Калі б патэрыянскую сагу здымалі ў нашым універсітэце, вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта запомнілася б па частцы «Гары Потэр і таемны пакой». Гэта месца вабіць першакурснікаў, адкрываецца тым, хто хоча яго знайсці, а таксама захоўвае ў сабе шмат унікальных цікавостак. Заінтрыгаваны? Тады давайце знаёміцца бліжэй!
«Кватарант» новага ўніверсітэцкага корпуса
За час свайго існавання вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору шэсць разоў мяняла месца «прапіскі» і на сёмы знайшла новы і, галоўнае, пастаянны дом. Сёння матэрыялы лабараторыі захоўваюцца ў асобных аўдыторыях новага вучэбнага корпуса БДУ на вуліцы Даўгабродскай. Раўнюткія стэлажы аб’ядналі матэрыялы з пяці напрамкаў: рэгіянальнага і жанравага, аўдыя- і відэаархіваў і архіва фальклору іншых народаў свету. Таксама на аснове гэтых збораў функцыянуе эталонны мультымедыйны банк – фонд лічбавых копій фальклорных матэрыялаў, які размяшчаецца на сайце Электроннай бібліятэкі БДУ. І ўсё гэта пры тым, што працу падраздзялення абслугоўваюць усяго чатыры супрацоўнікі.
Дакументальны статус і новую назву – фонд фальклорных матэрыялаў – фальклорны архіў лабараторыі атрымаў у 2019 годзе, аднак яго гісторыя бярэ пачатак у 1960-х гадах. Тады на філалагічным факультэце БДУ высілкамі кандыдатаў навук дацэнтаў Веры Захаравай і Ніла Гілевіча была ўведзена абавязковая двухтыднёвая палявая вучэбная практыка па збіранні фальклору, матэрыялы якой заклалі аснову фонду. Выкладчыкі настолькі зацікавілі гэтым супрацоўнікаў і студэнтаў, што хутка на аснове прывезеных з экспедыцый матэрыялаў з’явілася вялікая колькасць вучэбных дапаможнікаў і тэматычных зборнікаў. Паступова плён агульнай працы прывёў да стварэння лабараторыі беларускага фальклору. Яна стала пляцоўкай, дзе распрацоўваліся розныя праблемна-тэматычныя напрамкі беларускай школы фалькларыстыкі: лакальна- рэгіянальнае вывучэнне нацыянальнага фальклору, этналінгвістыка, сацыяфалькларыстыка, сучасны гарадскі фальклор, фенаменалогія фальклорных жанраў і інш.
– Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору ў сучасным выглядзе функцыянуе пры кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства (з 2019 года, дагэтуль – кафедра тэорыі літаратуры) з 2005 года. Аднак яе гісторыя налічвае амаль 40 гадоў: з’яўленню лабараторыі папярэдніФалькларыстычны «вулей» БДУ чала ўтварэнне ў 1981 годзе сектара вывучэння фальклорнай дыялекталогіі, які праз 4 гады стаў аднайменнай навукова-даследчай лабараторыяй, – гаворыць загадчык лабараторыі Вера ДЗЯНІСЕНКА. – Нам хочацца, каб студэнтам тут было ўтульна і цікава. Каб яны маглі працаваць з тым скарбам, які захоўваем мы і зберагалі нашы папярэднікі. Лабараторыя фальклору – гэта не проста памяшканні для захоўвання фальклорных матэрыялаў, а месца, дзе развіваецца беларуская школа фалькларыстыкі БДУ. І працуюць тут таленавітыя людзі з высокім узроўнем прафесійнага сумлення.
Інтэр’еры пакояў, што займаюць стэлажы з фальклорнымі матэрыяламі, аформлены ў народным стылі: ёсць у кабінетах розныя побытавыя прадметы, прывезеныя з практыкі, вышываныя ўзоры і партрэты тых, хто стаяў ля вытокаў фалькларыстыкі ў Беларусі – Рыгора Шырмы, Пятра Шэйна, Яўхіма Карскага. Танюткія папкі рэгіянальнага архіва суседнічаюць з больш мажнымі. Кожная з іх прысвечана адпаведнаму году, калі ў той ці іншай мясцовасці вяліся фалькларыстычныя экспедыцыі. Цікава, але ў некаторых папках можна знайсці добра знаёмыя цяперашнім студэнтам прозвішчы выкладчыкаў філалагічнага факультэта, якія раней таксама спрабавалі свае сілы «ў палях». Сярод такіх асоб – намеснікі дэкана філалагічнага факультэта Мікалай Хмяльніцкі і Вольга Крычко, дацэнт Ігар Запрудскі. Па словах Веры Сяргееўны, «у рэгіянальным архіве знаходзіцца частка яе жыцця», паколькі падчас фальклорнай практыкі адным з яе суразмоўцаў стала родная бабуля. Таму вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору – гэта своеасаблівы летапіс БДУ.
Я пазнаю архіў па радках
У жанравым архіве фонду фальклорных матэрыялаў захоўваюцца рукапісныя карткі з указаннем жанравай прыналежнасці твораў. Так, у гэтым зборы пасяліліся вясельныя і калядныя песні, калыханкі, казкі і іншыя. Цяпер каля 350 тысяч картак, запоўненых уручную, чакаюць алічбоўкі, каб стацьбольш даступнымі для даследчыкаў. Аўдыя- і відэаархіў утрымліваюць бабіны, касеты і кінастужкі. Напрыклад, за перыяд з 1960 па 1980 гг. з фальклорных практык прывезлі 632 бабіны і 721 касету, і ўсе яны захоўваюцца ў фондзе. А папкі архіва фальклору іншых народаў свету складаюць матэрыялы, запісаныя студэнтамі краін былога СССР, Кітая, Індыі, Ірана і інш.
Самым «дарослым» зборам інфармацыі з’яўляецца архіў Гомельскай вобласці (першыя запісы датуюцца 1960 годам), а найбольшбагатым стаў архіў Міншчыны (тут захоўваецца 1589 папак, што ўтрымліваюць 165 тысяч твораў). Асабліва каштоўная частка фонду – матэрыялы, сабраныя на тэрыторыях, якія пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Для тых, хто будзе працаваць з гэтымі матэрыяламі, можа быць важнай любая дробязь з дзённікаў.
Кожны матэрыял, які трапляе ў зборы, праходзіць пашпартызацыю: збіральнікі фальклору запаўняюць спецыяльныя дзённікі, указваюць імёны і прозвішчы сваіх суразмоўцаў, звесткі пра сябе, фіксуюць год і месца запісу. Многія тэкставыя матэрыялы дапаўняюцца фотаздымкамі, відэа- і аўдыяфайламі. Адметна, што да 2012 года архіў быў цалкам рукапісны, дадатковыя лічбавыя носьбіты інфармацыі выкарыстоўваліся нячаста. Аднак праз патрабаванні часу і пашырэнне тэхнічных магчымасцяў фалькларыстаў было прынята рашэнне падмацоўваць сабраную інфармацыю аўдыяфайламі і фотаздымкамі. Так сярод папяровых «жыхароў» архіва з’явіліся яшчэ і лічбавыя – CD- і DVD-дыскі, флэшкі. Такі падыход да «палявой» практыкі і захоўвання матэрыялаў дазваляе навукоўцам з сумежных галін (гісторыкам, лінгвістам і інш.) рабіць высновы пра асаблівасці гаворак той ці іншай мясцовасці, уклад жыцця, стыль, рамёствы, узаемаадносіны людзей.
– Магчыма, нейкія рэчы сёння могуць падавацца малазначнымі. Аднак праз 20 гадоў мовазнаўцы, выкарыстоўваючы запісы ў дзённіках, змогуць глыбей вывучаць гаворкі пэўнай мясцовасці. Любы карабель ідзе далей, калі ў яго каманды ёсць паслядоўнікі, – пераконвае загадчыца лабараторыі беларускага фальклору.
Цікава, але першапачаткова фонд фальклорных матэрыялаў быў закрытым – ім маглі карыстацца толькі даследчыкі-фалькларысты ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З нядаўняга часу ён стаў больш даступным: зараз папрацаваць тут маюць магчымасць супрацоўнікі БДУ, навуковыя пошукі якіх звязаныя з сумежнымі галінамі, для выкарыстання ў адукацыйным працэсе і даследчай дзейнасці па профілі, студэнты для напісання навуковых і кваліфікацыйных работ і выкладчыкі філфака. Фізічныя асобы могуць атрымаць доступ да фонду ў межах аказання платных паслуг з пісьмовага дазволу загадчыка лабараторыі з абавязковым указаннем мэты наведвання. Вера Сяргееўна ўзгадвае гісторыю, як у мінулым годзе да супрацоўнікаў звярнуўся наведвальнік, які хацеў адшукаць песню сваёй бабулі. І, паколькі яго сястра занатавала гэты твор падчас праходжання практыкі шмат гадоў назад, знаходка стала магчымай.
Вера Дзянісенка адзначае, што ў краіне няшмат прафесіяналаў у галіне фалькларыстыкі. Не дзіва, паколькі падобны спецыяліст павінен валодаць сінтэзам фалькларыстычных, архівазнаўчых і нават літаратуразнаўчых ведаў. Першыя дапамагаюць правільна збіраць і афармляць інфармацыю, другія – захоўваць яе, трэція – карэктна апрацоўваць і класіфікаваць.
Дарога ў фалькларыстыку пачынаецца з практыкі
Першакурснік Іван ЧАЎКОТА пазнаёміўся з фальклорнымі матэрыяламі лабараторыі яшчэ ў верасні – тады ён разам з іншымі студэнтамі дапамагаў супрацоўнікам у пераезных клопатах, размяркоўваў папкі па паліцах. Хлопца і яго аднагрупніц, якія прыйшлі ў лабараторыю на заняткі разам з кандыдатам філалагічных навук дацэнтам Вольгай Прыемка, у хуткім часе чакае першая практыка: нехта паедзе на практыку ў дробныя населеныя пункты – па месцы жыхарства ці ў вёскі да бабуль. Іншыя пройдуць практыку пры лабараторыі, дзе ім перададуць асновы архіўнай справы і каталагізацыі дакументаў.
Як падысці да патэнцыяльнага суразмоўцы, каб настроіць яго на камунікацыю? Як правільна пачаць гутарку? Як атрымаць асалоду ад працэсу збірання інфармацыі? Гэтыя і іншыя пытанні раскрываюцца ў ВМК «Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі », якое вытрымала тры перавыданні дзякуючы выкладчыкам кафедры тэарэтычнага славянскага літаратуразнаўства і супрацоўнікам лабараторыі беларускага фальклору. Тут жа яны знойдуць кіраўніцтва па класіфікацыі твораў. Вольга Віктараўна, расказваючы студэнтам пра практыку, прыводзіць прыклад, што ў фільме «Аперацыя Ы» Леаніда Гайдая стваральнікі дапусцілі вольнасць у інтэрпрэтацыі фальклору, паколькі тосты не адносяцца да фальклорных жанраў.
– Фальклор – гэта найбагацейшы комплекс, бо ў ім сінкрэтычна зліваюцца розныя культурныя элементы: слова, мелодыя, танец, абрады, прыкметы і павер’і, дэкаратыўна- прыкладное мастацтва. І мы стараемся як мага часцей падкрэсліваць гэту адметнасць, – заўважае Вольга Віктараўна. – Якім было вяселле вашых дзядуль і бабуль? Што тады гатавалі? Якія калыханкі спявалі вашым бацькам? Як пазнаёміліся бабуля з дзядулем? Задайце гэтыя пытанні вашым родным і здыміце іх на камеру. Уявіце, як будзеце паказваць гэта відэа сваім дзецям! Усё гэта датычыцца гісторыі вашай сям’і, таму выканайце работу па праходжанні практыкі якасна найперш для сябе.
Па словах выкладчыка, прывезеныя з «палёў» матэрыялы, як правіла, не залежваюцца ў архівах. Супрацоўнікі лабараторыі беларускага фальклору пры падтрымцы кафедры стараюцца публікаваць вынікі экспедыцый у спецыялізаваных зборніках. Гэта дазваляе зрабіць культурную спадчыну большдаступнай для даследчыкаў і аматараў фальклору. Адзін з такіх зборнікаў – «Фалькларыстычныя даследаванні». Тут нароўні з вядомымі навукоўцамі востраць пяро ў напісанні навуковых артыкулаў студэнты. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы таму, што цэнтральнай часткай дзейнасці кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і лабараторыі беларускага фальклору з’яўляецца распрацоўка навуковых і праблемных тэм.
Вера Сяргееўна падзялілася, што дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва факультэта на базе лабараторыі плануецца адкрыццё інтэрактыўных аўдыторый, якія будуць насіць імёны яе заснавальнікаў, – Веры Захаравай і Васіля Ліцвінкі.
– Спадзяёмся, што гэта будзе новы віток у жыцці вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Хочацца, каб пра яе ведала як мага больш людзей, каб навучальны працэс для студэнтаў праходзіў тут не сумна, а таксама захапляў, вабіў і натхняў на навуковыя пошукі, – рэзюмавала загадчыца лабараторыі беларускага фальклору.
Ірына ІВАШКА