не разумела, што адбылося. Эмоцыі былі шалёныя.
Дзякуючы конкурсу я зразумела, што магу дамагчыся ўсяго. Галоўнае – захацець. Яшчэ я ўсвядоміла, што не трэба рабіць паспешных высноў, і што вельмі важная падтрымка сяброў і фіналістак мерапрыемства.

Ілья ВАРАБ’ЁЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: