«Першакурснік-FEST»

12 Sep, 2023.

Танцы, песні і сотні шчаслівых усмешак запоўнілі ўтульны ўнутраны дворык БДУ 8 верасня. Нядаўнія абітурыенты завяршылі свой першы навучальны тыдзень у новым статусе, і пад скляпеннямі alma mater іх чакала свята!

«Першакурснік-FEST» прывітаў студэнтаў яркімі стэндамі і фотазонамі. На больш чым 20 інтэрактыўных пляцоўках госці маглі паспрабаваць сябе ў розных напрамках дзейнасці і весела правесці час.

На навуковай пляцоўцы актывісты БРСМ прадэманстравалі фізічныя і хімічныя доследы. Правялі інтэлектуальныя конкурсы, віктарыны і тэматычныя крыжаванкі. З дапамогай валанцёраў БРСМ можна было напісаць лісты ў дзіцячыя дамы і дамы састарэлых.

Першакурснікі паспрабавалі сябе ў розных відах спорту, пагулялі у міні-гольф, паркавыя шашкі, паспаборнічалі з сябрамі ў танцавальным турніры і нават узгадалі гульні дзяцінства. За сваю кемлівасць і спрыт студэнты атрымалі прыемныя прызы ад спонсараў мерапрыемства.

Павіншаваць студэнтаў прыйшлі першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч, першы сакратар мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Бандарук, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Ганна Бакун і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ з правамі РК БДУ Аляксей Пікус.

Дзмітрый Курловіч адзначыў, што фестываль праводзіцца з 2017 года і ўжо стаў традыцыяй нашага ўніверсітэта. На яго думку, гэта добрая магчымасць для першакурснікаў пазнаёміцца са студэнтамі з іншых факультэтаў, знайсці сяброў і аднадумцаў.

Госці павіншавалі студэнтаў з паступленнем і пажадалі лёгкай сесіі. А двум першакурснікам былі ўрачыста ўручаны моладзевыя білеты БРСМ.

– «Першакурснік FEST» – гэта мерапрыемства, якое на прасторах універсітэта ў новым навучальным годзе праводзіцца першым. Таму нашай галоўнай мэтай было зрабіць яго маштабным, цікавым, напоўніць рознымі інтэрактыўнымі пляцоўкамі, артыстамі. Каб завабіць хлопцаў і дзяўчат да дзейнасці ва ўніверсітэце і да дзейнасці нашай арганізацыі. Наш праект накіраваны на далучэнне студэнтаў да ўніверсітэцкай дзейнасці, адаптацыю да ўмоў жыцця ў БДУ, знаёмства з нашай арганізацыяй. Многія з нашых актыўнасцей прадстаўляюць напрамкі дзейнасці БРСМ. Гэта і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, і падтрымка таленавітай моладзі, і валанцёрскі кірунак, – расказала пра фестываль адна з арганізатараў галоўны спецыяліст ПА ГА БРСМ з правамі РК БДУ Дар’я Чапялевіч.

А на сцэне яскравым танцам запалілі дзяўчаты з групы падтрымкі БДУ «Фенікс». Працягнулі канцэртную праграму студэнт 2 курса юрыдычнага факультэта, лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнік тэлепраектаў «Х-фактар» і «Фактар бай», радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» Мікіта Маркевіч і выпускніца БДУ, лаўрэат «Песні года Беларусі» 2019 і 2022 гг. Вераніка Цубікава.

Пасля актыўнасцей першакурснікі маглі адпачыць у лаўнж-зоне, пагуляць у настольныя гульні, расслабіцца за антыстрэс-размалёўкамі або далучыцца да творчага працэсу на майстар-класе па арыгамі або бісерапляценні.

У канцы мерапрыемства арганізатары падвялі вынікі анлайн-конкурсу за самыя крэатыўныя і арыгінальныя сторыз у «Інстаграм» і падарылі прызы пераможцам.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: