Пляцоўка для ўзаемаабмену сэнсамі

17 Nov, 2023.

Менавіта так можна лаканічна апісаць дзейнасць філасофска-багаслоўскага клуба «Эйдас», які ўжо трэці год прымае гасцей у Інстытуце тэалогіі БДУ. Пра тое, што робіць гэта месца адметным, гутарым з куратарамі і ўдзельнікамі аб’яднання.

«Цэльныя веды» і дух дыскусій

Адметна, што ініцыятыва стварэння клуба зыходзіла адначасова і «зверху», і «знізу». Некалькі гадоў таму на Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытаннях да загадчыка кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі БДУ ігумена Ермагена Панасюка звярнуўся дакладчык канферэнцыі Сяргей Забалоцкі. Сяргей Генадзьевіч заўважыў, што мае нямала ідэй у галіне багаслоўя, аднак падзяліцца імі немагчыма праз адсутнасць адпаведнай пляцоўкі. Ігумен Ермаген доўгі час сам разважаў над гэтай праблемай. Да таго ж, амаль адразу пасля гутаркі прапанову стварыць аб’яднанне агучылі і студэнты. Думку выказалі на савеце інстытута, і пачалася работа па стварэнні багаслоўска-філасофскага клуба «Эйдас».

Тады намецілася і некалькі напрамкаў работы. Па-першае, стваральнікі імкнуліся павысіць навыкі гаварэння студэнтаў, навучыць моладзь выражаць думкі правільна, камунікаваць, выказваць ідэі. Па-другое, планавалася, што сустрэчы будуць насіць дыялагічны характар. Тут людзі, якія хацелі б вывучаць хрысціянства і іншыя рэлігійныя традыцыі, змаглі б задаваць надзённыя пытанні. Самае цікавае ў падобнай камунікацыі – перасячэнне багаслоўя, філасофіі і навукі – усё тое, што некалі Уладзімір Салаўёў назваў «цэльнымі ведамі».
– Дзейнасць клуба гарманічная для існавання ўсяго Інстытута тэалогіі БДУ, бо некалі інстытут задумваўся як месца камунікацыі паміж свецкім асяроддзем і Царквой. У постсавецкі час з’явілася неабходнасць таго, каб багацце ідэалаў Царквы было вынесена за яе межы. У людзей прачынаўся жывы, непадробны інтарэс да гісторыі, хрысціянства, гуманітарнага мыслення. Тады яшчэ на факультэце тэалогіі праходзіла шмат канферэнцый, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі розных галін ведаў. І дух дыскусій стаіць ля вытокаў «Эйдаса» гэтак жа, як і ля вытокаў інстытута, – заўважае першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Маўсесян.

У першы ж год існавання ініцыятыва паўдзельнічала ў конкурсе «Найлепшы моладзевы праект БДУ». Гэта дало моцны штуршок для развіцця клуба і яго папулярызацыі ў сацыяльных сетках. І хаця першапачаткова «Эйдас» быў разлічаны на студэнтаў БДУ, сёння геаграфія ўдзельнікаў ахапіла нямала іншых ВНУ: БДУІР, БНТУ, МДЛУ, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытут памежнай службы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна і інш. Клуб знайшоў сваю нішу яшчэ і праз фармат дыскусійнай пляцоўкі, паколькі больш распаўсюджанымі формамі ўзаемадзеяння з багасловамі доўгі час заставаліся толькі богаслужэнні, афіцыйныя мерапрыемствы Царквы і навуковыя канферэнцыі.

«Інтэрфейс» паміж Царквой і свецкай садружнасцю

Нельга не ўзгадаць імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), бо ў «Эйдасе» закладзена якраз яго імкненне стварыць «інтэрфейс» паміж Царквой і свецкай садружнасцю. Ужо на першай сустрэчы «Эйдаса», як узгадваюць стваральнікі, адчувалася прысутнасць уладыкі, той імпульс, які мітрапаліт Філарэт уносіў ва ўсё, чым займаўся.

– Павел Фларэнскі пісаў, што «Троіцу» стварыў не Андрэй Рублёў, а Сергій Раданежскі. Такі і мы можам гаварыць, што пачатак «Эйдасу» паклаў уладыка Філарэт, – праводзіць паралель куратар аб’яднання айцец Ермаген.

Яшчэ адна мэта, якую не ставілі перад сабой стваральнікі і актывісты клуба, але яна стала надзённай, – прафарыентацыйная. Пасля сустрэч, праведзеных у мінулым годзе, у Інстытут тэалогіі паступілі 4 наведвальнікі «Эйдаса».

– Моладзь – гэта людзі, якія задаюць «смелыя» пытанні. Юнакі і дзяўчаты –максімалісты, і менавіта ў маладосці яны ўздымаюць праблемы, якія з узростам могуць зарэтушавацца, згубіцца. Ім трэба ведаць зараз жа, у чым сэнс жыцця, навошта існуе свет. І ў адказе на гэтыя пытанні багаслоўе – абсалютнае жыццё, якое мае голас, хоча быць даступным для людзей. І яго суцяшэнне ў тым, што з ім можна камунікаваць, – тлумачыць айцец Сергій Маўсесян. – З другога боку, моладзь – людзі, якія хочуць сябраваць, любіць і быць любімымі. Багаслоўе – якраз пра гэта, бо задае глыбіню погляду. І, калі ты сам жывы, будзеш цікавы студэнтам. Таму «Эйдас» у нейкай ступені – выклік для ўсіх нас.

Дарэчы, назва філасофска-багаслоўскага клуба нарадзілася таксама не выпадкова. «Эйдас» – адна з цэнтральных катэгорый ідэалізму ў платонаўскай філасофіі («эйдас» і «ідэя» – сінонімы з рознымі сэнсавымі адценнямі). З дапамогай слова стваральнікам хацелася падкрэсліць ідэалістычныя асновы іх калектыўнага светапогляду і адначасова паказаць, што «Эйдас» – гэта пляцоўка для ўзаемаабмену сэнсамі, якія аб’ядноўваюць розныя галіны ведаў.

– Грамадства і моладзевая культура сёння вельмі тэхнакратычныя. Інстытут тэалогіі БДУ па-ранейшаму застаецца месцам, дзе даюць класічную адукацыю, што прадугледжвае комплексныя веды. А спецыялізацыі аказваюцца хваробай нашага часу, бо нараджаюць сацыяльныя феномены, якія скажаюць вобраз чалавека (ён развіваецца як аднабаковая істота). І задача багаслоўска-філасофскага клуба найперш заключаецца не ў працы на шырокія колы, а ў «вылоўліванні» людзей, здольных і зацікаўленых задаваць памежныя пытанні, – перакананы ігумен Ермаген.

У працэсе арганізацыі сустрэч «Эйдаса» пачалі наладжвацца і зносіны з выступоўцамі. Гэта стала магчымым дзякуючы прасоўванню клуба ў сацыяльных сетках, зваротам да кіраўнікоў падраздзяленняў БДУ. Па першым часе куратары абазначалі тэмы, якія хацелася б узняць на сустрэчах, і на іх адгукаліся выступоўцы. Таксама многія з запрошаных гасцей былі знаёмымі супрацоўнікаў і студэнтаў Інстытута тэалогіі БДУ. Пасля фармуляваць тэму і запрашаць экспертаў пачалі, зыходзячы з інтарэсаў слухачоў ці вопыту канкрэтных лектараў.

– Калі гаварыць пра філасофію і багаслоўе як перспектыву поглядаў на праблему, то яны ўключаюць многія галіны ведаў: эканоміку, гісторыю, геаграфію і інш. Нашым выступоўцам можа стаць любы захоплены чалавек, які праз любімую справу гатовы абмяркоўваць вечныя тэмы ў шырокім культуралагічным кантэксце. Хочацца, каб людзі ведалі, што мы адкрытыя да прапаноў, – падкрэслілі куратары «Эйдаса».

Новы погляд на «Сэнс любові»

Звычайна пра сустрэчы клуба будучыя слухачы даведваюцца праз старонку ва «Укантакце» ці дзякуючы аповедам знаёмых. Здараецца, што плануюць завітаць на адну дыскусію, а пасля застаюцца тут надоўга, паколькі знаходзяць адказы на ўнутраныя запыты.

Сярод людзей, якім цяжка ўявіць сябе па-за «Эйдасам», ёсць нямала маладых людзей. Адзін з іх – сёлетні выпускнік Інстытута тэалогіі БДУ і актыўны ўдзельнік клуба Уладзіслаў Чубакоў. З першых сустрэч «Эйдаса» хлопец асвятляў дзейнасць аб’яднання: рабіў фотаздымкі і афішы, вёў сацыяльныя сеткі. Як і многія студэнты, Улад шукаў сваё прызванне, таму клуб адыграў у гэтым значную ролю.

– У 2021–2022 навучальным годзе мы збіраліся на два тыдні ці раз на месяц. А сёлета вырашылі зладзіць вельмі няпросты марафон і сустракацца кожны тыдзень. Асвятленне дзейнасці клуба ў сацыяльных сетках у сур’ёзнай ступені адкрыла для мяне свет фатаграфіі, графічнага дызайну і відэавытворчасці, – кажа малады чалавек. – Я быў моцна ўражаны тым, наколькі некаторыя выкладчыкі Інстытута тэалогіі адкрытыя да дыялогу са студэнтамі. Вучэбная праграма не дазваляе адводзіць па некалькі гадзін на рашэнне асабістых неўразуменняў, аднак яны калі-нікалі патрабуюць часу. Усё гэта стала магчымым на «Эйдасе».

За час існавання клуба прайшло каля 60 сустрэч па эзатэрыцы, відэагульнях, экзістэнцыяльнай філасофіі, тэорыі Дарвіна, прамоўніцкім майстэрстве і інш. Але самай запамінальнай для Улада стала сустрэча па працы Уладзіміра Салаўёва «Сэнс любові». За тры гадзіны хлопец змяніў погляд на закаханасць, якая для яго «ператварылася з пракляцця ў дар».

– Адкрыццё новых падыходаў і поглядаў на найважнейшыя ў нашым жыцці пачуцці заўсёды мяняюць чалавека. Часам уражанне забываецца праз дзень або гадзіну, а часам цалкам мяняе наш погляд на рэальнасць. Усё гэта я адчуў на сустрэчах не адзін раз, – перакананы Уладзіслаў. – Абмяркоўваючы дзейнасць клуба, яго мэты, магчымыя змены, я змог пазнаёміцца і духоўна зблізіцца з дарагімі мне людзьмі. Таму для мяне каштоўнае ўсё, што адбываецца вакол «Эйдаса».

Сустрэча па творчасці Уладзіміра Салаўёва закранула і другакурсніцу Ганну Палянскую: у будучыні студэнтка нават збіраецца прысвяціць даследаванню прац філосафа курсавую работу. З клубам дзяўчына пазнаёмілася ў першы год навучання і знайшла тут натхненне ў камунікацыі з людзьмі, якія бачаць свет па-свойму. Цяпер Ганна адказвае за відэасуправаджэнне дзейнасці аб’яднання.

– Я здзівілася, што фармат сустрэч настолькі мне цікавы і што яны могуць быць карыснымі ў плане развіцця светапогляду і раскрыцця нейкіх тэм з нечаканага боку. Адразу зразумела, што на «Эйдасе» можна знайсці ідэі для навуковай дзейнасці, – дзеліцца другакурсніца. – Таксама прываблівала напаўненне гутарак, высокаінтэлектуальнае асяроддзе і магчымасць выказваць сваю пазіцыю. Думаю, моладзі цікава знаёміцца тут з равеснікамі, камунікаваць з прадстаўнікамі старэйшага пакалення і шукаць з усімі агульныя кропкі судакранання.

Пяшчотны парастак «Эйдаса»

Куратары багаслоўска-філасофскага клуба перакананы, што яго агеньчык ужо не цепліцца, а гарыць роўным полымем. Разам з тым, нягледзячы на першыя ўпэўненыя крокі клуба, ігумен Ермаген адзначае, што «Эйдас» знаходзіцца ў пачатку свайго шляху, і называе яго пяшчотным парасткам, пра які трэба клапаціцца:

– Чалавечы лёс – вельмі складаная тэма. Цяжка прадказаць, якое слова і якім чынам адгукнецца ў будучыні. Нават выпадкова сказаная фраза можа мець рэакцыю пасля. Добра, што людзі знаходзяць месца, дзе іх імкнуцца пачуць. Памятаеце, у фільме «Дажывём да панядзелка» гаварылі, што шчасце – калі цябе разумеюць? Усё гэта – дэфіцытныя, але тэрапеўтычныя рэчы, што робяць «Эйдас» незвычайнай пляцоўкай для тых, хто сюды прыходзіць.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: