Антаніна і Яўген Манько – сямейная пара выкладчыкаў БДУ. Спартсмены вядуць заняткі па фізічнай культуры са студэнтамі і прадстаўляюць гонар краіны на міжнароднай арэне.
У 2017 годзе, студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Антаніна стала чэмпіёнкай Еўропы па ММА. Таксама ў яе кар’еры некалькі медалёў з еўрапейскіх і беларускіх чэмпіянатаў па рукапашным баі.
Яўген – майстар спорту міжнароднага класа па рукапашным баі, змешаных адзінаборствах, грэплінгу, майстар спорту па ўшу-саньда, панкраціёне і баявым самба. У 2020 годзе ён стаў чэмпіёнам свету сярод прафесіяналаў па змешаных адзінаборствах.
– Як пачалася ваша спартыўная кар’ера?
Антаніна: Я пачала займацца адзінаборствамі ў 20 гадоў, калі вучылася на 3 курсе БДУФК. Адразу пайшла ў секцыю па змешаных баявых адзінаборствах, куды мяне запрасіў сябар. Спачатку проста падтрымлівала агульную фізічную падрыхтоўку, але гэты від спорту мяне моцна зацікавіў. Пазней была запрошаная ў агульную групу і займалася адзінаборствамі з хлопцамі. Засталася там да канца навучання і стала прафесійнай спартсменкай.
Яўген: Спачатку я займаўся шахматамі, потым паспрабаваў цыклічныя віды спорту. Аднойчы мама сказала, што насупраць нашага дома адкрыўся цэнтр пазашкольнай працы, дзе выкладае малады трэнер па тайскім боксе. Тады мне было гадоў 15, і я пачаў займацца тайскім боксам.
Мой сябар, з якім мы разам хадзілі на трэніроўкі, паступіў у БДУФК. У той час там працаваў малады трэнер па рукапашным баі і змешаных адзінаборствах. На адной з нашых трэніровак па тайскім боксе сябар распавёў, маўляў, ва ўніверсітэце на занятках было шмат барацьбы. Наш трэнер спытаў: «Якія прыёмы вы вывучаеце?» Сябар адказаў: «Сёння была кідковая тэхніка, прагібы». Мы папрасілі яго паказаць некаторыя прыёмы. І нам моцна спадабалася. Хоць у нас нават матаў не было. Я папрасіў сябра пагаварыць з трэнерам, каб і я мог хадзіць у секцыю. Але на той момант я не быў студэнтам і мог наведваць трэніроўкі толькі платна. А я «басяк з Камароўкі », адкуль у мяне грошы? Таму пачаў займацца рукапашным боем, толькі калі паступіў ва ўніверсітэт.
– Чым рукапашны бой адрозніваецца ад бокса?
Яўген: У першую чаргу бокс адрозніваецца ад рукапашнага бою візуальна. Форма ў спартсменаў розная. У боксе – шорты, белая майка і спецыяльны абутак, баксёркі. Адзенне ў рукапашным баі – кімано. Яно аднакаляровае: альбо белае, альбо колеру хакі. Кімано апранаюць з поясам альбо сіняга, альбо чырвонага колеру. Але, калі ты становішся чэмпіёнам свету, можаш насіць і чорны пояс. Таксама моцна адрозніваюцца пальчаткі. У боксе яны 10-унцыевыя з закрытымі пальцамі. У рукапашным баі – адкрытыя 10-унцыевыя пальчаткі. У такіх большніхто не можа баксіраваць. Дарэчы, баксёрскія пальчаткі можна выкарыстоўваць і ў кікбоксінгу. Рукапашныя – не. Яны адкрытыя, іх вырабляе спецыяльная фірма. Шлем такі ж, як і ў боксе, – адкрыты баявы.
Правілы відаў спорту таксама моцна адрозніваюцца. У боксе існуе тры ўдары: прамы, бакавы і ўдар знізу – аперкот. У рукапашным баі ты можаш выкарыстоўваць кругавыя і «доўгія» ўдары, прабіваць з развароту, рабіць далёкія ўдары і бэкфісты. Таксама дазваляюцца ўсе ўдары нагамі з кікбоксінгу, каратэ і таэквандо. Плюс да ўсяго, тут ёсць элементы барацьбы: кідкі з дзюдо, самба і грэка-рымскай барацьбы. Таксама ў партэры дазваляецца выконваць баявыя прыёмы на здушэнне, але на яго рэалізацыю даецца пяць секунд, а на выкананне – 20. Калі праходзіць гэты час і няма ніякай актыўнасці, то спартсмены ўстаюць у стойку і пачынаюць баксіраваць для відовішчнасці саміх спаборніцтваў. Бо многім гледачам не падабаецца «валтузня» ў партэры. Раўнд у аматарскім рукапашным баі доўжыцца пяць хвілін. У боксе – тры раўнды па тры хвіліны.
– Чаму і калі вы пачалі працаваць у БДУ?
Яўген: У нас з Антанінай агульная гісторыя: мы абодва скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і цяпер выкладаем у БДУ. Я вучыўся на спецыяльнасці «спартыўна-педагагічная дзейнасць» і атрымаў кваліфікацыю «трэнер па рукапашным баі. Выкладчык фізічнай культуры». Антаніна вучылася на спецыяльнасці «фізічная культура (лячэбная)». Выпускаліся мы ў адзін год. Па размеркаванні трапілі ў спартыўны клуб. Гэта падраздзяленне дапамагае ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў у БДУ, збірае валанцёраў і запрашае балельшчыкаў на розныя мерапрыемствы. Напрыклад, клуб ладзіць сустрэчы з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў, а таксама арганізоўвае рэспубліканскія турніры па розных відах спорту. Таму мы займаліся арганізатарскай і валанцёрскай працай. Са спартыўнага клуба я пераразмеркаваўся і пачаў выкладаць у БДУФК на кафедры, якую скончыў.
Праз два гады наш трэнер, Півавараў Андрэй Яўгенавіч, зноў «аб’яднаў» мяне і Антаніну. Ён прапанаваў нам папрацаваць выкладчыкамі на кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ. Нам падыходзіў графік і заработная плата, таму мы пагадзіліся.
– Студэнты зацікаўленыя ў занятках фізічнай культурай?
Антаніна: На розных факультэтах студэнты паводзяць сябе па-рознаму. У мяне ўсе навучэнцы зацікаўленыя, заўсёды рады дапамагчы і жадаюць паўдзельнічаць у многіх спаборніцтвах. Я працую на геаграфічным факультэце, а Жэня на механіка-матэматычным.
Яўген: Студэнты, якія маюць спартыўныя разрады, ідуць у секцыі з самага пачатку навучання ва ўніверсітэце. Калі на занятках фізічнай культурай мы знаходзім таленавітых навучэнцаў, бачым у іх патэнцыял, таксама адпраўляем іх у секцыі.
Я лічу важным, што кожны студэнт БДУ можа выбраць менавіта тое, што яму цікава. Як правіла, хлопцы і дзяўчаты выбіраюць секцыі мэтанакіравана і пазней годна прадстаўляюць універсітэт на розных турнірах.
– Як рукапашны бой развіваецца ў БДУ і ў Беларусі ў цэлым?
Яўген: У нашым універсітэце рукапашны бой развіты на ваенным факультэце. Магчыма, таму, што гэта важны кампанент іх прафесійнай падрыхтоўкі. Рукапашны бой дзеліцца на спартыўны і прыкладны з элементамі самаабароны. Яго не адразу ператварылі ў спартыўны і зрабілі для грамадзянскіх. На ваенным факультэце ж існуе і спартыўны рукапашны бой, і армейскі.
Антаніна: У Беларусі ёсць Федэрацыя рукапашнага бою і змешаных баявых адзінаборстваў (на кафедры змешаных баявых адзінаборстваў і спецыяльнай падрыхтоўкі БДУФК). Мы з’яўляемся членамі нацыянальнай зборнай. Наш склад, дарэчы, зараз рыхтуецца да летняга турніру. Нядаўна завяршыўся апошні тыдзень трэніровак, і зборная адправіцца на чэмпіянат свету ў Астану (Казахстан).
– Калі вы пазнаёміліся, адразу разглядзелі адзін у адным другую палову?
Яўген: Мы пазнаёміліся на трэніроўцы. Доўгі час успрымалі адзін аднаго як спарынг-партнёраў, памочнікаў і аднаклубнікаў. Мы трэніраваліся адзін з адным на працягу шасці гадоў, былі як брат і сястра.
Антаніна: Памятаю, мы з Жэнем ездзілі на чэмпіянат Еўропы па ММА ў Дрэздэн. Нашу каманду прадстаўлялі толькі мы ўдваіх. Сярод усіх удзельнікаў я была адзінай дзяўчынай. Хлопцам з іншых клубаў Жэня казаў: «Гэта мая сястра, не крыўдзіць яе». Пазней мы адправіліся на зборы, дзе знаходзіліся разам кругласутачна. Аказалася, у нас шмат агульнага. Думаю, калі зачыніць мужчыну і жанчыну ў адным месцы на працяглы час, то яны альбо адзін аднаго заб’юць, альбо пажэняцца.
Ілья ВАРАБ’ЁЎ