Гаспадыня вучэбнага корпуса ФМА

22 Jun, 2023.

Ведаць кожны куток факультэцкага будынка, сачыць за парадкам і вырашаць любыя гаспадарчыя пытанні можа ніхто іншы, як камендант факультэта міжнародных адносін БДУ Святлана ЯРКОВІЧ. Карэспандэнт газеты «Універсітэт» след услед прайшоў па яе працоўных сцяжынах.

– Я добрасумленны чалавек, шчыры. Не ўмею падманваць – як дома, так і на працы. І калі табе давяраюць у калектыве, гэта, відаць, пра нешта гаворыць. Маё захапленне – дача: там я вырошчваю розныя гатункі кветак, і ўсю пенсію магу з лёгкасцю патраціць на насенне. Таксама я вяжу: раней гэта былі касцюмы, світары, а зараз болей займаюся шкарпэткамі. У мяне трое дзяцей і пяцёра ўнукаў, таму поле для творчасці вялікае, – дае кароткую даведку пра сябе мая суразмоўца.

«Генадзьеўна», ці Нешта на прафесійнай мове

Працоўны дзень каменданта пачынаецца ў 8.30 і заканчваецца ў 17.15. Але Святлана Генадзьеўна на працы ўжо а восьмай гадзіне. Спачатку ёй трэба зрабіць штодзённы ранішні абход сваёй гаспадаркі, а таксама пагутарыць з калектывам: тэхнічны персанал якраз закрывае змену. У 402 кабінеце Святлана Генадзьеўна не толькі распытвае калег пра працоўныя моманты, але і цікавіцца навінамі з іх асабістага жыцця.

Падчас абходу высвятляецца, што сярод падначаленых каменданта – 24 чалавекі: 21 прыбіральшчыца, дворнік і два сталяры. Святлана Ярковіч кажа, што з самага першага дня стараецца выбудаваць з калегамі працоўна- сяброўскія адносіны. Як кіраўніку, ёй хочацца глыбей ведаць праблемы сваіх калег. Магчыма, таму супрацоўнікі ласкава называюцьяе Генадзьеўнай. Дарэчы, другое «імя» мой праваднік атрымала і ў кіраўніцтва: у галоўным гаспадарчым упраўленні і на факультэце яе празвалі гаспадыняй.

З выкладчыкамі ў каменданта і яе калег таксама наладжаны добрыя сувязі. Калі, напрыклад, на нейкай кафедры трэба адрамантаваць стул, яго выстаўляюць, а сталяр ведае, што гэту рэч трэба прывесці ў парадак. Неабходна працерці за шафай ці ў іншым цяжкадаступным месцы – супрацоўнікі факультэта робяць тэхнічнаму персаналу пазнаку.

– Цаню працу сваіх калег, кажу, што дома мы ўсе прыбіральшчыкі. А хіба факультэт нечым адрозніваецца? Кінуў нехта паперку, а ты ўбачыў – трэба падняць. Калі раптам дзяжурны прыбіральшчык сышоў, а трэба нешта працерці ці вынесці, – ідзеш і робіш, – адзначае мая суразмоўца. – Калі некаму здаецца, што гэта праца занадта лёгкая, варта адзін дзень пахадзіць са швабрай і анучай. Тады пытанне адпадзе само па сабе.

Бачна, што каменданта на факультэце паважаюць: пакуль я шчоўкаю затворам фотаапарата, выкладчыкі, бачачы Святлану Ярковіч, усміхаюцца, вітаюцца, калі-нікалі жартуюць: «Гэта ў Вас фотасесія, Святлана Генадзьеўна?»

– У мяне ўсё проста. Калі з людзьмі камунікуеш на адным узроўні, так заўсёды, – упэўніла камендант. – І сваіх супрацоўнікаў да гэтага прывучаю. Да ўсіх людзей патрэбна ставіцца аднолькава і з павагай.

«Павуціна – жалоба, таму яе няма»

У полі зроку каменданта штодзень аказваюцца гарышча, 13 паверхаў, падвальныя памяшканні, склады і тэрыторыя перад будынкам ФМА. А галоўныя задачы, якія стаяць перад ёй, – захаванне маёмасці, рамонт і парадак на факультэце. Адказная за гаспадарку дэманструе дагледжаныя фае, лесвіцы і ліфты:

– Ведаеце, для мяне павуціна – гэта проста жалоба. Таму яе і няма нідзе!

Пакуль мы працягваем аглядаць факультэцкія «ўладанні», Святлана Генадзьеўна дзеліцца сваёй гісторыяй:

– У лістападзе споўніцца 15 гадоў, як я працую ў БДУ. Дагэтуль займала пасаду загадчыцы гаспадаркі ў дзіцячым садку, была хатняй гаспадыняй. Затым – у 2008 годзе – я прыйшла працаваць у Інстытут журналістыкі БДУ. А праз чатыры гады я стала камендантам ФМА. Вялікі новы будынак стаў для мяне вялікай адказнасцю. Першы час прыйшлося ўлівацца: праглядала дакументы, знаёмілася са спецыфікай працы. Калі нешта было незразумела – раілася з дэканам ці старэйшымі камендантамі. На ФМА я была яшчэ з будаўнікамі: знаёмілася з кабінетамі, расстаўляла мэблю, набірала тэхнічны персанал. І нават зараз ведаю, што стаіць у кожным кабінеце. А з калегамі мы камунікуем пастаянна: усе каменданты ведаюць адзін аднаго, выручаюць. Заўсёды ў гутарку можна напісаць «дайце сталяра» ці «патрэбен такі замок».

Звініць мабільны тэлефон – каменданту трэба перадаць сталяру дзвярныя ручкі на замену:

– Падыходзьце на чацвёрты паверх, усё выдам, – адказвае Святлана Генадзьеўна, і мы накіроўваемся да склада.

Знізу нас ужо чакае сталяр Віктар Пятровіч Мінютка. Ён разам з Казімірам Станіслававічам Данілевічам спяшаецца на дапамогу, калі ў каменданта просяць паправіць замок, зрабіць устойлівым стол ці нешта падобнае.

Камендант кажа, што гэтыя спецыялісты ў яе «на разрыў»: яны запатрабаваны не толькі на ФМА, але і па ўсім універсітэцкім гарадку.

– Здараецца, што прыходзіцца спрачацца, калі іх патрэбна некуды «перакінуць». Думаеце, сваёй работы не хапае, кажу, – смяецца гаспадыня факультэта. – Зусім нядаўна сталяры клалі тынкоўку. А тынкоўка – такі матэрыял: хто заўгодна за яе не возьмецца, самі разумееце.

За дзве гадзіны каменданту сем разоў тэлефанавалі на асабісты тэлефон і двойчы – на працоўны, чатыры задачы па мабільным паставіла яна. – Віктар Пятровіч, без пятнаццаці дзесяць трэба падысці да рэктарата, – акрэслівае нарад камендант.

– Зразумеў, буду, – адгукаецца ў трубцы. А Святлана Генадзьеўна прызнаецца, што ў насычаныя дні колькасць толькі ўваходных выклікаў дасягае дваццаці.

У скарбонцы прафесійных гісторый каменданта ФМА ёсць і такая: аднойчы працоўны кабінет Святланы Генадзьеўны на два тыдні ператварыўся ў майстэрню па абшыўцы банкетак. «Банкетачны цэх», як жартаўліва празвалі яго супрацоўнікі. Тады факультэту патрэбна было змяніць абіўку на 150 банкетках. Святлана Генадзьеўна прапанавала кіраўніцтву, каб у мэтах эканоміі супрацоўнікі самі ажыццявілі гэты праект.Так, факультэт закупіў матэрыялы, а калектыў закасаў рукавы: сталяры зрабілі прыстасаванні для выкрайкі, гардэробшчыцы краілі, а сама камендант абмётвала матэрыял. Праз 14 дзён мэбля выглядала як з салона.

– Мы заўсёды нясём з дому тое, чаго не хапае. Напрыклад, трэба прывесці ў парадак стул, а ён на клей не бярэцца – шукаем маленькія цвічкі. Неабходна адрамантаваць дзверы – сталяры прыносяць засовы. Усім хочацца, каб усё навокал добра працавала, – кажа Святлана Генадзьеўна.

«З радасцю іду на працу: яна мне падабаецца»

Абед у каменданта доўжыцца з 13.00 да 13.45. Аднак нярэдка ў гэты час спецыялісту патрэбна вырашыць нейкія гаспадарчыя пытанні: разгрузіць машыну, запоўніць дакументы, аформіць спісанне. Заўсёды на пасту Святлана Ярковіч знаходзіцца і тады, калі на факультэце праходзяць буйныя студэнцкія мерапрыемствы ці чакаюцца замежныя дэлегацыі:

– У мяне ўсё заўсёды ёсць. Даюся дзіву, калі людзі гавораць, што ім нечага не хапае.

Першы, хто даведваецца пра тэхнічныя надзвычайныя сітуацыі на факультэце, – таксама Святлана Генадзьеўна. Камендант прыгадвае адзіны сур’ёзны выпадак падтаплення, заўважыўшы які, супрацоўнікі адразу ж патэлефанавалі ёй.

– Нехта зняў з умывальніка шланг зліву. І пакрысе прыбіральню на адным з паверхаў пачало заліваць. Мне тут жа патэлефанавалі. Мы з мужам хутка прыехалі – вады было ўжо па шчыкалатку – і неўзабаве ўсё вырашылі.

У дадатак да службовых абавязкаў апошнія тры гадыСвятлана Ярковіч узначальвае прафсаюзную ячэйку галоўнага гаспадарчага ўпраўлення БДУ. Таму частымі гасцямі на стале спецыяліста аказваюцца членскія білеты, заявы на пуцёўкі, матэрыяльныя заахвочванні ці сацыяльныя выплаты. Гэта таксама занятасць, якой патрэбна прысвячаць нямала часу штодня.

Якраз па лініі прафсаюзнай арганізацыі з пытаннямі да каменданта завітвае адміністратар Інэса Віктараўна Другава. Яшчэ з парога гаспадыня кабінета цікавіцца надзённымі працоўнымі пытаннямі:

– Ну як, павесілі кручкі? А палічкі?
– Павесілі – цудоўна ўсё. І мыльніцы таксама!

Пакуль Святлана Генадзьеўна кансультуе калегу, аглядаю яе кабінет: на сценах красуюцца нізкі ключоў, у шафе – звязаныя на прутках цацкі, якія ёй падаравалі майстрыцы-калегі. На сценах размясціліся ўдзячнасці і сертыфікат, які нагадвае пра цікавую падзею ў жыцці каменданта. У 2013 годзе над БДУ пралятаў касмічны карабель. Узнікла ідэя звязацца з касманаўтамі, а максімальна
спрыяльныя ўмовы для добрай сувязі з імі складваліся апоўначы. Паўдзельнічаць у незвычайнай гутарцы тады прапанавалі студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам БДУ. Па словах спецыяліста, спачатку сяміхвілінны сеанс сувязі не падаваўся нечым звышардынарным, але, калі студэнты пачалі задаваць пытанні, з’явілася ўзвышанасць, гонар за тое, што звязацца з касманаўтамі змог менавіта БДУ.

– Што самае прыемнае ў вашай рабоце? А што самае складанае?
– Канешне, самае прыемнае ў рабоце – калі пастаянна камунікуеш з людзьмі і калі цябе хваляць. У такія імгненні разумееш, што патрэбны, – пераканана камендант ФМА. – А цяжкасцей тут не бывае: я з радасцю іду на працу. Проста яна мне падабаецца. Калі ў цябе самога ўсё добра, то гэта перадаецца людзям навокал, я так думаю. А яшчэ ў мяне ёсць мара, каб гаспадарчыя аддзелы лепей узаемадзейнічалі адзін з адным. Не так, каб людзі абмяжоўваліся сваімі абавязкамі, а каб галоўнае гаспадарчае ўпраўленне было адзіным цэлым, незалежна ад спецыфікі работы, якую выконваюць усе яго падраздзяленні.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: