Ад кастамізацыі – да МТСіка: у БДУ прайшоў конкурс студэнцкіх ініцыятыў Space Hackathon with МТС

2 Nov, 2023.

Трохдзённы конкурс інавацыйных рашэнняў аб’яднаў студэнтаў з усёй краіны, прапануючы пераможцам атрымаць прыз 5000 беларускіх рублёў і вопыт узаемадзеяння з буйным прадстаўніком бізнесу. Арганізатарам падзеі сталі стартап-цэнтр БДУ і кампанія мабільнай сувязі МТС.

– Мы заўсёды шукаем кампаніі, якія зацікаўлены ў свежых ідэях студэнтаў і інавацыйных рашэннях для ўнутраных праектаў. Атрымалася наладзіць кантакты з кампаніяй МТС, паколькі агульныя інтарэсы ў нас сышліся. У іх была праблема, якую можна рашыць з дапамогай інтэлектуальнага патэнцыялу студэнтаў; у нас – зацікаўленасць у значным мерапрыемстве пры падтрымцы буйной арганізацыі, магчымасць даць студэнтам развівацца і зарабіць. Больш за тое, вопыт узаемадзеяння з МТС пакажа іншым кампаніям, што ўніверсітэт адкрыты да такіх прапаноў, – адзначыў кіраўнік моладзевай прадпрымальніцкай супольнасці StartUp Space БДУ Ягор Аліферка.

Жаданне далучыцца да падзеі выказалі 150 студэнтаў з усёй Беларусі. Больш за 60% удзельнікаў склалі маладыя людзі з БДУ. Таксама ў хакатоне ўдзельнічалі прадстаўнікі БНТУ, БДУІР, БДЭУ, БДТУ, МДЛУ, ГрДу імя Янкі Купалы, БрДУ імя А.С. Пушкіна, Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Арганізатары паставілі перад моладдзю задачу распрацаваць прататып інтэрфейсу продажу электронных сертыфікатаў у дадатку «Мой МТС». Таксама маладыя людзі маглі прапанаваць прадукты, якія б пашыралі варыянты анлайн-пакупак у інтэрнэт-краме мабільнага аператара. Сярод дадатковых магчымасцей, над якімі працавалі хлопцы і дзяўчаты, – выбар наміналу і функцыяналу сертыфіката, спосабу аплаты, адлюстраванне сертыфіката ў мабільным дадатку, перадача яго іншаму абаненту МТС і адпраўка ў месенджары.

Бачу задачу – не бачу перашкод

Праграма хакатону падзялілася на дзве часткі: самастойную працу і адукацыйны блок – узаемадзеянне з запрошанымі спецыялістамі. У першы дзень прадстаўнікі кампаніі МТС далі ўдзельнікам тэхнічнае заданне, падзяліліся статыстыкай (колькі спажыўцоў налічвае электронны дадатак, як часта яго выкарыстоўваюць і пад.), акрэслілі крытэрыі ацэньвання іх будучых ідэй. У другі дзень запрошаныя эксперты патлумачылі студэнтам, як прасачыць шлях карыстальніка ў мабільным дадатку, стварыць прататып прадукту, расказалі пра тэхнічныя інструменты для рэалізацыі задумы. Далей фантазія студэнтаў нічым не абмяжоўвалася. Акрамя таго, арганізатары агучылі ўдзельнікам і крытэрыі ацэнкі праектаў падчас фіналу. Эксперты паабяцалі, што звернуць пільную ўвагу на апісанне карыстальніцкага шляху, якасць візуалізацыі і ўзровень прапрацоўкі прататыпа, арыгінальнасць ідэі, якасць прэзентацыі і актыўнасць падчас хакатону.

Заключным і вырашальным этапам стаў трэці дзень, калі студэнты прадстаўлялі свае праекты журы. Ацэньвалі вынікі працы каманд першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч, кіраўнік стартап-цэнтра БДУ Дзмітрый Мікулка і прадстаўнікі кампаніі МТС – першы намеснік генеральнага дырэктара Міхаіл Панамароў, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Мікалай Булаш, а таксама начальнік аддзела продажаў Аляксандр Капчук. У фінале конкурсу выступілі 17 каманд. Бізнес-цэнтр Campus, які стаў цэнтрам падзеі, аб’яднаў нямала моладзевых ідэй. Тут былі задзейнічаны выкарыстанне магчымасцей лагатыпа і «ананімныя» сертыфікаты-сюрпрызы, Telegram-бот і аплачаная дастаўка. У перапынках паміж актыўнасцямі распыталі некаторых ўдзельнікаў пра іх праекты.

Каманда Валерыі Максімавай прапанавала дзяліць сертыфікаты на дзве групы: для звычайных абанентаў і бізнес-карыстальнікаў. Такое рашэнне, на думку моладзі, магло б спрасціць прапанову паслуг для кліентаў розных груп і разам з тым павысіць продажы электронных сертыфікатаў. Таксама студэнты распрацавалі рэкламныя банеры для інтэрнэту, галоўнай старонкі МТС на карпаратыўным сайце і ў метро.

Уладзіслаў Мілеўскі адзначыў, што, паводле яго задумы, пакупка ў дадатку зойме да 5 клікаў. Так, калі карыстальнік зойдзе ў дадатак МТС, то ўбачыць банер з інфармацыяй пра пакупку сертыфіката. Пасля ён пяройдзе ў інтэграцыйны пакет і выбера тып сертыфіката. Апошнім крокам стане аплата паслугі. Прастата інтэрфейсу, на думку хлопца, стане штуршком у пашырэнні кліенцкай базы кампаніі і дазволіць паступова асвоіць новыя рынкі збыту прадукцыі.

Настасся Карней разам з сябрамі прапанавала стварыць платформу, на якой у сертыфікаты былі б інтэграваны ўсе прадукты і паслугі кампаніі МТС. На ёй карыстальнік змог бы адсочваць шлях сертыфіката ад пакупкі да яго ўручэння адрасату ў зручнай форме, а таксама тэрміны пагашэння. Дзяўчына выказала думку, што купленыя сертыфікаты можна будзе адправіць на нумар тэлефона ці спасылкай. Аднак, калі спасылку не выкарыстаюць да пэўнага тэрміну, сертыфікат вернецца адпраўшчыку. Пры афармленні электроннага падарунка каманда прапанавала стварыць функцыю дадавання фотаздымкаў, малюнкаў ці тэкстаў. А каб пры гэтым карыстальнік не працаваў з забароненымі законам выявамі, ён павінен будзе прыняць «карыстальніцкае пагадненне».

Канстанцін Фарына ў сваёй канцэпцыі паставіў на навізну. Укладку з электроннымі сертыфікатамі ён назваў бы «МТС-тэмпы». Такое рашэнне, лічыць хлопец, зацікавіць карыстальнікаў нязведанасцю. Ва ўкладцы абанент МТС зможа выбраць прадукт на пэўную суму, паслугу ці прыладу. Таксама малады чалавек прадугледзеў sms-напамін пра пакупку праз год.

Мацвей Лабосаў з сябрамі зрабіў ухіл не толькі на абанентаў МТС, але і на ўсіх карыстальнікаў мабільнай сувязі:

– Першы этап, які нас цікавіць, – перадпродажы. Для абанентаў мы прапануем push-паведамленне, якое будзе з’яўляцца на сайце. Калі чалавек гэтым зацікавіцца і націсне на яго, то карыстальніку прыйдзе sms, маўляў, пампуйце дадатак і дарыце родным сертыфікаты. Другі этап – продажы. Мы пераходзім да дызайну сертыфіката. Спачатку выбіраем выяву, пасля – намінал. Гэта ці канкрэтная сума, ці ўказаная карыстальнікам. Акрамя таго, калі пакупнік сертыфіката з’яўляецца абанентам МТС, ён на 3 месяцы атрымлівае пяцідзесяціпрацэнтную зніжку на які-небудзь тарыф. Такім чынам мы далучаем да продажаў не толькі прыхільнікаў кампаніі, – перадаў ідэю хлопец.

Канцэпцыя каманды Настассі Шуравай атрымала назву «Проста падары». Маладыя людзі прапанавалі «памясціць карыстальніка ў кантэкст». Кліент, памятаючы пра святочныя даты блізкіх людзей, хоча іх парадаваць. Таму маладыя людзі вырашылі ўнесці ў дадатак МТС новы функцыянал з календаром, куды кліент зможа занатоўваць важныя для яго даты. Кожны год напярэдадні такіх дзён яму будуць прыходзіць прапановы з адсылкамі да сертыфікатаў. Змены павінны таксама закрануць шлях карыстальніка: аплаціць пакупку стане магчымым па нумары тэлефона, а таксама будзе ўведзена адмена аперацыі, бо ў любы момант карыстальнік можа перадумаць.

– Кожны з вас хаця б аднойчы сутыкаўся з тым, што, рэалізоўваючы сертыфікат, заяўленай у ім сумы альбо не хапала, або было зашмат. Таму мы прапануем указваць канкрэтную суму ці афармляць яго на канкрэтную паслугу. Уявіце, што ў вас ёсць сябар, які пастаянна просіць вас раздаць wi-fi. І вось МТС дае магчымасць забяспечыць яго мабільным інтэрнэтам на цэлы месяц. Праблема вырашаецца і ў вас, і ў вашага сябра. Такія сертыфікаты можна будзе выкарыстоўваць штодзень, – заўважыў Дзмітрый Навумовіч. – На пастаяннай аснове могуць выкарыстоўваецца комплексныя сертыфікаты. Напрыклад, мабільны тэлефон і навушнікі паасобку каштуюць больш, а калі на іх набываюць сертыфікат – абанент атрымлівае пэўную зніжку. Гэта, як нам падаецца, далучыць да прадукту больш аўдыторыі.

МТСік на крок наперадзе

Пераможцамі хакатону стала каманда студэнтак ФМА і ФСК БДУ Настассі Турляк і Валерыі Селівонец. Настасся ўваходзіць у склад каманды моладзевай міжуніверсітэцкай прадпрымальніцкай супольнасці StartUp Space БДУ, таму пра хакатон даведалася ў сацсетках падраздзялення. Убачыўшы задачу ад МТС, дзяўчына зразумела, што гэта цікава, і адразу ж падумала пра сяброўку-дызайнера. Апошняя хутка згадзілася на прапанову паўдзельнічаць.

– Мы знаёмыя з першага класа, таму ведалі, што працаваць удзвюх нам будзе камфортна. У пачатку працы вызначылі нашу дызайн-канцэпцыю. Лера адказвала за ўвасабленне нашых ідэй як дызайнер, я – за падрыхтоўку прэзентацыі і выступленне перад экспертамі. Кожная з нас кантралявала адна адну, раіла, як зрабіць нешта яшчэ лепшым. Таму і атрымаўся класны вынік! – заўважае Настасся Турляк.

Па словах дзяўчат, адукацыйная частка мерапрыемства дапамагла ім не ў толькі ў рашэнні задачы. Лекцыі вузкіх спецыялістаў далі ўдзельнікам глыбокія веды, паколькі закраналі не адзін нейкі напрамак, а ўтрымлівалі шмат універсальнай інфармацыі.

– Такія праекты даюць магчымасць студэнтам паспрабаваць сілы ў розных сферах дзейнасці, адкрыць свае невядомыя таленты. Тут можна праверыць, ці баіцца чалавек выступаць перад публікай, знаходзіцца ў канкурэнтным асяроддзі, паглядзець на сябе ў параўнанні з іншымі студэнтамі, якія прыйшлі праверыць сябе на трываласць. А яшчэ на хакатонах можна пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, пашырыць кругагляд і проста з карысцю правесці час, – лічаць пераможцы.

Працу над заданнем студэнткі пачалі з прадумвання варыянтаў, дзе б магла размяшчацца кнопка «Сертыфікаты», і аптымізацыі карыстальніцкага шляху. Затым падышлі да ўкаранення задуманага ў карпаратыўны стыль кампаніі. Прапанавалі дзяўчаты і інтэрактыўныя «цікавосткі» – узаемадзеянне з лагатыпам-яйкам і ўвядзенне новага персанажа – МТСіка.

– З адрозненняў нашых прапаноў ад ідэй іншых удзельнікаў можна вылучыць некалькі складнікаў. Па-першае, мы хацелі, каб чалавек, які адправіць камусьці сертыфікат, быў зацікаўлены ў яго набыцці. Таму прадугледзелі сістэму бонусаў. Калі карыстальнік набудзе сертыфікат, МТСік падорыць яму яйка, якое паступова будзе трэскацца. Разам з пакупкай трэцяга сертыфіката чалавек атрымае бонус: скідку ці балы, якія можна будзе выкарыстаць у мабільным дадатку ці крамах МТС. Так пакупка сертыфіката будзе дарыць радасць і таму, хто яго прэзентуе, і атрымальніку, – патлумачылі распрацоўшчыцы.

На пытанне наконт выйгрышу Настасся і Валерыя адказалі, што хочуць патраціць яго з розумам. Студэнткі задумаліся пра адукацыйныя курсы: сяброўкі перакананы, што найлепшая інвестыцыя – веды. Хаця і жартуюць, што без звычайных прыемных пакупак таксама не абыдзецца.

– Усведамленне перамогі прыйшло да нас крыху пазней. Мы былі вельмі здзіўлены і адразу не маглі выказаць увесь спектр пачуццяў. Прыемна ўсведамляць, што калі-небудзь мы зойдзем у дадатак «Мой МТС» і ўбачым нашу задумку ў рэальнасці, – падсумавалі дзяўчаты.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: