Менавіта так гавораць калегі вадзіцеля аўтагаспадаркі БДУ Мікалая Шукалы, калі той заступае на змену. Пра тое, з чаго складаецца яго працоўны дзень і простае чалавечае шчасце, падчас змены са спецыялістам даведаўся карэспандэнт газеты «Універсітэт».
«Тармазы – наша жыццё»
Мікалай Шукала працуе на машыне, якая замацавана за цэнтрам грамадскага харчавання БДУ. Ён і трое яго калег абслугоўваюць 18 сталовых і буфетаў універсітэта. Калі пачынаецца навучальны год, на маршрут выходзяць 4 машыны, цяпер жа, пакуль студэнты сышлі на канікулы і многія пункты грамадскага харчавання часова зачынены, у актыўным рэжыме працуе адно аўто.
З Мікалаем Леанідавічам сустракаемся за дваццаць хвілін да пачатку змены. Перад тым, як сесці за руль, кіроўцу трэба прайсці некалькі працэдур. Але пра гэта – па парадку. Першая наша «геалакацыя» перад выездам – база аўтагаспадаркі.
– Коля, ты нам новага вадзіцеля прывёў? – жартуюць, убачыўшы новага чалавека, кіроўцы.
– Так, гэта наш новы вадзіцель, – вітаецца за руку з калегамі, усміхаючыся, Мікалай Леанідавіч. Мы накіроўваемся праходзіць медыцынскі агляд і падпісваць пуцявы ліст. Пакуль мой «напарнік» ідзе да доктара, перакідваюся парай слоў з начальнікам аўтагаспадаркі Сяргеем Купрыянікам.
– Мікалая Леанідавіча магчыма апісаць толькі са станоўчага боку: ён пунктуальны і старанны чалавек. Умее вырашыць любы канфлікт сярод калег, пераадолець любую цяжкасць у працы, можа цалкам ацаніць сітуацыю і прыняць правільнае рашэнне. Мне б такіх, як Шукала, чалавек 10! – апісвае падначаленага Сяргей Мікалаевіч.
Каб выехаць па маршруце, на руках у Мікалая Леанідавіча павінны быць пасведчанне кіроўцы, медыцынская даведка, пуцявы ліст на яго імя са штампам медыка і механіка. Нам засталося толькі агледзець машыну і паставіць пячатку на выезд, таму накіроўваемся ў амбар для тэхнікі, дзе нас чакае жалезны чатырохкалёсны сябар Мікалая Шукалы і штодзённае абслугоўванне.
– У мяне машына-ізатэрма. Гэта значыць, што кузаў абабіты спецыяльным пакрыццём, якое дазваляе захоўваць прадукты, не прапускаючы да іх паветра. Давайце паглядзім, ці пазнаеце яе? – прапаноўвае правесці эксперымент Мікалай Леанідавіч.
Паколькі кіроўца расказаў пра некаторыя асаблівасці, выбіраем сярод трох машын з крытым верхам. Працоўны аўтамабіль майго спадарожніка вылучаецца асаблівай дагледжанасцю, а таксама ўгадваецца па паводзінах кіроўцы: падыходзячы да сваёй машыны, кіроўца міжволі сцішвае крок. Аказваецца, на гэтай бардовай газелі Мікалай Леанідавіч працуе трэці год. Унутры аўтамабіля таксама не знойдзеш нічога лішняга – трывала замацаваліся там толькі працоўная куртка і гаспадарчыя пальчаткі.
– Самая значная замінка, якая можа ўзнікнуць перад выездам, – пустое кола. З вечара прыедзеш – візуальна ўсё добра, а зраніцы шына пустая. Тады, пакуль праходжу медагляд і забіраю пуцявы ліст, наш слесар вельмі хутка ліквідуе гэту непаладку. Калі я спраўляюся раней, робім гэта разам. За ўсю практыку не было такога, каб машына, напрыклад, не завялася. Таму пры любым раскладзе ў рэйс выходзім як мае быць, – уводзіць у курс справы мой «напарнік». – Штодзень мы заязджаем на рамонтную яму, механік правярае мацаванне дэталей, тармазную сістэму, сігнальныя агні, ціск у шынах. Калі, напрыклад, у тармазной калодцы ёсць падцёк – без рамонту машыну ні за што не выпусцяць у рэйс. Гэта ж наша жыццё.
– Юра, падкажы, як там лямпачкі стоп-сігнала? Гараць?
– Парадак! – дае адмашку калега.
Гадзіннік паказвае 8.00, а значыць, пачынаецца працоўная змена, якая прадоўжыцца да 16.45. Мікалай Леанідавіч, праверыўшы дакументы, адзначае: «Цяпер мы ўзброеныя» – і яго машына выходзіць на маршрут. На прапускным пункце ахова даглядае кузаў, і ўслед кіроўцу даносіцца: «Шчаслівага шляху!» Ці, як сказалі б паміж сабой самі кіроўцы: «Пагналі!»
– Таксама ў рэйсе можна пачуць: «Ні цвіка, ні жазла». Гэта пажаданні таго, каб на змене не было непаладак і вадзіцеля не спыніў нарад ДАІ, – знаёміць з прафесійнымі традыцыямі Мікалай Шукала. – Скажуць: «Цішэй ідзеш – далей будзеш», – а вы разумейце: «Чым меншая хуткасць, тым далей да месца, куды трэба даехаць». Такія ў нас прафесійныя жарты.
Задавальненне, ад якога не стамляешся
Цяга да тэхнікі ў Мікалая Леанідавіча з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў вёсцы Каладзіно Уздзенскага раёна. Яго старэйшы брат доўгі час працаваў на машыне, і малога заўсёды цягнула да яго. Таму пасля восьмага класа ён вырашыў ездзіць за 30 кіламетраў у горад, каб вывучыцца на вадзіцеля. У іншай прафесіі юнак сябе не бачыў, і, прыязджаючы на вучобу ў панядзелак, дадому ён вяртаўся толькі ўвечары пятніцы. Вадзіцельскае пасведчанне хлопец атрымаў у 1979 годзе. І з тых часоў вось ужо 44 гады Мікалай Шукала не развітваецца з баранкай.
– Мне гэта так даспадобы, вам не расказаць! Мая мара споўнілася! Я рады ехаць за рулём у любое месца, дзе б яно ні знаходзілася. Мне падабаюцца палі, лугі, азёры, гарады за акном. Гэта задавальненне, ад якога не стамляешся, якое не надакучвае, – дзеліцца Мікалай Леанідавіч.
У БДУ Мікалай Шукала працуе з 2007 года. Свой прафесійны шлях ва ўніверсітэце ён пачынаў у юрыдычным каледжы, а ў 2017 годзе перавёўся ў аўтагаспадарку. З калегамі ён сышоўся хутка, тым больш што кіроўцы – сяброўскі і добразычлівы народ.
– Усе адзін аднаго выручаюць. Вось нядаўна патрэбна было аўтобус у рэйс выпускаць. А там знайшлі працяканне вадкасці, што ахалоджвае матор. Адкрылі капот – усе вадзіцелі, што былі ў ангары, сабраліся купай і вырашылі праблему. Нават тыя, хто не меў да аўтобуса ніякага дачынення. У кожнага з нас ёсць навык у нечым, таму разам вырашаць праблему прасцей, можна знайсці любую дробязь. Задачу ж патрэбна выконваць у любым выпадку, а хлопцы рады дапамагчы, – успамінае Мікалай Шукала. – Хутка па сваёй частцы пытанні вырашае наш слесар. Таксама, калі нехта ламаецца на маршруце, па яго выязджае іншая машына, і «паламанага» на тросе цягнуць у гараж для рамонту.
«Калі ты шчаслівы, дні прабягаюць»
Вольны час мой «калега» стараецца праводзіць з сям’ёй: жонкай, дачкой і двума ўнукамі. У доме бацькоў Мікалая Леанідавіча цяпер знаходзіцца дача, куды ўсе яны стараюцца наведацца, як толькі пацяплее.
– Маё хобі – гэта газон. Кожны раз, як прыязджаю, мне трэба зрабіць яго раўнюткім: не люблю, калі недзе выбіваецца трава. На ім мы з унукам і суседскімі дзецьмі гуляем у футбол і бадмінтон, – пералічвае любімыя спосабы баўленння вольнага часу кіроўца. – Калі грыбны сезон – усе ў лесе. У нас з вёскай побач лес, таму ўся наша сям’я на грыбах. Аднойчы з дачкой знайшлі падасінавік з шапкай памерам з руль. Сам упершыню такое бачыў – інакш не паверыў бы! А найбольшая колькасць грыбоў, якія я сабраў на адным месцы, – 17 штук. Хаця мне больш падабаецца па лесе пахадзіць. Гэта такі азарт!
Асаблівы чалавек у жыцці Мікалая Шукалы – гэта, бясспрэчна, жонка Алена Паўлаўна. Разам яны ўжо 41 год – пара распісалася адразу ж, калі Мікалай Леанідавіч вярнуўся з арміі.
– У нашых адносінах няма паўсядзённасці, бо мы кахаем адзін аднаго. Калі ты шчаслівы, дні прабягаюць, бо ўсё ў радасць. Ты заўсёды ведаеш, калі лепей прамаўчаць, а калі, наадварот, сказаць нешта добрае. Канешне, бываюць рознагалоссі – без гэтага ў жыцці ніяк, але ўсе яны дробязі. З гадамі звадкі сыходзяць, і людзям прасцей разумець адзін аднаго, – у голасе майго суразмоўцы пракрадваецца пяшчота. – Разумееце, нам добра разам. Нават калі ў яе выхадны, абавязкова падымецца разам са мной у 6 гадзін, каб прыгатаваць мне каву і бутэрброды. Спрачаюся: «Ды куды ты? Адпачні». А яна заўсёды правядзе мяне, памахае ў акенца рукой на развітанне. А ў 8.15–8.20 абавязкова патэлефануе, спытае, як даехаў да кропкі. Гэта сёння не набірае, бо ведае, што я з вамі.
Кладаўшчыца С. Міхалёва падпісвае суправаджальныя дакументы
Самы лепшы Коля
Першы пункт на маршруце змены – склад прадуктаў па адрасе Кастрычніцкая, 4а. Тут Мікалая Леанідавіча з дакументамі ўжо чакаюць загадчыца пункта харчавання Ірына Васілеўская і Святлана Маскалёва. І пакуль ён дапамагае грузчыкам, спрабую паглядзець на свайго спадарожніка вачыма яго калег. Ірына Мікалаеўна і Святлана Уладзіміраўна апісваюць Мікалая Шукалу як адказнага, добрага і надзейнага чалавека з выдатным пачуццём гумару. Жанчыны кажуць, што ён той вадзіцель, які заўсёды заглыбляецца ў праблемныя сітуацыі і стараецца іх рашыць.
– Бывае, зусім не ведаеш, ці праўду гаворыць Мікалай Леанідавіч, ці жартуе. А толькі ўбачыш яго ўсмешку – і ўсё навідавоку. Калі Шукала на лініі – пытанняў няма. Усё, што ні папросіш, зробіць, не падвядзе. Нашы грузчыкі з ім любяць ездзіць – ён і ім заўсёды дапамагае. З гэтым чалавекам любое пытанне рашаецца за хвіліну. Такое вам пра яго кожны скажа, – амаль у адзін голас гавораць Ірына Мікалаеўна і Святлана Уладзіміраўна, звяртаючыся да супрацоўнікаў, якія займаюцца пагрузкай тавараў. – Хлопцы, скажыце, наш Коля які?
– Самы лепшы, – усміхаюцца грузчыкі Уладзімір Худзякоў і Сяргей Лундзін. «Хлопцы» паважаюць Мікалая Шукалу нездарма – нягледзячы на тое, што мужчыны працуюць тут нядаўна, ён ужо паспеў вывучыць некаторыя іх звычкі.
“Галоўны па пагрузцы” Уладзімір Худзякоў
Цяпер задача нашай змены – адвезці прадукты ў сталовую па вуліцы Кастрычніцкая, 10а. Таму на маршруце нас ужо трое: мы з Мікалаем Леанідавічам і «галоўны па пагрузцы» Валодзя. Пасля прыёмкі тавараў іх трэба пераўзважыць, каб маса прывезенага супадала з масай, заяўленай у накладных.
– Усё сыходзіцца?
– Так, усё цудоўна!
Уваходны званок – і Мікалай Шукала забірае у кузаў абрусы для мыцця. Зараз нам трэба вярнуцца назад, затым адвезці неабходнае для працы сталовай №1. Пасля па патрэбах пунктаў грамадскага харчавання мы будзем ездзіць усю змену. Калі б на гэты дзень у аўтагаспадарцы былі заяўкі ад факультэтаў ці па графіку стаяла б дэзінфекцыя кузава, машына паехала б выконваць запыт ці адправілася б на мыйню. Так, у дзень Мікалай Леанідавіч можа праехаць 60-70 кіламетраў.
Пакрысе на вуліцы пачынае накрапваць дождж, на неба набягаюць хмары, але ў кабіне машыны Мікалая Шукалы па-ранейшаму светла і ўтульна. Магчыма, таму, што тут заўсёды жыве добры настрой і любоў да таго, што робіць кіроўца.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара