Студэнтка чацвёртага курса факультэта журналістыкі спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» Валерыя Нікіфарава пра выступленні ў аркестры, працу кіраўніком прэсы ў Савеце старастаў БДУ і свой шлях да атрымання чырвонага дыплома.
Пачала Лера сваім расповедам пра навучанне ў музычнай школе:
– Іграла я на фартэпіяна і рабіла гэта лепш за ўсіх! Два гады выступала ў аркестры, а акрамя таго яшчэ і паўдзельнічала ў вялікай колькасці конкурсаў. Нават выйгравала. Памятаю, тады мая настаўніца была вельмі сур’ёзна настроена на тое, што я абавязкова пайду ў кансерваторыю і ў цэлым звяжу сваё жыццё з музыкай, – падзялілася дзяўчына.
Да адзінаццатага класа Лера ўдзельнічала ў алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве і даходзіла да абласнога ўзроўню. Студэнтка расказала, што з самага пачатку хацела паступаць не на «інфармацыю і камунікацыю», а на «рэжысуру» ў Маскву.
– Класа з дзявятага я актыўна рыхтавалася паступаць у Маскву і марыла стаць рэжысёрам. А потым перадумала і вырашыла паступаць хоць і на творчую спецыяльнасць, але больш прыкладную. Якраз тады звярнула ўвагу на спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя» і абрала БДУ. Спецыяліст па інфармацыі і камунікацыі – гучыць прэстыжна, – адзначыла студэнтка.
Сябры і аднагрупнікі характарызуюць дзяўчыну як вельмі актыўнага, крэатыўнага і, што самае галоўнае, адказнага чалавека. Не дзіва, што з такімі якасцямі чацвёртакурсніца кіруе прэсай у Савеце старастаў БДУ.
– Мая каманда складаецца з дзесяці чалавек, уключаючы і мяне. Мы вядзём усе сацыяльныя сеткі, але больш часу надаём тром асноўным: Instagram, TikTok і YouTube. Прыдумляем і рэалізоўваем свае праекты, арганізоўваем мерапрыемствы ў савеце старастаў.
Лера таксама падзялілася, што сёлета яна стала куратарам выязнога адукацыйнага семінара «Ты – стараста!».
– Для мяне гэта нешта сапраўды новае, не без цяжкасцяў, але мне вельмі сімпатызуюць першакурснікі, і ў цэлым мне цікава быць куратарам. Я не прывыкла спыняцца, і, як бы цяжка ні было, мне вельмі хочацца ўбачыць, чаго мы можам дасягнуць, калі працуем разам, – рассказала Лера. – Займаюся гэтым не дзеля выгады. Галоўнае – інтарэс. Мне шчыра падабаецца працэс і вынік маёй працы. Людзі, якія са мной працуюць і дапамагаюць, – мая галоўная матывацыя.
Лера любіць чытаць, але з-за вялікай колькасці спраў час на гэта знайсці ўсё складаней. Акрамя таго, разгружаюць галаву прагулкі на свежым паветры. А асаблівае задавальненне дзяўчына атрымлівае ў падарожжах, прычым больш за ўсё яна любіць вандраваць менавіта па Беларусі.
– Што тычыцца чырвонага дыплома і майго шляху да яго, то я б не сказала, што мне калісьці было цяжка вучыцца – наадварот. Таму і яго атрыманне для мяне – гэта хутчэй не працэс, які вымотвае, а дадатковая мэта, якой я і хачу дасягнуць, – дадала Лера.
Кірыл ЛЯШНЕЎСКІ