Акадэмічную мабільнасць у БДУ абмеркавалі з намеснікам начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў Уладзімірам ГАЛЫНСКІМ.
Адукацыя заўсёды была стваральнай сілай, «цэментам» для выбудоўвання міжнацыянальных зносін і культурнага ўзаемадзеяння розных краін. Абмены студэнтамі і выкладчыкамі, агульныя канферэнцыі, дамовы аб партнёрстве і многае iншае дапамагае ВНУ наладзіць міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і забяспечыць экспарт адукацыйных паслуг.
– Акадэмічная мабільнасць – адзін з найважнейшых складнікаў працэсаў інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі і інтэграцыі ВНУ ў міжнародную адукацыйную прастору. Для БДУ, як і для любога іншага ўніверсітэта, гэта адзін з інструментаў прасоўвання ўласнага брэнда, а таксама брэнда беларускай адукацыі за мяжой.
Супрацоўніцтва вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўляецца ў рамках міжнародных праграм пры падтрымцы ўрадаў розных краін альбо на аснове міждзяржаўных, міжведамасных або міжуніверсітэцкіх пагадненняў. Фінансаванне мабільнасці ажыццяўляецца з розных крыніц звычайна ў выглядзе стыпендый і грантаў, што выдзяляюцца ўніверсітэтамі, фондамі, кампаніямі або ўрадамі дзяржаў. Аднак не выключана, што праграма прадугледжвае частковае або поўнае самафінансаванне.
На дзяржаўным узроўні праграмы абмену ажыццяўляюцца з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам, В’етнамам, Кітаем, Манголіяй, Сірыяй і Егіптам. Яны прадугледжваюць вызваленне студэнтаў ад выплаты за навучанне і атрыманне стыпендыі. Конкурсы арганізуе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з пасольствамі краін.
БДУ мае больш за 500 дамоў аб супрацоўніцтве з замежнымі ВНУ, аднак фінансавыя ўмовы абменаў залежаць ад краіны і ўніверсітэта-партнёра. Як правіла, кожная дамова аб супрацоўніцтве прадугледжвае навучанне студэнтаў у ВНУ-партнёрах на працягу 1-2 семестраў па асноўнай або сумежнай спецыяльнасці, кароткатэрміновыя абмены групамі студэнтаў для культурна азнаямленчай/навучальнай практыкі, удзелу ў летняй школе, а таксама магчымыя стажыроўкі для магістрантаў і аспірантаў. У рамках дамоў паміж ВНУ цяпер рэалізуюцца праграмы абмену студэнтамі БДУ з ВНУ Расіі, Казахстана, Узбекістана, Інданезіі, Кітая, Карэі і Японіі.
Найбольш запатрабаванымі расійскімі ВНУ сярод студэнтаў БДУ з’яўляюцца Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт і Санкт-ПецярБДУ ў міжнароднай адукацыйнай прасторы бургскі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Маскоўскі гарадскі педагагічны ўніверсітэт, Валгаградскі дзяржаўны ўніверсітэт, Уральскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Універсітэт ІТМА, Цюменскі дзяржаўны ўніверсітэт, Фінансавы ўніверсітэт пры ўрадзе РФ, Балтыйскі федэральны ўніверсітэт імя І. Канта.
Актыўнае супрацоўніцтва наладжана і з ВНУ азіяцкіх дзяржаў: Рэспублікі Карэя, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Японіі. Шэраг карэйскіх універсітэтаў – Універсітэты Кунмін, Ханкук, Ульсана, – прапануюць студэнтам БДУ навучанне на працягу аднаго альбо двух семестраў. Таксама ўрад Рэспублікі Карэя дае студэнтам магчымасць прыняць удзел у конкурсе на атрыманне стыпендыі па праграме Global Korean Scholarship (GKS), адной з умоў удзелу ў якім з’яўляецца валоданне карэйскай мовай на ўзроўні В1.
Дамовы аб супрацоўніцтве падпісаны з вялікай колькасцю ВНУ Кітайскай Народнай Рэспублікі. Харбінскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій, Усходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэт, Хэнанскі ўніверсітэт, Далянскі політэхнічны ўніверсітэт і іншыя гатовыя прыняцьстудэнтаў БДУ як для праходжання навучання па спецыяльнасці, так і для навучання на курсах кітайскай мовы.
Дамовы аб супрацоўніцтве з такімі ВНУ Японіі, як Цукубскі ўніверсітэт і Універсітэт Фукусімы, прадугледжваюць абмен студэнтамі. Японскі ўрад таксама прапануе студэнтам БДУ паўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне стыпендыі па праграме MEXT.
У міжуніверсітэцкіх праграмах абмену могуць удзельнічаць студэнты з добрай паспяховасцю, якія не маюць акадэмічных запазычанасцяў, пачынаючы з другога года навучання. Студэнты апошняга года навучання не могуць прымаць удзел у праграмах абмену ў апошнім семестры.
Для ўдзелу ў праграме абмену навучэнцу неабходна выбраць пажаданую ВНУ са спісу тых, з якімі БДУ мае пагадненне, выбраць адпаведныя дысцыпліны і скласці сабе меркаваны план навучання ў замежнай ВНУ. Затым трэба звярнуцца на факультэт (як правіла, да намесніка дэкана або дэкана) з мэтай афармлення дакладной запіскі ад факультэта аб рэкамендацыі да праходжання навучання (з указаннем асабістых даных студэнта і сярэдняга бала). Пасля гэтага дакументы падаюцца ва ўпраўленне міжнародных сувязяў.
Паважаныя студэнты, будзьце ўважлівыя: дакументы падаюцца на наступны семестр у пачатку бягучага семестра, дакладная дата падачы дакументаў у кожнага універсітэта і ў кожнай праграмы свая!
Усю неабходную інфармацыю можна знайсці на сайце УМС (ums.bsu.by) у раздзеле «Акадэмічная мабільнасць» і ў раздзеле «Навіны». У выпадку абвяшчэння конкурсу або адкрыцця стыпендыяльных праграм мы размяшчаем пра гэта інфармацыю, распаўсюджваем звесткі на факультэтах. У кожным дэканаце студэнту таксама могуць дапамагчы, падказаць і праінфармаваць аб магчымай акадэмічнай мабільнасці.
Пытанні ад студэнтаў:
Дзе студэнты БДУ могуць вучыцца па праграме двайных дыпломаў? Колькі навучэнцаў ужо атрымалі такія дыпломы?
Пранікава Арына, журфак, 4 курс
– Рэалізуюцца пагадненні аб двайных дыпломах з 10 універсітэтамі
Кітая, Расіі, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана. З іх можна вылучыць 3 найбольш цікавыя праграмы, а поўны пералік размешчаны на сайце (https://ums.bsu.by/ru/international-partnership/double-degree-studies).
З Далянскім політэхнічным універсітэтам мы праводзім навучанне па 3 спецыяльнасцях у Беларусі і 2 спецыяльнасцях у Кітаі. Схема навучання 4 + 0, г. зн. студэнт вучыцца ў тым універсітэце, дзе паступіў, але частку лекцый яму выкладаюць прафесары з універсітэта-партнёра. На выхадзе ўсе студэнты атрымліваюць 2 дыпломы. Праграма БДУ–ДПУ – самая масавая. Выпуск беларускіх студэнтаў сёлета будзе першым. У Кітаі ўжо было 2 выпускі па 80 студэнтаў.
МДУ імя М. В. Ламаносава і гістарычны факультэт БДУ рэалізуюць сумесную эксперыментальную праграму паглыбленай вышэйшай адукацыі (магістратуры) «Гісторыя беларускай дыяспары». Тэрмін навучання – 2 гады. Студэнты паступаюць у БДУ або МДУ, схема навучання – 1 год у МДУ + 1 год у БДУ (студэнты залічваюцца адразу ў 2 універсітэты). Мовы навучання – руская і беларуская. Выпускаюцца 4 чалавекі ў год, яны атрымліваюць дыплом БДУ і дыплом МДУ.
Юрыдычны факультэт БДУ і РУДН (Масква, Расія) забяспечваюць сумесную падрыхтоўку магістрантаў па профілі «юрыспрудэнцыя». Тэрмін навучання па гэтай эксперыментальнай праграме складае 2 гады. Навучаюцца 2-4 чалавекі. У гэтым годзе будзе першы выпуск. Схема навучання – 0,5+1+0,5. Студэнты паступаюць у БДУ або ў РУДН, пры гэтым залічаныя ў абодва ўніверсітэты. 1 і 4 семестр навучанне праходзіць у той ВНУ, куды студэнт паступаў, а 2 і 3 семестр – у ВНУ-партнёры. Выпускнікі атрымліваюць і дыплом БДУ, і дыплом РУДН. Сярэдні бал для ўдзелу ў пра- граме абмену павінен быць вышэйшы за 7, а ў Японію – вышэйшы за 8.
Чаму менавіта ў Японіі патрабаванні больш жорсткія?
Кацярына Блінова, 1 курс, Інстытут бізнесу БДУ
– Наяўнасць такога сярэдняга бала – гэта патрабаванне прымаючага боку, г. зн. японскіх ВНУ.
Хацелася б даведацца, колькі беларускіх студэнтаў і куды адправіліся па абмене за апошнія 2-3 гады?
Крысціна Пятрашка, 1 курс, Інстытут бізнесу БДУ
– У 2021 годзе ў рамках акадэмічнай мабільнасці ў замежныя ВНУ выехаў 131 студэнт БДУ, у 2022 – 108 (з іх у Расію 87, у Японію 3, у Карэю 2). Летась студэнты не выязджалі ў Кітай праз пандэмію і каранцін.
За перыяд са студзеня 2023 года па цяперашні час у замежныя ВНУ выехалі 23 студэнты БДУ: у Інданезію – 1 чалавек, у Казахстан – 2 чалавекі, у Кітай – 1 чалавек (каранцін быў часткова адменены ў канцы 2022 года), у Карэю – 1 чалавек, у Расію – 12 чалавек, у Японію – 3 чалавекі.
Дар’я ПАЎЛЮЧУК