Механіка-матэматычны факультэт БДУ адзначае 65-гадовы юбілей. Прафесар Анатоль АНТАНЕВІЧ, можна смела сказаць, равеснік мехмата: ён паступiў у БДУ менавіта ў 1958 годзе, калі адбыўся падзел фізіка-матэматычнага факультэта. Пакуль ён быў студэнтам і не падазраваў, што з БДУ будзе звязана ўсё яго жыццё.
«Факультэт мяняўся імкліва»
– Успамінаю, як тады выглядаў факультэт. У той момант два факультэты размяшчалiся ў цяперашнім будынку рэктарата. Месца там было няшмат, і два дэканы, Д. А. Супруненка і М. П. Халімановіч (матэматычнага і фізічнага факультэтаў адпаведна), сядзелі ў адным кабінеце. Аніводная з кафедраў не мела свайго кабінета.
Першапачаткова на матэматычным факультэце было ўсяго 5 кафедраў: алгебры – пад кіраўніцтвам прафесара Д. А. Супруненкі, вылічальнай матэматыкі – акадэміка У. І. Крылова, дыферэнцыяльных ураўненняў – акадэміка М. П. Яругіна, геаметрыі – дацэнта Л. К. Тутаева, матэматычнага аналізу – дацэнта М. В. Ламбіна.
Факультэт мяняўся імкліва. Памятаю, у 1958 годзе набіралі 75 чалавек, потым дадалі яшчэ, атрымалася 100. А праз 15 гадоў набіралі ўжо 350 будучых матэматыкаў. Менавіта гэты набор быў самы вялікі. І нават калі ў 60-м годзе мы пераехалі ў галоўны корпус БДУ, месца не хапала і тады. Быў перыяд, калі ў адным кабінеце туліліся адразу 4 кафедры. Аднак гэта не перашкаджала эфектыўнай працы, і падрыхтоўка студэнтаў была дастаткова высокая.
У 1970 г. на базе трох кафедраў матэматычнага факультэта – вылічальнай матэматыкі, дыферэнцыяльных ураўненняў і прыкладной матэматыкі – быў створаны факультэт прыкладной матэматыкі.
З цягам часу на матэматычным факультэце ўтвараліся новыя кафедры, распрацоўваліся запатрабаваныя кірункі. Так, у 1975 г. пачалася падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці «механіка», і факультэт стаў называцца механіка-матэматычным.
Цяпер у склад факультэта ўваходзяць 10 кафедраў, цэнтр адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій, навукова-даследчая лабараторыя прыкладной механікі. Навучаецца больш за тысячу студэнтаў, працуюць 26 прафесараў і дактароў навук, 65 дацэнтаў і кандыдатаў навук.
«Чалавек, які адчыніў дзверы ў матэматыку»
– Калі я паступаў, найбольш аўтарытэтным сярод факультэцкіх выкладчыкаў быў прафесар Дзмітрый Аляксеевіч Супруненка. Ён тады ўжо займаў пасаду дэкана і быў адзіным штатным доктарам навук. Маім навуковым кіраўніком дыпломнай працы быў дацэнт Арон Міхайлавіч Родаў. Ён чытаў матэматычны аналіз, умеў захапіць студэнтаў сваім прадметам, паднесці нейкую тонкасць з найвялікшай цікавасцю. Пасля многія выпускнікі ўспаміналі Родава як чалавека, які адчыніў перад імі дзверы ў матэматыку.
На факультэт запрашалі выдатных навукоўцаў, тут працавалі многія цікавыя асобы, пра кожнага з якіх можна напісаць асобна. Сярод загадчыкаў кафедраў былі акадэмікі Я. А. Барбашын, Ф. Д. Гахаў, М. П. Яругін, У. І. Крылоў, У. П. Платонаў. Не магу не ўспомніць члена-карэспандэнта НАН Беларусі Якава Валянцінавіча Радыну. Яму было ўсяго 28 гадоў, калі ён стаў загадчыкам кафедры функцыянальнага аналізу, а загадваў ён ёй 42 гады.
«Спачатку персанальных камп’ютараў было няшмат, і мы жартавалі, што яны калектыўныя»
– У першыя гады самым «прасунутым» тэхнічным абсталяваннем былі электрычныя арыфмометры «Рэйнметал». На іх праходзілі практычныя заняткі па вылічальнай матэматыцы. Потым з’явіліся ЭВМ, а за імі і персанальныя камп’ютары. Былi абсталяваны спецыяльныя лабараторыi для заняткаў.
Спачатку персанальных камп’ютараў было няшмат, і мы з калегамі жартавалі: «Як яны могуць быць персанальнымі, калі яны калектыўныя?» Цяпер я ўжо нават не магу адказаць, колькі на факультэце вылічальнай тэхнікі. Але ўсё ж мне матэматыка падабаецца тым, што яна не поўнасцю залежыць ад абсталявання. Для таго, каб займацца гэтай навукай, патрэбныя здольнасці, веды, дошка з крэйдай і ўпэўненасць, што гэта патрэбная справа.
«Студэнты зараз больш прагматычныя»
– Раней, дарэчы, студэнты не адразу паступалі на пэўную спецыяльнасць. Спачатку яны два гады вучыліся на агульным патоку і толькі потым размяркоўваліся па напрамках, калі ўжо вызначаліся, што ім бліжэйшае. Гэта спрыяла павышэнню цікавасці да вучобы.
Выпускнікі нашага факультэта былі запатрабаваныя, размеркаванне адбывалася па ўсім Савецкім Саюзе. Яны ішлі працаваць у НДІ і на перадавыя прадпрыемствы, працавалі практычна ва ўсіх ВНУ Беларусі.
З намі вучыліся і замежнікі. Першымі ў 1961 годзе, пасля рэвалюцыі на Кубе, да нас на вучобу прыехалі кубінскія студэнты. Для іх вылучылі інтэрнат, але пасялілі так, каб у пакоі быў хоць адзін з мясцовых студэнтаў. Тады нават зрабілі «кубінскую» сталовую на вуліцы Валадарскага, хадзіць туды можна было толькі па пропусках. Пазней прыязджалі вучыцца студэнты з В’етнама, Алжыра і іншых краін.
Сучасныя студэнты вельмі адрозніваюцца ад студэнтаў мінулага. Яны сталі больш прагматычнымі, імкнуцца як мага раней пабудаваць кар’еру і сумяшчаць працу і вучобу. У выніку працэнт тых, каму патрэбныя не веды, а дыплом, на мой погляд, вырас. Мае равеснікі больш часу прысвячалі вучобе. Пры гэтым я заўважыў, што колькасць адораных навучэнцаў, якія сапраўды жадаюць займацца матэматыкай, не змянілася.
«Матэматычнаму напрамку патрабуецца падтрымка»
Практычна ўсё свядомае жыццё я правёў на механіка-матэматычным факультэце. Я адзін застаўся з тых, хто вучыўся або працаваў у ім усе гады існавання. Таму вельмі хвалююся, калі тут нешта ідзе не так. Я лічу, што цяпер матэматычнаму напрамку навукі патрабуецца асаблівая падтрымка. Выклікае неспакой стан падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для выкладчыцкай працы. Апошняя абарона доктарскай дысертацыі па спецыяльнасці «матэматыка» на нашым факультэце была 20 гадоў таму. Трэба прыцягваць маладых людзей у навуку.
Аднойчы ў выдатнага беларускага матэматыка М. П. Яругіна падчас інтэрв’ю спыталі: «А што змянілася ад таго, што вы даказалі яшчэ адну тэарэму? Бо іх тысячы і тысячы!» А ён адказаў: «Павысілася культура чалавецтва». І я згодны з тым, што важнасць матэматычнага кірунку вызначаецца не толькі прыкладнымі аспектамі і атрыманымі дывідэндамі. Узровеньразвіцця матэматыкі – гэта адзін з паказчыкаў агульнага развіцця краіны.
Даведка:
Анатоль Барысавіч Антаневіч скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1963 годзе. Цяпер ён доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры функцыянальнага аналізу і аналітычнай эканомікі, аўтар навуковых прац па функцыянальным аналізе і дыферэнцыяльных ураўненнях. Навуковец распрацаваў новы падыход да даследавання функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў і нелакальна-краявых задач, заснаваных на вывучэнні адпаведных аператарных алгебр. Доктарскую дысертацыю «Метад функцыянальных ураўненняў у тэорыі краявых задач» абаранiў у 1989 годзе ў Маскоўскім універсітэце імя М. В. Ламаносава. Аўтар звыш 200 навуковых і метадычных работ, у тым ліку 5 манаграфій, выдадзеных на англійскай мове. Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, уладальнік звання «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Ганна КАЗАКОВА