«Яднанне культур дапамагае стварыць талерантную прастору для студэнтаў розных краін»

24 мая, 2023.

Праект Савета зямляцтваў БДУ ўзнагароджаны дыпломам у спецыяльнай намінацыі «У Беларусі – як дома!» Рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу «Медыясфера – 2023».

Дзень нацыянальных культур упершыню правялі ў БДУ ў 2017 годзе. Мультыкультурная выстава-дэгустацыя стала ўжо традыцыйным святам і звычайна ладзіцца ў лістападзе. У гэтым годзе, па падліках арганізатараў, каля 300 навучэнцаў універсітэта сталі ўдзельнікамі мерапрыемства – сярод іх прадстаўнікі Азербайджана, Палесціны, Кітая, Таджыкістана, Узбекістана і Туркменістана.

Акрамя «смачнай» часткі свята – дэгустацыі страў нацыянальнай кухні – удзельнікі і госці наведваюць майстар-класы па народных танцах, а таксама знаёмяцца з нацыянальнай атрыбутыкай і спяваюць народныя песні.

Кіраўнік праекта – студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДУ Лейлі ДЖУМАКУЛЫЕВА – ужо некалькі гадоў арганізоўвае Дзень нацыянальных культур ва ўніверсітэце. Таму менавіта яна прадстаўляла праект на фестывалі-конкурсе.

– Дзень нацыянальных культур створаны для таго, каб паказаць усю разнастайнасць культур, нацыянальнасцяў, рэлігій і дапамагчы адчуць яднанне студэнтам, якіх універсітэт прымае пад сваё крыло. Таму адначасова адбываецца знаёмства беларусаў з культурамі іншых краін і замежных студэнтаў – з мясцовай культурай, каб яны прасцей адаптаваліся да новых умоў жыцця. У нас нават была тэматычная пляцоўка беларускай культуры. Але, на мой погляд, яднанне культур не столькі ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў, колькі ў стварэнні бяспечнай, талерантнай прасторы, дзе кожны студэнт будзе ведаць, што ён не адзін са сваімі праблемамі і што ёсць людзі, якія гатовыя дапамагчы, – тлумачыць Лейлі. – Праект прадугледжвае не толькі ўдзел студэнтаў БДУ. Мы запрашалі яшчэ і студэнтаў іншых універсітэтаў. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе да нас далучыліся прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Раней на конкурсы не падавалі гэты праект Савета зямляцтваў БДУ, але сёлета арганізатары вырашылі паспрабаваць. «Дзень нацыянальных культур» ідэальна падышоў пад крытэрыі Рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу «Медыясфера – 2023». За прэзентацыю для конкурсу Лейлі ўзялася адказна і пад чулым курыраваннем начальніка аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю Антона КУПЧЫНА вывела актуальнасць, мэты і задачы праекта.

Рэспубліканскі фестываль праводзіцца ўжо чацвёрты год. Ён аб’яднаў творчую моладзь, якая спрабуе сябе ў галіне фатаграфіі, друку, кіна- і відэамастацтва. У 2023 годзе было пададзена больш за 320 заявак ад студэнтаў беларускіх ВНУ, навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў з усіх абласцей Беларусі.

Конкурс праходзіў у пяці намінацыях: «Друкаваныя СМІ», «Электронныя СМІ (ТБ)», «Фотапраект», «Інтэрнэт-праект» і «Камунікацыйны праект». Так, паводле вынікаў адбору, у фінал выйшлі 65 праектаў. Тэма работ 2023 года – «Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…». Праекты былі прысвечаны гісторыі Беларусі, дыялогу культур і рэлігій, подзвігам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ролі моладзі ў лёсе сваёй краіны. Арганізатарам фестывалю выступіў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было пададзена тры праекты, але вылучылі сярод іх менавіта «Дзень нацыянальных культур ». Дыплом кіраўніку праекта ўручылі 14 красавіка, у Гродне, на цырымоніі ўшаноўвання прызёраў конкурсу.

– Мы не чакалі, што пройдзем у фінал, але нас запрасілі ў Гродна. Сустрэлі вельмі гасцінна, з творчымі нумарамі і песнямі, засялілі ў інтэрнат. У першы дзень фестывалю мы сабраліся для прагляду і абмеркавання аўтарскіх прац, дзе кожны мог пазнаёміцца з праектамі, якія выйшлі ў фінал. У той жа дзеньдля нас правялі майстар-класы па самых розных медыйных напрамках. Спікеры дзяліліся досведам працы ў СМІ. Хацелася патрапіць на ўсе семінары, але яны перасякаліся па часе, таму для сябе я выбрала рэкламу і PR-камунікацыі. Самай запамінальнай падзеяй была экскурсія па Гродне. Раней я ніколі не была ў гэтым горадзе. Таму для мяне конкурс аказаўся яшчэ і выдатнай магчымасцю падарожнічаць, убачыць прыгожыя месцы, – дзеліцца ўражаннямі кіраўніца праекта.

У гэтым годзе Лейлі заканчвае навучанне і плануе вярнуцца дадому ў Туркменістан. Але дзяўчына не плануе з’язджаць назаўжды. Праз некаторы час яна мае намер зноў прыехаць у Беларусь і будаваць кар’еру тут, паспрабуе працягваць навучанне ў магістратуры ФМА. Лейлі прызнаецца, што за 4 гады вучобы БДУ стаў пляцоўкай для рэалізацыі самых розных яе задумак. І ўзнагарода, якую студэнтцы ўручылі за праект, толькі пацвярджэнне таго, што добрая ініцыятыва не застаецца незаўважанай.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: