Хутчэй, вышэй, мацней: БДУ на ІІ гульнях краін СНД

26 Sep, 2023.

10 дзён спаборніцтваў, 20 відаў спор­ту, 11 гарадоў, 22 краіны-ўдзельніцы, 246 камплектаў медалёў, 673 спартсмены на­цыянальнай зборнай. Усё гэта пра най­буйнейшае спартыўнае мерапрыемства гэтага лета – ІІ Гульні краін СНД.

Мерапрыемства праходзіла з 4 па 14 жніў­ня ў адкрытым фармаце. Гэта значыць, што да яго маглі далучыцца краіны, што не ўваходзяць у СНД. Дарэчы, такім правам скарыста­ліся 13 дзяржаў.

Даведка:
Упершыню Гульні краін СНД прайшлі ў 2021 годзе па ініцыятыве Расійскай Федэрацыі. Мэтай спаборніцтваў стала ўмацаванне сувязей паміж краінамі-ўдзельніцамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Першы сезон гульняў сустрэла Казань. Удзел у новым спартыўным старце прынялі дзевяць дзяржаў: Расія, Беларусь, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан. Спартсмены спаборнічалі ў 16 відах спорту. Тады зборная Беларусі заваявала 69 медалёў (8 залатых, 32 сярэбраныя і 29 бронзавых), заняўшы пятае месца ў агульнакамандным заліку. Сёлета па колькасці ўзнагарод Беларусь заняла другое месца (236 медалёў, уключаючы 48 залатых, 78 сярэбраных і 110 бронзавых), прапусціўшы ўперад Расію (288 медалёў, сярод якіх 149 залатых, 89 сярэбраных і 50 бронзавых). Таксама ў топ-5 увайшлі Узбекістан, Азербайджан і Казахстан.

Сёлета зборная Беларусі атрымала 236 медалёў і стала другой у агульнакамандным заліку. З узнагародамі з Гульняў вярнуліся таксама студэнты Белдзяржуніверсітэта. За­латы медаль па грэка-рымскай барацьбе ад­правіўся ў скарбонку першакурсніка юрыдыч­нага факультэта Абубакара Хаслаханава. Сярэбранымі прызёрамі сталі выпускніца юрыдычнага факультэта Дар’я Навумава (цяжкая атлетыка), трэцякурсніца ММФ Настасся Макаранка (гандбол) і чацвёрта­курсніца МДЭІ імя А.Д. Сахарава Алена Ціта­вец (баскетбол). «Бронзай» былі адзначаны першакурснік эканамічнага факультэта Уладзіслаў Бабровіч (гандбол) і другакурснік юрыдычнага факультэта Ілья Мялешчык (грэка-рымская барацьба).

Алена Цітавец (у цэнтры) з камандай

Акрамя таго, у якасці арганізатараў і суд­дзяў спаборніцтваў выступілі выкладчыкі ка­федры фізічнага выхавання і спорту БДУ Сяр­гей Хажэмпа, Кацярына Кастрыкіна, Анжэла Атрошчанка і Наталля Фяцісава. Таксама ў самым цэнтры Гульняў працавалі 30 валан­цёраў. Некаторыя ўдзельнікі спартыўнай падзеі падзяліліся ўражаннямі ад арганізацыі стартаў, узгадалі атмасферу на трыбунах, а таксама расказалі гісторыі поспеху, якія пры­вялі да медалёў.

Увесь трэніровачны працэс – падрыхтоўка: Гульні вачыма спартсменаў

Шлях першакурсніка юрыдычнага факультэта Абубакара ХАСЛАХАНАВА да залатога медаля па грэка-рымскай барацьбе быў і насычаным, і пакручастым. Упершыню на трэніроўку ён прыйшоў у 5 класе і пасля ніколі іх не прапускаў. Бывала, гэта прыводзіла да зніжэння адзнак у школе. Такое развіццё падзей не вельмі радавала бацькоў хлопца, якія хацелі, каб сын больш часу надаваў заняткам і паступіў у добры ўніверсітэт. Тады Абубакар зразумеў, што павінен гарманічна сумяшчаць вучобу з трэніровачным працэсам. Пасля 8 класа хлопец паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе затым застаўся на два дадатковыя гады – гэта давала магчымасць часцей займацца барацьбой. Навучан­не тут ён скончыў з адзнакай і яшчэ раз дака­заў бацькам, што можна паказваць добрыя вынікі і ў спорце, і ў вучобе.

Зразумела, толькі прыйшоўшы ў гэты від спорту, хлопец не бачыў сябе пераможцам сусветных стартаў, займаўся «для сябе». Але пакрысе ён пачаў мацней аддавацца спорту. Затым трэніроўкі і спаборніцтвы сталі ладам жыцця.

– Раней не мог бы падумаць, што такія значныя вынікі прыйдуць да мяне зусім хутка (за плячыма хлопца – перамога на першынстве свету ў вазе да 92 кілаграмаў (2021), чэмпіёнства краіны сярод дарослых (2023), залаты медаль на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у вазе да 97 кг (2023) і інш. – Заўв. аўтара). Я малады, здаецца, шмат чаго наперадзе. Але не трэба спадзявацца на тое, што часу яшчэ шмат і ўсё будзе потым. Трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну тут і зараз, – разважае Абубакар.

Абубакар Хаслаханаў у канцы пераможнага паядынку

Па словах першакурсніка, усё яго трэніровачнае жыццё – гэта падрыхтоўка да спаборніцтваў. Да Гульняў жа ён рыхтаваўся два тыдні: разам з трэнерам Кірылам Фаменкам праводзілі падрыхтоўчыя трэніроўкі, дзе нагрузка то павышалася, то паніжалася. Таму да старту падышлі ў добрай форме.

– У зале было спякотна, прыйшло шмат людзей. Сутычкі выдаліся няпростыя: кожная доўжылася па шэсць хвілін. Але, дзякуючы моцнай псіхалагічнай падрыхтоўцы, пераадолеў сам сябе. Бясспрэчна, супернікі – лідары сваіх краін, моцныя хлопцы. Яны ўсе, як і я, укладваліся ў трэніроўкі напоўніцу. На спаборніцтвах такога ўзроўню прынцып «перамагае наймацнейшы» ўжо не працуе, паверце. Выйграе той спартсмен, які лепей падыходзіць да старту, які больш за іншых верыць у сябе, – кажа залаты медаліст. Добра памятаю думкі. Цябе ўзнагароджваюць, а ты ўспамінаеш, як было няпроста рана і па марозе ездзіць на трэніроўкі, як узнікалі розныя цяжкасці. Гэта пракручвалася ў галаве, і я ганарыўся тым, што стаю на першай прыступцы, і перамога заслужаная вялікай працай.

Калега Абубакара па камандзе другакурснік юрфака Ілья МЯЛЕШЧЫК вярнуўся з Гульняў з бронзавым медалём. У грэка-рымскую барацьбу хлопец прыйшоў у 6 гадоў – ва ўзросце, які лічыцца найбольш траўманебяспечным. Гэты фактар ніколькі не спыняў хлопца, і некалькі гадоў ён працаваў над удасканаленнем фізічнай формы. Пакрысе спаборніцтвы і чэмпіянаты для пачаткоўцаў прывялі яго ў прафесійны спорт.

Падрыхтоўчыя трэніроўкі да Гульняў хлопец пачаў за 3 тыдні. За гэты час ён адпрацоўваў схваткі, максімальна набліжаныя да тых, якія чакалі яго на спаборніцтвах. Раней ён адточваў тэхніку і падтрымліваў форму.

– Самай складанай схваткай аказалася першая. Справа ў тым, што за пяць дзён да спаборніцтваў я атрымаў траўму – частковы разрыў сухажылляў бядра. Дывана да выступлення амаль не было, таму не змог падрыхтавацца так, як хацеў бы, – прызнаецца хлопец. – Галоўная матывацыя ў такія моманты – імкненне да перамогі, жаданне ў будучым выступіць на Алімпійскіх гульнях.

Ілья Мялешчык на п’едэстале

Ілья кажа, што на ІІ Гульнях краін СНД каманды барцоў яго моцна парадавалі, паколькі іх выступленні былі відовішчнымі і прынеслі Беларусі шмат спартыўнага «золата»:

– Вельмі запомнілася жаночая барацьба. Амаль у кожным выступленні – узнагарода! Барацьба была вельмі яркай – як у зборнікаў, так і ў класікаў. Я ганаруся нашым відам спорту, – выказаў захапленне бронзавы прызёр.

На думку Ільі, ёсць шмат спартсменаў, на якіх можна раўняцца. Аднак найлепшы прыклад для яго – трэнер Джавід Гамзатаў (Джавід Шаіравіч вучыўся ў БДУ, сумяшчаў пары з трэніроўкамі, атрымаў бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ- Жанейра). А пакуль у самых блізкіх планах другакурсніка – перавесці дух і з новымі сіламі ўзяцца за вучобу.

Бронзавы медаль у дысцыпліне кумітэ сярод жанчын да 61 кілаграма для студэнткі ФСК Віялеты НАВІЦКАЙ стаў найвышэйшай з асабістых узнагарод. Яе дзяўчыне прынесла схватка з азербайджанкай Рэнатай Араблі.

– Паколькі ў нас зараз няма міжнародных спаборніцтваў, гэты старт лічыцца як чэмпіянат Еўропы, таму ўзяць бронзу – неблагі вынік, – адзначыла Віялета. – Вельмі моцна падтрымлівалі балельшчыкі – без іх такога выніку наўрад ці атрымалася б. Іх шалёная энергетыка гнала наперад. Таксама падтрымаць мяне ў Магілёве прыехалі дзве сястры і матуля. Іншая частка сям’і і сябры назіралі за мной па тэлевізары.

Віялета Навіцкая (справа) на татамі

З шасці паядынкаў, як расказала дзяўчына, самым цяжкім стаў бой за выхад у паўфінал – сваёй суперніцы Віялета некалі саступіла на чэмпіянаце Еўропы. Няпростай стала таксама сустрэча за трэцяе месца: у першым паядынку Віялета прайграла, а ў другім адыгралася з вялікай перавагай.

– Проста грандыёзны маштаб спаборніцтваў, усё выдатна арганізавана. Калі толькі я зайшла ў «Алімпіец», у мяне перахапіла дыханне і пабеглі мурашы па скуры. Такія арэны можна ўбачыць толькі на прэм’ер-лігах, – пераканана бронзавы прызёр.

Трэцякурсніца ММФ Настасся МАКАРАНКА ў складзе зборнай Беларусі па гандболе стала сярэбраным прызёрам ІІ Гульняў краін СНД. А яшчэ дзяўчына была прызнана найлепшым галкіперам турніру.

Спартыўныя старонкі ў жыцці студэнткі пачалі пісацца ў школьныя гады: тады трэнер Валерый Сяміёшкін прыйшоў, каб адабраць здольных хлопцаў і дзяўчат. Так дзяўчына пачала займацца гандболам, а затым паступіла ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскага рэзерву.

– Тут у мяне атрымлівалася лепей, чым у іншых відах спорту, таму і вырашыла застацца. Акрамя таго, я бачыла зацікаўленасць трэнера ў маім развіцці, – адзначае Настасся. – Спачатку пачынала гуляць на левым паўсярэднім, але там справы складваліся не дужа – мне не падабаўся жорсткі кантакт з гульцамі. Таму я стала на вароты і знайшла сябе ў гэтым амплуа.

У 14 гадоў дзяўчына трапіла на зборы ў моладзевую каманду 2002 года нараджэння, затым – 2004-га. Гэта стала для Настассі неацэнным вопытам, паколькі кожны дзень яна трэніравалася з найлепшымі, што ў выніку прывяло яе ў нацыянальную зборную.

Трэцякурсніца заўважае, што Гульні прынеслі шмат эмоцый і прыемных момантаў. Найбольш у яе памяці адклаліся камандныя тымбілдынгі, трэніроўкі, тэарэтычныя заняткі, накіраваныя на разбор гульнявых дзеянняў, і экскурсіі па гістарычных мясцінах Брэста.

Настасся Макаранка

– На такіх спаборніцтвах натхняе агульны настрой каманды, музыка ў раздзявалцы перад гульнямі і, канешне, падтрымка трэнераў, – кажа сярэбраны прызёр ІІ Гульняў краін СНД. – Безумоўна, я рада, што мяне прызналі найлепшым галкіперам. За гэта вялікі дзякуй трэнерскаму штабу – значыць, падрыхтоўка да Гульняў прайшла не дарма! А з іншага боку, прызнанне – гэта сур’ёзныя абавязкі і вялікая адказнасць. Буду і далей імкнуцца пацвердзіць гэты статус.

Даведка:
Спаборніцтвы прымалі 11 беларускіх гарадоў: Мінск, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жлобін, Магілёў, Маладзечна, Орша і Салігорск. Большасць медалёў разыгралі ў сталіцы. Другім горадам па колькасці праведзеных турніраў стаў Салігорск, дзе прайшлі спаборніцтвы па вольнай, жаночай і грэка-рымскай барацьбе. Геаграфія II Еўрапейскіх гульняў была выбрана нездарма: арганізатары імкнуліся, каб спартыўнае свята разгарнулася па ўсёй Беларусі і доступ на трыбуны атрымала як мага большая колькасць беларусаў і гасцей краіны.

Усе, хто суправаджаў Гульні, спраца­валі па міжнародных стандартах: слова суддзям

Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі плавання, дацэнт кафедры фізічнага выха­вання і спорту БДУ Сяргей Уладзіслававіч ХАЖЭМПА на ІІ Гульнях краін СНД быў тэхніч­ным дэлегатам ад федэрацыі. Іншымі слова­мі, выкладчык сачыў за тым, каб спабор­ніцтвы праходзілі ў адпаведнасці з міжнарод­нымі правіламі.

– Усё, што датычылася арганізацыі спа­борніцтваў па плаванні ў праграме ІІ Гульняў краін СНД, легла на плечы прадстаўнікоў Бе­ларускай федэрацыі плавання. Мы займаліся камплектаваннем калегіі суддзяў, давалі пра­пановы па афармленні басейна, распра­цоўвалі сцэнарый і праграму мерапрыем­стваў, – патлумачыў тэхнічны дэлегат. – Спа­борніцтвы прайшлі дзякуючы зладжанай пра­цы шматлікіх падраздзяленняў: суддзяў, тэхнічных службаў басейна, транспарту, га­сцініц, супрацоўнікаў міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя. Трэба адзначыць і вы­сокі ўзровень трансляцый спаборніцтваў ад канала «Беларусь 5». Калі я ўбачыў іх, зразу­меў, што аператары праявілі сябе вельмі пра­фесійна. Калі параўноўваць з эфірамі чэмпія­натаў свету ці Еўропы – мы фактычна не саступаем. Усе, хто суправаджаў Гульні, спрацавалі па міжнародных стандартах.

Судзейская калегія на спаборніцтвах па плаванні

У бягучым годзе стаўкі ў спаборніцтвах па плаванні былі зроблены на спартсменаў 2007–2009 гадоў нараджэння. Сяргей Уладзіслававіч кажа, што падобнае рашэнне было свядомым, паколькі часовае адлучэнне Беларусі ад удзелу ў міжнародных спабор­ніцтвах у большай ступені адбіваецца на юніёрах:

– Калі спартсмены нацыянальных каманд яшчэ маюць магчымасць прымаць удзел у спаборніцтвах Расійскай Федэрацыі і іншых сяброўскіх краін, то для гэтага сегменту мо­ладзі каляндар спаборніцтваў катастрафічна звузіўся. Мы хацелі паказаць спартсменам, што, нягледзячы ні на што, яны павінны рыхтавацца да буйных стартаў і не адступаць ад сваіх мэт, станавіцца майстрамі самага высокага класа, – патлумачыў Сяргей Хажэм­па. – Калі паглядзець на вынікі спаборніцтваў, можна ўбачыць, што большасць медалёў за­ваявалі спартсмены з Расійскай Федэрацыі. Гэта гаворыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі расійскіх спартсменаў, якія пара­лельна заваёўваюць медалі на чэмпіянатах Еўропы. І канкурэнцыя з такімі супернікамі дасць нашым хлопцам і дзяўчатам магчымасць развівацца.

Старшы выкладчык кафедры фізічнага вы­хавання і спорту БДУ Анжэла Пятроўна АТ­РОШЧАНКА займалася арганізацыяй спа­борніцтваў па скачках у вышыню. Спецыяліст карэкціравала ўзровень падняцця планкі, адсочвала час падрыхтоўкі спартсмена да кожнай спробы. А да старту Гульняў яна разам з беларускімі калегамі на працягу года праходзіла адбор. У выніку сфарміравалася судзейская калегія, куды ўвайшлі 50 суддзяў з усёй краіны.

– Гульні прайшлі на маштабным узроўні – як чэмпіянат Еўропы. Таму што адбываліся на Нацыянальным алімпійскім стадыёне і на ба­зе Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, – заўважыла Анжэла Пятроўна. – На спаборніцтвы прыходзіла шмат школьнікаў – яны перажывалі не толькі за белару­скіх лёгкаатлетаў, але і падтрымлівалі спартсменаў іншых краін. І ўсё гэта з добрым настроем і ўсмешкамі. Калегі з іншых краін не аднойчы адзначалі гасціннасць беларусаў, казалі, што такія адносіны шмат чаго вартыя.

Старшы выкладчык адзначае, што ўзро­вень падрыхтоўкі спартсменаў быў заўважны нават па іх стаўленні да ўмоў надвор’я:

– У адзін з дзён паліў вялікі лівень. Ніхто з моладзі нават не спужаўся. Усе працягвалі скакаць, быццам яго няма, як на Алімпійскіх гульнях. Бясспрэчна, хлопцы і дзяўчаты разу­мелі, што бароняць гонар сваёй краіны, і таму хацелі паказаць свае найлепшыя скачкі. Быва­ла, у такіх умовах барацьба ішла за долі секун­ды. Так, напрыклад, у эстафеце мікст 4х400 мы якраз адну тысячную секунды саступілі Расіі, – прыгадвае Анжэла Атрошчанка. – Упэўнена, што ў далейшым падзеі такога маштабу стануць штуршком да ўзнаўлення спартыўных сувязей – сумесных турніраў, матчавых сустрэч і буйных фестываляў.

Насычаныя тыдні лета: валанцёры

Трэцякурсніца ФМА Аліна СЁМА стала валанцёрам ІІ Гульняў краін СНД па двух відах спорту: лёгкай атлетыцы і баскетболе. У абодвух выпадках дзяўчына суправаджала зборную Узбекістана.

У валанцёрстве Аліна шукае сябе яшчэ са школы. Пра набор на Гульні даведалася вяс­ной і адразу вырашыла паспрабаваць сілы на адборы.

– На працягу ўсіх спаборніцтваў мне было цікава назіраць, як спартсмены рыхтуюцца да стартаў і як у гэтым ім дапамагаюць трэ­неры. Самымі яркімі момантамі былі баскет­больныя фіналы, дзе нават спартсмены з ка­манд іншых краін выбіралі сабе фаварытаў і балелі за іх з трыбун. Атмасфера спабор­ніцтваў была неверагодная! – падзялілася студэнтка. – Валанцёрства тут дало мне мно­гае. У першую чаргу я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей з іншых універсітэтаў і краін. Акрамя таго, навучылася хутка рэага­ваць на складаныя сітуацыі і ўключацца ў ка­мунікацыю з незнаёмымі людзьмі. Два тыдні гэтага лета былі самымі насычанымі!

Студэнтка 3 курса гістфака Лізавета ЮЦОВА як валанцёр была задзейнічана на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, міні-фут­боле і баскетболе. За ўвесь час яна змагла паспрабаваць сябе на розных пазіцыях: ад­казвала за суправаджэнне спартсменаў на пляцоўках, дапамагала судзейскай камандзе і балельшчыкам на трыбунах.

Лізавета Юцова (зправа) з сябрамі-валанцёрамі

Паколькі Ліза пазітыўны і камунікабельны чалавек, які не можа доўга ўседзець на адным месцы, яшчэ ў школе яна пераканалася, што хоча прыносіць карысць іншым. А на першым курсе валанцёрская дзейнасць канчаткова закруціла ёй галаву – цяпер яна кіруе сацыяльным напрамкам на факультэце.

– ІІ Гульні краін СНД прынеслі шмат уражанняў. Да гэтага моманту з захапленнем успамінаю адкрыццё і закрыццё на «Мінск-Арэне», знаёмствы з дэлегацыямі, іх суправаджэнне. Бачыла, як моцна былі сканцэнтра­ваны трэнеры, як хваляваліся спартсмены перад стартамі, наколькі былі ўважлівымі суд­дзі, – рэзюмавала трэцякурсніца.

Даведка:
Лагатыпам ІІ Гульняў краін СНД стаў васілёк, у пялёстках якога можна ўбачыць колеры нацыянальнага сцяга Беларусі, а таксама колеры алімпій­скіх кольцаў. Талісманам Гульняў стала Рыся, вобраз якой быў натхнёны твор­часцю беларускай мастачкі Алены Кіш. А слоганам, які паралельна пера­даў асноўную мэту падзеі, сталі сло­вы: «Моцны характар – яркая гульня!»

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: