2024 год абвешчаны Годам якасці

29 Nov, 2023.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 375 “Аб аб’яўленні 2024 года Годам якасці”. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Гэта рашэнне прынята ў мэтах далейшага павышэння якасці жыцця беларускага народа, забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветнай арэне, стымулявання ініцыятывы, фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця прыналежнасці да будучыні краіны.

У рамках Года якасці будзе зроблены акцэнт на павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі. Намаганні будуць сканцэнтраваны на забеспячэнні якасных паказчыкаў шляхам стымулявання ініцыятывы, укаранення рацыяналізатарскіх ідэй, умацавання ў грамадстве сацыяльнага аптымізму, імкнення ствараць на агульную карысць. Прыярытэтную ўвагу плануецца ўдзяліць фарміраванню ў грамадзян асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця (дастатковы ўзровень даходу, своечасовая дыспансерызацыя, здаровае харчаванне, добрая адукацыя, культурнае правядзенне вольнага часу).

Прапанову аб’явіць наступны год Годам якасці Прэзідэнт выказаў у верасні ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Пры наведванні кіраўніком дзяржавы аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна размова ішла ў тым ліку аб рамонце вулічна-дарожнай сеткі. Як далажыў Прэзідэнту міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, планы ў гэтым напрамку па краіне не проста выконваюцца, а перавыконваюцца.

“Добра, што ты перавыканаў, але запомні: за якасць будзеш адказваць. Нельга рабіць дрэнна, таму што гэта вельмі дорага. Гэта не для нас. Таму квадратныя метры добра, але якасць — найважнейшае пытанне. Трэба нам будучы год аб’яўляць Годам якасці. Усё ў нас добра: і аб’ёмы робім, і попыт на Беларусь каласальны (мы не паспяваем забяспечыць попыт Расіі), але ў нас яшчэ ёсць праблемы з якасцю. Таму якасць і яшчэ раз якасць. І за гэта адказваць трэба”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта тэма атрымала працяг у час наведвання Аляксандрам Лукашэнкам ВА “Крышталь”, дзе адзін з работнікаў прапанаваў заснаваць у Беларусі адзіны дзяржаўны знак якасці. Кіраўнік дзяржавы ідэю адобрыў.

“Будучы год мы аб’явім Годам якасці. Я аб гэтым ужо гаварыў. Вырабляем шмат. І якаснай, нядрэннай прадукцыі. Але трэба лепш. Для таго каб канкурыраваць. Таму што ў нас адкрытая эканоміка. Нам трэба якасць узнімаць вышэй, каб канкурыраваць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў узяць за аснову сучаснага беларускага савецкі знак якасці, які знешне яму падабаецца. Ён даў адпаведнае даручэнне ўраду.

 

https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-padpisau-ukaz-ab-abjaulenni-2024-goda-godam-jakastsi-135105-2023/

print

Вам таксама можа спадабацца: