«Працоўны дзень» з Уладзімірам Арцюшэўскім: «Любімае ў маёй працы – сама праца»

21 Nov, 2023.

У новым выпуску рубрыкі «Працоўны дзень» карэспандэнт газеты стаў «напарнікам» універсальнага спецыяліста, які ўмее расказваць пра сваю працу амаль без слоў. Заступаем на змену са слесарам-сантэхнікам, электрагазазваршчыкам комплекснай брыгады аварыйна-тэхнічнай службы Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення БДУ Уладзімірам АРЦЮШЭЎСКІМ.

Найпершая задача супрацоўнікаў брыгады аварыйна-тэхнічнай службы – лакалізацыя і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, што ўзнікаюць у сетках водаправода, каналізацыі, цепла- і электрасетках універсітэта. У калектыве працуе 18 чалавек, а ў брыгадзе Уладзіміра, акрамя яго самога, налічваецца яшчэ чацвёра супрацоўнікаў: інжынер змены, электраманцёр, вадзіцель і аператар.

Рэжым працы майго «напарніка» – суткі праз трое. З 8.30 да 16 гадзін у будні ён працуе ў галоўным корпусе БДУ, у іншы час (у тым ліку – ноччу, у выхадныя і святочныя дні) спецыяліста могуць выклікаць у любое падраздзяленне ці інтэрнат універсітэта. Звычайна дзень Уладзіміра пачынаецца гутаркай з калегамі, якія дзяжурылі раней, і азнаямленнем з запісамі ў аператыўным журнале, дзе адлюстроўваюцца ўсе віды прац, выкананых мінулай зменай. У дзень нашага знаёмства Уладзімір зрабіў гэта загадзя, таму першым пунктам нашага падарожжа па яго прафесійных «уладаннях» стала невялікая планёрка ў кіраўніка – вядучага інжынера Ігара Філіпчыка.

– Спадзяюся, што сёння ніякіх аварый не адбудзецца. Калі пашанцуе ўбачыць свішч, то папрысутнічаеце на яго ліквідацыі, калі ж не – спецыяльна «ламаць» нічога не будзем, – жартаўліва-сур’ёзным тонам папярэджвае кіраўнік. – Наш жа прынцып які? Мы дзейнічаем на прадухіленне надзвычайных здарэнняў, выконваем планава-папераджальны рамонт. Калі чалавек робіць абыход памяшканняў і бачыць, што абсталяванне функцыянуе, гэта гаворыць пра якасць працы.

Карыстаючыся выпадкам, цікаўлюся ў вядучага інжынера, як бы ён мог ахарактарызаваць свайго падначаленага. Ігар Філіпчык адзначае, што Уладзімір – самы кваліфікаваны ў калектыве электрагазазваршчык і адзін з самых прафесійных слесараў-сантэхнікаў:

– Даручы яму любое заданне, нават самае складанае – і не сумнявайся, што выканае як мае быць. Калі нешта здарылася, а на змене Арцюшэўскі – аварыя тут жа будзе лакалізавана. Калі патрэбная дапамога не ў яго змену, ён ніколі не адмаўляе, адклікаецца. Магу сказаць пра яго толькі станоўчае, і ў калектыве яго цэняць і паважаюць.

Думку Ігара Філіпчыка падзяляе і кіраўніцтва Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення ўніверсітэта. Доказ таму – дзве ганаровыя граматы «за шматгадовую плённую дзейнасць», якімі Уладзіміра ўзнагароджвалі да 90 і 95-годдзя БДУ.

Пасля планёркі адпраўляемся на праверку журнала заявак для сантэхніка. Тут наша задача – азнаёміцца са зваротамі, якія маглі пакінуць супрацоўнікі вучэбнага корпуса. Як правіла, яны датычацца падачы цяпла ў батарэі, працяканняў і забіванняў. Часцей за ўсё запісы пакідае тэхнічны персанал, паколькі ён раней за ўсіх мае доступ да месцаў, дзе можа ўзнікнуць праблема. Калі зваротаў няма, спецыяліст робіць знешні агляд камунікацый – назірае за станам труб і кранаў, правярае зліўныя бачкі. Паколькі сёння журнал пусты, мы накіроўваемся на абыход па цеплапунктах і вадамерных вузлах: правяраць ціск на манометрах, сачыць за помпамі, якія размяркоўваюць ваду па ўсім будынку галоўнага корпуса БДУ. Паралельна мой праваднік расказвае, што месцам, куды часцей за ўсё прыходзіць сантэхнік, з’яўляецца санвузел, паколькі там абсталяваннем карыстаюцца пастаянна. Самым рэдкім здарэннем Уладзімір называе прарыў у сістэме водазабеспячэння: за 21 год яго працы корпус прастаяў ноч без падачы вады толькі аднойчы. Тады за 10 гадзін спецыялісты знайшлі і ліквідавалі аварыю. Здавалася б, за гэты час ніхто не пацярпеў і наўрад ці адчуў наступствы паломкі – але ў асяроддзі сантэхнікаў такі час лічыцца немалым пры ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. Гэта спецыяліст абгрунтоўвае тым, што вада ў сістэме павінна быць заўсёды. І адна з прычын таго – забеспячэнне пажарных помпаў, якія пры ўзгаранні ўключаюцца аўтаматычна і таму павінны функцыянаваць бесперабойна.

Па дарозе ў тэхнічныя памяшканні бачым трубы з паралельнымі запаянымі тонкімі палосамі. З іх дапамогай Уладзімір тлумачыць, што ж такое той загадкавы свішч, якім раней зацікавіў яго кіраўнік. Аказваецца, што так называецца ледзь прыкметнае працяканне ў трубе. Для яго аператыўнай ліквідацыі выкарыстоўваецца рамонтнае кола, што спыняе выцяканне вады. Пасля праводзяцца зварачныя работы, у выніку якіх застаюцца толькі такія металічныя швы-палосы. Дарэчы, калі з’яўляецца патрэба папрацаваць з электрагазазваркай, спецыяліст найперш прыходзіць на месца і ацэньвае сітуацыю.

– Вядома, адразу за зварачны станок мы не становімся. Калі работы датычацца труб, патрэбна спыніць працяканне, падключыць будынак да альтэрнатыўных крыніц вады. Калі такіх няма – дакладваем кіраўніцтву і пасля прымаем рашэнне, як дзейнічаць далей. Потым рыхтуецца нарад-допуск, з месца работ прыбіраюцца ўсемагчымыя гаручыя матэрыялы. Калі зварка патрэбная ў падвальным памяшканні, робіцца забор проб паветра. Сюды ж перамяшчаюць вогнетушыцель, вёдры з вадой, а таксама падводзяць пажарны шланг. Далей спецыяліст праходзіць інструктаж і пачынае, – пералічвае «калега».

Асноўны інструмент сантэхніка – развадны ключ. Яго Уладзімір называе ўніверсальнай зброяй, паколькі часта ў цяжкадаступных месцах функцыяналу звычайных ражковых ключоў не хапае. Калі патрэбныя ўменні электрагазазваршчыка, то, вядома, нікуды без зварачнага апарата. Таксама пры рабоце патрэбны малаток: з яго дапамогай спецыяліст збівае шлак, які ўтвараецца на трубах падчас работы.

– У нашай працы няма нейкай асаблівай лексікі. Часта мы камунікуем паміж сабой у фармаце «прынясі – падай», таму ўсё павінна быць зразумела. Гэта калі размаўляюць два электрыкі, яны зразумеюць магчымыя прафесійныя тэрміны, а калі будуць камунікаваць слесар з электрыкам, – паразумення можа не адбыцца. Таму, каб папярэдзіць непажаданыя здарэнні, заўсёды называем рэчы сваімі імёнамі, – заўважае спецыяліст. – Тэхніка бяспекі ў нас – першае правіла, бо спецыяльнасці, што ні кажы, траўманебяспечныя. Тут у адным месцы сыходзіцца праца з электрычнасцю і вільготным асяроддзем – пры неналежных паводзінах лёгка атрымаць траўму. Уладзімір кажа, што яго прафесію можна ў роўнай ступені назваць рамяством і творчасцю. Нярэдка здараецца, што спецыялісту трэба праявіць кемлівасць: напрыклад, каб паставіць умывальнік, калі не хапае месца ці ў інтэр’еры ён выглядае негарманічна. Тады спецыяліст не проста мацуе сантэхніку да сцяны, а манціруе яе ў шафу. Творчасць можна праявіць і пры зварачных работах. Часта дастаткова проста зварыць трубы, але, каб было гарманічна, іх могуць схаваць за сцяной:

– Кожны павінен займацца тым, у чым ён разбіраецца. Калі чалавек не ўпэўнены, што робіць, адразу бачна. Па сталяру і газазваршчыку дакладна магу сказаць, хто не асабліва паглыблены ў сваю працу. Гэта становіцца відавочна па выкананні работ. Калі, напрыклад, у сталяра ляжыць да прафесіі душа, ён не толькі адрамантуе нешта, але і зробіць гэта прыгожа – паправіць дзверы ці ўрэжа новы замок. Калі чалавек мае неглыбокае разуменне ў сваёй галіне, той жа самы замок будзе ўсталяваны з дэфектамі ці крыва. Добрасумленнае выкананне адразу выдае эстэтычнасць.

Пасля неабходных аглядаў вяртаемся ў месца, адкуль пачынаецца кожная змена, – раздзявалку. Тут працаўнікі захоўваюць асабістыя рэчы і спецадзенне, робяць перапынкі на абед. З агульнай абстаноўкі вочы адразу ж выхопліваюць шэрагі металічных шафак ярка-сіняга колеру. Таксама нельга не заўважыць целагрэйку, боты і каску – рэчы, якія выкарыстоўваюцца пры рабоце ў халодную пару, калодзежах цеплатрас і на вышыні. Прашу Уладзіміра паказаць сваю форму, якая, як пасля высвятляецца, разлічана на ўсе поры года.

Спецадзенне электрагазазваршчыка ад паўсядзённай «спяцоўкі» на першы погляд адрозніваецца толькі колерам. Аднак, калі дакрануцца да матэрыялу, становіцца зразумела, што ён значна шчыльнейшы, паколькі разлічаны на ўздзеянне высокіх тэмператур. Тут жа «самы высокакваліфікаваны электрага-зазваршчык» каментуе, што цэлы дзень у такім адзенні не выхадзіш – занадта горача. На абедзвюх формах Уладзіміра Арцюшэўскага нашыты святлоадбівальныя элементы. Мой герой тлумачыць, што такія нашыўкі зробленыя не для прыгажосці. Яны дапамагаюць бачыць чалавека, калі ён знаходзіцца ў люку, падвале ці іншым малаасветленым памяшканні. Калі раптам працаўніку дрэнна – яго цяжка ўбачыць, а такія элементы дазваляюць хутка яго заўважыць. Таксама «напарнік» паказвае абарончы рэмень, які выкарыстоўваюць пры працы ў калодзежах. З яго дапамогай спецыялісты страхуюцца вяроўкай зверху. Адметна, што наяўнасць гэтага абсталявання – абавязковая ўмова спуску.

У перапынках паміж працай запытваю, з чаго для Уладзіміра пачалася дарога да прафесіі. А адбылося гэта ў 1999 годзе, калі ўчарашні выпускнік надумаў атрымаць спецыяльнасць сталяра-станочніка. Пры паступленні юнаку крыху не хапіла балаў, таму ён вырашыў пайсці вучыцца на электрагазазваршчыка. Як аказалася, не прагадаў: у каледжы хлопец сустрэў добрых педагогаў, якія змаглі захапіць сваім рамяством. Праз год адбылося і яго першае знаёмства з БДУ – тут малады чалавек праходзіў вытворчую практыку. За тры гады навучання ён атрымаў трэці разрад электрыка і электрагазазваршчыка, а таксама другі разрад слесара-сантэхніка – зараз мае пяты і чацвёрты разрад адпаведна. А ў 2002 годзе Уладзімір вярнуўся ва ўніверсітэт як малады спецыяліст. З той пары яго прафесійны шлях неадрыўны ад БДУ.

– Любімае ў маёй працы – сама праца. Хіба можна адбыцца ў прафесіі, калі гэтага няма? Напэўна, без любові да сваёй справы не атрымаецца знаходзіцца ў ёй больш за 20 гадоў, – разважае мой «калега». – Мне ў гэтым плане пашанцавала яшчэ больш: дзякуючы сваім спецыяльнасцям, многае магу рабіць дома, не выклікаючы майстроў: рамантаваць электроніку, збіраць мэблю, вешаць палічкі, будаваць.

Уладзімір жартуе, што ў пазаштатнай сітуацыі яго калектыў можна назваць хуткай дапамогай для труб. А на пытанне, як магло б называцца кіно пра яго працу, адказвае, што назва фільма адлюстравала б, што яго прафесія – нябачная, але патрэбная для вялікай колькасці людзей.

– Усе ведаюць, што існуе водаправод, ацяпленне, каналізацыя, але людзі не задумваюцца, хто займаецца абслугоўваннем такіх камунікацый. Але як толькі дома на некаторы час няма вады ці холадна, гэтае пытанне як ніколі актуальнае, – падагульняе Уладзімір Арцюшэўскі. – І калі ў зварцы можна нешта аўтаматызаваць, то ў сантэхніцы неабходны чалавек. Таму гэта ў нейкай ступені вечная прафесія.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: