«У ім спалучаюцца выдатныя кіраўніцкія якасці, педагагічны дар і талент вучонага», «ён чалавек-акіян», які «застаецца тактоўным нават у сітуацыях, калі гэта вельмі складана»… Такімі словамі апісваюць доктара гістарычных навук, загадчыка кафедры крыніцазнаўства Сяргея Ходзіна, які 31 мая адзначыць 60-годдзе.
«Хросны бацька» ў навуцы
Кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Арцём ПРЫБАРОВІЧ ведае Сяргея Ходзіна з ліпеня 2005 года, калі прыйшоў паступаць на гістфак БДУ. У дзень залічэння Сяргей Мікалаевіч сустракаўся з будучымі студэнтамі ў вялікай аўдыторыі. Яго было чуваць з любога кутка, хаця дэкан гаварыў не вельмі гучна. Хлопца адразу ўразіла, як выкладчык умее рацыянальна выкарыстоўваць сілу голасу.
– Калі прыйшла мая чарга выбіраць спецыяльнасць, я пайшоў па напрамку кафедры крыніцазнаўства, бо падказку, што я не пашкадую пра сваё рашэнне, даў Сяргей Мікалаевіч, які тады ўжо загадваў кафедрай. Так ён першы раз паўплываў на мой лёс, – узгадвае Арцём Аляксандравіч. – У аспірантуры я вучыўся пад кіраўніцтвам прафесара Уладзіміра Нікіфаравіча Сідарцова, пачаў выкладаць. Аднак да абароны дысертацыі мы не дайшлі, і я адмовіўся ад гэтай ідэі ўвогуле.
У 2015 годзе Сяргей Мікалаевіч запрасіў маладога чалавека пад сваё навуковае кіраўніцтва, сказаўшы: «Калі Вы не плануеце абараняць сваю першую працу, не спыняйцеся. Я гатовы прапанавацьвам іншую тэму». Новая тэма была прысвечана статыстычным матэрыялам БССР у міжваенны перыяд. І ў 2019 годзе Арцём Прыбаровіч абараніўся.
– Пры напісанні дысертацыі вельмі важная падтрымка навуковага кіраўніка, з боку Сяргея Мікалаевіча яна адчувалася заўсёды. Больш за тое, ён не пабаяўся ўзяць мяне на «паўторнае» напісанне кандыдацкай, хоць з боку іншых людзей заўважаўся скепсіс. Ён разгледзеў ува мне патэнцыял і, можна сказаць, даў мне другі шанец, бо на той час я задумваў сысці з БДУ. Так Сяргей Мікалаевіч адыграў важную ролю ў маім жыцці другі раз, – дзеліцца гісторык.
У размове пра юбіляра Арцём Аляксандравіч узгадвае гісторыю з часоў напісання дысертацыі: прафесар тэлефанаваў яму, каб абмеркаваць нюансы працэсу абароны. Аспірант ехаў у транспарце, дзе было шумна, разам з тым на тэлефоне садзілася батарэйка, але сказаць, што ён дрэнна чуе Сяргея Мікалаевіча, было няёмка. Праз 5 хвілін размовы, падчас якой агучваліся важныя рэчы, прафесар запытваецца: «Вы мяне зразумелі? » А вучань адказвае: «Не, я не зусім вас пачуў». Здавалася, што выкладчык пакрыўджаны такімі адносінамі. Аднак не прайшло і паўЗа «партай» у прафесара Ходзіна гадзіны, як Сяргей Мікалаевіч, быццам бы забыўшыся пра гэты выпадак, з няменшым імпэтам расказваў аспіранту ўсё агучанае раней наноў.
– Сяргей Мікалаевіч Ходзін – гэта мой «хросны бацька» ў навуцы, які заўсёды знойдзе, як падтрымаць, дасць параду. Ён вельмі сціплы – пра гэта скажуць усе калегі. Побач з ім не адчуваецца няроўнасці – ён заўсёды на адной хвалі з вучнямі і з калегамі, – кажа Арцём Прыбаровіч. – Работу Сяргея Мікалаевіча са мной можна апісаць словамі Паўла Каэлья: «Настаўнік – гэта не той, хто нечаму вучыць, а той, хто дапамагае свайму вучню раскрыць ужо вядомае яму». Ён разумеў, што я нямала ведаю, але ў той жа час усведамляў, што мала разумею гэтыя веды з пункту гледжання важнасці для майго жыцця. Сяргей Мікалаевіч першапачаткова адносіцца да цябе як да прафесіянала і давярае. Ён прыклад таго, як у чалавеку могуць спалучацца выдатныя кіраўніцкія якасці, педагагічны дар і талент вучонага.
Сінтэз якасцей менеджара, вучонага і выкладчыка
Дырэктар навукова-тэхналагічнага парка «ІнКата» Яўген МАЛЬЧЭЎСКІ ўпершыню сустрэў Сяргея Ходзіна на сходзе абітурыентаў, як і Арцём Прыбаровіч. У 2004 годзе юнак паступіў на спецыяльнасць «дакументазнаўства», якую нядаўна адкрылі на факультэце. Так склалася, што многія з будучых студэнтаў не разумелі, што яна сабой уяўляе. Тады Сяргей Мікалаевіч у выступленні перад моладдзю вельмі жыва намаляваў перспектывы, якія адкрываюцца для будучых дакументазнаўцаў. Хлопец натхніўся і крыху здзівіўся, паколькі дэкан нават з першакурснікамі трымаўся вельмі проста і ўважліва выслухоўваў пытанні кожнага, нягледзячы на статус і відавочную занятасць.
На другім курсе студэнт звярнуўся да прафесара Ходзіна, каб той стаў яго навуковым кіраўніком. І так склалася, што гэта ўзаемадзеянне вылілася ў дзевяцігадовы навуковы шлях да абароны кандыдацкай дысертацыі Яўгена Мальчэўскага.
– Нягледзячы на спецыялізацыю Сяргея Мікалаевіча ў гістарычнай тэматыцы, ён заўсёды вельмі дакладна бачыў перспектыўныя напрамкі ў іншых сферах, у тым ліку тых, што напрамую з гісторыяй не звязаныя. Так, менавіта ён падказаў мне кірунак даследаванняў у галіне менеджменту інавацый і інтэлектуальнай уласнасці. І вынікам яго парады стала тое, што я абараніў дысертацыю ў гэтай сферы і знайшоў тут сваё прызванне, – заўважыў Яўген Сяргеевіч.
Яўген Мальчэўскі перакананы, што, калі б пра Сяргея Ходзіна здымалі фільм, ён абавязкова насіў бы назву «Як аматар матэматыкі стаў вядомым гісторыкам». А раскажа ён гісторыю пра тое, як прафесар захапляўся матэматыкай, але сваё сэрца назаўсёды аддаў гісторыі.
– Мне заўсёды імпанавалі такія рысы Сяргея Мікалаевіча, як адкрытасць, прыстойнасць і сумленнасць. Але больш за ўсё мяне заўсёды здзіўляла, наколькі ён тактоўны і ветлівы чалавек, і застаецца такім нават у сітуацыях, калі гэта было вельмі складана, – кажа Яўген Сяргеевіч. – Прафесар сінтэзуе ў сабе якасці выбітнага менеджара, аўтарытэтнага вучонага і выкладчыка. Як настаўнік, Сяргей Мікалаевіч вельмі ініцыятыўны, заўсёды адкрыты да нечага новага, што не можа не натхняць і не зараджаць энергіяй яго вучняў. Як мой навуковы кіраўнік, прафесар не дзяжурна выконваў свае абавязкі, а заўсёды падтрымліваў. Ён ніколі не заставаўся ўбаку і дапамагаў вырашаць праблемныя пытанні, нават калі гэта не было звязана з яго функцыямі навуковага кіраўніка. А яшчэ ён навучыў мяне бачыць свае хібы, а таксама раскрываць і выкарыстоўваць моцныя бакі.
Імкенне да развіцця – лейтматыў яго жыцця
Старшы выкладчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Ляна ІВАНІЧАВА з Сяргеем Ходзіным прайшлі шлях абароны дыпломнай работы і магістарскай дысертацыі. Наперадзе ў гэтага акадэмічнага тандэма – напісанне і абарона кандыдацкай дысертацыі. А пазнаёмілася яны ў 2009 годзе, калі спецыяліст прыйшла працаваць на кафедру, якую ўзначальвае прафесар. Ляна Сяргееўна жартуе, што ўражанні, як у імпрэсіяністаў, не прымусілі сябе доўга чакаць. З гэтай сустрэчы яна запомніла Сяргея Мікалаевіча як сканцэнтраванага чалавека, які хутка прымае рашэнні. У першы месяц працы выкладчыку- навічку падавалася, што супрацоўнікі кафедры не заўсёды паспяваюць за думкамі кіраўніка, якія часта аказваліся ў будучым.
Па словах Ляны Сяргееўны, прафесар Ходзін – гэта чалавек, які ўмее марыць пра будучыню адукацыі. Ён знаходзіцца ў пошуку адказаў на выклікі часу, яго думкі выходзяць за межы ўласных ідэй і перажыванняў. А імкненне да развіцця і абнаўлення – увогуле лейтматыў яго жыцця.
– Сяргей Мікалаевіч – гэта акіян, найскладанейшая экасістэма, дзе кожная часцінка мае значэнне, – адзначае старшы выкладчык. – З асаблівай удзячнасцю прымаю яго вопыт і дзякую гэтаму чалавеку, што дапамагае бачыць карціны навуковага свету шматграннымі. Паміж намі ўсталяваліся вельмі цёплыя адносіны: не толькі ў кантэксце «настаўнік – вучань», але і працоўныя, дзе прысутнічае яшчэ большая адказнасць за тое, чым ты займаешся, і разам з тым свабода педагагічнай творчасці. За 14 гадоў знаёмства з Сяргеем Мікалаевічам адбылося шмат запамінальных гісторый, але ўсе яны нечаму навучылі: думаць, як ён, бачыць сітуацыі і правільна на іх рэагаваць, рабіць уласны выбар.
«Чалавек, які мяне стварыў як даследчыка»
Кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Андрэй ЛАТУШКІН – адзін з першых вучняў прафесара Ходзіна. Як і многія студэнты гістфака 1996 года, з Сяргеем Мікалаевічам ён сутыкнуўся як з выкладчыкам крыніцазнаўства. З другога курса прафесар кіраваў курсавымі і дыпломнай работай хлопца: з яго падачы ў вучонага-пачаткоўца і нарадзілася цікавасць да пісьмовых крыніц часоў ВКЛ.
– Самы першы вобраз Сяргея Мікалаевіча, які адбіўся ў маіх успамінах, гэта вобраз вучонага, які грунтоўна даследуе гісторыю, абапіраючыся на пісьмовыя крыніцы. Нават з пункту гледжання знешнасці ён прыцягваў студэнтаў, паколькі на той момант насіў бараду. Дзякуючы прафесару, я далучыўся да гісторыі, зразумеў, якая гэта вялікая навука, – узгадвае Андрэй Мікалаевіч.
Кандыдат гістарычных навук адзначае, што Сяргей Ходзін – гэта чалавек, які заўсёды даваў свабоду дзеяння ў даследаваннях, не навязваў уласны пункт гледжання, але, калі гэта патрабавалася, акуратна скіроўваў у патрэбны бок. Узаемадзеянне з Сяргеем Мікалаевічам ніколі не было дыктатам: педагог заўсёды рабіў спробы зразумець, што блізка маладому чалавеку, таму прапановы, звязаныя з навуковымі пошукамі хлопца, развівалі вучня, а не пераследавалі цікавасць настаўніка. Толькі пры такіх умовах, на думку Андрэя Мікалаевіча, і мог у поўнай ступені раскрыцца талент студэнта.
– Майстэрства Сяргея Мікалаевіча як навуковага кіраўніка заключаецца ў тым, што ён ніколі не прэсінгуе сваіх студэнтаў. І правільна, паколькі стварэнне тэкстаў даследаванняў мае асаблівую спецыфіку: гэта спецыфічная і непрадказальная праца. Здараецца, ты не можаш займацца гэтым фізічна, бываюць моманты, калі цяжка з доступам да нейкіх пісьмовых крыніц, што адцягвае працэс напісання. А ён давярае студэнтам, што выклікае большы ўзровень адказнасці з іх боку.
Па словах выкладчыка, Сяргей Ходзін – чалавек з добрым пачуццём гумару – ён разумее жарты і падтрымлівае іх, што дазваляе наладжваць дзейсную камунікацыю са студэнтамі і калегамі. Адны з галоўных якасцей прафесара – адказнасць і павага да людзей. За 30 гадоў, пакуль Андрэй Мікалаевіч яго ведае, Сяргей Мікалаевіч ніводнага разу не дазволіў сабе перайсці межы карэктнасці. «Навучанне праз давер» – менавіта тая фраза, што, на думку Андрэя Мікалаевіча, апісвае юбіляра як педагога. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі адносіны прафесара Ходзіна і яго аспіранта Латушкіна не перарваліся, а сталі яшчэ больш трывалымі.
– Настаўнікі назаўжды застаюцца настаўнікамі для сваіх выхаванцаў, у якіх яны ўкладваюць частку сябе. І такія адносіны працягваюцца ўсё жыццё, нягледзячы на ўзрості змены статусу, – падагульніў Андрэй Латушкін. – Каб я пісаў кнігу пра яго, то назваў бы яе «Чалавек, які стварыў мяне як даследчыка ». Бо калі справядліва паглядзець, то ў маім жыцці так і атрымалася. Цяжка ўявіць, як склаўся б прафесійны лёс, калі б у ім не сустрэўся Сяргей Ходзін.
Ірына ІВАШКА